Вы тут

Аб чым баліць «сэрца краіны»? Падарожжа ў вёску Антанова, геаграфічны цэнтр Беларусі


Калі месцазнаходжанне цэнтра Еўропы неадназначнае і выклікае спрэчкі (граніцы Еўропы да вядомай ступені ўмоўныя, і па розных сістэмах вылічэнняў яе цэнтр прыпадае на Беларусь, Украіну, Літву, Польшчу, Венгрыю, Чэхію, Славакію і г. д. — на права «валодаць» цэнтрам Еўропы зараз прэтэндуе 11 краін), то з цэнтрам Беларусі ўсё прасцей. Хоць і тут не абышлося без спрэчак.


Вёска Антанова, цэнтр Беларусі.

Вылічыць геаграфічны цэнтр рэспублікі ў 1995 годзе ўзяліся спецыялісты 82-й экспедыцыі аб'яднання «Белгеадэзія» і кампаніі «Аэрагеакарт». Вылічэнні вяліся па карце маштабу 1: 200 000, атрыманай са штучнага спадарожніка Зямлі. Па выніках вымярэнняў першапачатковых варыянтаў было 18. Але ў рэшце рэшт навукоўцы сышліся на тым, што цэнтр нашай краіны знаходзіцца ў вёсцы Антанова Навасёлкаўскага сельсавета Пухавіцкага раёна, усяго толькі за 67 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад Мінска, зусім недалёка ад Мар'інай Горкі.

Антанова

У вёсачку Антанова — менавіта так, націск на перадапошнім складзе — вядзе траская грунтоўка. З'язджаеш з трасы і трапляеш на «пральную дошку» працягласцю кіламетраў сем-восем. На ўездзе стаіць указальнік, на якім напісана «Антонава».

— Так, там няправільна напісана. Правільна — Антанова. Трэба знак памяняць, — кажа мне па тэлефоне в. а. старшыні Навасёлкаўскага сельсавета Вольга Камароўская. — Вы прыехалі туды, куды вам трэба.

Навігатар згодны з Вольгай. Ён пацвердзіў «Вы прыехалі» якраз пасярод вясковай вуліцы. На гук матора з брамкі выходзіць мясцовы жыхар Аляксандр — даведацца, з чым завіталі. Аляксандр рады пагутарыць з новым чалавекам.

— Сельсавет у Навасёлках, вунь там вёска. А гэта Антанова, цэнтр Беларусі, — кажа ён. — А знак ву-унь стаіць, гэта трэба круг аб'язджаць і па полі піліць.

— Ну, як жыццё ў цэнтры Беларусі?

— Ды так... — разводзіць рукамі суразмоўца.

Геаграфічны цэнтр Беларусі — гэта кропка з канкрэтнымі каардынатамі: шырата 53°31 '50,76»; даўгата 28°2 '38,00». Прыходзіцца гэтая кропка на адзін з дамоў гаспадыні, праўда, ужо няма ў жывых.

— Бабулька была трактарысткай у калгасе, чацвёра дзяцей выгадавала. Такая была цудоўная бабулечка — акуратніца, вышывальшчыца! Госця ніколі нікуды не выпусціць, пакуль не накорміць і чарку не налье. Гадоў шэсць, як памерла, — узгадваюць пра яе мясцовыя жанчыны.

Геадэзічны знак аднеслі ад дома метраў на пяцьсот і паставілі ў чыстым полі. Устаноўка знака адбылася 31 мая 1996 года.

Турысты любяць прыгожыя краявіды, архітэктурныя незвычайнасці і «абломкі даўніны». Але ёсць і яшчэ «заманухі»: напрыклад, цікавыя геаграфічныя кропкі (усялякія нулявыя кіламетры, межы мацерыкоў, цэнтры таго ці іншага). Там ставяць адпаведныя знакі, каля якіх зручна фатаграфавацца, і вакол, па ідэі, павінны ўзнікнуць аб'екты турыстычнага сэрвісу. Гэтага ў вёсцы Антанова не адбылося. Хоць знак стаіць. Стандартны геадэзічны знак: піраміда з чатырох металічных брусоў вышынёй у некалькі метраў. А ўнутры полай канструкцыі — каменная пліта, дзе, уласна, і напісана пра цэнтр Беларусі.

Устаноўка геадэзічнага знака «Цэнтр Беларусі» адбылася 31 мая 1996 года.

Мінулае і сучаснасць

Антанова нельга назваць старажытным населеным пунктам: вёсцы крыху больш за 90 гадоў. Дакладней ніхто не скажа.

— У мінулым годзе мы рабілі свята вёскі Хацешава, — распавядае дырэктар Борскага сельскага Дома культуры Таццяна Мазанік. — Хацешава летась 90 гадоў было. А Антанова крыху старэйшае.

Вёска Бор — за паўтара кіламетра ад Антанова. Там і дарога лепшая (ёсць нават участак асфальту), і выгоды цывілізацыі — крама, лазня, Дом культуры. Хто быў у Антанове маладзейшы і не з'ехаў у горад, перабраліся ў Бор.

— Прапісана ў Антанове шмат, але людзі там не жывуць. Аджывае вёска, — кажа Таццяна.

Па ўспамінах старажылаў, калісьці ў гэтых мясцінах быў вялікі пасёлак. Жылі вельмі шчыльна: усе пабудовы, зразумела, былі драўлянымі, і калі здараўся пажар, агонь хутка перакідваўся на суседнія дамы. Перад калгасамі пасёлак вырашылі рассяляць. Нарабілі ажно дзевяць новых паселішчаў, адно з якіх атрымала назваю Антанова.

Версій паходжання назвы дзве. Паводле адной, даўней гэтымі землямі валодаў пан Антаноўскі — адсюль і назва. Па іншай, назва вёскі паходзіць ад назвы яблыкаў — антонаўкі. Тут заўсёды быў яблычны край — дом без саду ўявіць было немагчыма. Па дарозе з Мінска ў Антанова пераязджаеш рэчку Цітаўка — таксама названую ў гонар знакамітага народнага сорту яблыкаў. А ў гэтых месцах асабліва добра пладаносіць якраз антонаўка. У 1940-х насупраць вёскі студэнты Мар'інагорскага тэхнікума высадзілі 40 саджанцаў яблынь, распавядаюць мясцовыя жыхары. Асабліва смачным урадзіўся не белы наліў, а антонаўка.

Яшчэ гадоў 10—15 таму восенню вёска патанала ў сакавітых вялізарных яблыках. Зараз яблыні пастарэлі разам з гаспадарамі. А ў вёсцы, дзе на 1.01.2002 было 32 двары і 60 жыхароў, у 2009 — 43 жыхары, сёння наўрад ці набярэцца 20 чалавек.

Росквіт вёсачка перажывала ў складзе калгаса «Іскра», распавялі мне. Была тут свінаферма і малочна-таварная ферма. Свінаферма засталася, яна цяпер «у прыватніка».

— Зараз гэта свінакомплекс, там амаль усе мясцовыя працуюць.

Сёй-той з жыхароў навакольных вёсак працуе і «ў сірыйцаў». Ёсць тут непадалёк маленькая вытворчасць — пячэнне пякуць. Уласнікі — грамадзяне Сірыі, а работнікі — мясцовыя.

— Чалавек сем нашых там працуе, з навакольных вёсак. Большасць работнікаў прыязджаюць з Мар'інай Горкі. Там патрэбны маладыя работнікі, а ў нас моладзі мала, не хоча заставацца. Пячэнне смачнае, калі ў каго здаровы страўнік. Прадаецца і ў Мар'інай горцы ў магазінах.

У вёсцы Бор ёсць школа-дзевяцігодка, дзе вучыцца дзятва з усіх навакольных вёсак, — усяго 65 чалавек.

— Дзеці з'язджаюць паступаць і не вяртаюцца. Калі б была нейкая вытворчасць... Людзям работа патрэбна. Гаварылі: геаграфічны цэнтр Беларусі зробяць — санаторый пабудуюць, вось была б людзям работа.

Зрэшты, хтосьці ў Антанова ўсё ж вяртаецца.

— Нават купляюць хаты, бо тут электрычка недалёка.

Але звычайна гэта людзі, якія ўступілі ў спадчыну і жывуць тут толькі ў цёплы сезон, а зімаваць з'язджаюць у горад. Іх тут называюць дачнікамі. Аляксандр таксама вярнуўся ў родныя мясціны з Мінска, але ён не дачнік — у Антанове жыве і зімой.

— Я ўжо пенсіянер, 66 гадоў мне. Працаваў у Мінску: дарожнік. Кальцавую мы рабілі, абслугоўвалі дарогі па ўсёй Беларусі. Гэта дом маёй цешчы. Выйшаў на пенсію — вырашыў тут жыць.

Падыходзіць сусед майго суразмоўцы і моўчкі працягвае мне пячэнне — частуе госця. Прадстаўляецца: «Віктар». Пячэнне, мабыць, мясцовай вытворчасці — тое самае, што «сірыйцы пякуць».

— Тут раней непадалёк ягаднік быў, з Мінска ў ягады людзі ехалі. А цяпер баяцца сюды і ехаць: як ехаць без дарог? Вы ў сельсавеце будзеце, я чуў, дык спытайце іх пра дарогу.

Дарога

Яна ў Антонаве і ваколіцах — боль мясцовых жыхароў.

— Да суседняй вёскі два кіламетры, ну, можа, тры, і не дабрацца ні восенню, ні вясной. Цэнтр Беларусі, а дарогу два кіламетры высыпаць не могуць. Калі трэба ехаць у тую вёску — трэба круг даваць, на Мар'іну Горку, на Рудзенск і сюды толькі ў вёску прыехаць. Калі каму дапамагчы ці што, «хуткая» не прыйшла б. У сельсавеце спыталі — яны кажуць, у вас гравійка ёсць...

Гравійка, як аказалася, ідзе ў бок, на Хацешава. А прамая дарога на вёску Горкі, на Дрычын ад Антанова была раней, але цяпер яе няма — з-за гэтага і праблема.

— Шляху ўжо няма гадоў трыццаць. Трыццаць гадоў мы пакутуем і пастаянна звяртаемся, і ўсё нам ідуць адмовы. Сказалі, гэта не па плане, гэта раней дарога была, а цяпер яе няма і не будзе, — распавядае Фаіна Рыгораўна.

Яе хата апошняя на вясковай вуліцы, і жанчына прапануе правесці і паказаць, дзе была дарога і дзе яе цяпер няма.

— Я тут замужам 43 гады і пастаянна езджу гэтым напрамкам. Вось глядзіце, зараз гравійка паверне на Хацешава, яна нам не цікавая. А тая дарога, што была раней, яна прама ішла, літаральна некалькі кіламетраў — і выязджаеш на трасу. Нам калі на Мінск ехаць, трэба аб'язджаць праз Навасёлкі, а так прамая дарога была на Дрычын.

— А калі яна была, гэтая дарога?

— Калі я замуж ішла, па ёй ездзіла. Гадоў 30, як яна зарасла. У 1980-я была, а ў 1990-я яе не стала. Мы з суседзямі подпісы збіралі, каб дарогу вярнуць, але нічога не выйшла. Так што цяпер мае дзеці, калі ездзяць да нас, аб'язджаюць лішнія кіламетры праз Мар'іну Горку.

— Па той дарозе ў 1990-я танкі прайшлі, — кажа Аляксандр. — Вучэнні былі, марш-кідок з Мар'інай Горкі на Печы. Засталіся адны ямы. Пасля таго дарогу так і закінулі.

Ускрай поля бягуць удалячынь каляіны ад колаў. Гэта самаробная дарога мясцовых жыхароў.

— Гаспадарка арэ і яе заворвае. Зімой і вясной мы тут не ездзім. Потым хтосьці адзін каляіну зробіць, тады і ўсе астатнія едуць. І так мучымся ўсё жыццё. Мая родная вёска — Маргі, і я толькі праз Навасёлкі, кругом, у яе трапляю, калі на машыне. Могілкі там, бацькі мае ляжаць, — тлумачыць Фаіна Рыгораўна.

— Гэта сельгасугоддзі, там не належыць быць дарозе, — каментуе сітуацыю в. а. старшыні Навасёлкаўскага сельсавета Вольга Камароўская. — Было пра гэта пытанне, паглядзелі, што не павінна быць там дарога. Ёсць межы сельгасугоддзяў, мы ж іх не пераскочым.

— Але ж людзі скардзяцца і на якасць гравійкі...

— Мы ж у вёсцы жывём. Робім заяўкі пастаянна, калі людзі звяртаюцца, пішам лісты ў ДРБУ альбо ЖКГ, на чыім балансе дарога, яны прыязджаюць, падсыпаюць, рамонт робяць. Вядома, зімой і калі паводка, такога хапае, нават у Мар'інай Горцы: асфальт жа ўсюды не пакладзеш, гэта ўсё фінансаванне. Я таксама падвеску раз на паўгода ў машыне мяняю.

Знак

— Ой, вы туды не даедзеце, ісці трэба. Унук на канікулы прыязджаў, хацеў знак гэты сфатаграфаваць, дык я забылася спытаць, ці дабраўся ён да яго.

Размова зноў зварочвае на тэму дарог. Але ў пытанні мэтазгоднасці дарогі да знака «Цэнтр Беларусі» ў мясцовых жыхароў няма аднадушнасці:

— Шлях зрабілі б да знака гэтага: кожны год усё роўна хто-небудзь прыязджае.

— Ой, ды хто там будзе ездзіць, аб чым ты кажаш...

Праводзіць да цэнтра Беларусі («Самі вы наўрад ці знойдзеце!») згаджаюцца дырэктар Борскага сельскага Дома культуры Таццяна Мазанік і мастацкі кіраўнік Наталля Крывашэй.

Каб дабрацца да знака, зварочваеш з гравійкі і ідзеш пешшу — доўга, хвілін дваццаць — наўпрост па засеяным полі. Узімку дайсці да знака праблематычна: перашкодзяць снежныя гурбы. Увесну — можна, калі не баішся выпэцкацца па калена. Лепш за ўсё для падарожжа ў цэнтр Беларусі выбіраць лета.

— Вы, вядома, не ў той час прыехалі. Тут летам добра.

— Але летам па жыце прыйшлося б ісці да знака — блыталіся б у каласках.

Далёка наперадзе з туману вынырваюць імклівыя цені. Аказалася, бадзяжныя сабакі. «Можа, ваўкі?» — узіраюцца жанчыны. «Не, сабакі».

Знак выглядае нявесела: чорная металічная канструкцыя і чорная гранітная пліта пад ёй, якая нагадвае надмагілле. Мясцовыя жыхары распавялі, што гэта ўжо трэцяя пліта — яе, у першыя гады як паставілі, два разы кралі...

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?

Украіна выйшла на трэцяе месца ў свеце і першае ў Еўропе па смяротнасці ад COVІD-19.

Грамадства

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Сёння гутарка прысвечана выбару прафесіі для хлопцаў і дзяўчат.

Грамадства

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

У апошнія гады з прычыны пандэміі многія медыцынскія тэрміны сталі агульнаўжывальнымі словамі.

Грамадства

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

У дачыненні да жыхаркі узбуджана крымінальная справа.