Вы тут

Дрэвы для дзяцей і ўнукаў


Мінпрыроды і Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя зрабілі ўнёсак у экарух “Разам за чыстую і зялёную краіну!”

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык 17 красавіка працаваў у горадзе Іўе Гродзенскай вобласці. Ён браў удзел у закладцы сада Сяброўства з алеямі Адзінства і Гасціннасці. Выбар месца для гэтых адметных зялёных аб’ектаў невыпадковы: у Іўі ўсталяваны манумент у гонар сяброўства чатырох канфесій – католікаў, праваслаўных, іудзеяў і мусульман, тут таксама дзейнічае Музей нацыянальных культур.

– У Год народнага адзінства пасадка дрэў стане адным з сімвалаў яднання ўсіх жыхароў Беларусі на карысць нашай краіны і нагадае нам, што прырода ў нас адна. У будучым высаджаныя дрэвы не толькі будуць нагадваць аб добрай традыцыі праводзіць суботнікі, але і стануць сімвалам клопату аб навакольным асяроддзі і прыгажосці роднага края», – адзначыў міністр.

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык удзельнічае ў закладцы сада Сяброўства ў Іўі.

Сад Сяброўства, утвораны больш чым са 125 дрэў і кустоў, з’явіўся на тэрыторыі Іўеўскіх яслей-сада – пачатковай школы побач з аўтаматычнай метэаралагічнай станцыяй. Алею Адзінства заклалі разам праваслаўныя і каталіцкія святары, імам мусульманскай суполкі, прадстаўнікі мясцовай улады. Алею Памяці і Славы пасадзілі ветэраны і моладзь, алею Сям’і – шматдзетныя бацькі са сваімі сынамі і дочкамі, а алею Разумнікаў і Разумніц – лепшыя вучні школ раёна.

Падчас рэспубліканскага суботніка цэнтральны апарат Мінпрыроды на чале з намеснікам міністра Аляксандрам Корбутам аб’яднаўся з калектывам Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і здзейсніў “працоўны дэсант” у Кастрычніцкім раёне сталіцы. На азялененай тэрыторыі ў межах жылых дамоў па вуліцы Асаналіева і Паўднёвай магістралі яны высадзілі 70 маладзенькіх клёнаў вастралістых. Гэтыя дрэвы будуць выконваць не толькі дэкаратыўную, але і ахоўную функцыю, часткова паглынаючы шум ад аўтатрасы і чыгункі. Узрост саджанцаў – чатыры гады, яны вырашчаны ў гадавальніку УП “Броўкі”, якое належыць да ВКУП “Мінскзелянбуд”.

Мінпрыроды і Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя высаджваюць клёны ў Кастрычніцкім раёне сталіцы.

– Мінпрыроды штогод удзельнічае ў веснавых і восеньскіх акцыях азелянення, – сказаў Аляксандр Корбут. – Паводле нашых даных, паспяхова прыжываюцца 90 % саджанцаў, і гэта вельмі добры паказчык. Запрашаем усіх у Год народнага адзінства далучыцца да добрай справы: пасадка дрэў і кустоў у рамках экаруху “Разам за чыстую і зялёную краіну!” прадоўжыцца да 15 мая.

Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут.

Пакуль танюткія саджанцы выцягнуцца ўверх, набяруцца моцы і стануць прыгожымі дрэвамі, міне гадоў дваццаць. А гэта значыць, што пад імі будуць з асалодай шпацыраваць нашы пасталелыя нашчадкі. Удзел у азеляненні – высакародны ўнёсак у будучыню роднай краіны.

Святлана ІШЧАНКА

Фота аўтара і Мінпрыроды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Беларусі даследуюць вакцыну супраць раку

У Беларусі даследуюць вакцыну супраць раку

Працягваецца навуковае даследаванне ДНК-вакцыны супраць раку ў рамках беларуска-амерыканскага праекта.

Палітыка

Вялікая размова с кіраўніком Брэсцкай вобласці пра лёс рэгіёну

Вялікая размова с кіраўніком Брэсцкай вобласці пра лёс рэгіёну

«Асноўная задача — павысіць эфектыўнасць вытворчасці. Для гэтага патрэбна падняць аграрную галіну на больш высокі тэхналагічны ўзровень»

Грамадства

Экалагічна і эканамічна: як жыць па прынцыпе «Нуль адходаў»?

Экалагічна і эканамічна: як жыць па прынцыпе «Нуль адходаў»?

Гэта прынцыпы, накіраваныя на зніжэнне колькасці смецця і захаванне рэсурсаў планеты.

Фінансы

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

У I квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў 4,5 раза больш, чым за такі ж перыяд год таму.