Вы тут

У гады вайны «Чырвоная змена» і «Звязда», як прынята лічыць, выдаваліся на легендарным востраве Зыслаў


У гады вайны «Чырвоная змена» і «Звязда», як прынята лічыць, выдаваліся на легендарным востраве Зыслаў. Насамрэч, такіх месцаў было шмат. Адно з іх — вёска Дварэц Любанскага раёна.


— Народныя мсціўцы тады змагаліся не толькі зброяй, але і мастацкім словам. «Чырвоная змена» стала сімвалам аднайменнага калгаса, якім кіраваў Герой Сацыялістычнай Працы Кузьма Шаплыка. Супрацоўнікі газеты любілі прыязджаць на Любаншчыну, пісаць пра моладзь, хлебаробаў, работнікаў мясцовага рыбгаса, масласырзавода, камбіната будаўнічых матэрыялаў, настаўнікаў, паэтаў, пісьменнікаў. Газета заўсёды яскрава адлюстроўвала гераічныя і працоўныя, творчыя і літаратурныя падзеі, якія адбываліся ў раёне. З «Чырвонай зменай» і «Звяздой» мы творча супрацоўнічаем і цяпер, неаднаразова ладзілі вандроўкі на востраў Зыслаў, у вёску Дварэц, па памятных мясцінах Любаншчыны, — распавёў супрацоўнік дзіцячай мастацкай школы Васіль Каткавец.

Гісторыя Любаншчыны сапраўды багатая і слаўная. Двое землякоў былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, столькі ж сталі кавалерамі ордэна Славы трох ступеняў. За мужнасць, праяўленую моладдзю ў гады ліхалецця, Любанская раённая камсамольская арганізацыя ў 1968 годзе была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны І ступені. Не менш дасягненняў і ў працоўнай дзейнасці. У 1948 годзе краіна ўшаноўвала першага ў БССР Героя Сацыялістычнай Працы — брыгадзіра саўгаса «Х гадоў БССР» Паўла Калыску. Усяго ж у Любанскім раёне 18 працаўнікоў сельскай гаспадаркі атрымалі гэта ганаровае званне.

У Музеі народнай славы захавалася некалькі нумароў «Чырвонкі». У адным з артыкулаў пад загалоўкам «Два Іваны» расказваецца пра двух цёзак — Івана Сініцкага, які праславіў свой край працай, і Івана Шмяля, які прайшоў дарогамі вайны. Лёсы гэтых людзей цесна пераплятаюцца. Іван Сініцкі, вядомы бульбавод краіны — саўгаса «Загаліцкі», кавалер ордэна Працоўнай славы трох ступеняў, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола, першым рапартаваў аб заканчэнні ўборкі бульбы на ўсёй 60-гектарнай плошчы. «Ураджайнасць склала 474 цэнтнеры з кожнага гектара. Такой колькасці другога хлеба звяно Івана Сініцкага яшчэ ніколі не збірала. Яго члены вырошчваюць бульбу ўжо восьмы год», — піша аўтар артыкула.

На першай старонцы «Чырвоная змена» вяла маладзёжную «Дошку гонару», куды заносіліся прозвішчы перадавікоў вытворчасці, сельскай гаспадаркі, сацыялістычнага спаборніцтва, у тым ліку і з Любаншчыны.

У адным з нумароў за 1961 год газета расказвае пра Цімафея Дзмітрыевіча Анісімава, які разам з сябрамі прыехаў на Палессе, ствараў камуну, а затым нейкі час быў старшынёй калгаса. Шмат увагі газета ўдзяляла легендарнаму кіраўніку калгаса «Чырвоная змена» Кузьме Іванавічу Шаплыку, які заступіў на пасаду 27 снежня 1947 года і прапрацаваў на ёй 50 гадоў.

З «Чырвонкай» непарыўна звязаны лёс і мясцовага краязнаўцы, педагога Анатоля Вялічкі:

— Калісьці я працаваў сакратаром партыйнай арганізацыі ў Гарадзяцічах. У вёсцы была старая школа — пасляваенны драўляны будынак. Затым з яе зрабілі сярэднюю школу, стала недастаткова месцаў, не было спартзалы, сталовай. І я пісьмова звярнуўся ў ЦК камсамола Беларусі і «Чырвоную змену», маўляў, дапамажыце пабудаваць новую школу. Газета надрукавала мой зварот, які меў рэзананс. Хутка ў раён даслалі паперу, што будзе новая навучальная ўстанова. У выніку з'явіўся прыгожы двухпавярховы будынак.

На той час друк быў сапраўднай сілай. На крытычную заўвагу абавязкова павінны былі адказаць. І газета трымала пытанне на кантролі, канстатуе мой суразмоўнік.

— Я, як сакратар партарганізацыі, устанаўліваў памятную дошку на доме Марфы Мігун, дзе друкаваліся «Звязда» і «Чырвоная змена». Папярэдне праводзіў рэпетыцыі ўрачыстай цырымоніі адкрыцця, бо на яе прыехала каля 300 чалавек, у тым ліку рэдактары «Звязды», «Чырвонкі», сакратары ЦК камсамола, партыі, — згадвае краязнаўца Анатоль Вялічка. — Але не ўсе ведаюць, што дзве гэтыя газеты адным часам друкаваліся і на востраве Добры, што ў Акцябрскім раёне. Адбылося гэта пасля таго, як на Любаншчыне фашысты пачалі чарговую карную аперацыю. Друкарскі станок вывезлі на коннай павозцы.

Дарэчы, шрыфт і абсталяванне для падпольнай друкарні, дзе выдаваліся «Чырвоная змена» і «Звязда», партызаны здабылі ў нямецкім гарнізоне, які разбілі 7 лістапада 1941 года. Гэтыя выданні надавалі людзям сілы ў барацьбе з захопнікамі, упэўненасць у перамозе. Газеты чыталі на адным дыханні і перадавалі з рук у рукі.

— З цікавасцю чытаю «Чырвоную змену» і сёння. Мне падабаецца, што сучаснае выданне ўздымае праблемы зыходзячы з таго, як бы хацелася сучаснаму пакаленню бачыць гэты свет. Жадаю поспехаў, каб творчы калектыў быў на плыву, пісаў праўду, тое, што трэба чытачу, — сказаў напрыканцы размовы наш даўнішні аўтар і чытач.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Ваявалі і зброяй, і мастацкім словам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

З пачаткам ацяпляльнага сезона ў камунальных службаў работы дадаецца ў разы.

Грамадства

Як у маладой рэспубліцы ўвасаблялі амбіцыйны праект універсітэцкага гарадка...

Як у маладой рэспубліцы ўвасаблялі амбіцыйны праект універсітэцкага гарадка...

Асобнае месца займае будынак гімназіі Зубакіна і Фальковіча.

Эканоміка

Баляслаў Пірштук: Будучыня — за «зялёнай» эканомікай

Баляслаў Пірштук: Будучыня — за «зялёнай» эканомікай

З кожным днём на нашых дарогах усё больш электратранспарту.

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.