Вы тут

Што будзе з «шагалаўскай» сінагогай?


У Віцебску руіны Вялікай Любавіцкай сінагогі на вуліцы Рэвалюцыйнай (недалёка ад аўтавакзала) усё часцей называюць «шагалаўскай». І нездарма, бо недалёка — на вуліцы Пакроўская — дом вядомага на ўвесь свет мастака. А музей Марка Шагала ў Віцебску — адзін з галоўных ініцыятараў таго, каб усё, што засталося ад малітоўнага дома, сапраўды стала часткай гістарычнай спадчыны.


Днямі праблему захавання і аднаўлення, перспектывы выкарыстання сінагогі абмяркоўвалі ў згаданай установе культуры падчас міжнароднага круглага стала. У ім узялі ўдзел эксперты з Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Ізраіля.

Дакладна невядома, калі пабудавалі сінагогу, адну з больш чым сямідзесяці тых, якія былі ў Віцебску: у пачатку мінулага або ў канцы пазамінулага стагоддзяў — але ў любым выпадку ў дарэвалюцыйны час.

У сярэдзіне 1920-х тут жылі літоўскія яўрэі-бежанцы, якія перабраліся ў Віцебск. Сінагогу канчаткова зачынілі ў 1929-м. Потым яе выкарыстоўвалі ў якасці клуба Саюза рэваапрацоўшчыкаў. Пасля Вялікай Айчынай вайны тут зрабілі саляны склад.

Сёння з гістарычных рэлігійных будынкаў былая Любавіцкая сінагога засталася адна. На жаль, нават проста зайсці сюды, небяспечна. Таму турысты разглядаюць яе толькі звонку.

Дырэктар музея Марка Шагала Ірына Воранава працытавала радкі са знакамітай аўтабіяграфічнай кнігі мастака «Маё жыццё». Ён напісаў пра бацьку, які вельмі рана ўставаў, потым ішоў у сінагогу, вяртаўся дадому, каб выпіць гарбаты і пайсці на работу. Безумоўна, па логіцы ён хадзіў куды бліжэй: як сёння б сказалі, у «крокавай даступнасці». І звычайна туды ж накіроўваліся і іншыя члены сям'і.

У пазамінулым годзе ініцыятыўная група пачала работу над прыцягненнем увагі грамадскасці да руін Вялікай Любавіцкай сінагогі ў Віцебску. У дзень нараджэння Майстра быў праведзены нядзельнік па прыборцы тэрыторыі, устаноўлена інфармацыйная дошка «Побач з намі — незвычайны помнік даўніны».

А ў верасні таго ж года ў музеі прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Спадчына былых сінагог: у пошуках новых функцый і значэнняў», на якой абмяркоўвалася ў тым ліку і актуалізацыя руін. Мэта энтузіястаў — арганізацыя дыялогу і стварэнне агульнай канцэпцыі захавання і развіцця былой сінагогі, адзначыла кіраўнік музея. Пры гэтым важна прыцягнуць як мага большую колькасць удзельнікаў (дзяржаўныя структуры, рэлігійныя суполкі, грамадскія арганізацыі, фонды) і зрабіць працэс аднаўлення (распрацоўкі канцэпцыі) максімальна празрыстым і інклюзіўным.

Дарэчы, каля дзесяці гадоў таму Віцебскім заводам электрапрыбораў была распрацавана перадпраектная дакументацыя па рэканструкцыі сінагогі для адкрыцця там культурнага цэнтра. Але справа не пайшла... Пра гэта распавёў намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын. Ён падкрэсліў, што мясцовая ўлада вельмі зацікаўлена ў тым, каб сінагога была ўключана ў актыўнае гарадское асяроддзе. І ёсць разуменне неабходнасці гэтага ў аблвыканкаме і Міністэрстве культуры. Зямельная служба працуе над вылучэннем участка, каб сінагогу можна было рэканструяваць, растлумачыў Віктар Глушын.

У поспеху справы выказаў зацікаўленасць Іцхак Коган, равін сінагогі на Вялікай Броннай у Маскве, кіраўнік аб'яднання хасідаў СНД «Хабад». Дарэчы, сям'я Шагала была хасідская. Іцхак Коган сказаў, што Віцебск для яго не чужы горад, бо тут жылі яго сваякі. Ён запрасіў маладога віцебскага архітэктара Глеба Арлоўскага, які расказаў яму пра жудасны стан будынка, больш падрабязна абмеркаваць праблему — асабіста па відэасувязі, паабяцаў дапамагчы.

Летась камітэт «Віцебскаблмаёмасці» выставіў руіны Вялікай Любавіцкай сінагогі на продаж. І некалькі патэнцыйных інвестараў выказала зацікаўленасць аб'ектам — у прыватнасці, літоўскі прадпрымальнік Раналдас Вайчайціс, які займаецца дрэваапрацоўчым бізнесам на Віцебшчыне. Ён, дарэчы, жыве недалёка ад былой сінагогі. На круглым стале бізнесмен агучыў наступную ідэю: чаму б не зрабіць турыстычна-рэлігійны бізнес-комплекс?

У размове з карэспандэнтам «Звязды» прадпрымальнік сказаў, што калі даведаўся пра магчымасць купіць будынак за базавую велічыню, задумаўся аб куплі. Паколькі з дзяцінства захапляецца гісторыяй, палюбіў Віцебск, жанаты на беларусцы, вырашыў зрабіць для горада карысную справу. І ўжо прапанаваў паўдзельнічаць у рэалізацыі праекта сваім знаёмым, якія могуць інвеставаць. Плюс звязаўся з фондамі, у якіх ёсць вопыт фінансавання такіх праектаў.

Якой ён бачыць будучыню будынка? Найперш неабходна максімальна аднавіць яго звонку. На першым паверсе — пакінуць месца для стварэння музея, напрыклад, гісторыі яўрэйскага Віцебска, вернікаў. А ў дзелавой частцы можна адкрыць офіс, праводзіць канферэнцыі, іншыя мерапрыемствы.

У ходзе круглага стала быў прэзентаваны вопыт літоўскіх і польскіх калег. На канкрэтных прыкладах разгледзелі тое, як у гэтых краінах былыя сінагогі выкарыстоўваюцца ў якасці ўстаноў культуры.

У канцы мая запланавана правесці тыдзень па навядзенні парадку на тэрыторыі былой сінагогі і побач. Потым магчыма будзе арганізаваць грунтоўнае інжынернае даследаванне будынка. Ужо даўно спецыялісты канстатуюць, што калі не рэстаўраваць сінагогу ў найбліжэйшай перспектыве, трэба абавязкова і як мага хутчэй закансерваваць аб'ект, абараніць яго ад вандалаў.

«Звязда» будзе сачыць за тым, што робіцца, каб у Віцебску аднавілі «шагалаўскую» сінагогу.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.