Вы тут

Перастварэнне цуду


У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстаўка «Узноўлены шэдэўр», дзе прадстаўлены ўнікальны экспанат — гравіравальная дошка ХVII ст. і ўзноўленая з яе па даўняй тэхналогіі гравюра з партрэтам караля і вялікага князя Яна ІІІ Сабескага.


Узноўленая гравюра (злева) і партрэт Яна III Сабескага на гравіравальнай дошцы ХVІІ ст.

Прадстаўленая медзяная дошка XVII ст. выканана ў тэхніцы разцовай гравюры — адной з найбольш старажытных тэхнік гравіравання на метале, што выконваецца з дапамогай вострага разца. На беларускіх землях за металагравюрай замацавалася назва медзярыт. У ХVII—ХVІІІ стагоддзях тэхніка металагравюры з’явілася ў кніжнай графіцы.

Арыгінальная дошка ХVII ст., якую выканаў галандскі майстар Рамэйн дэ Хогэ (1645—1708), дэманструецца ўпершыню. Яна з’яўляецца адной з найлепшых работ майстра і вызначаецца дакладнасцю і дэтальнай прапрацоўкай элементаў. Гравюра — састаўны фрагмент манументальнай кампазіцыі, якая называецца «Dodecameron Triumphans Joannis IІІ» («Дадэкамерон трыумфу Яна III»). Прысвечана 12-дзённаму пераможнаму паходу будучага караля польскага і вялікага князя літоўскага Яна III Сабескага за татарскім войскам, што завяршыўся бітвай каля Камарна ў 1672 г. Выява выканана паводле малюнкаў польскага мастака Францішка Грата Малодшага. На выстаўцы прадстаўлена таксама ўзноўленая гравюра, выкананая з рарытэтнай дошкі XVII ст. з захаваннем даўняй тэхналогіі.

На адкрыцці выстаўкі з прывітальным словам выступіў намеснік генеральнага дырэктара Нацыяльнальнай бібліятэкі Беларусі — дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша, які адзначыў: «Сённяшняя выстаўка — вельмі важная і знакавая падзея ў культуры Беларусі і ўсёй Еўропы новага часу. Фактычна мы кажам пра тэхналагічны выбух, які прынцыпова па-новаму дазволіў звярнуць увагу на магчымасці выяўленчага мастацтва ў паліграфічнай прасторы. Сёння мы прэзентуем не проста дошку, а тэхналогію вырабу дакладных гравюр у мінулым. Гэта ў поўнай меры расказвае пра кнігавыданне таго часу».

Аляксандр Суша засяродзіў увагу прысутных на гісторыі і тэхніцы разцовай гравюры, перавагах і недахопах дрэва як матэрыялу для гравіравальных дошак. Ён падкрэсліў, што дрэва дазваляе хутка і даволі танна зрабіць дошку для адбіткаў. Аднак сярод недахопаў, напрыклад, тое, што яно не перадае дробную дэталізацыю: прадугледжвае даволі вялікія штрыхі, з ім цяжка працаваць у перакрыжаваным штрыхаванні (лініі ўздоўж атрымліваюцца нармальна, а ўпоперак — праблематычна). Акрамя таго, дрэва доўга не жыве: 100, 200, 500 адбіткаў можна зрабіць, а з 1000-га пачынаюцца праблемы, і дошка ўжо не можа перадаць усе дэталі.

«У Беларусь на змену драўляным дошкам у канцы XVI стагоддзя прыйшла прынцыпова новая тэхніка друку (медзярыт). Але сапраўднага росквіту гэтае мастацтва фактычна дасягнула ў другой палове XVII стагоддзя. У той час у Беларусі працавалі знакамітыя майстры Аляксандр Тарасевіч, Лявонцій Тарасевіч, Максім Вашчанка. Іх работы таксама прадстаўлены на выстаўцы. Беларускія майстры былі шырока вядомыя і дасягнулі значнай вышыні. На іх многія пачалі арыентавацца. Аляксандр і Лявонцій Тарасевічы працавалі ва Украіне і значны ўнёсак зрабілі ў развіццё ўкраінскай гравюры, у той час як, напрыклад, іншыя мастакі працавалі ў Расіі. У нас вельмі многа агульнага, але трэба прызнаць, што, на вялікі жаль, раней мы не маглі паказаць шырокай аўдыторыі гэтае багацце — тэхналогію вырабу гравюр. Дошкі — вялікая рэдкасць. Яны ёсць у Расіі, Украіне, Польшчы. Да Беларусі гісторыя аказалася не такой літасцівай, і арыгінальных дошак амаль не захавалася. У дзяржаўных зборах налічваюцца адзінкі, калі мы кажам пра разцовую гравюру», — адзначыў Алесь Суша.

Культурная спадчына — падмурак, які трымае і ўмацоўвае духоўны і маральны патэнцыял грамадства. Адзін з захавальнікаў культурных каштоўнасцей, дзякуючы якому з'явілася магчымасць дакрануцца да арыгінальнай дошкі, убачыць яе адбітак і тэхналогію ўзнаўлення, — Алег Аляксандравіч Судлянкоў, збіральнік рэдкіх друкаваных выданняў, бібліяфіл, калекцыянер гравюр і экслібрысаў, у калекцыі якога каля 2,5 тыс. выданняў. У прывітальным слове ён адзначыў: «Прадстаўленая гравюра арыгінальная і адносіцца прыкладна да 1673—1675 гадоў. Яна з’яўляецца састаўной часткай вялікага гравюрнага ліста, які складаецца з амаль двух дзясяткаў элементаў. Памер — 1,87 × 1,44 м. Практычна не захавалася ніводнага ідэальнага ліста гэтай гравюры. У Польскай бібліятэцы ў Парыжы ёсць адзін, але ён у вельмі дрэнным стане, што відаць па тых здымках, якія друкуюцца. Аднак прадстаўленая сёння дошка дазваляе нам адзін з фрагментаў паказаць у арыгінале. Перад вамі гісторыя, якой 350 гадоў, і яна паказвае, як некалькі стагоддзяў таму друкавалі нашы продкі».

Алег Судлянкоў перадае ўзноўленую гравюру Аляксандру Сушуў фонд Нацыянальнай бібліятэкі.

Прадстаўленая ўзноўленая гравюра з’яўляецца вынікам карпатлівай і самаадданай працы мастака-графіка Віктара Васільевіча Саўчанкі. Паўтораныя ім тэхналогія і друк гравюры з рарытэтнай дошкі XVII ст. былі прадстаўлены на выстаўцы ў фармаце відэафільма. «Мне пашчасціла дакрануцца да гісторыі: не кожнаму мастаку выпадае такая магчымасць. Перад пачаткам працэсу друку я вельмі доўга глядзеў і вывучаў, як выразана і зроблена гравюра. Мастакі таго часу працавалі вельмі карпатліва, таму што нельга было памыляцца. Медзь не даруе памылак. Сам працэс не змяніўся: як друкавалі ў XVII стагоддзі, так друкуюць і ў XXI. Сёння вельмі цяжка працаваць з гравюрнымі дошкамі, складана адтачыць майстэрства», — падкрэсліў Віктар Саўчанка.

На жаль, сучасныя беларускія майстры ўжо не працуюць у тэхніцы разцовай гравюры на метале. Аднак да нашых часоў захаваліся дасканалыя беларускія медзярыты, уключаныя ў склад старадрукаў XVII—XVIІI стст. На выстаўцы прадстаўлены выдатныя ўзоры кніжных медзярытаў беларускіх мастакоў XVII ст., якія пераасэнсоўвалі рэалістычныя дасягненні заходнееўрапейскага мастацтва. Сярод іх — ілюстрацыі на евангельскія сюжэты і бытавыя сцэны каляндарнага цыкла работы Аляксандра Тарасевіча давіленскага выдання «Rosarium et Officium Beatae Mariae Virginis…» («Разарыум…», 1678), першыя падпісныя медзярыты Максіма Вашчанкі да слуцкага выдання П. Рыко «Манархія Турэцкая» (1678) і іншыя.

Бібліяфіл і калекцыянер Пётр Краўчанка падчас свайго выступлення падкрэсліў, што выстаўка дазваляе бліжэй пазнаёміцца з шэдэўрамі кніжнай графікі, і адзначыў важнасць падзеі для захавання і ўмацавання традыцый і культурных ўзаемасувязей паміж народамі. Узноўленую на аснове дошкі па даўнейшай тэхналогіі гравюру з партрэтам караля і вялікага князя Яна III Сабескага Алег Судлянкоў перадаў у фонд Нацыянальнай бібліятэкі. Выстаўку «Узноўлены шэдэўр» можна наведаць да 30 мая, а ў кастрычніку плануецца стварэнне спецыяльнай выстаўкі разцовай гравюры.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Фота з сайта  Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.