Вы тут

Стаўка на веды. У што верылі хлопцы і дзяўчаты 1920—30-х гадоў?


Па старых падшыўках можна вывучаць гісторыю. На старонках «Чырвонай змены» сустракаюцца дэталі, якія дазваляюць лепш зразумець працэсы і з'явы, што адбываліся ў той час, і тую ролю, якую адыграла моладзь у эканамічным і культурным жыцці краіны.


Культурны фронт

Вы не задумваліся, якім чынам удалося ў паслярэвалюцыйны перыяд так хутка вырашыць праблему непісьменства? У даваенныя гады праводзілася вялікая кампанія, у якой моладзі надавалася выключная роля. Да настаўнікаў і работнікаў бібліятэк (так званых хат-чытальняў) далучаліся студэнты, камсамольцы. Бясплатна, на голым энтузіязме яны вучылі чытаць ды пісаць і малых, і дарослых. Ладзіліся культурныя паходы: гарадская моладзь выпраўлялася з адукацыйнай місіяй на вёскі. Было ўведзена правіла, каб усе, хто навучыўся чытаць, перадавалі веды іншым. У камсамольскі білет нават уклейвалі спецыяльны лісток, дзе пазначалася, колькім людзям удалося дапамагчы авалодаць чытаннем. Многія маладыя, а таксама старэйшае пакаленне вучыліся чытаць па «Чырвонай змене», а ў гады беларусізацыі дзякуючы ёй займаліся роднай мовай.

Менавіта БССР у 1931 годзе першай з усіх рэспублік былога Савецкага Саюза перайшла на ўсеагульную пачатковую адукацыю.

Па краіне ствараюцца сельгасгурткі, у якіх вясковая моладзь навучаецца асновам вядзення сельскай гаспадаркі, у тым ліку дзейнічаюць яны і на базе школ. Дасведчаныя падлеткі заводзяць эксперыментальныя агароды і палеткі, на якіх збіраюць ураджаі, лепшыя, чым у традыцыйнай гаспадарцы. Селькары хваляцца, што вяскоўцы, назіраючы за агародамі моладзі, прызнаюць, што ніколі ў жыцці такой капусты (буракоў) не бачылі. На адну з першых камсамольскіх сельгасвыставак у Сянно ў кастрычніку 1924-га валам валіў народ — падзівіцца на ўраджай, сабраны моладдзю са сваіх участкаў. Тут прэзентавалася новая тэхніка, працавалі павільёны сельскагаспадарчай школы, пошта, тэлеграф, аддзел па забеспячэнні кнігамі і ладзілася вучоба агранома.

«Дзясяткі, сотні камсамольцаў на прыкладах паляпшэння гаспадаркі і ўвядзення культурных метадаў выхоўваюць вёску, — пісала «Чырвонка» ў 1927 годзе. — Камсамольцы з'яўляюцца штурхачом да лепшага. Ёсць шмат выпадкаў, калі па пачыне камсамольцаў землеўпарадкаваліся вёскі, арганізоўваліся пасёлкі, уводзіўся шматпольны севазварот». А ў некаторых вёсках сяляне «перасталі лічыць камсамольцаў гультаямі і нават хваляць сельскагаспадарчыя гурткі і курсы». Для школьных настаўнікаў ладзяцца курсы, каб ліквідаваць сярод іх «агранамічную недасведчанасць», каб у далейшым яны змаглі перадаваць веды сваім вучням.

Да таго ж вёсцы моладзь прапануе новыя варыянты для баўлення вольнага часу. Праўда, лозунг «Раней вечарыны, самагон, зараз — сходы і кніжкі» не надта спрацаваў. І ў вёсках пачынаюць стварацца так званыя куткі вяселля. Тут «працуюць групы музакантаў, скакуноў, плясуноў». У абавязкі супрацоўнікаў такіх клубаў уваходзіць падрыхтоўка камсамольскіх вячорак і масавых гульняў. Ладзіліся паходы за ўзняцце «культурнага і маральнага ўзроўню насельніцтва». У праграме аднаго з іх за 1928 год былі пазначаны «гульні, спевы, аркестр, кіно, феерверкі».

У гарадах і вёсках ствараліся тэатральныя гурткі, чырвоныя куткі, хаты-чытальні, гурткі мастацкай творчасці, клубы. Моладзь выбіралася ў калектыўныя паходы ў тэатр, на экскурсіі і спартыўныя мерапрыемствы.

На Х з'ездзе КП(б)Б, дзе разглядаліся пытанні, звязаныя з дзейнасцю камсамольскіх арганізацый, дэлегаты звярнулі ўвагу, што сярод моладзі ёсць «шэраг хваробных з'явішчаў, п'янства, хуліганства. Усё гэта магчыма выжыць толькі шляхам культурна-масавай працы... праз прафесійныя клубы».

«Чырвоная змена» багата піша пра дзейнасць сталічнага маладзёжнага клуба КІМ на Камсамольскай вуліцы, куды прыходзяць хлопцы і дзяўчаты ад школьнікаў да рабочых. Тут яны гуляюць у шашкі, шахматы, глядзяць фільмы, слухаюць радыёперадачы, ставяць тэатральныя пастаноўкі. А таксама ідуць на лекцыі, гутаркі, знаёмяцца з дасягненнямі навукі. Працуюць гурткі вынаходнікаў, электрыфікацыі, радыёгурткі. Падобныя адукацыйна-асветніцкія цэнтры ствараюцца і ў іншых беларускіх гарадах. Моладзь актыўна ўключаецца ў авалоданне новымі навыкамі, паглынае веды. Ды так, што ўжо ў сярэдзіне 1920-х гадоў «Чырвоная змена» ўздымае пытанне «аб вольным дні камсамольца», бо кожны дзень і вечар у маладых людзей насычаная праграма (пасля работы — вячэрні рабфак ці школа працоўнай моладзі, партыйныя дні, гурткі, сходы і мітынгі).

Новыя кадры

Менавіта з распаўсюджваннем ведаў у даваенныя гады маладыя людзі звязвалі далейшае развіццё краіны. Хуткага развіцця прамысловасці немагчыма было б дасягнуць без стварэння вялікай сеткі навучальных устаноў. «Чырвоная змена» 1920—30-х гадоў «піярыць» вячэрнія школы, рабфакі, фабрычныя школы, курсы, а таксама прадпрыемствы, на якія ідзе працаваць моладзь. За кароткі час былі падрыхтаваны кадры для розных галін народнай гаспадаркі. Але не трэба забывацца і на энтузіязм, з якім моладзь падыходзіла да справы. За ўсімі лозунгамі і заклікамі да ўдзелу ў сацыялістычных спаборніцтвах, стаханаўскім руху стаяла ў тым ліку і вера, што ўласнымі рукамі можна ствараць дабрабыт краіны.

Хлопцы і дзяўчаты не толькі атрымлівалі прафесіі, але і дзяліліся сваімі набыткамі, перадавымі для таго часу навыкамі. Разглядалі пытанні, як палепшыць вытворчасць працы, шукалі нестандартныя рашэнні, эксперыментавалі, аб'ядноўваліся ў гурткі рацыяналізатараў і вынаходнікаў.

У «Чырвоную змену» моладзь звяртаецца па парады. Не трэба забывацца, што гэта час, калі ствараецца тое, чаго раней не было. Калі ўзнікаюць першыя інтэрнаты, уздымаюцца пытанні, ці трэба пры падборы людзей улічваць іх характар і інтарэсы, ці павінны яны быць змешанымі і як будуць наладжвацца ўзаемаадносіны паміж хлопцамі і дзяўчатамі, хто будзе адказваць за прыгатаванне ежы і абслугоўванне памяшканняў, як разам бавіць вольны час і як маладым людзям несці выдаткі: як у «камунізм, калі калектыўныя грошы, харчаванне, вопратка, ці паўкамунізм — грошы ў кожнага пры сабе, але раўнамерна адлічваюцца на ежу».

Журналісцкая «кухня»

Нават па газетных артыкулах можна прасачыць, як сталела і набіралася ведаў моладзь. Так, калі ў пачатку 1920-х яна друкавала кароткія, прымітыўныя нататкі, то праз дзесяцігоддзе газета становіцца сур'ёзным удумлівым дарадцам.

Справа ў тым, што спачатку калектыў газеты быў невялікі. Напаўняць старонкі інфармацыяй дапамагалі пазаштатныя аўтары. Многія з іх былі малапісьменныя, і часам заметкі даводзілася занатоўваць з іх слоў. Юнкары дапамагалі і з афармленнем газеты — на старонках юнай «Чырвонкі» не знойдзеш фотаздымкаў. Афармляць газету даручалі мастаку, або змяшчалі малюнкі і карыкатуры, што дасылалі ў газету чытачы. Клішэ для друку выразаліся з дрэва ці гумы. Не хапала паперы. Ды і тая, якую ўдавалася дастаць, была нізкай якасці.

Уся маёмасць першай рэдакцыі — гэта... шуфлядка ў пісьмовым стале. Пра гэта ўспамінала Сафія Фрай, якая ў 1923—1925 гадах рэдагавала газету, а, па сутнасці, з'яўлялася ўніверсальным работнікам, бо адначасова была і сакратаром, і выпускаючым, да таго ж правіла тэксты. Услед за «Чырвонай зменай» з'явіліся выданні «Малады араты», «Юнгер Арбетэр» (на яўрэйскай мове), «Гвязда млодзежы» (на польскай) і часопіс «Маладняк». Усе рэдакцыі знаходзіліся ў будынку ЦК камсамола. У адным пакоі. У 1922 годзе на іх усіх быў выдзелены адзін стол — па шуфлядцы на кожную рэдакцыю. Толькі пазней яны атрымалі па асобным стале. І тым не менш, Сафія Фрай згадвала: «Чырвоная змена» нарадзілася і ўсе гады свайго жыцця была ўпартай, моцнай паборніцай за права на добрую паперу, чыстую фарбу, яскравы загаловак, дакладную карэктуру. Бывала, з-за пераблытаных прозвішчаў ці радка, які выпаў, — мы, тагачасныя работнікі газеты, садзіліся на талер, затрымлівалі ход машыны да таго часу, пакуль машыніст не пераставаў упарціцца і выпраўляў недахоп.

Мы заўсёды заклікалі чытача да крытыкі газеты і з алоўкам у руках строга рабілі паметкі на кожным нумары «Змены», каб наступны зрабіць лепш».

Дарэчы, ужо ў першы год існавання рэдакцыя магла страціць увесь свой калектыў. У 1926 годзе адзін з яе першых рэдактараў С. Кэмрад (Сёмка Каплан) прызнаваўся, што ў ліпені 1921 года ён і яго калега Шэйнман (на той час гэта была ўся рэдакцыя маладзёжнай газеты) добраахвотнікамі запісаліся ў атрад, які кідалі ў лес на пошукі банды, што рабавала беларускія мястэчкі. Прычым маладыя журналісты зрабілі гэта ў тайне ад ЦК, бо ведалі, што іх могуць не адпусціць на рызыкоўную справу. «Развітаўшыся з лесам, у якім былі праведзены два цудоўныя, бадзяжныя тыдні, мы вярнуліся ў Мінск. У ЦК мы прыбылі адначасова з весткай пра нашу гібель, што з'яўлялася таму бясспрэчным абвяржэннем. Змяніўшы вінтоўку на аловак, нават не адмыўшы двухтыднёвы бруд, кінуліся ў тыпаграфію».

Дзякуючы такім успамінам, пачынаеш разумець, чаму побач з загалоўкам газеты на першых нумарах размяшчаўся юнак, які ў адной руцэ трымаў факел, а ў другой — вінтоўку.

«Чырвоная змена» вельмі многа часу прысвячала навучанню сваіх пазаштатных аўтараў, і калі ў сярэдзіне 1920-х яна давала проста парады, што пісаць ў газету (нататку, апавяданне, выпадак, верш, успаміны, паведамленні пра ячэйку, майстэрню, таварышаў, майстра, настаўніка, клуб), то ў 1930-х ужо «праходзілася» па змесце тэкстаў. Наогул, 1930-я гады — час, калі маладыя людзі больш крытычна ставяцца да падзей, што адбываюцца навокал. На старонках газеты можна знайсці матэрыялы, якія сведчаць, што некаторыя хлопцы і дзяўчаты пачынаюць выходзіць з камсамола. У матэрыялах аўтараў праскокваюць скаргі на тое, што часта за бясконцымі прыгожымі і складанымі словамі нічога не стаіць. Аб'ядноўваць моладзь можна толькі вакол пэўных добрых спраў. Пачынаецца барацьба з бюракратызмам, безгаспадарчасцю, разбазарваннем сродкаў, прагульшчыкамі, лайдакамі. Нават ствараюцца спецыяльныя атрады «лёгкай кавалерыі», якія адказваюць за выкрыццё такіх недахопаў. «Чырвоная змена» піша пра палітычныя суды, на якіх у тым ліку разглядаюцца пытанні, звязаныя з крадзяжамі і палавой разбэшчанасцю.

Даваенная моладзь актыўна змагаецца з п'янствам і курэннем. У адной з ячэек маладыя людзі дамаўляюцца калектыўна кінуць паліць, а той, хто саграшыць, павінен заплаціць штраф, які пойдзе на падпіску «Чырвонай змены».

Вялікая ўвага ўдзяляецца спорту і ваеннай падрыхтоўцы. Шырыцца рух фізкультурнікаў. Пачынае развівацца турызм. Ладзяцца масавыя заезды на лыжах, праводзяцца ваенізаваныя паходы ў процівагазах. Моладзь вучыцца страляць, скакаць з парашутам, лятаць на самалётах і кіраваць ваеннай тэхнікай — даказвае, што яна гатова да абароны Радзімы.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

У I квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў 4,5 раза больш, чым за такі ж перыяд год таму.

Грамадства

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

На пытанне чытача адказваюць Янка Крук і Аксана Катовіч.

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.