Вы тут

Абараніць і папярэдзіць: Савет Рэспублікі ўхваліў шэраг актуальных законапраектаў


Савет Рэспублікі ўхваліў законапраекты аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму, папраўкі ў законы па пытаннях процідзеяння экстрэмізму, змены закона аб масавых мерапрыемствах і іншыя заканадаўчыя акты, якія датычацца дзяржаўнай аховы і нацбяспекі.


Сенатары на пасяджэнні пятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання, якая адбылася сёння, ухвалілі некалькі законапраектаў, змены ў якія выкліканы падзеямі другой паловы мінулага года. Пачнём з галоўнага — аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму.

Гэты законапраект — складнік комплексу мер, накіраваных на тое, каб карэнным чынам спыніць гэтыя праявы. Трэба разумець, што ў сітуацыі, якая ў пэўным становішчы праява нацызму — гэта элемент той вайны, якая вядзецца з Рэспублікай Беларусь. Яе называюць гібрыднай, інфармацыйнай, але асноўная мэта — гэта захоп улады, знішчэнне незалежнай Беларусі, — падкрэсліў генеральны пракурор Андрэй ШВЕД.

Ён адзначыў, што неанацысцкія арганізацыі — адзін з элементаў радыкалізацыі тых праяў, якія адбываюцца, пачынаючы са жніўня мінулага года.

— І наш з вамі святы абавязак, звязаны з забеспячэннем бяспекі і стабільнасці ў нашым грамадстве, — гэта спыніць любыя праявы нацызму і тым больш рэабілітацыі нацысцкіх злачынцаў, — адзначыў генпракурор.

Трэба адзначыць, што гэта законапраект з’яўляецца прынцыпова новым для беларускай прававой сістэмы: да гэтага асноўным заканадаўчым актам, які рэгулюе на цяперашні час пытанні супрацьдзеяння гэтай з’яве з’яўляецца закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму».

Так, упершыню замацоўваюцца новыя тэрміны і азначэнні: у прыватнасці ўводзяцца новыя тэрміны «нацысцкія злачынцы» і «памагатыя нацысцкіх злачынцаў». Вызначаюцца суб’екты супрацьдзеяння рэабілітацыі нацызму, іх кампетэнцыя, замацоўваюцца прафілактычныя меры і меры супрацьдзеяння рэабілітацыі нацызму. Таксама замацоўваецца забарона на: рэабілітацыю нацызму і яе фінансаванне, дзейнасць суб’ектаў, накіраваная на рэабілітацыю нацызму, прапаганда, публічнае дэманстраванне і іншыя дзеянні, звязаныя з выкарыстаннем нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі.    

Абарона ад хлусні

На пасяджэнні сесіі сенатары таксама пагадзіліся з папраўкамі ў законы па пытаннях процідзеяння экстрэмізму.

Для нас вельмі важна, што Савет Рэспублікі ўхваліў законапраект, накіраваны на супрацьдзеянне экстрэмізму. Тыя прапановы і навелы, якія ў ім замацаваны, ідуць ад жыцця, ад неабходнасці абароны нашай краіны, суверэнітэту, нашай тэрытарыяльнай цэласнасці, — падкрэсліў у размове з журналістамі генеральны пракурор Андрэй Швед.

Паводле яго слоў, пры падрыхтоўцы законапраекта ўлічваўся міжнародны вопыт.

Тыя нормы, якія замацаваны ў законапраекце, прадугледжваюць комплекс збалансаваных мер. Гэта захады прафілактычнага, папераджальнага і карнага характару.

Гэта значыць дзяржава прымае ўсе магчымыя меры не толькі каб караць, але ў першую чаргу прафілактаваць, выяўляць, і толькі калі ўжо прынятыя меры, вырашаць пытанне аб адказнасці гэтых асоб, — адзначыў генпракурор.

У прыватнасці, замацоўваюцца новыя тэрміны і іх вызначэнні, а таксама ўдакладняюцца існуючыя. Так, уводзяцца паняцці «экстрэмісцкая сімволіка і атрыбутыка» і «экстрэмісцкае фарміраванне». Пашыраюцца вызначэнні тэрмінаў «экстрэмізм» (экстрэмісцкая дзейнасці) і «экстрэмісцкія матэрыялы». Да экстрэмісцкіх матэрыялаў прапануецца адносіць не толькі інфармацыйную прадукцыю, але сімволіку і атрыбутыку экстрэмісцкіх арганізацый.

Да экстрэмізму будуць адносіцца таксама публічныя заклікі да арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў у парушэнне вызначанага парадку іх арганізацыі і правядзення, а таксама ўцягненне ў іх грамадзян; садзейнічанне ажыццяўленню экстрэмісцкай дзейнасці, навучанне ці падрыхтоўка для ўдзелу ў такой дзейнасці; распаўсюджванне хлуслівых звестак, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь і іншыя. 

Важна: замацоўваецца новы механізм супрацьдзеяння экстрэмізму. На МУС ускладаюцца паўнамоцтвы па вядзенні і публікацыі пераліку арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў і грамадзян, якія маюць адносіны для экстрэмісцкай дзейнасці. Вызначаюцца падставы ўключэння ў такія пералікі, забарона на асобныя віды дзейнасці (напрыклад, пазбаўленне права займацца педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю, займаць дзяржаўныя пасады, праходзіць вайсковую службу), а таксама падставы для выключэння асоб з такіх пералікаў. Дарэчы, фінансавыя аперацыі грамадзян, якія трапілі ў гэты спіс, павінны знаходзіцца на асаблівым кантролі.

З навел — скарачэнне тэрміну разгляду ў судзе матэрыялаў з прыкметамі экстрэмізму ў адносінах да арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў: максімальны тэрмін разгляду зараз будзе складаць месяц.

Толькі дазвольны прынцып

Сенатары на пасяджэнні сесіі Савета Рэспублікі таксама ўхвалілі законапраект «Аб змяненні Закона Беларусі „Аб масавых мерапрыемствах у Беларусі“».

Змены ў закон аб масавых мерапрыемствах прадыктаваныя часам і практыкай выкарыстання, — падкрэсліў у размове з журналістамі міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ. — У новым законапраекце скасоўваецца паведамляльны прынцып, калі дастаткова было паведаміць у органы ўлады. Мы ўнеслі змены. На сённяшні дзень у абавязковым парадку павінен быць дазвольны прынцып, то бок заяўны. Чаму гэта было зроблена? Другая палова 2020 года паказала, што асобныя грамадзяне Беларусі, а менавіта дэструктыўна настроеныя сілы, выкарыстоўвалі гэтую норму для збору грамадзян. Потым у пэўны момант выводзілі людзей на вуліцы, падчас масавых беспарадкаў здзяйсняліся злачынствы, у тым ліку цяжкія і асабліва цяжкія.

Міністр падкрэсліў, што пры падрыхтоўцы законапраекта вывучалася міжнародны вопыт, у тым ліку Расійскай Федэрацыі.

Прадугледжваецца, што разам з месцамі, у якіх правядзенне масавага мерапрыемства забараняецца, выканкамы будуць вызначаць месцы, рэкамендуемыя для правядзення мерапрыемства.

На журналістаў СМІ, якія прысутнічаюць на масавым мерапрыемстве, распаўсюджваюцца тыя ж патрабаванні па захаванні грамадскага парадку, якія дзейнічаюць для яго арганізатараў і ўдзельнікаў.

Уводзіцца забарона на асвятленне ў СМІ, інтэрнэце і іншых інфармацыйных сетках у рэжыме рэальнага часу масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца з парушэннем вызначанага парадку, з мэтай іх папулярызацыі ці прапаганды.

Забараняецца збор, атрыманне і выкарыстанне грошаў і іншай маёмасці на пакрыццё выдаткаў, звязаных з прыцягненнем да адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. 

Права на ахову

Сенатары падтрымалі законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь „Аб дзяржаўнай абароне суддзяў, службовых асоб праваахоўных і кантралюючых (наглядных) органаў, супрацоўнікаў органа дзяржаўнай аховы“».

Змены ў закон прадыктаваныя часам. Пагрозы ў канцы мінулага года, ды і ў пачатку гэтага года паступалі ў адрас службовых асоб у сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў. Але не толькі ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў альбо ў дачыненні да суддзяў, але і ў дачыненні да проста асоб з грамадзянскай пазіцыяй — настаўнікаў, артыстаў, журналістаў таксама паступала вялікая колькасць пагроз. Таму ў законапраект унесена паняцце, як іншыя абараняемыя асобы, — патлумачыў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.

Паводле яго слоў, любы грамадзянін, у дачыненні да якога паступаюць пагрозы, звяртаецца ў органы ўнутраных спраў. У сваю чаргу яны вызначаюць ступень пагрозы.

З улікам гэтага і вызначаецца ступень абароны. Камусьці дастаткова, магчыма, проста змяніць месца працы ці месца жыхарства, а камусьці неабходныя змены знешнасці. Якія меры абароны ўжываць да той ці іншай асобы будуць вызначаць супрацоўнікі органаў унутраных спраў на падставе аналізу тых пагроз, якія паступаюць, — патлумачыў міністр.

Ён падкрэсліў, што такія меры абароны будуць выконвацца за дзяржаўныя сродкі.

Трэба сказаць, што законапраектам замацоўваецца магчымасць выкарыстання такой меры бяспекі як змена знешнасці не толькі ў адносінах да ахоўваемых асоб, але і ў адносінах да іх блізкіх.

Таксама прадугледжанае абавязковае дзяржаўнае страхаванне жыцця і здароўя ахоўваемых асоб распаўсюджваецца таксама і на іх блізкіх у перыяд выкарыстання да іх мер бяспекі.

Ліквідаваць прабелы

Сенатары ўхвалілі законапраект аб змяненні законаў па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі.

Законапраект накіраваны на забеспячэнне канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне поўнай і пэўнай інфармацыі, абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў у сферы масавай інфармацыі, нацыянальнай бяспекі ў інфармацыйнай сферы.

— Практыка выкарыстання заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі паказала, што ў нас ёсць пэўныя прабелы, якімі, на жаль, карысталіся нашы нядобрасумленныя калегі. Змены, якія сёння былі прынятыя членамі Савета Рэспублікі, як раз такі накіраваны на ліквідацыю гэтых прабелаў або вузкіх месцаў у заканадаўстве, — падкрэсліў у размове з журналістамі міністр інфармацыі Уладзімір ПЯРЦОЎ.

Паводле яго слоў, законапраект накіраваны на процідзеянне распаўсюджванню фэйкавай інфармацыі і ўвядзенне адказнасці журналіста за такія дзеянні.

Праектам закона таксама прапануецца дадаткова надаць Міністэрству інфармацыі права прыняцця рашэння аб спыненні выпуску СМІ (разам з судом пры наяўнасці адпаведнага рашэння Міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы пры Савеце бяспекі Беларусі).

— У эпоху, калі карціна дня фармуецца нават не за дні, а за лічаныя гадзіны, гэта ўплывае на грамадскую думку, заахвочвае нашых грамадзян да дзеяння. Мы не можам сабе дазволіць чакаць рашэння суда. Бо на разбор можа сысці не адзін і не два месяцы. Да таго ж гэта не галаслоўна, гэта заўсёды мае пад сабой пэўную глебу, адпаведнае хадайніцтва кампетэнтных органаў, — падкрэсліў міністр.

Акрамя таго, законапраектам пашыраецца пералік асоб, якія не маюць права выступаць заснавальнікамі СМІ; удакладняюцца падставы для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі (перарэгістрацыі) СМІ; пашыраюцца падставы для адмовы ў выдачы дазволу на распаўсюджванне ў Беларусі прадукцыі замежнага СМІ; уводзяцца абавязкі юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ; карэктуецца прававы статус журналіста; прадугледжваецца магчымасць пазбаўлення журналіста акрэдытацыі; пашыраецца пералік інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена; спрашчаецца прыняцце рашэння аб спыненні выпуску СМІ. Таксама ўдакладняюцца асаблівасці выкарыстання спасылкі на крыніцы інфармацыі і ўдасканальваюцца правілы абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, сеткавых выданняў.

Вольга АНУФРЫЕВА, фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Зрабіць тэрміновы рамонт, купіць добры халадзільнік замест старога, набыць новую мэблю — планы, знаёмыя многім.

Культура

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Калі проза — невычэрпная велічная рака, то паэзія — бурлівы неўтаймоўны вадаспад з безліччу гуллівых пырскаў-эмоцый.

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.