Вы тут

«Першымі кліентамі былі любімыя цешча і жонка»


Мяжа паміж жаночымі і мужчынскімі прафесіямі ўжо даўно сцёртая. Гэта пацвярджае і Дмітрый ВЯРКЕЕНКА з Магілёва, па спецыяльнасці — выкладчык выяўленчага мастацтва, а ў жыцці — майстар... манікюру і педыкюру. Дарэчы, герой мае пяты, вышэйшы разрад! Ужо чатыры гады ён наводзіць прыгажосць на пазногцях і спыняцца ў гэтай справе не збіраецца.


— Адвучыўшыся ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, я паступіў на завочнае аддзяленне ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава на мастака-графіка. Пакуль атрымліваў вышэйшую адукацыю, паралельна выкладаў у каледжы мастацтваў класічны жывапіс: вучыў маляваць натуру, нацюрморты. А пасля пяць гадоў адпрацаваў педагогам у вучылішчы культуры. Потым была армія, адслужыў прапаршчыкам тры гады, а затым вырашыў вярнуцца да цывільнага жыцця. Захапленне маляваннем засталося, да таго ж жонка Вольга ўжо працавала некалькі гадоў у б'юці-сферы, і мы падумалі: а чаму б не развівацца ў такім кірунку разам? Маўляў, гэта будзе нашай фішкай — мужчына, які робіць пазногці прыгожымі. Але для нас вельмі важна не толькі эстэтычнасць, але і здароўе, таму паралельна з гэтым я атрымаў кваліфікацыю падолага — спецыяліста па праблемах з пазногцямі і ступнямі ног.

Падалогія — сучасная галіна дэрматалогіі, якая займаецца пытаннямі догляду і лячэння скуры ступняў і пазногцяў пальцаў на нагах. Асаблівая ўвага аддаецца прафілактыцы і лячэнню захворванняў стоп, у першую чаргу грыбковых паражэнняў.

Дзмітрый кажа, што быў упэўнены, што ў яго ўсё атрымаецца, таму лёгка зрабіў крок у невядомасць.

— Калі пачаў навучацца гэтай прафесіі, першымі кліентамі былі любімыя цешча і жонка. Яны ж свае, родныя, так што цярпелі (усміхаецца). Пасля таго, як я скончыў курсы ў Магілёве, уладкаваўся ў манікюрны салон, дзе ўжо працавала Вольга. Праз некаторы час мы вырашылі адкрыць уласны. Пастаянныя наведвальніцы спачатку здзіўляліся і крыху саромеліся мяне, але ў хуткім часе прывыклі. А ў мяне ніколі не было нялоўкасці — часам толькі складана знайсці агульную мову з незнаёмым чалавекам, асабліва з жанчынай. З мужчынамі ў гэтым плане нашмат лягчэй. Можна абмеркаваць футбол, будоўлю, службу ў войску. Яны прыходзяць радзей, але добра, што ўвогуле наведваюць і даглядаюць сябе. У такой сферы трэба быць добрым псіхолагам, умець зрабіць так, каб чалавек расслабіўся, адчуў сябе камфортна, не камплексаваў.

У Дзмітрыя кліенты рознага ўзросту: ад школьнікаў да пенсіянераў. Запыты ў іх таксама розныя.

— Пэўнага трэнду на пазногці не назіраю, бо кожны прыходзіць за тым, што яму бліжэй, чаго хочацца ў дадзены момант. Хтосьці любіць кіслотныя пазногці, са стразамі, а нехта аддае перавагу нюдавым, аднатонным адценням. Да розных свят звычайна просяць намаляваць нешта адпаведнае: калі гэта Новы год — снегавікі, сняжынкі, елкі, калі 8 Сакавіка — ружы, цюльпаны, мімозы. У мяне багатая палітра малюнкаў на любы густ. У цэлым цяпер большасць прыходзіць па яркія пазногці, бо апошнім часам было шмат розных не вельмі пазітыўных падзей: многія заседзеліся дома на каранціне, засумавалі і таму хочуць чагосьці вясёлага. Яшчэ зараз амаль не заказваюць складаныя ўзоры, малюнкі на пазногцях.

Дзмітрый увесь час павышае кваліфікацыю, наведваючы розныя курсы як у Расіі, так у нашай краіне.

— Зараз, на жаль, пандэмія ўнесла свае карэктывы, але ёсць і анлайн-курсы, якія я таксама праходжу. Увогуле, у маёй сферы важна мець аднадумцаў. На майстар-класах або іншых мерапрыемствах мы знаёмімся адно з адным, дзелімся вопытам. Памятаю, калі прыехаў на чарговыя курсы павышэння кваліфікацыі ў Мінск, многія жанчыны на мяне паглядзелі са здзіўленнем, але, пагутарыўшы, зразумелі, што я такі ж, як яны. Сваю прафесію люблю: мы робім з жонкай іншых прыгажэйшымі і шчаслівейшымі. Прыемна, што блізкія і сябры станоўча аднесліся да майго выбару прафесіі. Галоўнае — каб справа была па душы. Мне мая падабаецца і мяняць яе не планую.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота дадзена героем

Загаловак у газеце: або Манікюр і педыкюр па-мужчынску

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.