Вы тут

На выстаўцы ў музеі гісторыі ВАВ можна даведацца пра выпрабаванні «Чырвонкі» ў ваенныя гады


Сёння ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрыецца выстаўка, прымеркаваная да 100-годдзя «Чырвонай змены», дзе можна будзе даведацца пра тое, праз якія выпрабаванні прайшла газета ў ваенныя гады, у якіх складаных умовах даводзілася працаваць журналістам і якую ролю яна адыграла ў той час. Газета заклікала на змаганне з ворагам, паведамляла пра падзеі на франтах і аперацыі партызан. Яе артыкулы натхнялі беларусаў на подзвігі, а з вёсак, куды трапляла «Чырвонка», моладзь масава ішла ў партызанскія атрады. У камсамольскіх арганізацыях вылучаліся людзі, якія сярод народных мсціўцаў і насельніцтва вялі агітацыйную работу, ладзілі калектыўную чытку артыкулаў з газет.

Інфармацыя пра падпольную друкарню трымалася ў найвялікшым сакрэце. Першы час нават партызаны лічылі, што «Звязда» і «Чырвоная змена» дасылаюцца з Вялікай зямлі на самалёце. Сапраўды, цяжка было паверыць, што на акупаванай тэрыторыі могуць выходзіць рэспубліканскія газеты. Адзін гэты факт пацвярджаў, што з ворагам можна змагацца, дадаваў упэўненасці, што Беларусь будзе свабоднай. Гэта разумелі і захопнікі: не раз яны засылалі шпіёнаў з заданнем знішчыць рэдакцыю, скідвалі бомбы на вёскі, дзе па іх разліках маглі знаходзіцца падпольныя друкарні, адпраўлялі самалёты-разведчыкі на тэрыторыю, абжытую партызанамі…


Апошні жаўрук

У выніку масіраваных бамбардзіровак рэдакцыі рэспубліканскіх газет засталіся без паліграфічнай базы. Але ўжо 10 ліпеня 1941 года ЦК ЛКСМБ аднавіў выданне «Чырвонай змены». Спачатку яна выходзіла ў перасоўнай друкарні, а пасля — у Гомелі на фабрыцы «Палесдрук». Працаваць журналістам даводзілася па начах, часта пад бесперапыннымі бамбёжкамі. «Маладзёжка» друкавалася тры-чатыры разы на тыдзень. Усяго ў прыфрантавым Гомелі паспелі выйсці 24 нумары агульным накладам звыш 50 тысяч экзэмпляраў. З дапамогай сувязных газету адпраўлялі на акупаваную тэрыторыю.

Са стратай Гомеля і акупацыяй усёй тэрыторыі Беларусі рэдакцыі вымушаны былі перабрацца ў эвакуацыю. Апошні нумар «Чырвонай змены» друкаваўся ў кастрычніку 1941 года ў Тульскай вобласці, у вёсцы Жаваранкі. Нумары, упакаваныя ў цюкі, даставілі на аэрадром. Першы сакратар ЦК ЛКСМБ Міхаіл Зімянін, калі адпраўляў газеты, з сумам пажартаваў: «Ну вось, паляцеў наш апошні жаўрук»... Але замаўчала «Чырвонка» ненадоўга. Ужо ў 1942 годзе было прынята рашэнне пачаць выдаваць яе ў зоне партызанскіх злучэнняў на Любаншчыне. Сярод партызан былі сабраны журналісцкія кадры. Піліп Касцюкавец, былы рэдактар любанскай раённай газеты, тады выконваў абавязкі палітрука, Аляксандр Сакевіч быў за радыста, запісваў звесткі Саўінфармбюро. Мікола Курыка, Ніна Цылько і Амяльян Шурпач да вайны працавалі ў капаткевіцкай раёнцы. Восенню 1942 года разам з масквічамі-аўтаматчыкамі пешшу ўдалося перабрацца ў тыл карэспандэнту «Савецкай Беларусі» Георгію Шчарбатаву. А будучага рэдактара з нецярпеннем чакалі з Масквы яшчэ з восені. Прылёт затрымліваўся з-за дрэннага надвор'я: пахмурныя дні з туманамі і густымі аблокамі, што закрывалі зямлю, змянілі частыя мяцеліцы. Напрыканцы студзеня, калі неба нарэшце стала ясным і ўначы ярка высыпалі зоркі, доўгачаканы самалёт з Масквы прывёз абсталаванне. На ім прыляцеў і Міхаіл Барашкаў, якога прызначылі рэдактарам адразу дзвюх рэспубліканскіх газет — «Звязды» і «Чырвонай змены».

31 студзеня 1943 года выйшаў першы нумар «Чырвонкі-партызанкі». І адразу з перадавога артыкула газета заклікала: «Малады беларус! Радзіма кліча да помсты! Забі акупанта».

Напачатку рэдакцыя размясцілася ў маленькай вёсачцы на ўскрайку балот на поўдні Любаншчыны. Журналісты цэлымі днямі не адыходзілі ад няхітрага абсталявання. Два разы на тыдзень, у сераду і суботу, яны выдавалі «Звязду», а па нядзелях выходзіла «Чырвоная змена». Прычым кожны работнік павінен быў валодаць універсальнымі навыкамі: займацца наборнай справай, умець скласці макет, падрыхтаваць палосы да друку. Дзякуючы такой загартоўцы ў хуткім часе Аляксандр Сакевіч быў прызначаны рэдактарам асобнай падпольнай газеты. А пазней гэты вопыт будуць пераймаць рэдактары капаткевіцкай і старадарожскай падпольных раённых газет. Па дапамогу ў арганізацыі падпольнай рэдакцыі звяртаўся і Мікалай Дастанка, які ў гады вайны ўзначаліў раённую партызанскую газету «Народны мсцівец».

Нумар за ноч

На першым месцы, дзе выдаваліся «Звязда» і «Чырвоная змена», журналістам не ўдалося затрымацца надоўга. Гітлераўцы прабіраліся да Сасноўкі, дзе размяшчаўся штаб партызанскага злучэння і Мінскі падпольны абкам партыі, яны спадзяваліся знішчыць таксама і падпольную друкарню. Ворагі прайшлі ўсяго за паўкіламетра ад вёскі Шостая брыгада, дзе працавалі журналісты. Пачуўшы страляніну, работнікі падпольнай друкарні хутка пагрузілі на сані абсталяванне і выбраліся на балоты. Густы снег, што сыпаў у той час, хаваў іх сляды... Пасля некалькіх гадзін блукання паміж хмызнякамі ўцекачы паснулі пад галінамі разлапістай яліны. А пасля кароткага адпачынку расклалі вогнішча і... вырашылі выпускаць газету. За ноч быў зроблены нумар, прымеркаваны да Міжнароднага дня жанчын.

Замёрзлыя, згаладалыя пасля вандравання па балотах, журналісты спрабавалі надрукаваць яшчэ адзін нумар. Ды толькі ад марозу не гнуліся пальцы, і працаваць з металічным наборам не атрымлівалася. Дзякуючы Піліпу Касцюкаўцу, які выдатна ведаў гэтую мясцовасць, удалося атрымаць інфармацыю, куды перабраўся падпольны абкам...

Але і другі прыстанак у вёсцы Рэпін журналістам давялося хутка пакінуць. Партызаны затрымалі шпіёнаў з планам размяшчэння падпольнага абкама і друкарні. Дзякуючы данясенню партызанскай разведкі журналісты паспелі пакінуць небяспечны прытулак. Яны ад'ехалі толькі на кіламетр, калі на вёску нямецкія самалёты пачалі скідаць бомбы...

Журналісты былі вымушаны перабрацца на балота. Адасоблены астравок, які «чырваназменаўцы» і «звяздоўцы» звалі Востравам друку, ці Блудным (бо паспрабуй яго адшукай), быў яшчэ і месцам збору ЦК камсамола. Тут абмяркоўваліся баявыя справы моладзі. Камсамольскія кіраўнікі, што былі частымі гасцямі, прыносілі з падпольнага райкама камсамола і партызанскіх атрадаў матэрыялы, даставалі паперу для выдання газет. «Напружаная работа ад цямна да цямна, адсутнасць мыла, укусы камароў хутка далі нам зусім не цывілізаваны выгляд, — успамінаў Амяльян Шурпач. — У мяне, напрыклад, парваліся боты, і я хадзіў босы. У Міколы была прапалена кашуля так, што нагадвала рэшата. Мы абраслі валасамі, бо дзе ж тая цырульня сярод балот? Дык вось, прыйшоў неяк Міхаіл Васільевіч Зімянін. Глянуў на мяне і давай адчытваць, чаму такі замурзаны, не пастрыжаны». Тады сакратар ЦК камсамола загадаў Шурпачу пастрыгчыся, не хадзіць кашлатым. У выніку з'явілася мянушка Амелька Кашлаты, якую журналіст пасля ўзяў за літаратурны псеўданім...

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: «Чырвонка» кліча да перамогі!

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.