Вы тут

Чым прыкметны фонд крытыка Лукаша Бэндэ, які захоўваецца ў архіве-музеі літаратуры і мастацтва?


Адзін з самых таямнічых і багатых асабістых фондаў, які захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, гэта фонд крытыка Лукаша Бэндэ

Імя, якое стала ў гісторыі нашай літаратуры злавесным сімвалам. «Аглабельная крытыка» — гэта пра яго... Пра Бэндэ, які, асабліва ў 1920—30-х, як аглобляй лупіў па беларускіх пісьменніках, паэтах, навукоўцах за «ідэалагічныя хібы», не саромеючыся ў абвінавачваннях... Галоўны «эксперт» па «ворагах народа» ў літпрацэсе... Ягоны архіў наводзіць на пэўныя думкі: столькі там дакументаў і рукапісаў, якія належалі тым «ворагам народа»! Перш чым пачаць іх вывучаць, пагутарым з дырэктарам БДАМЛіМ Ганнай Запартыкай.


Апошні здымак П. Галавача, з братам жонкі А. Вечарам у Капылі, 1937 г.

— Архіў Бэндэ мае дзве часткі: уласна ягоныя матэрыялы і збор іншых дакументаў. У першай, паколькі ён працаваў у розных установах культуры, выкладаў, шмат і дакументаў, што датычацца яго прафесіі: канспекты лекцый і матэрыялаў да іх па творчасці Купалы, Коласа, Максіма Багдановіча і многіх іншых... Найбольш цікавіць усіх менавіта другая частка архіва. Яе таксама можна падзяліць на некалькі раздзелаў. Першая — выпіскі і копіі з дакументаў па гісторыі беларускай літаратуры за розныя перыяды, зробленыя Бэндэ ў асноўным у архівах Ленінграда, бо ў гэтым горадзе ён доўга жыў і працаваў. Дзякуючы яго копіям у нас ёсць многія дакументы, звязаныя з творчасцю Янкі Лучыны, Алеся Гаруна, Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Самая вялікая частка і самая ўнікальная — дакументы іншых пісьменнікаў, якія з'явіліся ў ягоным зборы пры розных абставінах.

— Скажам шчыра пра гэтыя абставіны: гэта ў асноўным былі рукапісы рэпрэсіраваных літаратараў...

— Не заўсёды. Дакументы Паўлюка Труса пасля ранняй смерці паэта аддала Бэндэ сям'я памерлага. З перапіскі зразумела, што Бэндэ вёў перагаворы з бацькам Паўлюка Труса аб перадачы матэрыялаў для пасмяротнага збору твораў. А вось як да Бэндэ трапілі дакументы Браніслава Эпімаха-Шыпілы... Вядомага вучонага выслалі з Беларусі, куды ён быў запрошаны з Ленінграда на работу. Як піша даследчыца біяграфіі Эпімаха-Шыпілы Ірына Багдановіч, «вярнуўшыся ў Ленінград поўным старэчам, ён тут памёр, прабедаваўшы колькі месяцаў звыш трох гадоў, нягледзячы на пасільную падтрымку нямногіх вучоных, саслужыўцаў і сяброў, якія на яго не забыліся. Адзін з такіх сяброў — вучоны-славіст Пушкарэвіч, актыўны ўдзельнік беларускага дарэвалюцыйнага гуртка, што збіраўся ў Браніслава Ігнатавіча. Менавіта рукой Пушкарэвіча зроблены надпіс, хочацца назваць яго гістарычным, на форзацы хрэстаматыі Эпімаха-Шыпілы: «Пасля другога ўдару Браніслаў Ігнатавіч страціў прытомнасць і сканаў 6 чэрвеня 1934 года». Паколькі Пушкарэвіч быў пры Эпімаху-Шыпілу апошнія яго дні, той усе свае дакументы, у тым ліку згаданую хрэстаматыю, а таксама ўнікальныя копіі, зробленыя з дакументаў па беларускай літаратуры, арыгіналы якіх пасля былі страчаны, аддаў Пушкарэвічу, а той забраў усё з сабой у Ленінград. А ў 1942 годзе паміраў у блакадным Ленінградзе сам Пушкарэвіч. Вось тады ён і перадаў Бэндэ дакументы Эпімаха-Шыпілы. Сапраўды, у архіве Бэндэ шмат матэрыялаў рэпрэсаваных пісьменнікаў... Але па некаторых звестках, тым, хто вяртаўся з лагераў, з высылак, ці іх сваякам Бэндэ дакументы аддаваў... Ці нават прадаваў.

— Цікава, як жа тыя паперы арыштаваных да яго траплялі? Праўда, што ён прысабечваў чужыя рукапісы падчас вобыскаў?

— Не думаю, што ён хадзіў па кватэрах арыштаваных... Не трэба перабольшваць магчымасці Бэндэ. Яго, калі адпала пільная патрэба ў ягонай вульгарызатарскай крытыцы, выставілі з Беларусі. Нейкі час ён меў праблемы з працаўладкаваннем, на што скардзіцца ў сваіх лістах. Тое, што ён прысабечваў рукапісы з шаф Галоўліта, дзе нейкі час працаваў — так. Напрыклад, рукапісы Максіма Гарэцкага забраныя менавіта адтуль. На падобныя матэрыялы ставіўся штамп «друкаваць забаронена», яны некуды складваліся... Бэндэ, убачыўшы, што тыя рукапісы нідзе не ўлічаныя, проста ляжаць у шафе і ім закрыты шлях за сцены Галоўліта, вырашыў іх забраць. Такім чынам яны і захаваліся — бо многае пасля было проста знішчана. Думаю, ён наведваў сваякоў рэпрэсаваных, якія аддавалі яму рукапісы, можа, калісьці быў і ў нечай пустой кватэры — былі выпадкі, калі нікога не заставалася з сям'і. Такім чынам і складаўся ягоны архіў.

— А для чаго менавіта збіраў рукапісы «ворагаў народа», з якой мэтай?

— Найперш ён, відаць, ведаў цану гэтым людзям, якія сыходзілі ў трагічны шлях, ведаў цану іх творчасці. Паколькі актыўна займаўся літаратуразнаўствам, думаў — раптам спатрэбяцца. Урэшце, хоць бы для таго, каб пацвердзіць тую «праўду», што ён пісаў пра кагосьці, каго за тую «праўду» і арыштавалі. Думаю, з рознымі прыцэламі збіраў рукапісы... Дарэчы, архівіст Віталь Скалабан у гэтым прызнаваў ягоныя заслугі — дзякуючы Бэндэ захаваліся аўтографы, фотаздымкі, перапіска многіх з тых, хто не вярнуўся з турмаў і лагераў. А хто вярнуўся, мог сваё ў яго выкупіць...

— Няўжо Лукаш Бэндэ сам не адчуваў, як усё гэта выглядае?

— Думаю, не. А вось ягоная постаць для многіх стала застрашлівай. Вось што мне расказвала Галіна Максімаўна Гарэцкая, дачка расстралянага ў 1938 годзе пісьменніка Максіма Гарэцкага... Яна была настаўніцай адной са школ Ленінграда... У яе класе раптам з'яўляецца дзяўчынка з прозвішчам Бэндэ. Галіна Максімаўна прызнавалася, што адчула не тое што страх, але нейкае здранцвенне. Дзяўчынка была дачкой Лукаша Бэндэ. Калі тая прыйшла дадому, сказала тату, што вось, у нашай настаўніцы тое ж прозвішча, што і на карэньчыках кніг, якія стаяць на тваёй паліцы. Магчыма, Бэндэ таксама стала ніякавата, што вось так лёс распарадзіўся. Бо непасрэдна ён, можа, і не браў удзел у тым, што Гарэцкага арыштавалі... Але ініцыяваў шмат кампаній па адшукванні «ворагаў» у літаратуры, напісаў дастаткова таго, што называлі крытыкай-прысудам. Выходзіла такая публікацыя — і было зразумела, што назаўтра, ці праз некалькі дзён героя артыкула арыштуюць. Бэндэ быў удзельнікам працэсаў, якія правакаваў, спрыяў, каб пісьменнікі падстаўляліся, выяўлялі «варожыя» памкненні...

— Як архіў Бэндэ трапіў у вашу ўстанову?

— Пасля смерці Бэндэ з яго сям'ёй вяла перагаворы першы дырэктар нашага архіва, Клара Сцяпанаўна Жорава. Гэта быў 1962 год — а Бэндэ памёр у 1961-м. У сярэдзіне 1960-х архіў ужо быў прывезены з Ленінграда сюды.

— Ці ўсё да вас трапіла?

— Думаю, не ўсё. Тым больш калі Бэндэ саступаў за нейкую цану дакументы са сваіх збораў, многае разышлося. Дарэчы, у пачатку 2000-х нейкі сваяк пасля публікацыі пра Бэндэ напісаў зварот-скаргу, маўляў, гэта абраза, умяшальніцтва ў асабістае жыццё, на Лукаша Бэндэ навешваюць усё, што рабілася і многімі іншымі.

— Што яму адказалі?

— Што публікацыя ўтрымлівае толькі факты, пацверджаныя архіўнымі дакументамі. Так, можна спасылацца, што Бэндэ крытыкаваў адпаведна з ідэалогіяй часу, «так усе рабілі». А тое, што пасля яго крытыкі пісьменнікаў прыходзілі арыштоўваць, і часта забіралі назаўсёды... Як гэта забыць? Пісьменніку можна было прад'явіць афіцыйныя абвінавачванні толькі пасля таго, як у перыёдыцы з'яўлялася прафесійная крытыка. І такія «прафесіяналы» былі... Адточвалі сваё майстэрства. Пасля выкладалі гісторыю літаратуры, чыталі лекцыі пра Коласа і Купалу...

— І як Бэндэ-літаратуразнаўца можна ацаніць?

— Прафесійным пяром ён валодаў, але сёння мы можам толькі жахацца ад многага з таго, што ён пісаў... Прызнаць гэта каштоўнасцю, пэўным этапам развіцця беларускага літаратуразнаўства нельга. Яго лекцыі ў найбольшай ступені — гэта кампіляцыі з розных прац. Талент у яго, безумоўна, быў, а вось як ён ім скарыстаўся…


Гісторыя аднаго перакладу

«Милый Платоша»

Што ж, давайце будзем абапірацца толькі на тое, што нам раскажуць дакументы.

Вось ліст ад 23 мая 1956 года, да Дзмітрыя Захаравіча Бародзіча, навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуры Беларускай акадэміі навук. Пачатак вельмі натхнёны — «ваше письмо принесло мне большую, большую радость». І шматзначная заўвага: «Правда, лет двадцать я ничего о вас не слыхал, где вы были? Не там ли?»

Чарнавік ліста Л. Бэндэ да П. Броўкі, напісаны на рэдакцыйным рукапісе.

Літаратуразнавец Дзмітрый Бародзіч «там» не пабываў, хоць вызначаўся дастаткова яршыстым характарам, ваюючы з кіраўніком інстытута Васілём Барысенкам, якога лічыў вульгарызатарам літаратуразнаўства. Тады Бародзіч пісаў манаграфію пра Платона Галавача, расстралянага 29 кастрычніка 1937 года і толькі што рэабілітаванага.

«Я знал судьбу Платоши, но не знал окончательно об официальной реабилитации, хотя ни на одну миллионную секунды никогда не сомневался в кристальной честности нашего друга... Ведь мы вместе, душа в душу, делясь всем — и мыслями и продуктами, и одеждой, и даже любовью к девушкам, прожили три года, воспитывались на трудах и опыте Ленина, в ленинском духе, одной матерью — нашей партией».

Бэндэ распавядае, як ён клапоціцца пра спадчыну сябра, якія дакументы ў яго захаваліся з той спадчыны... «К счастью, в 1937 г. и во время войны мой архив не пострадал особенно, хотя дважды был на краю гибели». Прапануе сваю дапамогу з манаграфіяй — «я был бы счастлив, если бы вы прислали ее мне на просмотр, а то и редактуру. Сделайте это, право, будет неплохо».

І дадае: «Дорогой друг, надо во что бы то ни стало добиться издания всех произведений Платона. Я бы хотел быть в числе редакторов и комментаторов его произведений».

Яшчэ парада: «обратитесь к Лынькову, Коласу, Кулешову, Гурскому, Бровке и некоторым другим писателям (кроме Кучера, я бы очень не хотел, чтобы это имя хоть отдаленно прикоснулось к имени нашего друга)».

Бэндэ скардзіцца, што з Ленінграда вымушаны часова з'ехаць у Жытомір з-за адсутнасці работы, бо «постарались некоторые «приятели» из Минска, пришлось ехать без семьи на перефирию» (менавіта так і напісана — «перефирия», падобных граматычных памылак у Бэндэ хапае).

І яшчэ адзін момант адзначым:

«Прошу вас передать мой самый искренний привет Нине, Оксане, Аркадию Кулешову, детям. Где сын Нины и Платона? Мой на Камчатке служит, инженер военный. Что делает Нина, как живет?»

А цяпер неабходныя тлумачэнні.

Кучар — гэта малодшы паплечнік Бэндэ ў «аглабельнай крытыцы», яшчэ адзін «эксперт» у пошуках «ворагаў народа» ў літпрацэсе. Тое, што Бэндэ «адмяжоўваецца» ад яго, можа быць вынікам і асабістай крыўды, і падкрэсліваннем — я ж, маўляў, не такі.

А што датычыцца «мілага Платошы»... Пра сяброўства Лукаша Бэндэ з Платонам Галавачом я даведалася, яшчэ калі рабіла матэрыял пра Галавача на падставе матэрыялаў таго ж БДАМЛіМа. Там захоўваецца здымак 1924 г. слухачоў Мінскай партшколы, сярод якіх — Галавач і Бэндэ, а на адвароце дарчы надпіс першага — другому: «Тебе и себе желаю в будущем с друзьями (в будущем) жить так же дружно, как жили мы. Жить там, где есть «фак»...

П. Головач.

Желаю скорейшего выхода всех твоих поэм в подражание Пушкину.

21/VІ — 24 года»

Вось пра які перыяд «деления мыслями и продуктами» кажа Бэндэ — навучанне ў партшколе. Яшчэ з гэтага подпісу мы даведваемся, што Бэндэ калісьці пісаў паэмы, пераймаючы Пушкіна. Поспехаў, відавочна, не дасягнуў, а яшчэ, магчыма, засталася крыўда на тых, хто падсмейваўся — вось і кампенсаваўся аўтар пасля.

Калі «Маладняк» быў рэарганізаваны ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў, генеральным сакратаром яе стаў Галавач. Але тон там задаваў крытык Лукаш Бэндэ: «Трэба нашым пісьменнікам, асабліва пачаткоўцам, рашуча адмовіцца ад думкі, што вершы пра «месяц», пра «вясну» і інш. вузка асабістыя перажыванні маюць якую-небудзь вартасць».

У адрозненне ад Бэндэ, які любіў прамаўляць і абвінавачваць, Галавач, па сведчанні пісьменніка Паўла Пруднікава, «заўсёды з кожным быў прыветлівы і стараўся трымацца роўным. У час гутаркі ніколі не перабіваў свайго субяседніка. Спачатку даваў магчымасць выказацца яму, а потым ужо гаварыў сам, ніколі ні на каго не павышаў голасу. Скажу шчыра — не любіць яго было немагчыма».

Галавач быў жанаты з Нінай Вечар, прыгажуняй са Слуцка — і гэта вельмі цікавая гісторыя, бо яны з паэтам Аркадзем Куляшовым аказаліся жанатыя на родных сёстрах. Юны Куляшоў прыйшоў у госці да Платона і Ніны і спаткаў сястру Ніны Аксану... Гэта Ніне, яе сястры Аксане і мужу апошняй Куляшову Бэндэ перадае прывітанне.

Сёстры былі з цікавай сям'і: стрыечны брат, Алесь Вечар, з якім Платон Галавач вельмі сябраваў, быў паэт, таксама белапавец, стаў доктaрам біялагічных навук, прафесарам, акадэмікам. На адным з апошніх сваіх фотаздымкаў, зробленым у жніўні 1937 года, Платон зняты менавіта з Алесем Вечарам у Копысі. У тым жа месяцы Галавач быў арыштаваны, пры вобыску канфіскавалі 67 сшыткаў яго рукапісаў.

Чарнавік ліста Л. Бэндэ да П. Броўкі.

Скатаванага і знясіленага Галавача расстралялі 29 кастрычніка 1937 года разам з дзясяткамі іншых літаратараў. Ніну Фёдараўну Вечар арыштавалі 5 лістапада і асудзілі як «члена семьи изменника Родины» на восем гадоў лагераў.

Калі яна вярнулася і была рэабілітавана, пачала шукаць звесткі пра мужа — расстрэлы трымаліся ў таямніцы, і сваякі даўно загінулых не ведалі пра іх смерць. Так было і ў выпадку з Галавачом. З дакументаў выходзіць, што тады, калі Бэндэ перапісваўся з Дзмітрыем Бародзічам, Ніна Фёдараўна яшчэ не ведала дакладна пра лёс мужа. Бо вось рапарт ад 1956 года начальніка 1-га спецаддзела МУС БССР маёра Мінаева намесніку міністра ўнутраных спраў БССР палкоўніку Ханяку:

«В 1-й спецотдел МВД БССР поступило заявление Вечер Нины Федоровны о розыске Головача Платона Романовича, осужденного ВК Верховного суда СССР к ВМН.

Прошу вашего согласия объявить заявителю Вечер Н. Ф., что муж ее, Головач П. Р., находясь в лагере, 25 декабря 1944 г. умер от паралича сердца».

Рэзалюцыя такая: «Согласен. 19.VІІІ».

Як бачыце, сапраўдная дата і прычына смерці па-ранейшаму хаваліся.

Тое, што Бэндэ не ведае, дзе жонка «милого Платоши» і яго сын, выклікае сумненні, наколькі ён быў заклапочаны лёсам «найбліжэйшага сябра» і яго сям'і. Зразумела, што ў свой час «адмежаваўся». Затое цяпер хоча быць рэдактарам, цэнзарам, галоўным распараджальнікам спадчыны рэабілітаванага...

Наконт нараканняў на ўласны пераслед, падставы для яго былі: беларуская пісьменніцкая супольнасць Бэндэ небеспадстаўна ненавідзела. У 1938-м Луку Апанасавіча нават выключылі з Саюза пісьменнікаў БССР, і бачыць яго ў Беларусі больш ніхто не жадаў.

«Мы друг другу еще можем пригодиться»

Наступны ліст да Бародзіча датаваны 18 лістапада 1957 года. Ён куды больш сухі, без усялякіх «дорогой друг».

«Уважаемый Дмитрий Захарович!

Давненько не писал вам, и от вас ничего нет. Как обстоит дело с изданием произведений Платона? Что слышно относительно издания на русском языке? (...) Я потерял адрес Нины Федоровны, который вы передали мне по телефону. Прошу повторить. Я хочу написать ей письмо. Есть некоторые вопросы биографии Платона, которые только она сможет разъяснить».

Бародзіч, мяркуючы па лістах, так і не даслаў на рэдагаванне Бэндэ свае напрацоўкі. 22 снежня 1957 года Лука Апанасавіч адпраўляе яму ліст з яшчэ больш суровым тонам.

Дарчы надпіс П. Галавача Л. Бэндэ.

«Уважаемый Дмитрий Захарович!

Так и не дождался от Вас ответа на свое письмо, не болеете ли, не в отъезде ли? Не знаю, есть ли смысл нам обрывать переписку. У нас обоих много общих интересов, и мы друг другу еще можем пригодиться».

Заўважылі, як аўтар ліста «мякка сцеле» ды намякае не «пляваць у калодзеж»? А далей пачынаецца галоўная інтрыга нашай гісторыі.

«В своем последнем письме я, между прочим, просил адрес Нины Федоровны, но получил его очень необычным путем, через Москву. Какой-то мерзавец (или мерзавцы) из Минска внушили Нине Федоровне, что я виноват в гибели Головача и подсунули или продиктовали ей заявление на имя Деева (у Дзяржлітвыдат. — Л. Р.), в котором якобы она по собственной инициативе возражает против поручения мне перевода романа «Праз гады» на том основании, что я 1) не знаю белорусского языка, 2) третировал Головача как писателя и коммуниста.

Для жуликов не существует никаких норм, они не стесняются писать любую ложь, лишь бы бросить тень на меня. А ведь это наверное коммунисты. Как видите, есть еще провокаторы и в наше время. Вот они и ввели бедную женщину в заблуждение ради каких-то грязных своих замыслов, видимо сулящих им солидную прибыль.

Я написал Нине Федоровне большое письмо, в котором показал истинный смысл провокации и характер ее заявления. Я не поверил, да и сейчас не верю, чтобы она сама способна была на эту подлость. Я знал ее как порядочную женщину, не способную на гадости. Она жертва в руках какого-то авантюриста».

Раззлаванасць аўтара ліста чытаецца нават паміж радкоў... Цікава, што ён мае на ўвазе пад «солидной прибылью»? Ганарар за пераклады твораў Галавача, якога, падобна, зноў пачнуць выдаваць? Бэндэ цвёрда разлічваў захаваць гэтую «дзялянку» за сабой... Ён паведамляе, што некалькі разоў пісаў Ніне Фёдараўне, але тая не адказвае. І калі не адкажа, «то придется принять меры самозащиты».

«Я сделаю вот что: напишу официальное заявление на имя прокурора республики с просьбой расследовать, причастен ли я к аресту Головача или кого-либо из белорусских писателей... Копии заявления пошлю в ЦК тов. Мазурову, в Союз тов. Бровко, в некоторые редакции и, думаю, небесполезно будет послать Василию Васильевичу Борисенко. Инкубатор провокаций и сплетен, как мне кажется, находится где-то в районе Института литературы Академии наук».

І заканчвае — «у меня совесть чиста».

Як бачыце, Бэндэ збіраўся ваяваць па-сур'ёзнаму... Яго нядаўнія ахвяры, абвінавачаныя ім на старонках перыядычных выданняў у нацдэмаўшчыне, буржуазным светапоглядзе ды варожых вылазках, не мелі магчымасці гэтак абараняцца. Нават Лынькоў, які ў 1938—1948 гадах узначальваў Саюз пісьменнікаў БССР, прызнаваўся, што без «бэндэўскай дубіны» дыхаць вальней.

З удавой Галавача Бэндэ, аднак, сварыцца не жадае — бо ў яе ж (не ведаю, наколькі ў тыя часы гэта актуальна, але) аўтарскія правы.

20 лістапада 1957 года Лукаш Бэндэ сапраўды піша Броўку, які змяніў Лынькова на пасадзе старшыні пісьменніцкай арганізацыі, прыклаўшы копію свайго ліста да Ніны Галавач:

«Дело вот в чем. Я взял в Гослитиздате для перевода на русский язык роман Головача «Праз гады» и уже половину перевел. Недавно в Гослитиздат поступило заявление, подписанное Н. Ф. Головач-Вечер, в котором возражается против поручения мне перевода... В заявлении указано, что Союз писателей Белоруссии, со своей стороны, пишет письмо в Гослитиздат, в котором подтвердит все сказанное в заявлении и выразит возражение против поручения Бендэ работы по переводу.

Это значит, что кто-то в Минске снова стал на путь травли и преследования меня клеветническими заявлениями, на сей раз избрав орудием клеветы жену Головача».

Чытаючы гэтыя нараканні, успамінаецца народная мудрасць «Насіў воўк, панеслі і ваўка».

«Это для нее наименее болезненный путь»

Захаваўся чарнавік ліста Бэндэ да таго ж Броўкі, у чарнавіку шмат абурэння і шмат правак. «...Горса (директор) сказал, что в субботу ему звонил по твоему поручению М. Федорович и передал, что ты, ознакомившись с делом (видимо, с делом Головача), поддерживаешь заявление Н. Ф. Головач, чтобы не печатать мой перевод романа Головача «Через годы»... Приведу свидетельские показания родственника П. Головача Дмитрия Бородича. В письме от 26.5.56 он писал: «И все меня убеждали, что основным гробовщиком...»

Цытата слоў Бародзіча перарываецца шматкроп'ем — відаць, у чыставіку свайго ліста Бэндэ прыводзіць яе цалкам. Можна зразумець, што гэтая цытата павінна пацвердзіць, што Ніна Фёдараўна не мае падстаў вінаваціць Бэндэ.

Ліст Л. Бэндэ да Д. Бародзіча.

14 студзеня 1958 года Бэндэ піша Бародзічу, які, як мы ведаем з ліста да Броўкі, сваяк Галавача:

«Мне очень не хотелось бы портить нервы Нине Федоровне, как она испортила мне своим клеветническим заявлением, этой невольной «диверсией», если так можно выразиться. Лучше было бы все разъяснить путем переписки, чем официальным (через прокурора) путем. Если она может вырвать то, что посеяла своим заявлением, то пусть вырвет. Это для нее наименее болезненный путь».

«Довольно плевков я сносил от всяких сволочей, больше не могу и не буду» — заяўляе Бэндэ. І просіць перадаць Ніне Галавач, што яна мусіць напісаць ліст з абвяржэннем: «Пусть она поймет, что другого исхода не может быть, кроме позора для нее, если она не отречется от клеветы».

І гэта ён пагражае жанчыне, якая ні за што прайшла лагеры, была разлучана з дзецьмі, страціла мужа...

Мімаволі ўспамінаеш, а колькі нерваў папсаваў Бэндэ таму ж Янку Купалу, калі назваў яго ў артыкуле «Шлях паэта» «ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджэнізму», пасля чаго паэта пачалі выклікаць на допыты ў ДПУ... Скончылася гэта спробай самагубства, а пасля знясілены Купала быў змушаны пад фактычна дыктоўку Бэндэ пісаць адкрыты пакаянны ліст...

У лісце, які 19 студзеня 1958 года Бэндэ зноў адрасуе Бародзічу, мы бачым водгулле ліставання з Броўкам. Мяркуючы па ўсім, Бародзіч выказаў абурэнне, што Бэндэ цытуе ўрыўкі з яго лістоў у доказ сваёй праваты, выдзіраючы словы з кантэксту.

«Вы обижаетесь, что я процитировал ваши письма ко мне, считая, что так делать «просто неприлично. Личная переписка все же личная переписка». Так что же плохого и неприличного в том, что эти ваши слова процитированы в письме к Нине Федоровне и доведены до сведения Бровки?»

Бэндэ выказвае падазрэнне, што калі Бародзіч незадаволены, дык, магчыма, ён зусім і не абараняў Бэндэ перад Куляшовымі і Нінай Фёдараўнай, якую, як ён працягвае сцвярджаць, падмануў нейкі «подлец».

«Тот факт, что вы настолько нервозно реагируете на мои письма к Н. Ф., наталкивает на разные мысли. Я очень боюсь, чтобы не поколебалась вера в вас».

Наколькі мне вядома, пераклад Бэндэ так і не быў надрукаваны. Самае цікавае, што пераклад на рускую мову рамана «Сквозь годы» быў зроблены яшчэ ў 1935 годзе К. Якоўчыкам, прычым пазначана, што пераклад аўтарызаваны. Ён выдадзены ў Маскве, у Дзяржлітвыдавецтве, у тым жа 1935 годзе. Наступны пераклад рамана зрабіў Кабзарэўскі — той выйшаў у Мінску, у выдавецтве «Беларусь», у 1965-м.

Гэта толькі адна гісторыя, якая адкрылася ў архіве Лукаша Бэндэ. Расповед яшчэ працягнецца.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Таямніцы фонду Лукаша Бэндэ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.