Вы тут

Чаму пенсіі прыйшлі пазней?


Учора з'явіліся паведамленні, што ў гэтым месяцы некаторыя людзі атрымалі пенсіі на пару дзён пазней. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пракаменціравала сітуацыю.


— Пенсіі штомесяц выплачваюцца ў перыяд з 5 да 26 чысла ўключна, — адзначылі ў ім. — Для выплаты кожнаму пенсіянеру ўстаноўлена пэўная дата, калі пенсія павінна быць выплачана абавязкова. Дата выплаты вызначаецца падчас прызначэння пенсіі і можа быць скарэкціравана пры змене спосабу выплаты пенсіі — праз арганізацыі паштовай сувязі, банкаўскія ўстановы і арганізацыі па дастаўцы пенсій.

Фота: pixabay.com

Для забеспячэння выплаты пенсій ва ўстаноўленыя тэрміны фінансаванне іх выплаты ажыццяўляецца загадзя. Праз банкі сродкі пералічваюцца, як правіла, за два дні. Пасля паступлення ў банк яны залічваюцца на рахунак пенсіянера і становяцца даступнымі для атрымання. Разам з тым гэты парадак не мяняе ўстаноўленую пенсіянеру дату выплаты пенсіі — тэрмін, не пазней за які пенсія павінна быць выплачана абавязкова, патлумачылі спецыялісты.

— Многія пенсіянеры памылкова лічаць, што дзень залічэння сродкаў на іх рахунак з'яўляецца ўстаноўленай для іх датай выплаты пенсіі. Часта менавіта гэтая акалічнасць з'яўляецца прычынай непаразуменняў і адпаведных паведамленняў. Так, 20 красавіка ў асобных тэлеграм-каналах з'явілася інфармацыя аб парушэнні тэрмінаў выплаты пенсій. Устаноўленая дата выплаты пенсіянерам — 21-е чысло кожнага месяца, — звярнулі ўвагу ў міністэрстве. — З улікам апераджальнага фінансавання сродкі на рахунак у банку залічваліся і былі даступны загадзя, як правіла, за два дні, а ў асобных месяцах — яшчэ і ў больш раннія тэрміны з улікам выхадных і святочных дзён.

У красавіку гэтага года сродкі для забеспячэння выплаты пенсіі 21-га чысла асобным пенсіянерам былі пералічаны ў банкі 20-га — за дзень да ўстаноўленай даты выплаты пенсіі, што і выклікала негатыўную рэакцыю. Разам з тым тэрміны выплаты пенсіі не парушаны, растлумачылі ў ведамстве.

— Звяртаем увагу, што рашэнне аб змене тэрмінаў выплаты пенсій не прымалася. Пенсіі выплачваюцца і будуць выплачвацца своечасова, не пазней за дату выплаты пенсіі, устаноўленую канкрэтнаму пенсіянеру. Інфармацыю пра ўстаноўленую дату выплаты пенсіі можна ўдакладніць ва ўпраўленні сацыяльнай абароны па месцы жыхарства.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: «Тэрміны выплаты пенсій не змяняліся»

Выбар рэдакцыі