Вы тут

«Скарбніца Падняпроўя» папоўнілася новай аўтэнтыкай


У Магілёве распачаўся фестываль, дзе ўдзельнікі дэманструюць адноўленыя і бытуючыя аўтэнтычныя песні, танцы, гумар і кухню жыхароў рэгіёна.


У праграме фестывалю, які будзе доўжыцца да верасня і пройдзе ў тры этапы, — тэматычныя канцэрты, семінары-практыкумы, прысвечаныя традыцыйнай народнай творчасці беларусаў, спаборніцтва па прынцыпе «хто каго ператанцуе, хто каго перапяе», майстар-класы, фальклорныя танцавальныя, гумарыстычныя вечарыны і іншае. Старт фестывалю даў канцэрт «Галасы Падняпроўя», у якім бралі ўдзел дзіцячыя і дарослыя народныя калектывы, салісты ўстаноў культуры вобласці, носьбіты песеннага фальклору Чэрыкаўскага, Краснапольскага, Клімавіцкага, Магілёўскага, Асіповіцкага раёнаў і Магілёва.

Валянціна Марчанка, метадыст па традыцыйнай культуры Краснапольскага раённага цэнтра культуры, на працягу 30 гадоў працуе кіраўніком народнага фальклорнага ансамбля «Горскія харашухі» пры Горскім сельскім Доме культуры. Вёска Горы знаходзіцца літаральна на граніцы з Расіяй, цікавага матэрыялу шмат. Увесь рэпертуар калектыву — гэта тое, што атрымалася сабраць, пераняць з вуснаў у вусны ад старажылаў вёсак Горы і суседніх.

— Шмат песень, якія зараз спяваюць «Горскія харашухі», ад маёй маці, — кажа Валянціна Аляксандраўна. — На жаль, вёскі старэюць, і носьбіты сыходзяць. Летась мы страцілі выдатную салістку нашага ансамбля Веру Пятроўну, якая прынесла ў нашу скарбонку ўнікальныя творы. Гэта аўтэнтычныя песні, якія выконваюцца акапэльна і адрозніваюцца вялікай прыгажосцю, чысцінёй, узнёсласцю. Заўсёды горка, калі такія носьбіты сыходзяць. І ад гэтага выразней разумееш, як важна захаваць, перадаць нашчадкам бясцэнны дар.

Валянціна Марчанка за апошнія шэсць гадоў работы метадыстам паспела адкрыць некалькі ўнікальных свечкавых абрадаў — у Краснаполлі, вёсках Казелле, Халмы, Буглаях. У Буглаях знайшла яшчэ і носьбітаў аброчнага абеду. Акрамя гэтага, сабрала шмат цікавых паданняў, легенд і песень. Стараецца часцей выдаваць брашуры і буклеты, арганізоўвае навучальныя семінары з работнікамі сельскіх дамоў культуры, каб далучыць іх да пошукавай дзейнасці.

— Гэты фестываль вельмі нам патрэбны, — пераканана даследчыца фальклору. — У нас ёсць рэдкая магчымасць паглядзець розныя раёны Магілёўскай вобласці, падзяліцца вопытам, пачуць адзін аднаго, параўнаць.

Народную творчасць сваёй малой радзімы прадэманстравалі праслаўленыя фальклорныя калектывы з Клімавіцкага раёна: дарослы «Астранка» і дзіцячы «Астраначка». Назвы, дарэчы, дала невялічкая мясцовая рачулка.

— З дапамогай дзетак мы стараемся захаваць спадчыну нашых бабуль, працягнуць справу нашага былога кіраўніка і заснавальніцы Галіны Брыкавай, — кажа кіраўнік народнага фальклорнага калектыву «Астранка» Ірына Шалашэнь, якая спявае фальклор з другога класа. — «Астраначка» — пераемніца «Астранкі». Самаму малодшаму нашаму выканаўцу — шэсць гадоў. На жаль, школы ў нашай вёсцы Стары Дзедзін ужо няма, дзеці ходзяць на заняткі ў суседнюю вёску. Калі яны ў нас вучыліся, больш цікавіліся народнымі традыцыямі. Вёска, на жаль, вымірае, засталося 100 чалавек. Але ўсе ўдзельніцы калектыву жывуць выключна ў Старым Дзедзіне. Гаспадарка выручае. У жыцці таксама прытрымліваемся традыцый нашых продкаў, народныя святы адзначаем. Дзень вёскі ладзім на Макаўе — 14 жніўня. Гулянні праходзяць на Бяздонным калодзежы ў Новым Дзедзіне. Прыязджаюць і тыя, хто з'ехаў, і з іншых раёнаў і нават абласцей. Самы галоўны абрад, які мы адрадзілі, — зазыванне дажджу ў засушлівы перыяд. Ён занесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

— Веданне традыцый дапамагае мацней любіць сваю зямлю і традыцыі, — пераканана Ірына. — Калі мы не будзем гэта захоўваць, згінем як нацыя. Мы свае песні спяваем сэрцам — не кожнаму гэта дадзена. Трэба жыць на гэтай зямлі і любіць яе.

Шмат эмоцый падарыў народны ансамбль народнай песні «Вяселле» з вёскі Калгары Асіповіцкага раёна, які акапэльна прэзентаваў народную песню.

— Яе спявала яшчэ яе бабуля, — падзялілася канцэртмайстар Антаніна Сяргееўна.

— Яна наогул была добрая пявуння. Спявала і ў агародзе, і дома, калі вышывала, шмат песень ведала.

Творчая візітоўка Быхаўскага раёна — народны фальклорны ансамбль «Багатуха» і тэатральны народны гурт «Крыніца». Разам яны паказалі невялікі ўрывак з народнага свята Валачобнікі. Яно чымсьці нагадвае добра вядомую ўсім традыцыю калядаваць.

— Адрозненне толькі ў тым, што свята праводзіцца не на Раство, а на першым тыдні Вялікадня, — удакладняе кіраўнік тэатральнага народнага гурта «Крыніца» Вольга Уласава. — Нашы продкі хадзілі па людзях, жадалі дабра, спявалі велікодныя песні, прымалі ў падарунак фарбаваныя яйкі. Такая традыцыя была ў вёсках Холстава, Сушчова, Малінаўка. Зараз там практычна ўжо ніхто і не жыве. А калісьці вось так весела адзначалі велікоднае свята. Садзіліся на пагорку, качалі яйкі, гулялі ў біткі, узвялічвалі Вялікдзень і добрых людзей. Каб нагадаць пра тыя часы, мы зрабілі абрад і цяпер ездзім па вёсачках, збіраем, дарэчы, аншлагі ў мясцовых клубах. Моладзі цікава: яны ж такога і не ведалі.

А яшчэ Вольга Уласава стварае кранальныя п'есы аб праблемах выміраючых вёсак, і гэта таксама прыцягвае народ. Вельмі шмат у гэтых пастаноўках шчырасці і цеплыні.

Не менш цікавыя традыцыі на Чэрыкаўшчыне. На фестываль прыехаў народны аматарскі калектыў «Родныя напевы», яго салісты аднавілі на сцэне ўрывак з абраду «Зялёныя Святкі».

— Нам болей чым 20 гадоў, два гады таму атрымалі званне «Народны», — удакладняе акампаніятар Сакалоўскага сельскага клуба і кіраўнік ансамбля «Родныя напевы» Алена Васільева. Яна, дарэчы, з ліку тых апантаных, дзякуючы якім жыве народная творчасць. Не атрымалася стаць сталічнай жыхаркай, вярнулася ў родную вёску і пайшла працаваць у клуб. Самастойна навучылася іграць на гармоніку. Адно шкада, што аднадумцаў становіцца менш.

— На жаль, вёска памірае, — уздыхае яна. — Дваццаць гадоў таму ў вёсцы жылі яшчэ 500 чалавек, а цяпер — напалову менш. Нават школа сёлета закрываецца. А значыць, і шанцаў знайсці прадаўжальнікаў народных традыцый становіцца менш. Раней дзеці класамі выступалі. Зараз нас усяго сем чалавек, сярэдні ўзрост — 40—55 гадоў. У рэпертуары шмат аўтэнтычных песень, спяваем і пад гармонік, і пад «мінусоўкі». Стараемся часцей карыстацца беларускай мовай. Нам гэта вельмі падабаецца.

— Кожны з тых, хто адраджае народную творчасць, — унікальны, — запэўнівае начальнік аддзела Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Валянціна Валчкова. — Гэтыя людзі не проста займаюцца любімай справай — яны ёй жывуць. Помню, на клімавіцкім міжнародным дзіцячым фестывалі «Залатая пчолка», дзе былі тэматычныя пляцоўкі, адна народніца з Хоцімска з раніцы да вечара іграла на гармоніку. Мне нават шкада яе стала — прапанавала адпачыць. Яна толькі адмахнулася, сказала, што людзі просяць. А вечарам пахвалілася, што яе два разы за дзень паспелі паклікаць замуж. Адным словам, гумар нараджаецца на хаду.

Дарэчы, 30 красавіка Магілёўскі абласны метадцэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы запросіць на другі этап фестывалю, які прысвечаны народнаму гумару. А на вялікім купальскім свяце ў Александрыі можна будзе ацаніць танцавальную творчасць нашых продкаў. Восенню, калі адбудзецца заключны этап фестывалю, мы даведаемся яшчэ і пра беларускія стравы, якімі частавалі на Магілёўшчыне. Дарэчы, апошні этап — ён жа яшчэ і міжнародны. Аналагічнае мерапрыемства адбылося ў Магілёве чатыры гады таму. Сёлета робіцца своеасаблівая справаздача фальклорнага мастацтва, якое атрымалася аднавіць і захаваць за апошнія чатыры гады.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».