Вы тут

Якія ўгнаенні ўносіць вясной?


Увесну догляд за газонам, садам, градкамі, дрэвамі, кустамі і кветкамі пачынаецца з унясення падыходзячых угнаенняў. На першы погляд, кожны з зялёных насельнікаў участка мае патрэбу ў сваім пажыўным комплексе. Аднак на самай справе працэс абуджэння і росту падобны ў большасці раслін, таму рэчывы ім спатрэбяцца адны і тыя ж, а вось дазіроўкі будуць істотна адрознівацца.


Падкормка саду

Першыя ўгнаенні сезона павінны забяспечыць пажыўныя рэчывы дрэву або кусту на абуджэнне, утварэнне бутонаў і лісця, рух соку і першыя завязі, а таму скнарнічаць у гэтым пытанні не варта.

Дрэвы

Менавіта з унясення азоту пад пладовыя дрэвы разумна пачаць сезон догляду за садам.

Угнаенне праводзіцца за 2-3 тыдні да цвіцення. Для гэтага выкарыстоўваюць адзін з наступных раствораў:

• 5-працэнтны раствор мачавіны, аміячнай салетры або птушынага памёту з разліку паўвядра на 1 кв. м прыствольнага круга;

• разведзеныя ў 2 л вады 500 г жыжкі гнаявой на 1 кв. м прыствольнага круга.

Таксама можна хутка папоўніць запасы азоту з дапамогай пазакаранёвай падкормкі (апырсквання) мачавінай. Для яблынь падыходзіць 0,3-працэнтны раствор, для груш — 0,1—0,2-працэнтны, для костачкавых культур (вішні, слівы, чарэшні, абрыкоса) — 0,5-працэнтны.

Кусты

Першая падкормка ажыццяўляецца пасля таго, як адтане глеба і набракнуць пупышкі. Для яе неабходнае азотнае ўгнаенне, напрыклад, 25—30 г аміячнай салетры або 40—50 г сульфату амонію на 1 кв. м. Калі восенню пад куст уносілася арганіка, то азотнае ўгнойванне вясной можна прапусціць.

У канцы мая агрэст, парэчкі, маліны і іншыя ягаднікі маюць патрэбу ў пазакаранёвай падкормцы 1-2-працэнтнымі растворамі сернакіслага калію і суперфасфату, а таксама мікраэлементамі: сернакіслым марганцам (0,1— 0,5-працэнтны раствор) і борнай кіслатой (0,01—0,05-працэнтны раствор).

Падкормка агарода

Самае важнае ўгнаенне для агарода вясной — гэта, вядома ж, азот. Зрэшты, пра калій і фосфар таксама забываць не варта — неабходнае спалучэнне гэтых рэчываў дазволіць агародніне раўнамерна нарошчваць каранёвую сістэму і лістоту. Важна правільна спалучаць арганічныя і мінеральныя падкормкі для агарода, толькі ў комплексе яны дадуць добры вынік.

Так, перапрэлы гной або кампост варта ўносіць за 3-4 тыдні да пасадкі агародніны з разліку 1 вядро на 1 кв. м. А мінеральныя ўгнаенні — непасрэдна перад пасадкай або перакопваннем зямлі. Калі арганікі ў вас няма, можна скарыстацца сухімі ўгнаеннямі і ўнесці на 1 кв. м наступныя рэчывы: 30—35 г азотных угнаенняў (аміячная салетра, карбамід або мачавіна); 25 г фосфарных угнаенняў (суперфасфат, амафос); 20 г калійных рэчываў (сернакіслы калій, калімагнезія, калімаг), можна замяніць шклянкай драўнянага попелу.

Падкормка газона

У нашых шыротах самастойна газон будзе «прачынацца» даволі доўга. Для таго каб стымуляваць яго рост, вам спатрэбіцца «накарміць» траву азотам і іншымі рэчывамі. Падкормліваць можна, як толькі сыдзе снег.

Угнаенне для газона можна выкарыстоўваць як цвёрдае, так і вадкае. Часцей за ўсё ўжываюць: нітраамафоску «16:16:16» — у сухім выглядзе раскідваюць па 20—40 г на 1 кв. м, а затым старанна паліваюць; «Кеміру» — у сухім выглядзе раскідваюць па 40—50 г на 1 кв. м, паліваюць; «Бона Фортэ» (вадкае) — 80 мл разводзяць у вядры вады і паліваюць 6 кв. м газона, праз два тыдні паўтараюць.

Падкормка кветніка

Першыя на кветніку, як правіла, прачынаюцца цыбульныя (мускары, гіяцынты, крокусы, цюльпаны і іншыя). Хоць можа здацца, што ўсё неабходнае для паўнацэннага цвіцення яны назапасілі за мінулы сезон, варта падкарміць і іх, каб у наступным годзе таксама парадавацца пышным бутонам.

Падкормку першацветаў праводзяць сумесна з рыхленнем і мульчыраваннем, выбіраючы для гэтага комплексныя мінеральныя ўгнаенні. Нормы ўнясення залежаць ад разнавіднасці кветак.

Варта памятаць, што для багатага цвіцення ружам неабходны фосфар, аднак толькі ім не абысціся. Маладыя кусты, якія нарошчваюць галіны і зеляніну, аддаюць перавагу арганічным падкормкам. Для іх аптымальным стане вясновае ўнясенне перагною або слабага раствору гною, курынага памёту, настою пустазелля. Для таго каб не апаліць расліны, свежы памёт трэба разводзіць 1:20, настойваць пяць дзён, зноў разводзіць 1:3 і толькі пасля паліваць. Перапрэлы гной можна разводзіць 1:10, настойваць тыдзень, затым разводзіць 1:2 і выкарыстоўваць.

Для дарослых кустоў руж лепш выкарыстоўваць не арганіку, а аміячную салетру. Яе рассыпаюць па клумбе адразу пасля сыходжання снегу з разліку 20—30 г на 1 кв. м. Таксама стымулюе цвіценне майская падкормка, прыгатаваная з 10 г суперфасфату і 10 г сульфату калію на 10 л вады.

Угнаенне для іншых кветак вясной можна падабраць універсальнае. Лепш за ўсё з гэтай задачай справяцца комплексныя мінеральныя ўгнаенні, здольныя насыціць глебу ў кветніку патрэбнай колькасцю азоту, фосфару, калію і мікраэлементаў.

Народныя прыкметы

— Найлепшы тэрмін сяўбы ячменю — калі ліст на дубе памерам з капейку.

— Рабіна зацвітае — можна сеяць агуркі і саджаць памідоры.

— Цвіценне каліны нагадвае, што трэба сеяць гарбуз, патысоны, агуркі і саджаць памідоры.

Вядучая рубрыкі Ірына Тамковіч. Тэл. 8 (017) 287-18-15

Выбар рэдакцыі

Грамадства

7 вершаў, напісаных на франтах Вялікай Айчыннай

7 вершаў, напісаных на франтах Вялікай Айчыннай

«І на кожным кургане, быццам яблыню, песню сваю пасаджу»

У свеце

Куды разбегліся нацысты пасля Вялікай Айчыннай вайны?

Куды разбегліся нацысты пасля Вялікай Айчыннай вайны?

Вялікая Айчынная скончылася 76 гадоў таму, але дагэтуль па ўсім свеце ўсё яшчэ знаходзяць і судзяць непакараных нацыстаў. 

Спорт

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Чорны пояс па таэквандо і светлы шлях па жыцці плыўца-параалімпійца.