Вы тут

«Рэбрэндынг» Чарнобыля. Навошта Украіна «перафармаціруе» забруджаныя тэрыторыі?


Авіякампанія «Міжнародныя авіялініі Украіны» (МАУ) арганізуе адмысловы рэйс «Палёт над Кіевам і Чарнобылем». Палёт прымеркаваны да 35-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі і пройдзе напярэдадні гэтай даты, 25 красавіка, паведамілі avіanews.com. Пасажыры спецрэйса праляцяць самалётам Embraer-195 на вышыні 900 метраў над Кіевам і Чарнобылем і ўбачаць гарады з розных ракурсаў, пачуюць гістарычныя факты пра аварыю на ЧАЭС, абяцаюць у МАУ. Таксама можна будзе паглядзець на закінуты горад атамшчыкаў — Прыпяць, які эвакуіравалі ў 1986 годзе. Кошт экскурсіі — 2970 грыўняў ($106). Як бачым, Чарнобыль ва Украіне ўсё больш пазіцыянуецца як турыстычны прадукт. І не больш за тое. Навошта краіна-суседка актыўна праводзіць рэбрэндынг «зоны»?


«Магніт» і палігон

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў ліпені 2019-га прапанаваў зрабіць зону вакол Чарнобыльскай АЭС пунктам эканамічнага росту і турыстычным «магнітам». Было абвешчана, што ўсім ахвотным наведаць месца аварыі забяспечаць «зялёны калідор». На думку Зяленскага, адна з найбуйнейшых у гісторыі тэхнагенных катастроф павінна стаць «брэндам краіны», перадала РІА «Навіны».

Кіраўнік суседняй дзяржавы выдаў указ «Аб некаторых пытаннях развіцця тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню з прычыны чарнобыльскай катастрофы». «Указ стане пачаткам пераўтварэння зоны адчужэння ў адзін з пунктаў росту новай Украіны. У першую чаргу мы створым «зялёны калідор» для турыстаў і прыбяром перадумовы для карупцыі», — растлумачыў тады Зяленскі.

Паводле яго слоў, раней «Чарнобыль быў адмоўным складнікам брэнда Украіны». «Прыйшоў час гэта змяніць, — заявіў прэзідэнт. — Чарнобыль — унікальнае месца на планеце, дзе прырода адраджаецца пасля сусветнай тэхнагеннай катастрофы, дзе ёсць сапраўдны горад-прывід. Мы павінны паказаць гэтае месца свету».

Украінскія ўлады абвясцілі маштабны рэбрэндынг зоны адчужэння пад Чарнобылем і пераўтварэнне гэтых тэрыторый у паўнавартасны турыстычны аб'ект. «Будуць пракладзены новыя турыстычныя маршруты, у тым ліку водныя. Будуць адменены неабгрунтаваныя абмежаванні і забароны, напрыклад, у дачыненні да відэаздымкі. Украіна стане папулярызаваць турыстычны Чарнобыль на міжнародных мерапрыемствах», — паведаміла прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта.

Прычым наведванне «зоны» можна будзе ўзгадняць праз электронны кабінет. У выпадку адмовы турыста праінфармуюць загадзя, а не на кантрольна-прапускным пункце. Зяленскі адзначыў, што такім чынам дзяржава спрабуе падначаліць беспарадак, які не ўдаецца ўтаймаваць. «Зона адчужэння да гэтага часу з'яўляецца яшчэ і сімвалам карупцыі ва Украіне. Гэта хабар, які сілавікі збіраюць з турыстаў, а таксама нелегальны вываз металалому і выкарыстанне прыродных рэсурсаў», — падкрэсліў ён. І заклікаў: «Давайце нарэшце перастанем адпужваць турыстаў. Зробім тут зямлю свабоды, якая стане адным з сімвалаў новай Украіны». Разам з тым Кіеў заявіў, што плануе выкарыстаць зону адчужэння як палігон для спецыялістаў з ЕС і НАТА, якія будуць праводзіць там трэніроўкі па папярэджанні і ліквідацыі тэхнагенных аварый.

Змену турыстычнай палітыкі ў дачыненні да зоны адчужэння Зяленскі анансаваў у сувязі з тым, што напярэдадні Украіна атрымала ад Еўрапейскага саюза падарунак — новы саркафаг для разбуранай Чарнобыльскай АЭС. «Гэтая найбуйнейшая ў свеце мабільная металічная канструкцыя распрацоўвалася і будавалася больш за дваццаць гадоў», — адзначалася ў прэс-рэлізе ЕС. Брусель таксама нагадаў, што «ЕС быў галоўным донарам узвядзення саркафага, выдзеліўшы на яго 431 мільён еўра». Усяго з 1991 года Еўрасаюз выдаткаваў каля мільярда еўра на дапамогу Украіне ў галіне ядзернай бяспекі, удакладнілі ў кіеўскім прадстаўніцтве ЕС.

Запаведнік на паперы

А роўна год таму — у красавіку 2020-га — у зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС адбыўся маштабны пажар. Здарэнне выклікала міжнародны рэзананс, паколькі агонь наблізіўся да самых сховішчаў радыеактыўных матэрыялаў, і спыніць яго ўдалася толькі дзякуючы надыходу дажджлівага надвор'я. Зрэшты, ужо праз пару дзён полымя зноў разадзьмула пясчаная бура. Прычынай надзвычайнага здарэння сталі звычайная халатнасць чыноўнікаў плюс разгільдзяйства месцічаў — тыповыя для Украіны з'явы, нават у зоне небяспечнага аб'екта, які павінны старанна ахоўвацца, заўважыла lenta.ru. Але гэта нядзіўна, улічваючы што летась улады скарацілі бюджэт на ўтрыманне ЧАЭС і зоны адчужэння. І гэта прытым, што дагэтуль чыноўнікі на чале з кіраўніком дзяржавы абяцалі ператварыць яе ў квітнеючы турыстычны кластар.

Падчас мінулагодніх пажараў на ўсю моц шугаў Руды лес — участак каля Чарнобыльскай АЭС, які прыняў на сябе максімальную дозу радыяцыі пасля аварыі ў 1986 годзе. Загінулыя тады дрэвы высеклі, але так і не змаглі належным чынам пахаваць з-за высокага ўзроўню гама-выпраменьвання і, як правіла, проста прысыпалі зямлёй, а то і зусім пакінулі ляжаць на паверхні. Летась было зафіксавана, што ў Кіеў разам з паветранымі масамі з Чарнобыля трапілі часцінкі радыеактыўнага цэзію-137. Праўда, улады сцвярджалі, што канцэнтрацыя радыенуклідаў у паветры нязначная і не ўяўляе пагрозы для здароўя. У самой жа зоне радыяцыйны фон падчас пажару перавысіў норму ў 16,5 раза.

Як сцвярджаюць эксперты, чарнобыльская тэрыторыя не была гатовая да маштабнага пажару. Некаторыя ачагі ўзгарання ў зоне адчужэння знаходзяцца ў такіх месцах, дзе няма пад'езду, і, адпаведна, магчымасці падвезці тэхніку. На думку выконваючай абавязкі кіраўніка Дзяржаўнага агенцтва Украіны па кіраванні зонай адчужэння (ДАЗА) Кацярыны Паўлавай, для стварэння неабходнай супрацьпажарнай інфраструктуры ў «зоне» спатрэбіцца некалькі гадоў. Як распавёў сябра грамадскага савета пры агенцтве Яраслаў Емяльяненка, улады Украіны толькі на 11-ы дзень пажару ўсё-ткі ўсвядомілі праблему і знайшлі сродкі — амаль 45 мільёнаў грыўняў прыйшлося выдзяляць з рэзервовага фонду, таму што ў профільных ведамстваў іх проста не аказалася.

Летась фінансаванне ДАЗА скарацілі на 256 мільёнаў грыўняў. На 150 мільёнаў урэзалі сродкі на падтрыманне ў бяспечным стане саркафага і поўнага зняцця з эксплуатацыі ЧАЭС. Бюджэты на падтрымку экалагічна бяспечнага стану недалічыліся 50 мільёнаў грыўняў. Фінансаванне дзяржаўнага праекта па аднаўленні ў зоне адчужэння транспартнай інфраструктуры і зусім абнулілі.

Па даных супрацоўніцы прэс-службы «Энергаатама» Наталлі Дзегцярэнкі, супрацьпажарная высечка ў зоне адчужэння і адпаведнае ўладкаванне тэрыторый выконваюцца толькі «на бачных месцах», дзе часта бываюць турысты і прыязджаюць з праверкамі чыноўнікі з Кіева.

Урад так і не прэзентаваў рэальных планаў развіцця запаведніка вакол ЧАЭС. Гэты небяспечны аб'ект даўно вісіць каменем на бюджэце Украіны. Яшчэ ў 2015 годзе ва ўрадзе Арсенія Яцанюка прапаноўвалі перавесці «зону» на самаакупнасць. Прычынай стала спыненне замежнай фінансавай дапамогі.

Ажыццявіць згаданыя планы не атрымалася, аднак неўзабаве пасля гэтага і быў створаны Чарнобыльскі запаведнік — па сутнасці, толькі на паперы. Папярэднік Зяленскага — Пётр Парашэнка — тады таксама абяцаў ператварыць яго ў турыстычны кластар, які стане драйверам змен для ўсёй Украіны, але далей за словы справа не пайшла, паколькі ўсе планы цалкам завязаныя на дапамозе Захаду.

Першапачаткова меркавалася, што міжнародны фонд «Сховішча», у напаўненні якога ўдзельнічала больш за 40 краін, аплаціць толькі работы па будаўніцтве новага саркафага «Арка». А эксплуатацыю аб'екта, які забяспечыць бяспеку ЧАЭС на сто гадоў, будзе фінансаваць сама Украіна. Аднак сродкаў у бюджэце на гэта не знайшлося. Больш за тое, кошт «Аркі» вырас з 250 мільёнаў долараў да больш чым двух мільярдаў еўра, а яе адкрыццё неаднаразова пераносілася і адкладвалася.

Небяспека Чарнобыля — велізарны козыр для Украіны ў любых фінансавых перагаворах з Захадам, заўважыла lenta.ru. Палітыкі заўсёды могуць сказаць, што грошай няма, а абслугоўваць зону адчужэння неяк трэба.

Карупцыйныя схемы

Вакол чарнобыльскай зоны заўсёды было вельмі шмат карупцыі, адзначыў lenta.ru дырэктар Цэнтра вывучэння ўкраінскай палітыкі (ЦВУП) Максім Сямёнаў. З-за цяжкадаступнай тэрыторыі і адсутнасці гаспадарчай дзейнасці чалавека зона адчужэння ператварылася не толькі ў помнік катастрофе 1986-га, але і ва ўнікальны біялагічны запаведнік. Там жывуць рэдкія віды жывёл, выдатна сябе адчувае і раслінны свет, што прыцягвае браканьераў, якімі і з'яўляецца большасць сталкераў.

Акрамя таго, не варта забываць і пра вялікія аб'ёмы чорных і каляровых металаў, што незаконна вывозяць, нягледзячы на небяспеку радыяцыі. Таксама ў «зоне» незаконна сякуць лес, а падпалы ладзяць, каб схаваць сляды сваёй злачыннай дзейнасці. Суразмоўнік lenta.ru лічыць, што многія чыны МУС і адміністрацыйных устаноў у курсе незаконнай гаспадарчай дзейнасці і самі ўдзельнічалі ў карупцыйных схемах. З гэтай прычыны аховай тэрыторыі ніхто не займаўся. Грошы, якія заходнія партнёры выдзялялі на ўтрыманне саркафага і ядзерных могільнікаў, — а гэта мільярды грыўняў, — папросту раскрадаліся.

Дырэктар ЦВУП лічыць, што падобнае стаўленне да праблемы ЧАЭС і прывяло летась да маштабнага пажару. Паводле слоў Максіма Сямёнава, для многіх сілавікоў і чыноўнікаў у раёне зоны адчужэння важна толькі захаваць сваю «даніну» з тэрыторыі і прыкрыць карупцыйныя схемы, а пра магчымую небяспеку ніхто з іх нават не задумваўся. «Сітуацыя з пажарам у Чарнобылі — гэта зрэз усёй украінскай дзяржаўнасці», — лічыць Сямёнаў.

Стала вядома, што служба бяспекі Украіны раскрыла шматмільённыя крадзяжы ў карпарацыі «Укрбуд» пры ўзвядзенні аб'ектаў у чарнобыльскай зоне адчужэння. Пра гэта паведаміў сайт спецслужбы. «Служба бяспекі Украіны выкрыла кіраўніцтва дзяржаўнай будаўнічай карпарацыі «Укрбуд» на мільённых злоўжываннях падчас тэндараў на будаўніцтва аб'ектаў захоўвання і перамяшчэння радыеактыўных адходаў на тэрыторыі зоны адчужэння», — адзначаецца ў паведамленні. Следства выявіла, што ў пагадненні бралі ўдзел «Укрбудмантаж» і «Укрэнергамантаж», якія ўваходзяць у склад «Укрбуда». Паводле даных следчых, у 2017-м і 2018-м гадах дадзеныя кампаніі перамаглі ў некалькіх конкурсах дзяржаўных закупак, якія былі абвешчаны «Чарнобыльскай АЭС» і «Энергаатамам».

«Гаворка ідзе пра будаўніцтва чатырох ядзерных аб'ектаў у чарнобыльскай зоне: цэнтралізаванага сховішча адпрацаванага ядзернага паліва, комплексу інжынерна-тэхнічных сістэм фізічнай абароны і комплексу радыяцыйнага кантролю, а таксама завода па перапрацоўцы вадкіх радыеактыўных адходаў. Агульная сума тэндараў на будаўніцтва гэтых аб'ектаў склала 1,1 мільярда грыўняў ($39,8 млн. — «Зв.»)», — паведамілі ў службе бяспекі.

Паводле інфармацыі СБУ, гэтыя кампаніі атрымалі перамогу на таргах неправамерна. Яны ўступілі ў змову для ліквідацыі канкурэнтаў і маніпуляцыі цэнамі. Абедзве камерцыйныя структуры значна завысілі рыначны кошт работ і паслуг, што прывяло да неабгрунтаванага выдзялення звыш 26 млн грыўняў ($941 тыс.) з дзяржаўнага бюджэту.

Вар'яцтва не спыніць

Тым часам эколагі расказалі аб другасным радыеактыўным забруджванні у чарнобыльскай зоне з-за лясных пажараў у гэтым раёне вясной мінулага года, паведаміў «Укрінфарм». Як адзначыў віцэ-прэзідэнт Прафесійнай асацыяцыі эколагаў Украіны Валянцін Шчарбіна, кожны новы пажар фарміруе новую карту забруджвання. Гэта адбываецца з-за таго, што радыенукліды падымаюцца ў паветра і рассейваюцца там, дзе раней было адносна бяспечна. «Усё гэта змянілася, і змянілася вельмі сур'ёзна», — заявіў эколаг. Пры гэтым у выніку пажараў мінулай вясной радыенукліды трапілі не толькі ў паветра, але таксама ў ваду і глебу. Па словах эксперта, яны ўжо ўключыліся ў геахімічны цыкл і мігрыруюць, з-за чаго адбываецца другаснае радыеактыўнае забруджванне.

А што ж у такіх, мякка кажучы, складаных рэаліях з турыстычным «магнітам»? «У словах Зяленскага як кіраўніка дзяржавы няма ніякага сэнсу. Ён наогул прынцыпова новая палітычная з'ява, гэта разумны і таленавіты акцёр, які іграе, і іграе, у адрозненне ад папярэдніх аматараў, добра, прафесійна. Але любыя яго заявы можна разглядаць толькі як чарговыя рэпрызы «Квартала 95», — заўважыў РІА «Навіны» колішні дэпутат Адэскага гарсавета, кандыдат гістарычных навук, пісьменнік Леў Вяршынін. — Яго словы пра ЧАЭС насілі альбо чыста забаўляльны характар, альбо — з больш высокай верагоднасцю — паказалі, што ўжо стаіць пытанне аб асваенні чарговага траншу на работы ў зоне Чарнобыльскай АЭС».

Ён праводзіць гістарычныя аналогіі. «Тыя, хто задумаў на Украіне Еўрамайдан, выпусцілі на волю сілы, якія не змаглі кантраляваць. Гэта стыхія пратэсту дзеля пратэсту, у гэтым няма і не можа быць рацыі», — кажа эксперт. На яго погляд, тое, што адбываецца, горш, чым чарнобыльская катастрофа: «Наступствы аварыі змаглі неяк ліквідаваць, а гэтае вар'яцтва ніхто спыніць не можа. Толькі чакаць, пакуль яно вытхнецца само сабой, выгарыць». Такі вось атрымліваецца «рэбрэндынг».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?