Вы тут

Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з дэпутатам Вярхоўнай Рады Украіны Яўгенам Шаўчэнкам


«Прыемна з вамі сустрэцца. Аказваецца, ёсць яшчэ ў Украіне людзі, якія паважаюць Беларусь», — пачаў размову з парламентарыем Аляксандр Лукашэнка.


«Не проста паважаюць, а любяць і цэняць. Для мяне вялікі гонар з вамі пазнаёміцца. Я даўно марыў», — адказаў Яўген Шаўчэнка.

Прэзідэнт Беларусі працягнуў, што гэта сустрэча вельмі важная для яго.

«Па-першае, гэта падстава паразмаўляць пра беларуска-ўкраінскія адносіны. Бо мы мала размаўляем на гэту тэму. А калі размаўляем, то не заўсёды пазітыўна. Ведаю, што адбываецца на маёй роднай Украіне. Вы ведаеце мае адносіны да Украіны і не толькі як Прэзідэнта, але і мае асабістыя адносіны, таму вельмі важная гэта сустрэча як добры сігнал. Я спадзяюся, што гэта будзе добры сігнал, зыходзячы з таго, што я ведаю пра вас і вашу пазіцыю адносна беларуска-ўкраінскіх адносін і ўвогуле ў адносінах да Беларусі», — дадаў кіраўнік краіны.

Ён спадзяецца, што гэта будзе добры пачатак супрацоўніцтва сапраўдных партыётаў Украіны з Беларуссю.

«Мы ніколі нічога не хавалі ад нашых украінскіх сяброў, хаваць не мае намеру і далей. Тым больш ад нашых сяброў. Я думаў, што іх паменела, але наўрад ці. Пра іх менш гавораць і яны менш гавораць апошнім часам. Але не думаю, што ў нас там менш сяброў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна спыніўся Прэзідэнт на гандлёвых адносінах, адзначыўшы, што тавараабарот з Украінай складае пад пяць мільярдаў долараў. «Вы ж ведаеце, што мы ніколі нават у гэтай сітуацыі не рабілі дрэннага для Украіны. Усё, што Украіна прасіла па электычнасці, калі была праблема, было маё асабістае распараджэнне — перадаць электраэнергіі, колькі трэба Украіне. Тэлефанаваў раней Зяленскі. У яго ішла пасяўная кампанія і спынілася тэхніка, бо не было паліва. Мы паздымалі паліва са сваіх прадпрыемстваў і перакінулі ў мінулым годзе на пасяўную ўкраінцам», — нагадаў кіраўнік краіны.

Па яго словах, і зараз беларусы дапамагаюць суседнім украінскам абласцям, але з-за закрыцця граніцы меней. А раней увогуле перакідвалі тэхніку: і сеялі, і ўбіралі з суседзямі.

«Гатовы і зараз гэта рабіць. Не пытанне, калі ў нас ёсць нейкія магчымасці. Але, што мяне, Яўген, насцярожвае — гэтыя антэдэмпінгавыя разборкі. На 300 мільёнаў долараў тавараў фактычна наклалі забарону. А калі мы закрыем для Украіны некаторыя пазіцыі? Вы ж разумееце, што Еўрасаюз у вас усё не возьме. Не возьме нават тое, што паабяцаў. Ён дае вам гадавую квоту, што вы выбіраеце за першы квартал. Гэта мне Зяленскі расказваў. А што далей?» — задаў рытарычнае пытання Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, краінам не варта нацягваць адносіны ў гандлі. «Гэта база. Аснова. Калі не будзе тавараабароту (ён у нас больш-менш збалансаваны), якія тады могуць быць адносіны ў іншых сферах?» — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка абурыўся, што ў мінулым годзе Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны быў сарваны. На яго думку, дзякуючы міжрэгіянальным кантактам знаходзяцца адказы на пытанні, якія не могуць быць вырашаны ўрадамі.

«Зараз ёсць запыт на пастаўку сухога малака на Украіну. Якія пытанні? Не трэба ў Міснку нічога вырашаць. Вам гэта вырашаць у Гомелі і Брэсце», — сказаў кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь не мае намеру псаваць адносіны з краінай-суседкай.

«Мы не будзем лоб у лоб па нейкіх пытаннях сутыкацца з Украінай і паводзіць сябе непрыстойна, але дзесьці мы вымушаныя рэагаваць, калі далей няма куды і пераходзім забароненыя чырвоныя лініі. Але мы не хочам дрэнных адносін не проста з нашай паўднёвай суседкай. Я не лічу Украіну чужой», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка ў размове з дэпутатам адрэагаваў на заявы некаторых украінскіх дзеячаў пра магчымасць перанесці з Мінску перамовы Трохбаковай кантактанай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Украіне.

«Вы што, лічыце, што работа трохбаковаў групы — гэта падарунак Лукашэнку? Не, тады прасіў Прэзідэнт Парашэнка і Пуцін, усе згадзіліся. У Мінску блізка, забяспечвалі ўсё, што толькі ўкраінцы хацелі. Кажуць, ёсць жаданне ў іншае месца перанесці. Калі гэта Украіне выгадна і пойдзе на карысць, мы будзем толькі вітаць, — сцвярджае кіраўнік краіны. — Але я не разумею, навошта ехаць за трыдзевяць зямель? Навошта гэта рабіць? Гэта чыста палітычная вакханалія. Паверце, мы асабліва не парымся на гэты конт. Проста, прыкра за Украіну, што гэты працэс можа зацягнуцца ці разбурыцца. Гэтага рабіць нельга».

Ён расказаў, як добра адносяцца беларускія людзі да ўкраінцаў і якія створаны ўмовы для іх пражывання. «Калі ў вас пачаўся канфлікт на Данбасе мы аднамомантна прынялі 150 тысяч украінцаў. Хтосьці вярнуўся, многія працаўладкаваліся тут, і Указ я падпісаў, надаўшы роўныя правы прыехаўшым украінцам у Беларусь. Гэта вы ведаеце, вялікі сацыяльны пакет: бясплатная адукацыя, медыцынскае адслугоўванне, працаўладкаванне. 150 тысяч прыняць няпроста. Вы бачыце, як ў Еўрасаюзе мігранты прыбываюць, а яны не могуць две тысячы чалавек падзяліць, каб рассяліць», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.


Кіраўнік краіны выклаў дэпутату Вярхоўнай Рады свае нязменныя погляды на сітуацыю ва Украіне.

«Вы ведаеце маю пазіцыю па Украіне, яна застаецца нязменнай. Я вельмі хацеў бы, каб Украіна была нашай, каб мы як тры славянскія і брацкія народы былі разам на карысць народаў. Ніхто не збіраецца рабіць рабамі адзін аднаго. Ніхто не збіраецца ціснуць адзін на аднаго. Палітыка ёсць палітыка, і могуць быць розныя нюансы. Таму ў палітыцы перамагае не проста моцны, а той, хто разумней і можа выкарыстаць сітуацыю, каб павярнуць яе ў лепшы бок. Я маю на ўвазе сітуацыю на Данбасе», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што глыбока пагружаны ў праблемы Украіны і гэта тэма заўсёды закранаецца падчас перамоў з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным

«Заўсёды, калі прасіў у мяне былы Прэзідэнт Украіны, ды і з гэтым Прэзідэнтам, калі мы сустракаліся. Калі былі просьбы абмеркаваць пытанні ў Расіі, дзесьці выступіць (чаго я вельмі не люблю) нейкім пасярэднікам, я заўсёды гэта рабіў. І з Уладзімірам Пуціным, Прэзідэнтам Расіі ў мяне было шмат размоў пра Украіну. Якая б не была ў мяне сустрэча з Пуціным, мы заўсёды гаворым пра Украіну. І паверце, са шчырым жалем мы кажам пра тое, што адбываецца на Украіне і вакол яе», — заявіў кіраўнік краіны.

Ён расказаў, што вырашэнне праблем Данбаса залежыць толькі ад самой Украіны.

«Я вам шчыра скажу: нармалізацыя сітуацыі ў праблемных кропках Украіны, перад усім на Данбасе, залежыць толькі ад Украіны. Заўтра, калі пайсці па мінскіх пагадненнях, дзесьці крыху зачэпіць у кагосьці нервы, украінскія нейкія інтарэсы, але, паверце, у сярэднетэрміновай перспектыве Украіна выйграе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён паведаміў, што асабіста пралічваў гэтыя варыянты з былым і сённяшнім прэзідэнтамі Украіны. «Я разумею, твар хочуць захаваць і адны, і другія, але трэба разумець, што Расія — велізарная краіна і яна вельмі шмат можа дапамагчы Украіне ў плане аднаўлення Данбаса», — канстатаваў кіраўнік краіны.

Паводле яго слоў, такія прапановы былі ад Уладзіміра Пуціна і іх прасілі перадаць Пятру Парашэнку. «Я яму расказаў, усё далажыў. Я тады ўпершыню зразумеў адназначна, што палітыкі і кіраўніцтва Украіны не самастойныя. Трэба было прымаць рашэнні і крок за крокам рухацца. І ўжо б да гэтага часу шматлікія пытанні былі б знятыя. Я быў сведкам: не Пуцін у гэтым вінаваты, ён прапанаваў. Добрыя былі прапановы. Але былы прэзідэнт адмовіўся», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі выказаўся пра свае адносіны з кіраўнікамі Украіны. “Якія б ні былі ва Украіне прэзідэнты (у нас разыходзіліся дыяметральна пазіцыі і погляды), але ў нас заўсёды былі добрыя адносіны», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Рэзюмуючы размову, Прэзідэнт адзначыў, што будзе рады, калі ўкраінскія дэпутаты прыедуць у наступны раз і ўбачаць ветлівых, добра настроенных да Украіны беларусаў.

У тэму

Яўген Шаўчэнка яшчэ раз падкрэсліў, што для яго знакавая падзея, калі Прэзідэнт прымае простага дэпутата.

«Вы не просты дэпутат. Вы прыхільнік нашых адносін. Мы бачылі, як вы не баяліся ісці супраць плыні, таму што лічылі, што беларуска-ўкраінскія адносіны на стагоддзі», — адказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах парламентарыя, Украіна перажывае падзеі, якія былі характэрны для Кіеўскай Русі — раздрабленне брацкіх народаў і перашкоды знешніх фактараў. Але ён ўсё роўна ўпэўнены, што нашы народы роднасныя. 

«Я лічу, што Украіна і Беларусь – два самыя блізкія народы. І хто б ні быў ля ўлады, і што б ні адбывалася, гэтыя народы не падзяліць. Мяне многія могуць абвінаваціць, што я кажу за ўвесь украінскі народ, але я ведаю і сацыялогія гэта паказавае, што ўкраінцы ў сэнсе палітычнай нацыі — усе нацыянальнасці, што пражываюць на Украіне, — любяць Беларусь і беларускі народ. Яны ўнутрана, нават калі не могуць сказаць гэтага, супрацівяцца таму, што адбываецца. Я проста выказваю меркаванне гэтых людзей. Іх вельмі шмат», — дадаў Яўген Шаўчэнка.

У размове з журналістамі ён расказаў, што заявы наконт выхаду ўкраінцаў з Мінскай пляцоўкі перамоў наконт падзей на Данбасе, неафіцыйныя.

«Няма ніякай іншай альтэрнатывы. Акрамя чутак. Таму сёння пазіцыя, якая была ва Украіны, наколькі мне вядома, ранейшай і застаецца. Я не бачу тут ніякіх падстаў для хвалявання», — сказаў народны дэпутат Вярхоўнай Рады.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Беларусі даследуюць вакцыну супраць раку

У Беларусі даследуюць вакцыну супраць раку

Працягваецца навуковае даследаванне ДНК-вакцыны супраць раку ў рамках беларуска-амерыканскага праекта.

Палітыка

Вялікая размова с кіраўніком Брэсцкай вобласці пра лёс рэгіёну

Вялікая размова с кіраўніком Брэсцкай вобласці пра лёс рэгіёну

«Асноўная задача — павысіць эфектыўнасць вытворчасці. Для гэтага патрэбна падняць аграрную галіну на больш высокі тэхналагічны ўзровень»

Грамадства

Экалагічна і эканамічна: як жыць па прынцыпе «Нуль адходаў»?

Экалагічна і эканамічна: як жыць па прынцыпе «Нуль адходаў»?

Гэта прынцыпы, накіраваныя на зніжэнне колькасці смецця і захаванне рэсурсаў планеты.

Фінансы

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай з карткі?

У I квартале 2021 года было зарэгістравана звыш 800 крадзяжоў грошай праз інтэрнэт, гэта ў 4,5 раза больш, чым за такі ж перыяд год таму.