Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым аглядзе «Звязды» расказваем актуальныя спартыўныя навіны.


 sb.by

Гераіня тыдня. Марына Слуцкая заваявала «бронзу» чэмпіянату Еўропы па дзюдо ў Лісабоне. Спартсменка, якая выступае ў катэгорыі звыш 78 кілаграмаў, на шляху да п'едэстала перамагла прадстаўніцу Грузіі Сафіё

Самхішвілі і ўкраінку Лізавету Каланіну. У паўфінале Марына ўступіла турэцкай саперніцы Кайрэ Саіт, а ў схватцы за «бронзу» аказалася мацнейшая за прадстаўніцу Літвы Сандру Яблонскітэ. У кар'еры Марыны Слуцкай гэта трэці медаль кантынентальнага першынства.

Герой тыдня. Беларус Андрэй Арлоўскі перамог амерыканца Чэйза Шэрмана на турніры UFC у Лас-Вегасе. Першы раўнд паядынку застаўся за амерыканцам, але ў двух астатніх лепшы быў ужо беларус. Гэта перавага адлюстравана ў судзейскіх адзнаках — тыя аднагалосна аддалі перамогу беларусу — 29:28, 29:28, 29:28.

Для Андрэя Арлоўскага гэта 31-я перамога ў прафесійнай кар'еры пры 20 паражэннях. Па пагадненні з UFC гэта быў апошні ММА-бой беларуса. Аб тым, ці будзе пагадненне працягнута, пакуль не паведамляецца.

Медалі тыдня. Беларускія спартсмены выступілі на этапе Кубка свету па сучасным пяцібор'і, які завяршыўся ў Сафіі. Ілья Палазкоў заваяваў сярэбраны медаль турніру. У суме Ілья набраў 1427 балаў, уступіўшы толькі брытанцу Джозефу Чуну, у яго 1435 балаў. Бронзавы медаль этапу Кубка свету заваявала Настасся Пракапенка. «Бронзу» медалістка Алімпійскіх гульняў — 2008 атрымала, набраўшы ў суме 1343 балы.

Выступленні тыдня. Беларускія спартсменкі выступілі на этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы ва Узбекістане, дзе заваявалі восем медалёў. У індывідуальным мнагаборстве бронзавы медаль выйграла Настасся Салас, чыя сума балаў — 96,500. Яе суайчынніца Аліна Гарнасько, маючы 94,150 бала, спынілася на чацвёртай пазіцыі.

Бронзавы медаль заваявалі і беларускія групавічкі. Пасля першага віду яны мелі другую пазіцыю, але ў выніку занялі трэцюю прыступку п'едэстала з вынікам 72,250 бала. Да «бронзы» мнагаборства зборная Беларусі ў групавых практыкаваннях дабавіла «золата» ў кампазіцыі з абручамі і булавамі — 38,650 бала і «серабро» ў практыкаваннях з пяццю мячамі — 38,650 бала.

У фіналах асобных відаў залаты медаль выйграла Аліна Гарнасько, якая лепш за ўсіх выступіла ў практыкаваннях са стужкай, набраўшы 22,750 бала. У кампазіцыі з мячом беларуска набрала 25,100 бала і заваявала «бронзу», уступіўшы два першыя месцы расіянкам — сёстрам Аверыным. Такім жа чынам размеркаваліся медалі па выніках практыкаванняў з булавамі. На першых двух месцах — Арына і Дзіна Аверыны. У Аліны Гарнасько — 26,550 бала і трэцяе месца. У кампазіцыі з абручом на трэцяй ступені размясцілася Настасся Салас, маючы 24,700 бала.

Каманда тыдня. Хакеісты зборнай Беларусі выйгралі два таварыскія матчы, якія праходзяць у межах падрыхтоўкі да чэмпіянату свету. У першым матчы беларусы абыгралі аўстрыйцаў з вынікам 5:1. Затым беларуская каманда аказалася мацнейшая за венграў. Вынік сустрэчы — 3:2.

Лічба тыдня. 12-ы раз баскетбалісткі «Гарызонта» сталі чэмпіёнкамі Беларусі. У трэцім паядынку серыі за залатыя медалі вучаніцы Наталлі Трафімавай упэўнена абыгралі «Цмокаў-Мінск» з вынікам 78:55. Самымі выніковымі гульцамі ў пераможцаў сталі Настасся Верамеенка і Вікторыя Гаспер, якія набралі па 16 балаў. У «Цмокаў» адзначылася амерыканка Брытні Джонс, у актыве якой 24 балы. Бронзавыя медалі нацыянальнага чэмпіянату заваявалі баскетбалісткі гродзенскай «Алімпіі», якія ў серыі за трэцяе месца тройчы перайгралі сталічны клуб «БДУ-Цмокі» — 85:47, 104:50, 76:54.

Няўдача тыдня. Гандбалісткі зборнай Беларусі няўдала правялі першую сустрэчу з камандай Чарнагорыі за права сыграць у фінале чэмпіянату свету. Вынік сустрэчы — 29:23. Самай выніковай у беларусак стала Настасся Кулак, якая восем разоў паразіла вароты саперніц. Яшчэ адна сустрэча зборных Беларусі і Чарнагорыі адбудзецца 20 красавіка на пляцоўцы мінскай «Чыжоўка-Арэны».

Пераможцы матчаў накаўт-раўнда атрымаюць пуцёўкі ў фінал 25-га чэмпіянату свету сярод жаночых каманд, што запланаваны на 2—19 снежня ў Іспаніі.

Перамога тыдня. Валейбалісткі «Мінчанкі» — чэмпіёнкі Беларусі. У трэцім матчы фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі прадстаўніцы сталічнага клуба абыгралі брэсцкае «Прыбужжа». Вынік сустрэчы — 3:0. Самымі выніковымі сярод «Мінчанак» сталі Надзея Смірнова, у яе актыве 10 балаў, Надзея Сталяр і Таццяна Маркевіч, якія атрымалі дзевяць пунктаў. У брэсцкай камандзе лідарам атак стала Аксана Кавальчук, на рахунку якой 13 балаў. Аліна Ільюціна набрала 10 балаў. Такім чынам, «Мінчанка» выйграла дзясяты тытул чэмпіёнак Беларусі.

Цытата тыдня. «Планаў у нас вельмі шмат. Галоўны план — дасягненне высокіх спартыўных вынікаў. Здаровы спосаб жыцця — гэта добра, з гэтым у нас праблем няма. Ёсць студэнцкая, аматарская лігі. Але аматарам баскетбола патрэбныя вынікі, і ўсе сілы кінуты на ўдзел жаночай каманды ў чэмпіянаце Еўропы, кваліфікацыю жаночай зборнай 3x3 на Алімпійскія гульні, працяг кваліфікацыі мужчынскай зборнай на чэмпіянат свету. Наша задача — зрабіць так, каб сцяг беларускага баскетбола рэяў не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі, і каб краіна ганарылася нашымі вынікамі», — расказаў Максім Рыжанкоў. На справаздачна-выбарнай канферэнцыі Максіма Рыжанкова пераабралі старшынёй Беларускай федэрацыі баскетбола.

Анонс тыдня. Трэнерскі штаб зборнай Беларусі па жаночай барацьбе вызначыўся з саставам каманды на чэмпіянат Еўропы, які 19—25 красавіка пройдзе ў Варшаве. На кантынентальным першынстве Беларусь прадставяць Наталля Варакіна (50 кг), Ванеса Каладзінская (53 кг), Кацярына Пічкоўская (55 кг), Ірына Курачкіна (57 кг), Крысціна Сазыкіна (59 кг), Вераніка Іванова (62 кг), Таццяна Паўлава (65 кг), Ганна Садчанка (68 кг) і Васіліса Марзалюк (75 кг).

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на сераду (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на сераду (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Культура

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Тэма антысавецкага падполля падчас ВАВ — складаная тэма ў гісторыі.

Грамадства

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»

 Яго знайшлі ў краінах Паўднёвай Афрыкі, у прыватнасці, у ПАР і Батсване.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на аўторак

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на аўторак

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.