Вы тут

Што робіцца ў нашай і іншых краінах для падрыхтоўкі спецыялістаў па прафесійным кіраванні жыллём?


Хуткія змены на рынку будаўніцтва і абслугоўвання жылля не заўсёды дазваляюць своечасова рыхтаваць патрэбных спецыялістаў. Яшчэ больш адстае ад жыццёвых рэалій заканадаўства. Існуе і непадрыхтаванасць грамадскіх служачых і насельніцтва да ўспрымання рэчаіснасці і сучасных патрабаванняў да жылля. Аднак у будучыню трэба глядзець ужо сёння, і задача прафесійнай суполкі тых, хто абслугоўвае жыллё, — падказваць, што і як у жыллёвай сферы трэба рабіць найперш. Кіраваць дамамі павінны людзі выключна прафесійна падрыхтаваныя, лічаць эксперты. Яны расказалі, што робіцца ў нашай і іншых краінах для падрыхтоўкі спецыялістаў па прафесійным кіраванні жыллём, і чаму яны ўвогуле патрэбныя.


Цэнтр кампетэнцый

Прафесійнае кіраванне павінна базіравацца на сістэме падрыхтоўкі кіраўнікоў, якая закладваецца ў краіне, а таксама на дакладна прапісаных правілах. З жыллёвай сферы дзяржава ніколі не павінна выходзіць, бо гэта адзін з галоўных складнікаў жыццядзейнасці грамадства. Пры гэтым самакіраванне і саманавучанне — таксама магчымасць, аднак дадатковая, а не першарадная, лічаць эксперты семінара праекта FpB-19018 «Распрацоўка інструментаў узаемадзеяння і міжгаліновага супрацоўніцтва для прафесійнага кіравання нерухомасцю», які адбыўся ў Мінску.

Нямецкі вопыт санацыі жылля — напэўна, адзін з самых эфектыўных у свеце, і яго (у адаптаваным да нашых умоў выглядзе) варта пераймаць у Беларусі. Пытанне толькі ў тым, хто будзе гэта рабіць і займацца адпаведнымі навуковымі даследаваннямі, хто будзе рыхтаваць такіх спецыялістаў. Сёння неабходныя інавацыйныя падыходы, новыя мадэлі падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі спецыялістаў. У ВНУ Беларусі ўжо ёсць магчымасць падрыхтоўкі спецыялістаў такога кшталту, а цяпер займаюцца ўкараненнем спецыяльнасці «Эканоміка кіравання нерухомасцю», падзяліўся Мікалай СІНЯК, рэктар Інстытута ўпраўлення і прадпрымальніцтва, спецыяльны прадстаўнік генеральнага сакратара Еўразійскай арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва (ЕАЭС) па пытаннях нерухомасці ў краінах Еўрапейскага саюза.

Ён прапанаваў сумесна з нямецкімі экспертамі займацца навучаннем спецыялістаў, у тым ліку па энергаэфектыўнай санацыі будынкаў. І на базе ВНУ і дзяржаўнага каледжа стварыць цэнтр кампетэнцый.

— Цэнтр, як мяркуецца, будзе займацца трыма асноўнымі кірункамі пытанняў. Хто будзе плаціць за мерапрыемствы. Як распрацоўваць інавацыйныя праекты і займацца практычным вопытам укаранення тэхналогій з улікам практыкі суседзяў (тут трэба казаць і пра смарт-дамы). А трэці актуальны кірунак развіцця — штучны інтэлект, які дае падказкі, і машыннае навучанне, — акрэсліў перспектывы Мікалай Сіняк.

Promhouse — праект па прафесійным кіраванні жыллём 

Праект Еўрапейскага саюза Promhouse па прафтэхадукацыі для кіраўнікоў жылля ў краінах Цэнтральнай Азіі ўжо рэалізоўваецца, прынамсі, у Казахстане і Узбекістане. Ён распачаўся ў студзені 2020 года і скончыцца, па папярэдніх звестках, у чэрвені 2023-га. Праект накіраваны на падтрымку канкурэнтаздольнасці малога і сярэдняга бізнесу праз пашырэнне магчымасцяў і ўмацаванне патэнцыялу малых і сярэдніх прадпрыемстваў у галіне кіравання жыллёвым фондам, расказала Ларыса ШРЭКЕНБАХ, кіраўнік праекта, Ініцыятыва «Жыллёвая гаспадарка ва Усходняй Еўропе» ІWO (Берлін).

Дадзеная мэта ажыццяўляецца з дапамогай асацыяцый КУК (кааператываў уласнікаў кватэр) у Казахстане і некамерцыйных арганізацый, якія займаюцца пытаннямі кіравання жыллём і павышэння энергаэфектыўнасці будынкаў, у прыватнасці, асацыяцыі Арганізацыі прафесійных кіраўнікоў і тых, хто абслугоўвае жыллёвы фонд, а таксама разам з Еўрапейскім адукацыйным цэнтрам эканомікі і жыллёвай гаспадаркі і нерухомасці, дзе рыхтуюць спецыялістаў па кіраванні жылой і нежылой нерухомасцю.

— Дзякуючы праекту мяркуецца ўкараніць прафесійнае навучанне ў галіне кіравання жыллём і павышэнне кваліфікацыі. У абедзвюх краінах ёсць спецыяльныя стандарты для гэтай прафесіі і мы працуем з каледжамі.

Мэта — да 2023-га ўвесці ў гэтых установах прафесію «Кіраўнік жылой і нежылой нерухомасці», — расказала Ларыса Шрэкенбах. — У асацыяцыях, з якімі мы працуем, развіваем таксама паслугу па павышэнню кваліфікацыі як членаў асацыяцый, так і іншых кіраўнікоў жылля. Асацыяцыі павінны распрацаваць такую паслугу і ўвесці яе. Самімі асацыяцыямі запланаваны таксама шэраг навучальных мерапрыемстваў.

У межах навучання прафесійнаму кіраванню ў каледжах рыхтуюць адпаведныя вучэбныя праграмы, над якімі працуюць рабочыя групы, куды ўваходзяць выкладчыкі, прадстаўнікі асацыяцый і кіруючых кампаній, дзяржорганаў і профільных міністэрстваў.

Праграма мае некалькі модуляў, першы з якіх утрымлівае юрыдычныя, камерцыйныя і арганізацыйныя аспекты, другі — тэхнічныя (з элементамі энергазберажэння будынка і энергетычнай мадэрнізацыі). Гэтыя актуальныя для кіраўнікоў жылля тэмы абавязкова будуць уключаны і ў навучанне, і ў павышэнне кваліфікацыі, падкрэсліла спецыяліст. Трэці модуль змяшчае тэмы камунікацыі і мадэрацыі, паколькі кіраўнік — гэта найперш чалавек, які камунікуе і з жыхарамі, і з пастаўшчыкамі паслуг.

— Запланавана таксама навучанне і саміх выкладчыкаў, якое пачалося ў кастрычніку 2020-га. За месяц было праведзена 17 вэбінараў па названых модулях. А ўжо ў 2022-м плануем набраць у каледж вучняў, якія атрымаюць прафесію кіраўніка жылля, — акрэсіла арганізатар праекта.

Патрэбны спецыялісты і аднастайныя рашэнні 

Фактычна тым жа кірункам у падрыхтоўцы прафесійных кіраўнікоў нерухомасці збіраецца ісці і Беларусь. Летась уступіла ў сілу новая рэдакцыя закона аб абароне правоў спажыўцоў, дзе дакладна прапісана, што кіраванне — асноватворная паслуга, на падставе якой забяспечваюцца ўсе астатнія жыллёва-камунальныя паслугі, у тым ліку і арганізацыя энергаэфектыўных мерапрыемстваў, заўважыў Андрэй РАМАШКА, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ:

— Пытанне навучання кіраўнікоў нерухомасці вельмі важнае, бо мы добра разумеем, што асноўны момант эфектыўнага кіравання — падрыхтоўка спецыялістаў, якія камунікуюць з жыхарамі для прыняцця рашэння. Як паказвае больш чым гадавая практыка рэалізацыі Указа № 327, асноўны момант — падрыхтоўка тых кіраўнікоў, якія будуць і павінны размаўляць з уласнікамі і даводзіць да іх усе аспекты ўцяплення.

Кіраваннем агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання ўсё ж павінны займацца прафесійныя арганізацыі, лічыць прадстаўнік Мінжылкамгаса. Як паказвае практыка, наяўнае на сёння мноства таварыстваў уласнікаў (ТС) і іх кіраўнікоў не дазваляе аднастайна падыходзіць да прыняцця пэўных рашэнняў па абслугоўванні жылля. Хоць у краіне існуе нарматыўная база з патрабаваннямі да яго эксплуатацыі, а таксама адносна аказання жыллёва-камунальных паслуг, сфарміравана і тарыфная палітыка.

Цеплавая мадэрнізацыя, якая будзе выконвацца ў краіне ў межах капітальнага рамонту на гэты год, запланавана ў 24 дамах. Больш хуткаму росту колькасці ахвотных уцяпліцца перашкаджае і тое, што капрамонт у асноўным робіцца за грошы з бюджэту, і тое, што жыхарам цяжка растлумачыць станоўчыя эфекты мадэрнізацыі, лічыць спецыяліст.

Першы і галоўны паказчык якасці жылля — бяспека

Чым больш ведаеш, тым больш карыснага можаш прымяніць на практыцы, лічыць Вольга МАКСІМЕНКА, прэзідэнт грамадскага саюза «Экспертная міжгаліновая асацыяцыя Украіны» (ЭМАУ) і заклікае сфакусіраваць увагу на вектары трансфармацыйных змен у сферы кіравання жыллём.

— Трэба ведаць, у які бок мы крочым, што хочам атрымаць у выніку. Кіраванне жыллём — гэта складальнік агульнай сістэмы жыццезабеспячэння. Планаванне, распрацоўкі і выбудоўванне інфраструктуры менш чым на 15—20 гадоў проста не робіцца. Усё астатняе — гэта кропкавыя моманты. Трэба разумець, у што менавіта трэба трансфармавацца.

Першы і галоўны паказчык якасці — бяспека. Усе законы і дакументы, што пішуцца, маюць на мэце бяспеку для тых, хто стварае прадукты і паслугі, і тых, хто іх спажывае, падкрэсліла яна:

— Патрабаванні да камфорту і якасці пражывання таксама нельга разглядаць аднолькава для ўсіх. Трэба разумець, што такое норма. Да кожнага тыпу трэба прад'яўляць свае патрабаванні: у двухпавярховіку і шматкватэрным будынку яны будуць розныя. Гэта механізм кантролю і рыначнага нагляду. Аднак разам з тым нельга дапускаць абмежавання формаў і магчымасцяў па-іншаму арганізаваць сваё жыллё. Трэба думаць, што яшчэ можна прапанаваць людзям, якім чынам ім арганізоўвацца ў сваім жыллі.

Далёка не заўжды ў дзяржаўных структурах прысутнічаюць эксперты, і іх трэба дадаткова навучаць. Вялікае значэнне ў гэтым маюць кароткатэрміновыя курсы для павышэння кваліфікацыі прафесіяналаў, дадала Вольга Максіменка.

У сваю чаргу, Мінжылкамгас таксама фарміруе трэнінгі і семінары па пытаннях кіравання жыллём. Планаванне ўсіх асноўных мерапрыемстваў у частцы эксплуатацыі жылля і ўтрымання яго інжынерных сістэм робіцца ў Беларусі на пяцігоддзе, нагадаў Андрэй Рамашка. Новай праграмай да 2025 года плануецца, напрыклад, вывесці з ужытку ўсе ліфты, якія працуюць больш за 25 гадоў, а таксама забяспечыць усіх беларусаў якаснай пітной вадой. Капітальна адрамантаваць сёлета, згодна з дзяржпраграмай, плануецца 3,54 млн м2 жылля, больш за мільён якога — у сталіцы. У планах — стварэнне праграмы падрыхтоўкі прафесійных кіраўнікоў нерухомасці.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Кіраваць — значыць разумець і размаўляць

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.