Вы тут

Боль і пілатэс несумяшчальныя. Трэнер Таццяна Халадзінская пра адчуванні ў целе, трыгерныя пункты і ботакс


Таццяна Халадзінская — з тых, хто ведае пра цела чалавека ўсё і яшчэ больш. Сертыфікаваны трэнер па пілатэсе, скончыла міжнародную школу Pоlеstаr Pіlаtеs (ЗША), прайшла навучанне на семінарах па міяфасцыяльным трэнінгу ад Аnаtоmу Trаіns (ЗША) і Аrt оf Mоtіоn (Швейцарыя). На працягу двух з паловай гадзін яна знаёміла мяне са мной, прыцягваючы ўвагу да адчуванняў у целе. А яшчэ распавяла, што такое трыгерныя пункты, навошта жывіць фасцыяльную тканку і як ботакс можа «адключыць» цягліцу ў шыі. Але пра ўсё тое — па парадку.


У стане «сагнутага кручка»

Па адукацыі Таццяна філолаг, выкладала ў школе рускую мову і літаратуру. Вучылася ў аспірантуры, падзарабляла карэктарам і карэспандэнтам. Пастаяннае знаходжанне ў стане «сагнутага гапліка» прывяло да таго, што ў нейкі момант у яе пачаліся моцныя болі ў спіне. Яна нават не магла выпрастацца ў ложку. «Трэба было гадзіну-дзве паляжаць, каб спіна расслабілася і ўвайшла ў нейтральнае становішча. А потым я ўжо не магла паварушыцца і перавярнуцца на бок. Інакш, думала, у мяне парвецца хрыбетнік і аднімуцца канечнасці. Было дзіка балюча». Я падумала, што так мог праяўляцца скаліёз і спытала, ці лечыцца ён увогуле. «Скаліёз малой ступені, як у мяне, не выклікае такія моцныя болі. Яго можна вылечыць у дзіцячым і падлеткавым узросце, пазней складаней. Функцыянальны скаліёз карэктуецца, а структурны, пры якім нераўнамерна размяркоўваецца нагрузка на хрыбетнік і суставы, — не. Але можна эстэтычна паправіць цела, каб візуальна чалавек выглядаў раўней. Функцыянальны ж з'яўляецца ў выніку цяглічнага дысбалансу, калі адна цягліца мацней цягне, іншая слабей». Праблемы з хрыбетнікам цяпер у кожнага другога, калі не першага... Так адбываецца з-за таго, распавяла мне Таццяна, што чалавек доўга знаходзіцца ў статычных, зручных для яго позах. Цягліцы запамінаюць гэтае становішча, дапамагаючы чалавеку заставацца ў камфортнай позе. «Наша цела — не вораг, яно заўсёды будзе імкнуцца падстроіцца, каб мы жылі без болю. Спачатку пачне шукаць розныя кампенсацыі, і толькі потым ужо адгукнецца болем». Так і здарылася з Таццянай: станавілася ўсё горш і горш. Ёй было страшна: а калі раптам дзяўчыну папросту «заклініць» у пэўнай позе? Замест таго, каб зрабіць МРТ і схадзіць да ўрача, яна, як і многія, «пайшла» ў інтэрнэт высвятляць, што рабіць з яе выдуманымі пратрузіямі і грыжамі. Высветлілася, што лячэнне адно — гэта рух.

Рух — жыццё

Я засумнявалася: а як жа супрацьпаказанні, якія могуць быць пры тых жа грыжах, напрыклад? «Любая пратрузія або грыжа — гэта паказчык да руху. За выключэннем той, якую трэба тэрмінова аперыраваць. Прычым няма абмежаванняў адносна таго, у якіх плоскасцях рухацца. Проста трэба працаваць у зоне камфорту, прыслухоўваючыся да сваіх адчуванняў. Наш хрыбетнік павінен рухацца ва ўсіх напрамках, каб праз рух тканкі атрымлівалі жыўленне, а храсткі і суставы, міжхрыбетнікавыя дыскі і самі пазванкі не разбураліся. То бок, калі балюча, мы проста не робім нейкі рух. Не ўваходзім у вялікія амплітуды, робім крыху менш, плаўней альбо сёння зусім не робім. Да руху, які нам недаступны, прыйдзем крыху пазней».

Спыніць выбар менавіта на пілатэсе Таццяне дапамог «сам Сусвет». Яна ўбачыла рэкламу «пілатэс на реформеры». Што гэта такое — не ведала. З журналісцкіх артыкулаў высветліла, што спецабсталяванне для пілатэсу — а яно адрозніваецца ад звычайнага, якое мы прывыклі бачыць у трэнажорнай зале — выкарыстоўваецца ў артыстаў балета, гімнастаў, спартсменаў. Галівудскія зоркі нават купляюць яго дамоў. Сярод іх — Пірс Броснан. А спявачка Мадонна ў свой час наогул завяла моду на такі від пілатэсу.

Але ж, наколькі я ведаю, класічны пілатэс — без трэнажораў?.. «Якраз класічны пілатэс, што прыдумаў Джозэф Пілатэс, быў на трэнажорах! З іх дапамогай вынаходнік аднаўляў вайскоўцаў пасля першай сусветнай вайны. Гэта былі адаптаваныя ложкі, на якія прыкручваліся спружыны, петлі, вяроўкі. А потым з'явіўся мат (ад слова — матрац). Для недасведчанага чалавека пілатэс — гэта групавы занятак на дыванках, чымсьці падобны на ёгу. Я раней і сама так займалася. Але гэта больш нагадвала сілавую трэніроўку, накшталт аэробікі, толькі ў больш павольным тэмпе. Ад такіх трэніровак гарэлі сцёгны, адвальваліся ягадзіцы... Я думала, гэта правільна і добра. А на спецтрэнажорах (іх назвы: «рэформер», «бочка», «кадзілак», «трапецыя») ніякіх балючых адчуванняў не было. Рухаешся цэлую гадзіну без перапынку, але стомленасці не адчуваеш, не ўпарваешся».

Так Таццяна займалася месяц. І раптам зразумела, што спіна ў яе не баліць! Нават не адсачыла, у які момант гэта адбылося: «Я проста нармальна кладуся, сплю, пераварочваюся з аднаго боку на іншы. Нічога не баліць!»

Усе хваробы ад нерваў

Пілатэс таксама ўздзейнічае і на нервовую сістэму. Працуючы са сваім целам, чалавек працуе і са сваёй свядомасцю: пачынае прымаць цела такім, якое яно ёсць. «Гэта асабліва важна для жанчын, — дзеліцца Таццяна. — Да гэтага ў мяне таксама, як і ў многіх, былі пэўныя прэтэнзіі да сябе: не такія сцёгны, не такія ногі, не такі жывот. А яшчэ я наогул не ўмела расслабляцца...» Удакладняю: фізічна ці на ментальным узроўні? «Адно без другога немагчыма. Раслабіўся фізічна, раслабіўся і псіхалагічна. Гэта як псіхатэрапія: прапрацоўваеш з урачом нейкія падсвядомыя праблемы — аўтаматычна вырашаюцца пытанні са здароўем. Псіхасаматыка! Кажуць жа: усе хваробы ад нерваў. Першасная рэакцыя нервовай сістэмы. І калі чалавек не змог адсачыць, што з ім адбылося ў нейкі момант, калі ён падтрымлівае сябе ў стане стрэсу, знішчаючы свой арганізм, цела пачынае хварэць. Такім чынам яно кажа: спыніся, звярні ўвагу на сябе! Ты ў сябе адзін ды іншага цябе ў цябе не будзе. Я падышла да сваёй псіхікі праз цела. Вось, напрыклад, плакаць не ўмела. І, паўтаруся, расслабляцца не атрымлівалася. У выніку, у целе сфарміраваліся блокі, прама камякі — трыгерныя пункты. Але з часам я стала мяняцца: навучылася адчуваць і прымаць сябе, ды і рухомасць хрыбетніка, суставаў палепшылася».

Я папрасіла Таццяну расказаць пра сваіх кліентаў. Гэта самыя розныя людзі. Ёсць сярод іх ярка выяўленыя халерыкі. Іх асноўная мэта — дасягненні, дзеліцца Таццяна сваімі назіраннямі. Жывуць па прынцыпе: толькі наперад! Хутчэй, вышэй, мацней! І пілатэс з яго запаволеным тэмпам накшталт зусім такім людзям не падыходзіць. Тым не менш, яны працягваюць займацца. Чаму? Бо раптам усведамляюць, што паглыбляцца ў сябе — гэта цудоўна, факусавацца на сваіх адчуваннях прыемна. З'яўляецца ўсвядомленасць, уважлівасць да свайго цела. Прызнаюцца, што сталі лепш сябе адчуваць псіхалагічна. «Проста нервовая сістэма трохі запаволілася, і чалавек стаў паспяваць атрымліваць асалоду ад моманту «тут і зараз». Адчуў свае жаданні, якія раней ігнараваліся».

У пілатэсе, распавядае Таццяна, немагчыма выконваць практыкаванне бяздумна, абы нешта зрабіць, скапіяваць. Не важна, колькі разоў. Важна — якасна. Перш за ўсё патрэбна правільная работа дыхання. Ужо на гэтым этапе паглыбляешся ў сябе і прыслухоўваешся, пачынаючы з ног і практычна да галавы. «Ёсць людзі, якія не ўлоўліваюць сувязі з каленамі, тазасцегнавымі суставамі, са спінай. Тады я апісваю ім адчуванні, якія яны маглі б самі адчуваць. Спачатку здаецца, што гэта ўсё надуманае. А потым ужо самі апісваюць гэтыя пачуцці. Вось так я і вучу чалавека факусавацца на сабе».

Новы погляд на анатомію

Філолагу пачынаць усё спачатку ў зусім іншай сферы, вядома, складана. Але калі сам прайшоў праз боль, чаму б іншым не дапамагчы пераадолець яго?..

Перш за ўсё Таццяна адправілася ў Маскву паглыблена вывучаць анатомію. Там на занятках, успамінае, ляпіла кожную цягліцу з пластыліну на мадэлях-шкілетах. Потым была «амерыканская» адукацыя, доўжылася каля года. Вывучала Таццяна і «анатамічныя цягнікі» — гэта новая і вельмі папулярная цяпер навуковая канцэпцыя пра структуру і функцыянаванне чалавека, заснаваная на міяфасцыяльных сувязях. Трэнер мне падрабязна пра яе расказала.

Раней праца з целам абмяжоўвалася асобнымі цягліцамі. Па сутнасці чалавек успрымаўся як супавы набор. Таму і ўкараніўся вядомы і зразумелы большасці падыход: сёння качаем ягадзіцы, заўтра біцэпс. Але калі казаць карэктна, то цела складаецца з адной вялікай цягліцы з дапамогай фасцыяльнай тканкі.

Фасцыя — гэта злучальная тканка, яна ахінае ўсе цягліцы, органы, сухажыльныя звязкі і прымацоўваецца да костак. Падобная на тонкую павуцінку. Фасцыяльны падыход разглядае чалавечае цела як адзінства ўзаемазвязаных і ўзаемазалежных глыбінных і паверхневых ліній, па якіх праходзіць рух. Кожная ўключае пэўныя цяглічныя ланцугі. Напрыклад, задняя паверхневая лінія (ЗПЛ) цела бярэ пачатак ад падэшвенай часткі ступні (таму спачатку трэба працаваць з ёй). Далей яна падымаецца па задняй лініі ног, па спіне ўздоўж хрыбетніка, па чэрапе і заканчваецца там, дзе надброўныя дугі. Дарэчы, таму калоць ботакс у лоб небяспечна. Канешне, усю заднюю паверхневую лінію не адключыш, але, магчыма, гэта адаб'ецца на руху дзесьці ў шыі. Бо ўсё ўзаемазвязана!

Зразумець, што такое «анатамічныя цягнікі», лёгка, калі ўявіць чыгуначную карту, дзе ў кожнага цягніка (руху) ёсць свой маршрут. Калі дзесьці стаіць блок, цягнік паедзе іншым шляхам, знойдзе кампенсацыю, каб рух не спыняўся.

Фасцыя павінна быць эластычнай, увільготненай. Гэта адбываецца тады, калі чалавек рухаецца і п'е. Без руху фасцыяльная тканка не атрымлівае жыўлення і становіцца вязкай, цягліцы падсклейваюцца, і мы «дзеравянеем». А калі піць і не рухацца — прыйдзецца проста часта хадзіць у туалет. Ці з'явіцца ацёчнасць, калі ёсць праблемы з сардэчна-сасудзістай сістэмай.

І, напрыканцы, яшчэ адзін малазнаёмы тэрмін, сэнс якога не дрэнна было б ведаць усім. Міяфасцыяльны рэліз — гэта інструменты, з дапамогай якіх чалавек можа дапамагчы сабе зняць напружанне ў цягліцах. Для гэтага можна выкарыстоўваць найпростыя рэчы, напрыклад, тэнісны мячык. На яго трэба легчы месцам напружання і мякка раскочваць. Болевыя адчуванні пры гэтым не павінны перавышаць 6 балаў з 10. Яшчэ можна сябе «рэанімаваць» з дапамогай спецыяльных ролаў. Яны прадаюцца ў спартовых крамах. Увогуле, галоўная задача — уздзейнічаць на міяфасцыяльную тканку. Мы яе сціскаем, а калі адпускаем, яна, нібы губка для мыцця посуду, хутка расціскаецца і ўбірае ў сябе пажыўныя рэчывы. Папрыціскалі, параскочвалі, папрацавалі — палепшылі кровазварот, цяглічная тканка аднавілася.

Я ўзгадала некалькі гісторый з жыцця тых, хто сышоў з вялікага спорту. Яны скардзіліся, што арганізм стаў хутка «рассыпацца»: то баліць у хрыбетніку, то ў суставах. Чаму так адбываецца? Таццяна мне патлумачыла: «Справа ў тым, што суставы павінны быць не толькі мабільныя, але і стабільныя. Калі нагрузка ў аднаго ланцуга (а мы ўжо ведаем, што гэта такое) размяркоўваецца нераўнамерна і ўвага надаецца толькі паверхневым структурам, тады каленныя, тазавыя суставы пачынаюць «вылятаць». Так што рэльефнае цела не заўсёды сведчыць пра яго функцыянальнасць. Нярэдка ў пагоні за візуальнай эстэтыкай або спартовым вынікам з-пад увагі выпадае праца з глыбіннымі стабілізатарамі. Тады павярхоўная мускулатура — толькі маска, якая прыкрывае назапашаную праблему».

Пакуль слухала жыццёвую гісторыю Таццяны, разважала пра сябе: калі здароўе здольна паўплываць на змену прафесіі і нават жыццёвыя прыярытэты, то, відавочна, што ігнараваць яго неразумна. А то аднойчы як кальне ў баку... А ў здаровым целе, як той казаў, і дух здаровы. І пілатэс — таму пацвяджэнне.

Аліса ГЮНГЕР

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

У I квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў 4,5 раза больш, чым за такі ж перыяд год таму.

Грамадства

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

На пытанне чытача адказваюць Янка Крук і Аксана Катовіч.

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.