Вы тут

Як не стаць заложнікам падробкі?


Ад пакупкі няякасных тавараў ніхто не застрахаваны. Такая сітуацыя можа здарыцца з кожным. Чалавек плануе набыць адзін тавар, а замест гэтага атрымлівае ці зусім іншы, ці іншай якасці. Як правіла, такія выпадкі часцей за ўсё адбываюцца пры інтэрнэт-заказах альбо пакупцы на гандлёвых інтэрнэт-пляцоўках. Несумленныя прадаўцы імкнуцца падсунуць тавар, які далёкі ад заяўкі пакупніка. Вось тады вельмі дарэчы звярнуцца да прафесіяналаў.


Як правіла, судовыя экспертызы праходзяць у рамках дасудовых спраў.

Часцей за ўсё яны звязаны з коштам тавару, паведаміла начальнік аддзела будаўніча-тэхнічнай, гандлёвай і эканамічнай экспертыз упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці Алена Чыпурка. Асноўная маса прызначаецца па фактах крадзяжу. Яшчэ адна група экспертыз звязана з махлярствам.

— Гэта можа быць махлярства праз інтэрнэт, калі чалавек заказвае тавар, які там прапануюць быццам бы добрай якасці, а атрымлівае зусім не тое, што заказваў. Такая сітуацыя можа здарыцца і з тымі, хто набывае тавар з рук у людных месцах, напрыклад, на вакзалах, на рынках. Тое, што выдаецца за фірму, можа быць падробкай. Таксама няякасны тавар можна набыць праз так званых карабейнікаў, якія ходзяць па кватэрах, — зазначыла суразмоўца.

Зараз самы хадавы тавар — мабільныя тэлефоны апошніх мадэляў, смартфоны розных мадыфікацый. Іх заказваюць праз інтэрнэт-крамы альбо купляюць па рэкламных аб'явах. Апошнія, як правіла, з ліку ўжо былых у карыстанні. Вось тут часцей за ўсё і ёсць верагоднасць аказацца заложнікам няякаснага тавару. Асабліва калі пакупнік спадзяецца набыць «крутую» мадэль значна танней, чым новую. І тут застрахавацца ад падману даволі складана.

Вось адна з нядаўніх спраў. Знайшоў чалавек па рэкламнай аб'яве ў інтэрнэце «айфон 7» за 150 рублёў. Здаецца, выгадная прапанова, бо новыя мадэлі гэтага смартфона ў тым жа інтэрнэце каштуюць у 5-6 разоў больш. Не доўга думаючы, наш патэнцыяльны пакупнік робіць заказ. У выніку яму прыходзіць пасылка, дзе ляжыць стары тэлефон «Самсунг», два чахлы, зарадная прылада. Мужчына звяртаецца ў міліцыю, дзе прызначаецца судовая экспертыза. Аказалася, што цана пасылкі пацягнула ўсяго на... 30 рублёў.

— Дарэчы, менавіта «айфон 7» найбольш часта з'яўляецца прынадай для даверлівых пакупнікоў з-за свайго кошту, — паведаміла Алена Чыпурка. — Нядаўна быў выпадак, калі чалавек заказаў два «айфоны», а замест гэтага яму прыйшоў разбіты мабільны тэлефон зусім іншай маркі і нейкія дадатковыя аксесуары з зараднай прыладай.

Акрамя мабільнікаў, эксперты сутыкнуліся з падманам пры заказе рыбалоўных прылад, камп'ютарных камплектуючых. Таксама замест кампакт-дыскаў з відэагульнямі чалавек атрымаў дыскі з фільмамі. Іншы адрасат заказаў сучасную аўтамагнітолу, а замест яе атрымаў стары касетнік. Таксама ў пасылках могуць быць бензапілы, якія выдаюць за фірменныя. Пры гэтым вельмі часта ў пасылкі ўкладваюць цацкі-антыстрэс. Гэта гумовыя мяшочкі з напаўняльнікам. Мабыць, дзеля таго, каб зняць стрэс пасля таго, як убачылі, што прыйшло.

У некаторых выпадках падман відавочны. Але не кожны чалавек можа візуальна адрозніць падробку тых жа смартфонаў, якія па знешнім выглядзе адпавядаюць дарагім аналагам. Недарэчнасці часта выяўляюцца ў працэсе эксплуатацыі, і тады чалавек звяртаецца ў міліцыю, каб правесці экспертызу.

— Калі ёсць падазрэнні, што гэта падробка, мы прыцягваем нашых спецыялістаў-электроншчыкаў, — патлумачыла Алена Чапурка. — З дапамогай спецыяльнага абсталявання яны «выцягваюць» розныя тэхнічныя характарыстыкі, па якіх мы вызначаем, ці адпавядаюць яны таму, што заяўлена прадаўцом. Таму што падробкі не заўсёды бачныя па якасці зборкі. Напрыклад, смартфон пазіцыянуецца як канкрэтная мадэль лінейкі «Самсунг гэлаксі» і візуальна падобны, а па тэхнічных характарыстыках зусім гэтаму не адпавядае. Пры падключэнні да спецыяльнага абсталявання відавочна, што тут слабыя характарыстыкі: і камеры, і аператыўная памяць, і іншае. Таксама эксперт вызначае цану гэтых вырабаў. Безумоўна, кошт падробкі значна меншы, чым той, які запрошвае прадавец.

У экспертным ведамстве могуць зрабіць аналіз і па-за межамі судовых спраў. Праўда, у такіх выпадках экспертызу прыйдзецца аплачваць самому заказчыку. Працэдура гэта нятанная. Між тым пагроза звярнуцца па экспертызу робіць нядобрасумленных прадаўцоў больш згодлівымі, і яны ахвотней бяруць назад свой тавар. Разам з гэтым эксперты адзначаюць, што падман нікуды не знікае, ён з году ў год паўтараецца. Гэта трэба памятаць, каб не трапіць у такую сітуацыю.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: «Антыстрэс» у падарунак

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.