Вы тут

Міхаіл Эльвіра Андрыёлі. Маляваў жабракоў і ілюстраваў раманы Фенімора Купера


Міхаіл Эльвіра Андрыёлі (1836–1893)

Міхаіл Эльвіра Андрыёлі належаў да катэгорыі людзей, якія праз усё жыццё праносяць свае дзіцячыя захапленні і ўражанні. Свет, убачаны дзіцячымі вачыма, для іх з гадамі не губляе колераў, не страчвае сваёй прывабнай чароўнасці. Для Міхаіла Эльвіра такім светам была культура і гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, авеяная легендамі і паданнямі. Італьянец па паходжанні, ён вырас літвінам па духу.


Яго бацька Францішак Андрыёлі, італьянец з Ціроля, асеў у Вільні пасля ўдзелу ў паходзе Напалеона ў 1812 года. Яго мастацкія захапленні перадаваліся маленькаму Міхаілу Эльвіру, які з цікавасцю назіраў, як з-пад пэндзля ў бацькоўскай руцэ нараджаюцца на палатне маляўнічыя вобразы. Асабліва яго ўразілі ілюстрацыі Антонія Залескага да «Успамінаў» XVII стагоддзя Яна Пасака. «Ці здолею апісаць тое, што прыходзіла мне ў галаву і калі глядзеў на іх? Ведаю, што з гэтай хвіліны меў я перад сабой ясны шлях: спазнаць край, яго гісторыю і, наколькі здолею, адлюстраваць іх». Знаёмства з самім Антоніем Залескім стала для Міхаіла Эльвіра вызначальным. Ён быў для падлетка і настаўнікам, і старэйшым сябрам, вучыў яго разумець мастацтва і любіць родны край. Па словах Андрыёлі, Залескі паказаў яму жыццёвы шлях.

У вандроўках па краі разам з Залескім і паэтам Ежы Ласкарысам Міхаіл замалёўваў тое, што прыцягвала ўвагу: людзей, касцёлы і палацы, сялянскія хаты. Сваё жыццё па-за мастацтвам Андрыёлі не мог ўявіць. Калі вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта (паступіў туды па патрабаванню бацькі), Міхаіл наведваў урокі малявання славутага мастака Сяргея Заранкі (беларускага селяніна па паходжанні) у вучэльні жывапісу. Пад уплывам Заранкі ён, зрэшты, кідае ўніверсітэт і паступае ў мастацкую вучэльню, напляваўшы на бацькоўскую падтрымку. Перабіваўся як мог, але вучыўся апантана. За партрэт студэнта ў 1857 годзе Андрыёлі атрымаў званне мастака. А ў 1858 годзе віленскія аматары жывапісу ўбачылі яго карціну «Бой ліцвінаў з крыжакамі».

Як большасць тагачаснай шляхецкай моладзі, Міхаіл Эльвіра без ваганняў у 1863 годзе пайшоў у паўстанне і знаходзіўся ў атрадзе легендарнага Людвіка Нарбута. Пазней ён створыць серыю малюнкаў пра дзейнасць лідскіх паўстанцаў. Самы вядомы з іх, «Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў», паказвае трагічны момант апошняга боя легендарнага правадыра і яго атрада. Паранены ў руку Міхаіл выбраўся з акружэння і залечваў рану ў маёнтку Шаўры бацькі Людвіка, вядомага гісторыка Тэадора Нарбута. Пасля ён хаваўся сярод жабракоў у Вільні, жыў у стозе каля Коўны, зрэшты знайшоў прытулак у Маскве, пакуль не быў арыштаваны ў Пецярбургу. Шэсць месяцаў яго пратрымалі ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Следства гэтак і не ўстанавіла яго ролю ў паўстанні і адправіла на даследаванне ў Літву. А Андрыёлі злаўчыўся збегчы з Наваградскай турмы і схаваўся ў доме брата, сховішчам яму служыла печка, дзе ён мог толькі ляжаць і сядзець. Брат Эрмінія вывез яго пад выглядам ксяндза ў Рыгу, адкуль Міхаіл перабраўся спачатку ў Лондан, а пасля ў Парыж.

Застанься Андрыёлі ў Парыжы, дык мог са сваім унікальным талентам і ўпартай працаздольнасцю дасягнуць сусветнай славы. Тым больш парыжскі часопіс «Ілюстрацыён» змясціў гравюры па яго малюнках, прысвечаных паўстанцам атрада Нарбута. Ён стварае 22 ілюстрацыі да французскага выдання «Успаміны Сапліцы» Генрыха Жавускага. Толькі гарачая італьянская кроў не давала Андрыёлі пакою. Ці, можа, ён, як высакародны чалавек, не мог ісці на згоду са сваім сумленнем? Так ці інакш, але вясной 1866 года Андрыёлі адпраўляецца на Беларусь для аднаўлення разгромленай рэвалюцыйнай арганізацыі. Пры пераходзе расійскай мяжы праз раку Прут яго арыштавалі. Пакуль доўжылася следства, выйшаў царскі ўказ аб амністыі і, дзякуючы заступніцтву жонкі віленскага генерал-губернатара Патапава, чый цудоўны партрэт ён напісаў, Андрыёлі атрымаў не катаргу, а толькі высылку ў глухую Вятку. Так мастацтва выратавала яго.

У Вятцы ён займаецца мастацкім «промыслам» — піша партрэты і царкоўныя абразы, і неўзабаве яго закідалі заказамі. Адначасова Андрыёлі дае ўрокі малявання юнаму Апалінарыю Васняцову, брату Віктара Васняцова. Пазней, ужо будучы славутым мастаком, Апалінарый з удзячнасцю і любоўю ўспамінаў свайго настаўніка не толькі за яго ўрокі, але і за «імкненне да сумленнасці, свабоды і справядлівасці, якія заклаў у ім яшчэ ў раннім юнацтве гэты цудоўны чалавек».

Скарыстаўшыся амністыяй для ссыльных, Андрыёлі ў 1871 годзе пакінуў Вятку. Паколькі жыць на радзіме яму забаранялі, ён пасяліўся ў Варшаве. Яму было каля сарака, і юнацтва, і маладосць ён аддаў барацьбе за свабоду, а вось сталасць хацеў прысвяціць творчасці. І Андрыёлі апантана працаваў, яму не заміналі шумныя сябры, што збіраліся ў яго доме, адкрыты і сяброўскі, ён любіў іх.

Плёнам творчай працы Андрыёлі былі шматлікія малюнкі, паводле якіх рабіліся гравюры, якія друкаваліся ў польскіх часопісах. Жывыя вобразныя малюнкі Андрыёлі адрозніваліся ад твораў тых польскіх мастакоў, што працавалі на моду. Андрыёлі пашыраў тэматычныя межы ад бытавога да гістарычнага жанра, ад партрэта да краявіда, ад адлюстравання да фантастыкі. А сваёй вобразнасцю і пачуццёвасцю, сугучнасцю з грамадскімі настроямі яго малюнкі адпавядалі духоўным патрэбам людзей, эстэтычным пошукам часу. Як адзначалі крытыкі, Андрыёлі знайшоў «ключ да сэрца грамадства». Яскравым прыкладам чаму з’яўляецца серыя, прысвечаная жыццю беднаты. Чужая бяда і пакута, якую паказаў мастак, выклікала спачуванне і дабрадзейнасць.

Як мастак, Андрыёлі перш за ўсё праявіў сябе ў ілюстрацыі кніг. Ён афармляе творы Аляксандра Мальчэўскага, Каятана Крашэўскага, Ігнація Крашэўскага, Элізы Ажэшкі, Уладзіслава Сыракомлі, Ігната Ходзькі і іншыя. Як бачым, ён ілюстраваў творы аўтараў з Літвы-Беларусі, развіваў літвінскую тэму сярод «караняжаў» — жыхароў былой Кароны.

Класічнымі сталі яго ілюстрацыі да «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча, хоць крытыка расчаравана ўспрыняла іх. Але час паказаў, што ніхто лепш за Андрыёлі не перадаў атмасферу і вобразнасць вялікага твора Адама Міцкевіча.

Цяжка цяпер уявіць славуты раман Фенімора Купера «Апошні з магікан» без цудоўных, дынамічных ілюстрацый Андрыёлі, якія стварылі візуальны свет твора. Шырокую вядомасць атрымалі яго працы, прысвечаныя гісторыі Літвы: «Ліздзейка тлумачыць Гедыміну яго сон», «Заснаванне Вільні», «Смерць Кейстута ў Крэўскім замку», «Бой літвінаў з крыжакамі» і іншыя. Творчая спадчына Андрыёлі ўражвае сваёй лічбай — дзве тысячы малюнкаў!

Міхаіл Эльвіра Андрыёлі атрымаў талент ад Бога і шчодра аддаў яго людзям. Сваю дзіцячую мару «адлюстраваць гісторыю» роднага краю ён ажыццявіў, змог перанесціся творчым геніем у мінулае і паказаць яго мовай мастацтва. А жыццё яго і сапраўды было «поўным барацьбой з непрыяцелем» і «вялікім небяспекамі», якія і зрабілі яго вялікім мастаком і чалавекам.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.