Вы тут

У краіне завяршаецца рэспубліканская акцыя «Дом без гвалту»


Прадстаўнікі органаў унутраных спраў, адукацыі, аховы здароўя і сацыяльныя службы наведалі грамадзян, якія стаяць на ўліку за сямейна-бытавыя правапарушэнні, а таксама сустрэліся з працоўнымі калектывамі, дзе ўсе ахвотныя маглі звярнуцца да спецыялістаў са сваёй праблемай і паразмаўляць з псіхолагамі і іншымі спецыялістамі. У адзін з рэйдаў па адрасах хатніх дэбашыраў разам з удзельнікамі акцыі адправілася і карэспандэнт «Звязды».


Дзмітрый Васілеўскі і Дар'я Фальковіч падчас рэйду.

Раён наведвання — праспект Ракасоўскага і вуліца Пляханава ў сталічнай Серабранцы. Другая палова буднага дня — не лепшы час заспець дома тых, да каго мы накіроўваемся. Праўда, трэба ўлічваць, што асобы, якія знаходзяцца на ўліку ў міліцыі, няхай сабе і за хатнія скандалы, не заўсёды маюць работу. Часцей за ўсё ў ролі дэбашыраў выступаюць нецвярозыя мужчыны, а ахвярай становіцца жонка ці сужыцелька. Але часам здараецца, што міліцыі даводзіцца вырашаць працяглыя канфлікты паміж пажылымі бацькамі і дарослымі дзецьмі.

Па першым адрасе пражывае 46-гадовы Генадзь разам з маці-пенсіянеркай. На ўлік мужчына трапіў за скандалы, якія, калі п'яны, учыняе пажылой жанчыне. Праўда, паводле інфармацыі, якой валодае старшы ўчастковы інспектар Ленінскага РУУС Дзмітрый Васілеўскі, апошнім часам жыццё мужчыны быццам бы наладзілася: ён працаваў дальнабойшчыкам у Еўропе, а выклікі міліцыі ў сям'ю спыніліся. Аднак па прычыне закрытых граніц і каранавіруса сітуацыя магла змяніцца.

Дзверы кватэры адчыняе 83-гадовая гаспадыня.

— Добры дзень, Надзея Фядосаўна. Генадзь дома?

— Пайшоў на работу. Са студзеня ж уладкаваўся ў «Яндэкс-таксі».

— П'е?

— Ну як зараз грошай няма, дык і не п'е.

— Чаму няма? Ён дакладна на работу ходзіць?

— Ходзіць... А ў мяне да вас асабістая просьба, Дзмітрый Сцяпанавіч...

Жанчына распавядае, што больш за год таму здала гараж, а арандатар знік, пакінуўшы ёй поўнае памяшканне офіснай мэблі. Жанчына ўжо змяніла замок, але што рабіць з мэбляй? Трэба знайсці гаспадара.

— Яго імя, прозвішча, тэлефон, адрас — што-небудзь ведаеце? — пытае ўчастковы.

— Не, нічога ён мне не пакідаў. Сказаў: «Я ведаю, у якой кватэры і доме вы жывяце, — сам прыйду».

— Дык каму вы здалі гараж, Надзея Фядосаўна? Каго будзем шукаць?

— А я не ведаю...

Участковы абяцае зайсці да жанчыны пазней, каб разабрацца з гэтай праблемай. Мы ж накіроўваемся па наступным адрасе. Там жыве 45-гадовая Алена з 17-гадовай дачкой. Паміж імі канфлікт на глебе няправільных, паводле меркавання маці, поглядаў дачкі на жыццё. І асабліва абвастраецца ён, калі маці нападпітку. Дачка некалькі разоў выклікала міліцыю, і жанчыну нават прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.

— Я вас не запрашала, — з парога эмацыянальна рэагуе жанчына. — Зрабілі з мяне дурную. Я юрыст па адукацыі, на трох работах працую, кармлю яе, апранаю, плачу за інстытут...

— Двойчы за мінулы год было прынята рашэнне аб прыцягненні вас да адміністрацыйнай адказнасці. Чаму не абскарджвалі, калі не згодны? — пытае ўчастковы.

— Гэта ж маё роднае дзіця, я не хачу гэтым усім займацца. У яе такі складаны ўзрост...

Участковы кажа, што скандалы — не лепшы спосаб высвятлення адносін, і тлумачыць жанчыне, што вымушаны паставіць яе на прафілактычны ўлік. Алена разгублена пагаджаецца. Магчыма, гэта прымусіць жанчыну знайсці больш канструктыўны спосаб кантактавання з дачкой.

На званок у дамафон чарговай кватэры ніхто не адказвае, тым часам на лаўцы перад пад'ездам увагу да сябе прыцягвае мужчына сярэдніх гадоў з палачкай, са слядамі злоўжывання спіртным, відавочна, што і праблема з нагамі звязана з яго спосабам жыцця. Пакуль ён расказвае нам, што «Дзмітрый Сцяпанавіч — такі чалавек! Робіць работу, якая вам і не снілася», Дзмітрый Васілеўскі заўважае сярод мінакоў старога знаёмага:

— Слава, хадзі сюды, — кліча яго ўчастковы. Слава, відавочна, не разлічваў на такую неспадзяваную сустрэчу і разгублена маўчыць. — У цябе чарговы «залёт» нядаўна быў? Працуеш?

— Так, на будоўлі.

— Грошы плацяць?

— Часам.

— Аб'яўляю табе афіцыйнае папярэджанне за злоўжыванне алкаголем. Яшчэ адзін раз — і будаваць паедзеш у іншае месца. Азнаёмся з пратаколам.

Слава не адносіцца да катэгорыі сямейных дэбашыраў, у яго іншы грэх — трапляцца ў п'яным стане патрульным міліцыянерам. Тым не менш і гэта катэгорыя правапарушальнікаў патрабуе ўвагі і работы ўчастковага.

Наступная сям'я — з ліку самых складаных у плане прафілактыкі. На званок (які невядома, ці працуе) і грукат у дзверы адчыняе гаспадыня — жанчына, якая фігурай хутчэй нагадвае 10-гадовага хлопчыка, з кароткай стрыжкай і слядамі доўгага ўздзеяння алкаголю на твары. На шчасце, непрыемных пахаў, акрамя цыгарэтнага дыму, з кватэры не даносіцца. Праўда, лужына на падлозе незразумелага паходжання не выклікае жадання праходзіць далей. Кватэра, трэба аддаць належнае, усё ж мае некаторыя сляды прыбірання і нават ёсць плазменны тэлевізар на сцяне ў пакоі, хоць у цэлым абстаноўка аскетычная.

— Наташа, прывітанне! Ну, прымай гасцей, стаў гарбату, — жартуе ўчастковы, пакуль не становіцца зразумела, што гаспадары кватэры ўжо ўжылі больш моцныя напоі. У адным з пакояў на ложку размясціўся невядомы мужчына. У іншым — на канапе 34-гадовая дачка Наташы прыціскаецца да бацькі, які мае псіхічнае захворванне, але таксама злоўжывае алкаголем. Яе «трасе» нават пад коўдрай — так званы адхадняк.

— Наташа, калі ўсё гэта скончыцца?! Нічога не мяняецца! — імкнецца прыцягнуць увагу гаспадыні, якая мітусіцца па кватэры, міліцыянер. — Дачцэ дрэнна? Можа, «хуткую» трэба выклікаць?

— Не трэба! — у адзін голас адказваюць і маці, і дачка.

— Вам дапамога патрэбна — медыцынская, сацыяльная, псіхалагічная? — пытае ўчастковы, хоць відавочна, што Наташа не ў стане весці асэнсаваны дыялог.

— Пенсія ў мяне, — заяўляе яна.

— Наташа, якога ты года нараджэння? — участковы імкнецца заклікаць да сумлення падманшчыцу.

— Якая розніца? Непрыстойна такія пытанні задаваць жанчыне, — парыруе яна.

— 1968-га, — удакладняе дачка.

Участковы імкнецца расштурхаць госця ў суседнім пакоі:

— Што ты тут робіш?

— За-блу-каў, — дзелячы слова на склады, адказвае госць. Без асаблівага жадання, але яму прыходзіцца пакінуць гасцінную кватэру.

Алена КРАВЕЦ


Дар'я Фальковіч, псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Мінска:

— Ахвярамі хатняга гвалту найчасцей становяцца жанчыны, хоць часам бываюць маладыя і пажылыя мужчыны. І гэта, як правіла, традыцыйная гісторыя: муж — алкаголь — рэўнасць — гвалт.

Пацярпелыя могуць звяртацца ў крызісны пакой, жыць там 15 сутак і падаўжаць гэты тэрмін. Пражыванне бясплатнае па магчымасці, калі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва мае прадуктовыя наборы, то яны таксама выдаюцца. Дапамогу аказвае і Чырвоны Крыж, куды можна звяртацца і атрымліваць гарачае харчаванне. Ахвяры хатняга гвалту могуць атрымліваць і гуманітарную дапамогу, як правіла, гэта адзенне, гігіенічныя наборы. Таксама пры жаданні з пацярпелымі ад гвалту працуе псіхолаг.


Асноўная мэта — папярэдзіць правапарушэнні на сямейна-бытавой глебе

Канстанцін Руц, начальнік аддзялення арганізацыі работы ўчастковых інспектараў міліцыі аддзела прафілактыкі ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама:

— Асноўная мэта рэспубліканскай штогадовай акцыі «Дом без гвалту» — каб усе суб'екты прафілактыкі правапарушэнняў, а гэта органы ўнутраных спраў, прадстаўнікі тэрытарыяльных камітэтаў па адукацыі, ахове здароўя, сацыяльныя службы, сумесна разгледзелі тыя праблемы, што ўзнікаюць у сферы сямейна-бытавога гвалту, а таксама прынялі рашэнні для прафілактыкі правапарушэнняў у адносінах мужа ці жонкі, сужыцеляў, бацькоў і дзяцей.

Акцыя праводзіцца ў тры этапы. Мы вызначаем катэгорыі грамадзян — як тыя, што падвяргаюцца сямейна-бытавому гвалту, так і правапарушальнікаў (яны, як правіла, прыцягваліся не менш чым двойчы за год да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін і стаяць на прафілактычным уліку), і працуем з імі. У кожным раённым упраўленні ўнутраных спраў створаны мультыдысцыплінарныя рабочыя групы, якія наведваюць гэтых грамадзян. Напрыклад, толькі ў Мінску на ўліку знаходзіцца больш чым 1500 сямейных дэбашыраў.

Як вядома, праблема сямейна-бытавога гвалту часта носіць схаваны характар. Многія, у тым ліку жанчыны, якіх крыўдзіць муж, стараюцца не афішыраваць гэту праблему. Для выяўлення такіх латэнтных фактаў у кожным райаддзеле створаны рабочыя групы з прадстаўнікоў органаў унутраных спраў. Яны выязджаюць у працоўныя калектывы на тэрыторыі сваіх раёнаў. Людзі могуць падысці, ананімна паразмаўляць, у тым ліку з імі працуе псіхолаг.

Як правіла, калі прааналізаваць вынікі папярэдніх акцый, то нам удаецца знізіць колькасць зарэгістраваных здарэнняў на сямейна-бытавой глебе — з кожным годам іх усё менш. Так што прафілактычная работа дае свой плён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?