Вы тут

Чаго вы не ведалі пра кастамізацыю?


З самага дзяцінства дваццацідвухгадовая Карына Доўнар займаецца мастацтвам і не ўяўляе свайго жыцця без жывапісу. А зусім нядаўна яна адкрыла для сябе сферу кастамайзінгу адзення і ўжо дасягнула поспеху ў гэтым модным кірунку.


— Што гэта за кірунак?

— Ён даволі малады, асабліва ў нашай краіне. Калі казаць проста, то гэта ручны роспіс адзення. Упрыгожваць малюнкамі можна што заўгодна: ад звычайных футболак да вопраткі і абутку.

— А як вы пазнаёміліся з кастамайдзінгам?

— Навучацца мастацтву я пачала з дзесяці гадоў у Дзяржынскай мастацкай школе, вучылася там шэсць гадоў. Зразумела, што хачу звязаць сваё жыццё з маляваннем, і пасля школы паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў на дызайнера. Пасля пайшла працаваць у Дзяржынскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Менш чым праз год сышла ў дэкрэт, вось там і пачала сама вывучаць новыя віды мастацтва і пазнаёмілася з кастамізацыяй. Прайшла анлайн-курсы ў расійскай школе па гэтым кірунку, глядзела мноства відэаўрокаў і пачала набіваць руку на сваёй вопратцы і рэчах блізкіх. Паспяхова прайшоўшы ўсе этапы навучання, пачала працаваць у студыі кастамізацыі ў Мінску.

— Што самае галоўнае ў роспісе адзення?

— Адным з асноўных момантаў з'яўляецца правільны выбар фарбаў — звычайная акварэль або гуаш не падыдуць, бо склад і прызначэнне ў іх іншыя. У звычайнага акрылу, які выкарыстоўваюць для напісання карцін на паперы, не хапае элемента, які пры высыханні і замацаванні ўтварае эластычную плёнку. Яна патрэбна, каб малюнак пры хадзе, мыцці не рассыпаўся. Наогул, для кожнага віду матэрыялу трэба падбіраць фарбавальнік індывідуальна, улічваючы ўсе асаблівасці тканіны. Напрыклад, пры роспісе па скуры я працую з «Angelus» — гэта амерыканская фарба, яна падыходзіць як для натуральнай скуры, так і для скуразаменніка.

— Іншымі словамі, калі пры размалёўцы адзення выкарыстоўваць спецыяльную фарбу, то малюнак будзе служыць таксама як надрукаваны прынт?

— Амаль так, толькі, акрамя самой фарбы, важна ўлічваць асаблівую тэхніку яе высыхання на вопратцы. Акрыл на тканіне трэба замацоўваць высокімі тэмпературамі для таго, каб з'явілася гэтая эластычная плёнка, пра якую я распавяла раней, а таксама для таго, каб фарба лепш «пазнаёмілася» з «часцінкамі» тканіны. Без гэтага этапу малюнак доўга не пратрымаецца, якая б якасная фарба ні выкарыстоўвалася.

— Ад чаго залежыць цана выніковага прадукту?

— На гэта ўплывае складанасць малюнка і яго маштаб, а яшчэ матэрыял, на які будзе нанесена выява. Напрыклад, размаляваць шоўк будзе нашмат складаней, чым звычайную баваўняную футболку. Акрамя таго, улічваецца, што ўся праца ручная. А гэта заўсёды даражэй, бо эксклюзіў.

— На што абапіраецеся пры стварэнні эскізаў?

— Кожны кліент, звяртаючыся да мяне, ужо мае ў галаве пэўную ідэю або выразныя пажаданні. Я ўсё выслухоўваю і кампаную патрабаванні ў адзінае цэлае, дапрацоўваю, уносячы нешта сваё. Пасля гэтых этапаў раблю макет у графічнай праграме і адпраўляю кліенту і толькі пасля яго адабрэння пераношу малюнак на патрэбны аб'ект. Зараз я ўпэўнена ў сваім майстэрстве і якасці работы, таму бяруся за заказы любой складанасці.

— А ці былі сярод іх такія, калі вам давалі прастору для палёту фантазіі?

— Так, здараліся. Неяк прынеслі як зыходны матэрыял кашулю чорнага колеру, стапрацэнтная бавоўна. І была сказана толькі адна фраза: «Намаляваць нешта для кухара-шаўрміста, каб было зразумела, якой справай ён займаецца, і адпавядала тэматыцы ўстановы». У астатнім ніякіх патрабаванняў не было, таму я магла спаўна пакрэатывіць.

— Што б вы параілі пачаткоўцам-кастамайзерам?

— Перад тым, як пачаць распісваць вопратку ці абутак, лепш знайсці нейкі час, каб паглядзець у інтэрнэце, якія фарбы для кастамізацыі бываюць, вывучыць іх характарыстыкі і выбраць тую, якая па душы і падыдзе па фінансах. Гэтак жа вывучыць тыпы тканін, пэндзлі і перакладныя матэрыялы. Паспрабаваць розныя стылі і тэхнікі. Але самае галоўнае — не баяцца прыдумляць нешта сваё, не капіраваць іншых спецыялістаў і рухацца наперад, не звяртаючы ўвагі на страхі і няўпэўненасць.

Дар'я Дарашчук, вучаніца 9 класа СШ № 36 г. Мінска

Фота дадзена гераіняй

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.