Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


pixabay.com

Рыба шукае, дзе глыбей...

Гэту гісторыю яшчэ школьнікам я пачуў ад маёй бабулі.

Некалі даўно, расказвала яна, вельмі шмат народу жыло па хутарах. Дык вось, на адным з іх пры бацьках выраслі два браты. Прыйшоў час, абодва ажаніліся, у абодвух дзеткі пайшлі. Цесна стала ў дзедавай хаце. Ды і печ адна — гаспадыням цяжка паладзіць, цяжка ўжыцца...

Хоць-нехаць адзін з братоў вырашыў будавацца — і ўжо не на хутары, а ў вёсцы.

Сказана — значыць, зроблена, хоць гэта, як вядома, нашмат цяжэй... Аднак справіўся чалавек, паставіў такі новую хату, перавёз маёмасць, гаспадарку, узяў сям'ю і кошку, бо гэта ж яна павінна першая ў новую хату зайсці...

Вось тая Мурка і зайшла... Паглядзела вакол сябе, палюбавалася — ды і засталася.

Але ж неяк падаіла гаспадыня карову, прынесла ў кухню вядро з малаком, паставіла на зэдлік, толькі сабралася працадзіць, а котка тут як тут: з сырадою пробу зняла!

Не ўтрымалася жанчына — закрычала, махнула на Мурку нейкай анучай. Не сказаць, каб зачапіла, але кошку пакрыўдзіла. А таму праз нейкую гадзіну яна ўжо была на хутары.

Узрадаваліся ёй гаспадары

(а найбольш дзеці): пацалавалі-паладзілі, пачаставалі... Кошка засталася з імі.

Аднак праз нейкі час і тут яна правінілася: вечарам накрычалі, — раніцой на хутары ўжо не знайшлі. Як даведаліся пазней, Мурка вярнулася ў вёску.

...З тых часоў яна і стала жыць на дзве хаты. Гаспадары змірыліся з гэтым і новых катоў сабе не шукалі.

Іван Букоўскі, Глыбоцкі раён


Эх, позна, позна...

У тыя часы змяніць вясковую прапіску на гарадскую было вельмі цяжка: хіба выдатнікі з'язджалі, паступіўшы вучыцца, ды розныя блатныя — з дазволу старшыні калгаса — недзе працаваць.

Макар, на жаль, блату не меў, так што пасля школы пайшоў працаваць на ферму: спачатку — падвозіць кармы, потым — даглядаць коней. І тое, і другое ён, здаецца, добра ўмеў. А вось з дзяўчатамі — ну ніяк: хваляваўся, бедны, заікаўся... І таму ўсё часцей, на жаль, трапляў у кампаніі дарослых мужчын — аматараў выпіць і пры гэтым, неяк незаўважна для сябе, сам станавіўся гэткім жа аматарам, а мо і прафесіяналам, бо коні ж часцяком нарасхват. І разлік за іх вядомы — «вадкая валюта».

...У той дзень яе перапала з запасам: хлопцы добра пасядзелі. Потым Пятрусь з Міколам пайшлі па справах, а Макар не паспеў, бо ў двары згледзеў старшыню. Кінуўся думаць, куды б схавацца, бо адусюль, здаецца, яго выпорвалі і...

Позірк спыніўся на скрыні, куды ён вечарам складваў вупраж... Месца там, ведаў, хопіць. І таму хуценька ўкінуў нейкай саломы, уваліўся ўнутр сам, насунуў накрыўку — сцішыўся, стаў слухаць, што робіцца ў канюшні. А паколькі нічога цікавага там не гаварылі, — не заўважыў, як задрамаў і нават заснуў.

Колькі часу праспаў, ніхто не ведае, але ж прачнуўшыся, па звычцы захацеў пацягнуцца. Спіну выпрастаў — не матрац, неяк цвёрда... Рукі раскінуў — дошкі па баках... І ўверсе таксама... «Божухна, дзе я?! — жахнуўся Макар. — Няўжо ў дамавіне? І што — мяне пахавалі?! Жы-вым?!»

Са страху і роспачы «пакойнік» нема завыў...

А на скрыні ў той час спаў вартаўнік...

Падскочыў, як абвараны — куляй даўся з канюшні.

Чалавек змог тады падняць ды адсунуць накрыўку — вылезці з «дамавіны».

...Рогату ды размоў пра гэтае здарэнне потым многа было (ды і засталося).

Што цікава, Макару што-нішто пайшло на карысць. Піць, на жаль, ён так і не кінуў, а вось заіканне — як рукой зняло!

Уся акруга казала, што каб гэта ды раней, можа, ажаніўся б чалавек, можа, дзяцей гадаваў бы і жыў, як людзі, а так...

Падобна, не суджана.

Галіна Нічыпаровіч, Уздзенскі раён


Яшчэ раз пра карысць навукі

...Спецыяльнасць газаэлектразваршчыка Паша, мой сусед па дачы, атрымаў у войску. Так што пасля яго лёгка ўладкаваўся на работу ў будаўнічы трэст, пасяліўся ў інтэрнаце.

Справу ён ведаў, з начальствам не скандаліў, «чарнілка» не ўжываў — заробак меў добры, і прэміі яго не абміналі.

Года не прайшло, як хлопец «прыбарахліўся», пазнаёміўся з карэннай мінчанкай, а потым і з будучай цешчай Алімпіядай Багданаўнай. Дзякуючы ёй Паўлік, як прызнаваўся, працаваць стаў яшчэ больш... І не столькі дзеля грошай: цешча аказалася настолькі гаваркая і так хацела навучыць сваіх блізкіх (а зяця найперш) усяму, што ўмела і не ўмела, што сумеснае жыццё рабілася амаль невыноснае... Аднак Паўлік не адступіў і не збег: разжыўся дачкой і двума сынкамі, партбілетам, ордэнам «Знак Пашаны», а ў выніку і ўрэшце — прасторнай чатырохпакаёўкай.

Цешча адразу ж запрасілася пераехаць разам з унукамі, а сваю кватэру здаваць... Аднак зяць, што называецца, упёрся рогам: сказаў, што гэтыя грошы яму без патрэбы. І не салгаў, бо якраз тады пачынаўся новы дачны бум (падчас яго давалі ўжо не па пяць «сотак» зямлі, а па дзесяць—пятнаццаць): вакол Мінска, асабліва па ходу электрычак, як грыбы, раслі цэлыя пасёлкі. Падсобнікі на іх будаўніцтве зараблялі па 20—25 амерыканскіх рублёў за светлавы дзень... Паўлік жа атрымліваў куды больш: у яго за пару выхадных выходзіла прыкладна столькі ж, колькі ў роднай канторы за месяц. І доўжылася такая «халява» гадоў недзе з пяць...

Адно дрэнна — за гэты ж час зусім апусцелі паліцы крам, з'яўляліся візітоўкі пакупніка, купоны, талоны (нават на тытунь і гарэлку)... Можна было думаць, што неўзабаве дэфіцытам стануць і бульба з буракамі. Таму ўрэшце Паўлік таксама вырашыў займець кавалак зямлі, узвесці дачу.

...Участкі нам дасталіся на сонечным баку пакатага ўзгорка, за якім пачыналася некалі асушанае, а цяпер цалкам занядбанае балота, і загана ў іх была толькі адна — высокія грунтавыя воды.

Першае, што зрабіў Паша, — прыцягнуў спісаную бытоўку, дзе мы і пасябравалі. Потым недзе надыбаў 32 вялікія лісты сталі. Іх ён вырашыў пусціць на апалубку для падмурка і адмысловы склеп.

Для яго — наймаць нікога не трэба — Паша зварыў аб'ёмны «чамадан» памерам 250 на 250 і на 125. Я дапамог яму выкапаць яму ва ўсе бакі сантыметраў на дзесяць большую...

У наступную суботу гэты бункер мы планавалі апусціць у зямлю.

Аўтакран пад'ехаў, калі дзень ужо хіліўся да вечара, і недзе праз паўгадзіны справа ў нас была зроблена. «У гэтым бункеры нават атамную бамбёжку можна перажыць», — прызнаў Паўлік і стаў збірацца дамоў. «Не, татка! Вакол гэтай цацкі трэба засыпаць шчыліны, — падказала яму дзевяцікласніца-дачка, — бо па законе Архімеда на цела, апушчанае ў вадкасць, дзейнічае сіла, роўная...» — «А па законе Арыстоцеля яйкі курэй не вучаць!» — адказаў ёй Павел ды з гонарам (ужо мне) дадаў: «Ну і дзеткі пайшлі! Усё яны ведаюць».

Нельга сказаць, што бацька быў такі ўжо невук. У школе ён праходзіў і Архімеда, і Піфагора, ад цешчы нешта чуў пра Арыстоцеля, але каб слухаць дачку... Гэта ўжо занадта.

Мы селі ў Паўлавы «Жыгулі» і паехалі па дамах.

А праз дзень пасля гэтага па законе подласці пайшлі дажджы. Сусед не вытрымаў і пасля работы памчаў на дачу, а там...

Амаль палова ягонага бункера ўзвышалася над узроўнем зямлі і ціха гайдалася ад ветру.

Факт, што сям'ю на дачу Павел доўга не браў, і аўтарытэт яго ў вачах дзяцей уратавала толькі досыць сухое бабіна лета.

Б. Радзевіч, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж. Дакладней — ад Фёдара Дастаеўскага: «Калі хочаце разгледзець чалавека і спазнаць яго душу, то ўнікайце не ў тое, як ён маўчыць, альбо як ён гаворыць, альбо як ён плача, альбо як ён узрушваецца высакароднымі ідэямі, а лепш глядзіце на яго, калі ён смяецца. Хораша смяецца чалавек, значыць, чалавек харошы».

Дай бог нам такіх на жыццёвым шляху! Пішыце.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.