Вы тут

​Кацярына Хадасевіч-Лісавая: «Тэлепартуйцеся разам з героямі!»


Нядаўна прэстыжнай Нацыянальнай літаратурнай прэміяй адзначана маладая пісьменніца Кацярына ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВАЯ — у намінацыі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва». Працуе Кацярына настаўніцай, што, відавочна, і дапамагае ў дадатак да яе светлага таленту разгледзець дзіцячую душу, знайсці агульную мову з юнымі чытачамi.


— Кацярына, ці можа пісьменнік выказаць усё, што пажадае, у творах, якія ён адрасуе юнаму чытачу?

— Мой літаратурны дэбют, аўтарскае паданне «Цірэй і Эйра»,  адбыўся ў 1996 годзе на старонках часопіса «Першацвет». Адрасаваны падлеткам. Да майго сэрца бліжэй чысты і яркі свет дзяцінства, напоўнены казкамі, марамі, дабрынёй. Для юных чытачоў буду і надалей пісаць, але не каб пазабаўляць і павесяліць, а каб праз казкі закласці самае галоўнае — духоўныя каштоўнасці і маральныя арыенціры.

Дзіця — чысты аркуш паперы, на якім можна запісаць пэўную інфармацыю, і яна запомніцца, закладзецца ў аснову асобы, паўплывае на светаўспрыманне, характар, нават жыццё. Вялікая роля ў станаўленні маленькага чалавека належыць кнігам. Таму так важна пісьменніку адчуваць адказнасць за тое, што закладваеш сваімі творамі. І з уласнага вопыту, досведу, разумення свету трэба браць самае светлае, карыснае, добрае.

А вось дапамагчы пасябраваць з кнігамі дзецям павінны ў першую чаргу бацькі. Праз сумеснае чытанне кніг выхоўваецца самае неабходнае і важнае. Толькі трэба выбіраць вартыя кнігі, каб развіваць літаратурны густ.

— Вашы казачныя героі заваёўваюць усё большую і большую чытацкую прастору. Чаму, на ваш погляд, яны прыцягваюць увагу дзяцей?

— Згаданыя персанажы новыя, запамінальныя і крэатыўныя. Такімі яны з’явіліся ў маім уяўленні і настойліва патрабавалі пазнаёміць іх з дзецьмі. Таму, хоць гэта і няпроста, але мне даводзіцца трымаць зададзеную імі планку. Вухуцік — іншапланетнік, якога, ратуючы ад касмічнай буры, тэлепартавала на Зямлю дзяўчынка Улада. ВасільВася — хлопчык-галаграма, ён трапіў да нас праз Міжпрасторавы партал. Падабайка — сусветнавядомы персанаж, які шмат гадоў жыў у выглядзе сімвалаў у інтэрнэце, а потым нарэшце выйшаў адтуль у рэальнае жыццё праз маю кнігу. Страшныя і адначасова вельмі цікавыя Лёка і Тупцень распавядуць адрэналінава-захапляльныя жахліўчыкі. Класавічкі Асік, Бэсік і Вэсік (персанажы кшталту школьных дамавічкоў) пакажуць школу з зусім іншага і нечаканага боку…

Гэта далёка не ўсе мае незвычайныя персанажы. А з такімі героямі, як разумееце, проста павінна адбывацца нешта неверагоднае, таямнічае і прыгодніцкае. Важна тое, што  ўсё адбываецца тут, у нашай роднай Беларусі, часта на знаёмых вуліцах і ў нашых гарадах. Цуды побач!

Казкі жывуць па суседстве! Пачытай — і заўважыш! На прэзентацыях кніг, творчых сустрэчах, літаратурных імпрэзах я знаёмлю юных чытачоў са сваiмi персанажамi. Дзеці бачаць іх на свае вочы, гуляюць з імі, фатаграфуюцца. Так у маіх казачных герояў з’яўляюцца сябры, якія чытаюць пра іх, любяць іх, пішуць ім у сацыяльных сетках. Можа, у гэтым сакрэт увагі юных чытачоў?

— Як вы ставiцеся да паняцця «казкавая тэрапія»?

— Казкi — гэта дзейсны сродак ад стрэсаў і стомленасці. Яны напаўняюць нас пазітыўнай энергіяй, дапамагаюць знаходзіць выйсце з няпростых жыццёвых сітуацый, даюць надзею на нечаканыя цуды, нагадваюць, што ўсё, што здараецца, — да лепшага. Трэба верыць у казкі, каб тэрапія адбылася. Самыя моцныя і лепшыя лекі дзейнічаюць толькі тады, калі верыш у вынік, свае сілы і настроены на перамогу.

— Традыцыйна лічыцца, што ў казцы дабро павінна перамагаць зло. Як насамрэч адбываецца ў вашых казках? Ці згодны вы з такім падыходам?

— Па-іншаму і быць не можа! І не толькі ў казках! Гэта глыбокая філасофія жыцця. Часам чалавек не можа зразумець і ўсвядоміць, чаму здараюцца непрыемнасці, страчвае веру, што дабро пераможа. Але нездарма ж кажуць, што думкі матэрыялізуюцца. Няхай у нас заўсёды будуць думкі пра добрае — яно абавязкова адолее злое. У маіх казках толькі так.  Быць добрымі, адказнымі, шчырымі і спагадлівымі, умець цаніць тое, што маеш, любіць і шанаваць сваё роднае, дараваць крыўды, радавацца за іншых, шукаць выйсце са складаных сітуацый, верыць у лепшае, берагчы сяброўства, быць вясёлымі, цаніць пачуццё гумару… Вучыць жыццю, бо казка — яго міні-мадэль.

— Назавіце тры ўласныя казкі, якія б вы рэкамендавалі чытаць дзецям перад сном? І чаму менавіта такі выбар?

— Калі выбраць тры, то гэта будуць не асобныя аповеды, а кнігі, на старонках якіх жывуць самыя дзівосныя гісторыі… пра дзіцячыя сны!

  • «Казкі Сіняй падушкі». Гэта дзесяць падарожжаў у Краіну Сноў, дзе можа адбывацца ўсё што заўгодна. Экскурсавод па Краіне Сноў — камячок Пухлік, які жыве ў Сіняй падушцы, пакажа гасцям-чытачам самае цікавае. 
  •  «Касмічная адысея хлопчыка Стасіка» — падарожжы ў сне галоўнага героя, які з радасцю возьме ў кампанію юных чытачоў. Найлепш слухаюцца такія казкі ў ложку, дрэс-код — утульная піжама. Гэтая кніга перанясе вандроўнікаў у мікракосмас, дзе пазнаёміць з Феяй Краіны Сноў, з зоркамі, запросіць у Аблокавую краіну, накорміць туманнай кашай, нават у Чорную дзірку засмокча… Але не хвалюйцеся: усё скончыцца добра!
  • «Канікулы з прыгодамі» — працяг касмічнай адысеі, толькі гэтым разам падзеі адбудуцца на Зямлі цёплым сонечным летам. У кнізе ёсць «гісторыя з незвычайным сном», ёсць дэтэктыў, вясёлыя прыгоды, загадкавыя здарэнні, першыя сімпатыі ну і адно касмічнае падарожжа для разнастайнасці. Кожны чытач знойдзе сваю самую любімую тэму для прыемных сноў.

А ўвогуле, усе мае казкі можна чытаць дзеткам на ноч — будуць сніцца толькі прыемныя, чароўныя сны.

— А ці патрэбны казкі дарослым? Якую б казку вы адрасавалі менавіта даросламу чытачу?

— Казкі патрэбны ўсім. Гэта ж каштоўнасць, святло, падказка ў жыццёвых сітуацыях. Мяркую, кожны дарослы можа назваць сваю любімую казку. А калі прапанаваць штосьці з маёй творчасці, то назаву кнігу-квэст «Ключ ад Вялікай Каштоўнасці» і казачна-рамантычную аповесць «Зорка нябесная. Зорка зямная».

— Што ў свае казкі вы выбіраеце з вопыту ўласнай сям'і, а што — са сваёй педагагічнай практыкі? Што пераважае?

— Пераважае фантазія, якая апрацоўвае ўбачанае ў звычайным жыцці. Прататыпам хлопчыка Стасіка з маіх казак стаў мой сын Станіслаў. Калі ён быў яшчэ маленькі, неяк мы з ім самі ўзяліся рабіць яму новую падушку. Ён выбраў сінюю навалачку, напаўняльнік — белыя камячкі файбертэку. Так з’явілася Сіняя падушка, у ёй пасяліўся камячок Пухлік, які ведае сто мільёнаў казак і распавядае іх Стасіку перад сном. І касмічную адысею Стасік паспяхова здзейсніў! Проста са свайго пакоя, у якім мы паклеілі шпалеры ў зорачкі (той самы мікракосмас), а вандраваў ён разам з намаляваным на іх хлопчыкам, якога мы назвалі Зорнічак. Далей казкі прыйшлі самі. Заставалася толькі запісаць.

Педагагічная прыктыка таксама дае магчымасці «пазычаць» у школьнікаў для персанажаў цікавыя рысы характараў, звычкі, знешнасць, адлюстроўваць у творах сітуацыі. Напрыклад, у кнізе «Таямніца незвычайнай школы» шмат імёнаў рэальных дзяцей, некага можна пазнаць па апісанні, чыйсці характар чытаецца ў персанажа.

— Ці можна гаварыць пра эвалюцыю казкі як жанру ў апошнія дзесяцігоддзі? Чым адрозніваюцца казкі, якія прыходзяць да нашых дзяцей, унукаў цяпер, ад тых, што чыталi нам нашы бабулi?

— Добрая казка — вечная каштоўнасць, якая застанецца сапраўдным скарбам і праз стагоддзі. Імёны казачнікаў, якія жылі і пісалі цудоўныя гісторыі, ведаюць усе. Іх творы дайшлі да нас і застаюцца любімымі, яны і зараз друкуюцца ў кнігах, па іх пераздымаюць кіно і ствараюць мультфільмы.  

Але свет імкліва мяняецца, гэта ўплывае на наша жыццё ва ўсіх сферах. Чаму б сучасным казкам, ну хаця б для разнастайнасці, не адпавядаць новым і нават будучым тэхналогіям? У якасці прыкладу — мая казка «Знаёмцеся — #Падабай.к@!» Гэта кніга-гаджэт, якой не трэба зарадка, трафік, яна не псуе зрок, не глючыць, а яшчэ дае карысную інфармацыю, вядзе ў свет фантазіі, пашырае слоўнікавы запас і дорыць магчымасць знаёміцца ў сусветным сеціве з новымі сябрамі… Галоўны герой — віртуальны хлопчык Падабайка, той самы, які ў сацсетках самае адметнае адзначае сімвалам «лайк», «падабаецца». Пакуль дзецi чытаюць цiкавыя гісторыі пра яго, адпачываюць ад экранаў смартфонаў. Таксама карысна!

Ну, ці пра будучыя тэхналогіі. «Палёт на Вухуцію» — гэта кніга-тэлепорт! Сакрэты адкрываць не буду. Бярыце кнігу, цісніце на кнопку і тэлепартуйцеся разам з героямі!

Сучасныя дзеці адрозніваюцца ад папярэдніх пакаленняў, з’яўляюцца новыя фарматы і тэмы казак. Але яны па-ранейшаму будуюцца на асноўных пастулатах, расказваюць пра вечныя каштоўнасці.

— Ці сочыце вы за развіццём дзіцячай літаратуры ў свеце, іншых краінах?

— На жаль, не так, як хацелася б. Стараюся заўважыць самыя яркія і папулярныя кнігі і знаходзіць час на знаёмства з імі. Раней, калі ў нашай сям’і быў юны чытач, паспявала больш, бо прыносіла яму кнігі, разам чыталі. Зараз сыну 16, з дзіцячай літаратуры пераключыўся на дарослую…

— Чаго сёння не хапае беларускай дзіцячай літаратуры?

— У нас шмат цікавых кніг, адметных аўтараў, наша дзіцячая літаратура ў росквіце. Я люблю роднае, беларускае. А яшчэ вельмі хочацца, каб часцей перакладалі нашых пісьменнікаў, каб з беларускімі казкамі пазнаёміліся чытачы іншых краін. У нас ёсць што паказаць.

Хацелася б больш добрай рэкламы, грунтоўнай раскруткі. Дзіцячая літаратура — гэта важныя інвестыцыі ў будучыню нацыі. Чытачоў трэба гадаваць з калыскі. Падмурак чытацкай самастойнасці, закладзены ў маленстве, будзе трымаць адносіны з кнігай на працягу ўсяго жыцця. Стане кніга добрым сябрам — пастаянная яе прысутнасць будзе неабходна чалавеку.

Яшчэ хочацца, каб беларусы чыталі айчыннае, выбіралі кнігі на роднай мове, адкрывалі для сябе ў беларускай літаратуры імёны сучасных творцаў. Ну, і ніколі не будзе зашмат новых цудоўных кніг і цікавых аўтараў!  

Увогуле, патрэбна асобная індустрыя дзіцячай кнігі, якая будзе выпускаць і праводзіць выданні ў жыццё, забяспечыўшы кнізе ўсемагчымую падтрымку. Хацелася б бачыць рэкламу дзіцячых кніг на тэлебачанні, любавацца банерамі з кнігамі на вуліцах, чытаць пра новыя выданні на яркіх лістоўках у вагонах метро. Буктрэйлеры да дзіцячых кніг трэба запускаць на ўсемагчымых экранах, у інтэрнэце, перад праглядам дзіцячага сеанса ў кіно.

А яшчэ персанажам беларускіх казак добра было б з’явіцца на дзіцячым адзенні, заплечніках, пеналах… Няма мяжы для крэатыву і ўдасканалення! Праца з кнігай ад стварэння да яе самастойнага шчаслівага жыцця няпростая, але надзвычай цікавая. Я займаюся гэтай справай з вялікім задавальненнем.

 

Гутарыў Кастусь ЛЕШНІЦА


Уважаемые читатели!

Информацию о наличии журналов «Алеся» в киосках РУП "Белсоюзпечать» можно получить по следующим телефонам:

РУП "Белсоюзпечать»,

город Минск и Минская область  

+ 375 (017) 3636327

+ 375 (017) 2764542

РУП "Белсоюзпечать»,

город Брест

+ 375 (0162)219838

+ 375 (0162)219582

РУП "Белсоюзпечать»,

город Витебск

+ 375 (0212) 358437

РУП "Белсоюзпечать»,

город Гомель

+ 375 (0232) 558813

РУП "Белсоюзпечать»,

город Гродно

+ 375 (0152) 569508

ОАО «Могилевсоюзпечать»,

город Могилев

+ 375 (0222) 734102

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Пачнём, зразумела, з дзяўчынак, бо менавіта іх мамы ўжо цяпер ламаюць галаву над выпускным уборам дачок.

Грамадства

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Нацыянальным брэндам Беларусі па праве лічыцца сацыяльная падтрымка сем'яў дзяржавай, і таму напярэдадні Міжнароднага дня сям'і прадстаўнік