Вы тут

Знаёмства з Пакістанам


У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў прайшлі Дні культуры Ісламскай Рэспублікі Пакістан. Урачыстае адкрыццё імпрэзы адбылося з удзелам рэктара БДУКМ Наталлі Карчэўскай і Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Ісламскай Рэспублікі Пакістан Саджада Хайдэра Хана.


Саджад Хайдэр Хан знаёміць Наталлю Карчэўскую з фотавыстаўкай. Фота Кастуся Дробава.

Гасцей з Пакістана ва Універсітэце культуры сустракалі танцамі. Выступілі дзіцячы калектыў Школы ўсходняга танца «Тамазур» і ансамбль салістаў «Беларуская песня». Пасол Саджад Хайдэр Хан зрабіў своеасаблівы экскурс — распавёў пра сферы жыцця Пакістана, акцэнтуючы ўвагу на нацыянальных і культурных каштоўнасцях. Прысутныя праглядзелі дакументальны фільм, які прадэманстраваў прыгажосць прыроды далёкай краіны: незвычайныя краявіды з гарамі, далінамі, рэкамі, азёрамі і лясамі, а таксама і тое, што створана рукамі чалавека: гарады, будынкі…

У рамках імпрэзы адбылося адкрыццё выстаўкі работ пакістанскага мастака Джымі Інжэнера, а таксама яго фотаздымкаў. Творы Джымі Інжэнера адлюстроўваюць глыбокую любоў да людзей, спачуванне, праўду і справядлівасць. Карціны пакістанскага мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях больш чым 60 краін свету. Творчасць Джымі Інжэнера — гэта больш чым 3 тыс. карцін, звыш 1 тыс. каліграфій, каля 1,5 тыс. малюнкаў і 700 тыс. гравюр… Шмат выставак у Пакістане і за мяжой, а яшчэ — больш чым 140 дабрачынных праграм для інвалідаў і дзяцей-сірот. Дні культуры Пакістана дазволілі пазнаёміцца з яго творчасцю і мінчанам, і гасцям сталіцы.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Пакістана адзначыў, што сувязі паміж універсітэтамі Беларусі і Пакістана будуць развівацца. У межах супрацоўніцтва прадугледжаны абмен навучэнцамі і выкладчыкамі дзеля ўзаемнага культурнага разумення будучых пакаленняў. «Мы маем стасункі як у сацыяльна-эканамічных, так і культурна-адукацыйных напрамках. Гэтае мерапрыемства — старт вялікага праекта ўніверсітэтаў дзвюх краін. Дарэчы, праект выйдзе далёка за межы беларускай сталіцы», — падкрэсліў Саджад Хайдэр Хан.

Дні культуры Пакістана дапамогуць беларусам акрыць для сябе неразгаданы свет культуры ісламскага Усходу і адчуць яго яскравы каларыт. Арганізацыя падобных мерапрыемстваў дазваляе наладзіць сяброўскія адносіны і ўсталяваць цесны кантакт паміж краінамі-партнёрамі.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».