Вы тут

Пра моц і безабароннасць народжаных для палёту


Матылёк — сімвал душы, якая стала на шлях самаўдасканалення і цярпліва, мэтанакіравана, крок за крокам уздымаецца па эвалюцыйных прыступках: ад аднаго чалавечага ўвасаблення да іншага. Ад агіднага вусеня і непрывабнай кукалкі да чароўнага матылька, чые крылы — узор мастацтва самой прыроды… Невыпадкова, што ў аповесці-казцы Тамары Бунты для дзяцей «Сад з матылькамі» (Мастацкая літаратура, 2020) іх так шмат…


Яны нібы нагадваюць пра часовасць існавання (бо самі жывуць адзін дзень альбо некалькі) і прыгажосць, якая павінна быць ва ўсім, але найперш — між людзей, у іх стасунках, у іх душах… Эпіграфам да твора маглі б стаць словы апісання не столькі метамарфозы насякомых, колькі чалавека, які зразумеў бясконцасць і велічнасць светабудовы: «…адчуўшы волю і пабачыўшы вялікі свет, ніхто ніколі не вернецца назад, у цесную хаціну, дзе нельга распасцерці свае лёгкія маладыя крылы. А распасцерці крылы абавязкова трэба — кожнаму, хто нарадзіўся, каб лётаць, а не поўзаць!»

Галоўная гераіня, якая жыве сярод матылькоў, крыху не такая, як большасць дзяцей. Яна перамяшчаецца ў інвалідным вазку. Пісьменніца ўзняла тэму, якая негалосна лічыцца няёмкай — яе стараюцца пазбягаць. І калі ў сусветнай літаратуры сітуацыя выглядае трохі больш аптымістычна, а ў рускай адразу згадваюцца і «Сляпы музыкант» Уладзіміра Караленкі, і «Аповесць пра сапраўднага чалавека» Барыса Палявога, і «Красачка-сямікрасачка» («Цветик-семицветик») Валянціна Катаева, то ў айчынным прыгожым пісьменстве спроба Т. Бунты — адна з першых (пасля «Марты і яе мары пра снег» Ганны Янкуты). Нібыта адпаведнай з’явы папросту не існуе…

Пісьменніца не робіць акцэнт на «нефарматнасці» сваёй гераіні. Яна проста распавядае пра яе жыццё, паказваючы без прыўкрас: са сваімі святамі і нягодамі, радасцямі і засмучэннямі, штодзённымі перамогамі і — часам — паразамі.

Дашы адносна пашанцавала: у яе ёсць сям’я, для якой дзяўчынка — цэнтр сусвету, ёй ва ўсім дапамагаюць, натхняюць на пошукі ўласных зацікаўленняў, аберагаюць ад вонкавага свету. У сваім садзе, сярод матылькоў, якіх яны разводзяць разам з дзядулем у спецыяльна прыстасаваным пакоі ў інсектарыях, Даша пачуваецца прынцэсай, прыгожай, шчаслівай, цікаўнай. І толькі між іншым звяртаеш увагу, што з месца на месца яе пераносіць дзядуля. Сама ж загаворвае пра сваю праблему далёка не адразу — толькі ў шостым раздзеле. І тое не з чалавекам, а з… вусенем! Які не захацеў яе выслухаць…

І вось Даша, для жыцця якой былі створаны ідэальныя ўмовы, трапляе вонкі свайго ўтульнага дома і саду з матылькамі. І гэта атрымліваецца для яе жорсткім выпрабаваннем з усімі класічнымі атрыбутамі: неразуменнем, нежаданнем з ёю сябраваць, недаверам, непрыманнем. Яна аказваецца непадрыхтаванай да таго, як з ёю абыходзяцца ў школе: і дарослыя, і, як вынік, дзеці — іх ніхто не навучыў, што чалавек у інвалідным вазку надзвычай безабаронны і ўражлівы і яму асабліва патрэбна падтрымка, а калі-нікалі — і дапамога… І што абмежаваныя магчымасці зусім не тоесны абмежаваным здольнасцям — наадварот: дзеці, якія не могуць днямі напралёт гуляць з аднагодкамі на вуліцы, знаходзяць іншыя цікавыя заняткі: шмат чытаюць, глядзяць пазнавальныя перадачы, вывучаюць свет па энцыклапедыях і даведніках. Як у выпадку з Дашай. Любімая яе кніга, якая заўжды пад рукой, — даведнік з матылькамі.

Што да раскрыцця характару, то Даша атрымалася ўвасабленнем дабрыні і любові, надзвычай мяккай, чулай да нягод сваіх гадаванцаў. Дзяўчынка шкадуе ўсё, што бачыць вакол сябе. І праз гэтую крохкасць і далікатнасць аказваецца не ў стане супраціўляцца ў асяродку сабе (не)падобных дзяцей, іх бацькоў і настаўнікаў. Яны ж выяўляюць у сваіх паводзінах абыякавасць і чэрствасць, якія мяжуюць з жорсткасцю, а часам і з банальнай недалёкасцю… Такі сабе тыповы чалавечы статак: «…І тут усмешка знікла з твару жанчыны. Яна ўважліва агледзела Дашу, яе вазок… Потым, схапіўшы Вадзіма за руку, пацягнула да настаўніцы.

— А што, майго сына нельга было пасадзіць за адну парту з нармальным дзіцем?! — з крыўдай спытала Вадзімава маці. — Я думаю, у Вадзіма могуць быць праблемы з-за гэтай дзяўчынкі — інваліда!»

І тут вымалёўваецца праблема, якая не мае адзіна правільнага для ўсіх выпадкаў рашэння. З ёй сутыкаліся не толькі людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Праблема палягае ў тым, як ставіцца да асяродка, што цябе не прымае. Каб мінімізаваць стрэс, Дашу пераводзяць на хатняе навучанне. Але ж насамрэч нельга ўвесь час правесці ў аранжарэйных умовах… Альтэрнатыўны шлях — адразу прыняць за данасць: жыццё — поле бітвы і ніякай «зніжкі» на вазок не будзе, а значыць, трэба выхаваць у дзіцяці байцовыя якасці, яны і дапамогуць потым стаць паспяховым, забяспечыць сабе годны ўзровень — не існавання, а менавіта жыцця, з усімі складнікамі чалавечага шчасця…

Другі бок згаданай праблемы — стаўленне асяродка да людзей, якія ў нечым адрозніваюцца. На прыкладзе Дашы бачым два полюсы ў адносінах да яе. Калі ў сям’і дзяўчынка — тая, вакол каго выбудоўваецца ўсё астатняе, то іншыя, чужыя проста не зважаюць, могуць пры ёй нетактоўна выказацца, быццам не прымаючы за паўнавартаснага суразмоўцу… А што найперш трэба ад іншых чалавеку ў інвалідным вазку? Бясспрэчна, аднолькава зручныя ўмовы ў дасягненні мэт, у прафесійнай рэалізацыі, дый простая чалавечая ўвага: каб ад іх не адгароджваліся мурамі ўласнага дабрабыту, каб не шугаліся ўбок як ад пракажонага — менавіта так зазвычай паводзілі сябе Дашыны аднакласнікі ў школе на перапынках — простае разуменне сітуацыі…

Дашы пашчасціла (хоць гэтае «шчасце» было аплачана пастаянным удасканаленнем ведаў, доўгімі назіраннямі за насякомымі і бесперапыннай работай думкі, а галоўнае, душэўнымі якасцямі): яна ўрэшце знаходзіць сябра, якога ўразіла багаццем свайго свету, зачаравала дабрынёй і чуласцю, зацікавіла шырокім кругаглядам. І для яго потым не мела значэння, што яна — у інвалідным вазку: сябар прыходзіў, яны сядалі побач і малявалі. Стваралі ўласную рэальнасць… Як бывае ў жыцці: калі чалавек падабаецца, то прымаеш яго з усімі асаблівасцямі, і пацвярджэнне — факт наяўнасці сем’яў, дзе хтосьці з сужэнцаў — з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі (але неабмежаванымі магчымасцямі зрабіць шчаслівым свайго абранніка).

Напрыканцы твора аўтар дае сваёй гераіні надзею на поўнае ацаленне: сям’я знаёміцца з дактарамі, якія, праглядзеўшы гісторыю хваробы, пераконваюць паспрабаваць новы метад лячэння. Але што адбылося далей, мы не даведваемся. Фінал аповесці застаецца адкрыты. І ў гэтым бачыцца пэўны сімвалізм: усе людзі розныя ў сваіх магчымасцях, але, нягледзячы на гэта, кожны нараджаецца для чагосьці вялікага: любіць, здзяйсняць, натхняць, вынаходзіць… І кожны варты любові, павагі, шчасця.

Марыя БРАТКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».