Вы тут

Сяўба ранніх яравых у Беларусі будзе завершана на працягу тыдня — Крупко


Сяўба ранніх яравых у Беларусі будзе завершана на працягу тыдня. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко, які прымае ўдзел у рэспубліканскім суботніку на тэрыторыі малочна-таварнай фермы «Канюцічы» ААТ «Гастэлаўскае» ў Мінскім раёне, паведамляе БелТА.


«Надвор’е цяпер спрыяе правядзенню ўсіх палявых работ. Брэсцкая і Гомельская вобласці завяршылі сяўбу ранніх яравых. Сёння-заўтра яна падыдзе да канца і ў Гродзенскай. Каля 10 працэнтаў засталося ў Мінскай вобласці, 40 працэнтаў — у Магілёўскай. Віцебская вобласць за кошт позняй вясны і ўмоў надвор’я пачала сяўбу пазней за ўсіх. Але да канца наступнага тыдня мы завершым сяўбу ранніх яравых і зернебабовых у цэлым па краіне», — сказаў Іван Крупко.

Паводле яго слоў, усе рэгіёны краіны пачалі сяўбу цукровых буракоў (больш за 22 тыс. га, або 25 працэнтаў). Таксама пачата масавая сяўба лёну-даўгунцу на 13 тыс. га (амаль 30 працэнтаў), яравога рапсу на больш як 5 тыс. га (14 працэнтаў). Далей плануецца пераходзіць да сяўбы кукурузы. «Сёння ёсць усе неабходныя рэсурсы і тэхніка для таго, каб укласціся ў агратэхнічныя тэрміны», — падкрэсліў міністр.

У веснавых палявых работах прымаюць удзел 37 тыс. механізатараў, задзейнічана каля 150 тыс. адзінак тэхнікі і абсталявання. Як адзначыў Іван Крупко, у Беларусі прыняты неабходныя рашэнні для забеспячэння сельгасарганізацый насеннем, гаруча-змазачнымі матэрыяламі і ўгнаеннямі для правядзення веснавых палявых работ у адпаведнасці з тэхналагічнымі рэгламентамі і ў аптымальныя тэрміны.

Мінсельгасхарч сумесна з аблвыканкамамі адпрацаваў структуру пасяўных плошчаў сельскагаспадарчых культур на 2021 год. Яравая сяўба будзе праведзена на плошчы 2,5 млн га, з іх яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры плануецца размясціць на плошчы 1,1 млн га. Сельскагаспадарчымі арганізацыямі пад ураджай 2021 года зроблены акцэнт на больш ураджайныя азімыя культуры на зерне, якія ў цэлым па краіне пасеяны на 1,5 млн га. Гэта на 61 тыс. га больш, чым у 2020 годзе. Адпаведна, скараціўся яравы палетак. Азімым культурам аддаецца перавага з-за больш высокай ураджайнасці і засухаўстойлівасці.

У 2021 годзе беларускія аграрыі разлічваюць атрымаць ураджай не меншы за 10,5 млн т збожжа, у тым ліку крыжакветныя, 1,1 млн т бульбы, 55 тыс. т ільновалакна, 5 млн т цукровых буракоў і больш за 630 тыс. т іншай агародніны, 170 тыс. т пладоў і ягад.

Сёння супрацоўнікі Мінсельгасхарча на чале з міністрам высадзілі алею яблынь на тэрыторыі малочна-таварнай фермы. Іван Крупко адзначыў, што ў краіне садам удзяляецца асаблівая ўвага: штогод высаджваецца каля 500 га. «Красавік — час наводзіць парадак, таму рэспубліканскі суботнік — важная падзея. Сёння кожны павінен зрабіць нешта для краіны. 50 працэнтаў заробленых сродкаў пойдзе на матэрыяльна-тэхнічную базу медыцынскіх устаноў, 50 працэнтаў — на добраўпарадкаванне нашых гісторыка-культурных помнікаў, мясцін баявой славы. Гэта вельмі важна, паколькі гэта сувязь пакаленняў — паміж нашымі дзядамі, прадзедамі і сучаснай моладдзю», — адзначыў міністр.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.