Вы тут

Прышчэпка ад каранавіруса


У працяг калонкі Алены Ляўковіч аб тым, што прайшоў год ад пачатку эпідэміі, хачу пагаварыць пра кампанію вакцынацыі. Трэцяя хваля крочыць па планеце. Медыкі розных краін усё часцей кажуць аб магчымай чацвёртай. Падобна, гэтаму не будзе канца, калі каварнаму вірусу не супрацьпаставіць нешта грунтоўнае. Карацей, на мінулым тыдні я зрабіла прышчэпку.


І ў чарзе ў паліклініцы, і ў размове з калегамі, са знаёмымі даводзілася чуць розныя меркаванні. Сёння і ў сеціве можна знайсці аргументы тых, хто катэгарычна не прымае магчымасць прышчэпкі. Маўляў, вакцына, распрацаваная ў рэкордна кароткія тэрміны не можа не таіць небяспеку. Бо на выпрабаванні любых прэпаратаў патрэбныя гады. У пэўнай меры гэта так. І ў некаторым сэнсе мы першапраходцы: даючы згоду на ўвядзенне прэпарату, становімся ўдзельнікамі тых самых выпрабаванняў, на якія не было часу. Але ж ці ёсць альтэрнатыва? Асабіста я не ведаю іншага спосабу засцярогі. Бо, як паказала практыка, немагчыма наладзіць поўнае сацыяльнае дыстанцыраванне ў чалавечым грамадстве.

Асабліва паказальнай у гэтым сэнсе мне падаецца гісторыя людзей, пра якіх давялося пачуць у адной з камандзіровак у Пружанскі раён. Пенсіянеры з Мінска, якія былы бацькоўскі дом наведвалі ў найлепшым выпадку раз на год летам, вырашылі часова пераехаць у вёску. Спадзяваліся перажыць пандэмію ўдалечыні ад вялікага горада. Тым больш што ў іх вёсцы застаўся літаральна дзясятак чалавек. Прыехалі яшчэ ў лютым. Усё патрэбнае прывезлі з сабой, хадзілі толькі па прадукты да аўтакрамы. Дзе заразілася гаспадыня — невядома, можа, падчас паходу па пакупкі. Але абое трапілі ў рэанімацыю. Не ведаю, чым скончылася шпіталізацыя. Вельмі спадзяюся, што з дапамогай медыкаў муж з жонкай справіліся з небяспечнай хваробай. Дык вось, я пра тое, што цяпер фактычна няма месца, дзе тая самая сацыяльная дыстанцыя абавязкова спрацуе. Хіба толькі пасяліцца цалкам у пустой вёсцы альбо зрабіць будан у лесе і весці натуральную гаспадарку.

А звесткі пра страты ад гэтай навалы сыплюцца з трывожнай рэгулярнасцю. І не толькі ў інтэрнэце пра вядомых людзей. То адзін, то другі знаёмы дзеліцца невясёлымі навінамі пра родных, сяброў, калег. Многія хварэюць вельмі цяжка, патрабуецца шмат часу на рэабілітацыю, а то і на лячэнне самых розных ускладненняў. Знаёмая доктар падзялілася вось такім назіраннем: калі ў першую хвалю сярод пацыентаў з цяжкімі формамі захворвання пераважалі людзі ва ўзросце 75+, то цяпер намнога больш паступае значна маладзейшых.

Гэты вірус нібы здзекуецца з чалавецтва: вы знаходзіце новыя пратаколы лячэння і эфектыўныя прэпараты, а я знайду новыя формы, штамы, магчымасці знаходзіць іншых ахвяр. З гэтым жа трэба нешта рабіць!

У Ізраілі правялі вакцынацыю абсалютнай большасці насельніцтва і ўжо аб'яўляюць аб хуткім адкрыцці граніц, а таксама аб зняцці абмежаванняў. Многія краіны Еўропы абвясцілі масавую вакцынацыю сваіх грамадзян. Ідзе яна і ў нас. Цяпер кожны можа зрабіць прышчэпку.

Дык вось, у чарзе да доктара, а пазней у прышчэпачны кабінет я назірала найбольш пацыентаў пенсійнага ўзросту. Цікава, што адна даволі сталая жанчына прыйшла, паводле яе слоў, паглядзець на ахвотных і паслухаць, што людзі кажуць. Вядома, мы дружна сталі агітаваць кабету зрабіць прышчэпку. Яна сказала, што, відаць, усё ж адважыцца. Самая маладая з нас, недзе паміж 30 і 40 гадамі, сказала, што летам хоча нарэшце паляцець на мора і наогул ёй надакучыла баяцца, таму і прыйшла. А днямі мне тэлефанавала наша даўняя і адданая чытачка Лідзія Андрэеўна, дама крышачку за восемдзесят. Дык яна сказала, што збіраецца ісці.

Ну і самае галоўнае, пра што ўсе пыталіся пасля — і на другі, і на трэці дзень. У мяне ніякіх сімптомаў не было, не паднімалася тэмпература, не балела галава. Нават не адчуваўся дыскамфорт у месцы ўколу, на што скардзяцца многія. Хоць я ведаю людзей, якія некалькі дзён пасля прышчэпкі перажывалі стан, падобны на сапраўдны грып з усімі яго непрыемнымі сімптомамі. Трэба ўлічваць, што ўсе, у тым ліку абавязковыя, прышчэпкі даюць пэўны працэнт розных ускладненняў. Ніхто ад гэтага не застрахаваны. Кожны робіць свой выбар сам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».