Вы тут

Баскетбол шукае таленты. Стагадовы спорт робіць крок у будучыню


Першы крок у вялікі спорт робіцца ў звычайных спартыўных залах, дзе вопытныя трэнеры перадаюць свае веды маленькім спартсменам і маладым калегам. Менавіта такі пасыл мае праект «Крок у будучыню», які рэалізоўвае Беларуская федэрацыя баскетбола разам з ФІБА Еўропа з 2018 года. «Крок у будучыню» — сапраўдная кузня баскетбольных талентаў — уключае шэраг семінараў у рэгіёнах, адбор найлепшых гульцоў і грандыёзны фінал у Мінску.


Фота Беларускай федэрацыі баскетбола.

З пачаткам 2021 года трэнеры і арганізатары праекта зноў адправіліся ў баскетбольнае турнэ па Беларусі. І пакуль трэнеры працавалі з дзецьмі, кіраўніцтва федэрацыі абмяркоўвала баскетбольныя праблемы і дасягненні ў кожным рэгіёне. Пачалі ў лютым з Гомеля — радзімы лідараў беларускага баскетбола Настассі і Уладзіміра Верамеенкаў, Аляксандра Семенюка і Андрэя Рагозенкі. Затым быў Гродна — другая сталіца беларускага баскетбола. Семінар у Віцебску, горадзе, які лічыцца радзімай беларускага баскетбола, быў сімвалічны і святочны. Ён адкрыў серыю мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю гульні ў нашай краіне. Пачынаючы з семінара ў Магілёве, юныя баскетбалісты змаглі адчуць сябе дарослымі спартсменамі, адпрацаваўшы дзве трэніроўкі ў дзень. Спартсмены Мінскай вобласці паказалі свае здольнасці на семінары ў Маладзечне. Апошнім пунктам баскетбольнага турнэ стаў Брэст, яго і наведала карэспандэнт «Звязды».

Галоўная мэта — гулец

У 2021 годзе крок у будучыню робяць не толькі юныя баскетбалісты, але і іх трэнеры. Як расказала генеральны сакратар — выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола Настасся Марыніна, сёлета арганізатары вырашылі «сфакусіравацца на трэнерах, якія працуюць з дзецьмі, бо гэта самыя галоўныя кавалі баскетбольных талентаў». Мэта праекта — павышэнне прафесіяналізму трэнераў і агляд самых перспектыўных баскетбалістаў 2009—2010 гадоў нараджэння. Адказвае за гэта сербскі спецыяліст Златан Першыч — галоўны трэнер беларускай жаночай нацыянальнай зборнай U-18, трэнер баскетбольнага клуба «Гарызонт».

«На кожным семінары я бачыў шмат зацікаўленых маладых трэнераў. І я рабіў акцэнт менавіта на работу з імі, бо ў нас адзіная мэта — выхаваць таленавітых ігракоў. Я паказваў практыкаванні дзецям, мае памочнікі дапамаглі іх выконваць. А я тлумачыў трэнерам, навошта патрэбна тое ці іншае практыкаванне. Я працую па методыцы, якая выкарыстоўваецца ў Сербіі. Згодна з ёй, праз кожнае практыкаванне мы адпрацоўваем некалькі элементаў — фундаментальных для ўсяго баскетбола. І калі мы зможам іх дасканала адпрацаваць, спартсмены засвояць усе практыкаванні, у будучыні мы збяром моцныя нацыянальныя зборныя U-16, U-18, U-20 і напрыканцы дарослыя каманды. Баскетбол — гэта піраміда, якая складаецца з трэнераў, гульцоў, праграм падрыхтоўкі. Мы плануем стварыць агульную праграму падрыхтоўкі, у цэнтры якой будзе гулец», — расказаў Златан Першыч.

Гледзячы на працу Златана на трэніроўцы, здаецца, што ён можа знаходзіцца ў некалькіх пунктах спартыўнай залы адначасова. Вось ён малюе спартсменам схему чарговага практыкавання, і праз імгненне дзеці весела і апантана яго выконваюць. А Златан у гэты час тлумачыць трэнерам сутнасць практыкавання і кантралюе, як яно выконваецца. Нічога дзіўнага тут няма: у баскетболе кожная секунда мае значэнне. Гэта адзін з законаў гульні, якому трэнер навучыў удзельнікаў семінара ў Брэсце.

На заўвагу аб тым, што на пляцоўцы ён здаецца жорсткім трэнерам, Златан усміхаецца: «У мяне проста такі характар, балканскі менталітэт. Трэнер павінен накіроўваць сваю энергію на гульца. Калі спартсмен яе адчувае, то працуе лепей. Мы працуем па дзве гадзіны, паміж трэніроўкамі даволі вялікі перапынак, і ў дзяцей прападае канцэнтрацыя. Але калі на іх крыху прыкрыкнуць, то прачынаюцца і пачынаюць працаваць. Я рабіў усё, каб дзецям было камфортна, каб ім спадабалася, але каб не расслабляліся».

Зразумела, за дзве трэніроўкі немагчыма поўнасцю ахапіць усе тонкасці баскетбола. Таму галоўнымі тэмамі семінара сталі атака і абарона падчас матча. Як падкрэслілі трэнеры-ўдзельнікі, гэта самыя важныя і цяжкія элементы ў рабоце з дзецьмі. «Абарона — самае галоўнае. Дзецям цяжка навучыцца гуляць у абароне, а ўмець гэта трэба з самага малога ўзросту. Усе разумеюць, як гуляць у нападзенні, усе разумеюць, як гэта рабіць. А з абаронай цяжэй. Спадзяюся, з дапамогай такіх семінараў у многіх спартсменаў і трэнераў гэта праблема вырашыцца. Мы ж расцём разам са сваімі баскетбольнымі дзеткамі, разам з імі вучымся і, веру, будзем разам перамагаць», — падзялілася баранавіцкі трэнер Настасся Раскопа.

«Я адразу сказаў трэнерам, што сёння яны могуць атрымаць інфармацыю з любых крыніц. І я іх папярэдзіў, што магу паказваць тое, што яны ўжо ведаюць. Але яны пакуль не знаёмы з поўнай методыкай, па якой я працую і якой хацеў іх навучыць. Мы пачынаем з практыкаванняў просценькіх і паступова прыходзім да больш складаных, якія складаюцца з маленькіх. Я не імкнуўся паказваць трэнерам мноства рэвалюцыйных практыкаванняў. Мая задача — даць ім разуменне методыкі работы з ігракамі гэтага ўзросту, мы па гэтай методыцы ў Сербіі працуем. Зараз можна знайсці мільён розных практыкаванняў, а як іх выкарыстоўваць на трэніроўцы маленькіх дзяцей — заўсёды пытанне. І калі мы да гэтага пытання падбяром правільную методыку, тады будзе вынік. Я не ўпэўнены, што дзеці, якія адразу выконваюць пікавае практыкаванне, валодаюць інфармацыяй і выкарыстоўваць астатнія маленькія, але важныя элементы. У розных зборных бачу мноства цікавых ігракоў, якія прапускаюць важныя дробязі, што ўплываюць на гульню ў цэлым», — растлумачыў Златан.

У дарослым спорце мужчынскі і жаночы баскетбол — дзве розныя гульні, аднолькава цікавыя і захапляльныя, але розныя па тэхніцы і сіле. Эксперты адзначаюць, што мужчынскі баскетбол больш моцны, у матчах больш спадаў і пад'ёмаў. А дзяўчаты робяць стаўку не на сілу, а на тэхніку, і гульня атрымліваецца больш вытанчанай і менш парывістай. Зразумела, што гэтыя асаблівасці патрабуюць розных сістэм падрыхтоўкі. У Брэсце, як і іншых гарадах, крок у будучыню хлопчыкі і дзяўчынкі рабілі разам. Па словах Златана Першыча, у 10-11 гадоў розніцы паміж гульцамі амаль няма: «Зараз наша задача — закласці ў кожнага спартсмена правільную базу. Яна агульная, тым больш для пачынаючых баскетбалістаў. Гледзячы на дзіця дзесяці гадоў, цяжка сказаць, атрымаецца з яго добры баскетбаліст ці не. Яны вельмі хутка растуць і пастаянна мяняюцца. Напрыклад, у перыяд пубертату ў дзяўчат раней спыняецца рост, чым у хлопчыкаў, змяняецца фізіялогія. Цяжка прадказаць, хто як вырасце. Наша методыка пабудавана ў адпаведнасці з асаблівасцямі здароўя ў гэтым узросце. Калі дзяцей правільна трэніраваць, у іх не будзе траўм і яны вырастуць моцнымі гульцамі. І трэнер павінен рабіць для гэтага ўсё магчымае».

Першы крок да трэнерскай кар'еры

Інфармацыя, атрыманая на семінары, аказалася актуальнай як для пачынаючых трэнераў, так і для ўжо вопытных настаўнікаў. «Самае галоўнае, што Златан вельмі даступна ўсё тлумачыў. Ён паказаў мноства новых дэталяў, якія нам дапамогуць у развіцці. Галоўнае адкрыццё — асаблівасці падрыхтоўкі ног дзяцей. Гэта падмурак усёй баскетбольнай падрыхтоўкі, усіх рухаў і практыкаванняў. Сам такія практыкаванні не выкарыстоўваў раней, але зараз буду ўключаць іх у свае трэніроўкі», — расказаў пінскі трэнер Андрэй Бялько.

Галоўны трэнер жаночай «маладзёжкі» (зборнай U-20), настаўнік брэсцкага клуба «Вікторыя» Надзея Камянец, упэўнена, што праект «Крок у будучыню» аднолькава патрэбны маладым гульцам і іх трэнерам: «Для маладых спецыялістаў такія семінары абавязковыя. Гэта вельмі добры вопыт, які стане першым крокам да выдатнай трэнерскай кар'еры. І для дасведчаных спецыялістаў семінар — добрая магчымасць успомніць, што ўсё новае — добра забытае старое».

Семінар «Крок у будучыню» застанецца з удзельнікамі надоўга і працягнецца ў кожнай баскетбольнай секцыі. Арганізатары падарылі трэнерам флэшку, дзе сабраны ўсе неабходныя практыкаванні, усе атрымалі метадычныя матэрыялы. Калегі з Расіі прапанавалі сучасныя і якасныя дапаможнікі. Усе ўдзельнікі семінара атрымаюць перакладзены сербскі падручнік.

Будучыя Джорданы

Акрамя тлумачэння практыкаванняў, Златан Першыч правяраў веданне сусветнага і беларускага баскетбола. Хто з еўрапейцаў зараз гуляе ў NBA (мужчынская прафесійная баскетбольная ліга. — Заўв. «Зв.»)? Колькі мячоў за адзін матч закідваў легендарны Майкл Джордан? А якія паказчыкі былі ў знакамітага беларускага гульца Аляксандра Кудраўцава? Дарэчы, «беларускі Джордан» Аляксандр Кудраўцаў, які таксама выступаў на пазіцыі атакуючага абаронцы, — пастаянны ўдзельнік семінараў «Крок у будучыню». Зараз экс-капітан мужчынскай нацкаманды працуе менеджарам жаночай зборнай і перадае вопыт сваім юным калегам.

Напрыканцы семінара юныя баскетбалісты трэніраваліся быць спартыўнымі кіраўнікамі ці журналістамі — задавалі свае пытанні Златану Першычу і Аляксандру Кудраўцаву. Дзеці цікавіліся, якім павінен быць ідэальны баскетбаліст, якая ў яго павінна быць фігура, у якім узросце трэба пачынаць гуляць. Златан і Аляксандр расказалі пра пачатак сваіх баскетбольных кар'ер, самыя значныя спаборніцтвы, колькасць трохачковых і штрафных кідкоў за адзін матч, траўмы і хобі. Будучыя кіраўнікі і журналісты на баяліся задаваць правакацыйныя пытанні наконт прайграных матчаў, няўдач, грошай. «Трэба любіць тое, што робіш, незалежна ад заробку. Грошы дапамагаюць яшчэ лепш выконваць сваю працу. Мне было цікава спаборнічаць, я атрымліваў задавальненне ад баскетбола і хацеў быць найлепшым. Чаго і вам жадаю», — адказваючы на пытанне Дашы з Брэста, Аляксандр Кудраўцаў агучыў яшчэ адзін важны пасыл ідэі праекта «Крок у будучыню».

Традыцыйна семінары «Крок у будучыню» заканчваюцца конкурсам баскетбольнага майстэрства, своеасаблівай кантрольнай работай. У Брэсце лепш за ўсіх яе выканалі Алег Салей (Брэст) і Дар'я Раманчык (Брэсцкі раён). Падарункі атрымалі і спартсмены, якія занялі ў конкурсе другія месцы, — Акім Папко і Вікторыя Аляксандрава (абое з Брэсцкага раёна). Найлепшыя спартсмены з кожнага семінара выступяць у фінальным рэспубліканскім туры.

«Падчас нашага падарожжа па Беларусі мы ўбачылі мноства цікавых гульцоў. Параўноўваць дзяцей у розных гарадах цяжка, тым больш я мала з імі працаваў. Але іх аб'ядноўвае жаданне вучыцца. Я ўпэўнены: многія з іх застануцца ў баскетболе», — адзначыў Златан Першыч. І прызнаўся, што яму вельмі падабаецца працаваць менавіта з маленькімі баскетбалістамі: «Працуючы з маладымі ігракамі, я бачу, як яны развіваюцца, прагрэсіруюць. І сэрца напаўняецца такой радасцю, калі бачыш іх прагрэс і поспехі!»

Валерыя СЦЯЦКО, г. Брэст

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

У I квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў 4,5 раза больш, чым за такі ж перыяд год таму.

Грамадства

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

Спытайце пра радзіннае. Як раней адзначалі Радаўніцу?

На пытанне чытача адказваюць Янка Крук і Аксана Катовіч.

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.