Вы тут

Ацэтон у крыві дзіцяці: падстава хвалявацца ці чакаць?


З такой праблемай да нас звярнулася чытачка. Яе маленькая пляменніца з гэтым станам нават перыядычна трапляе ў бальніцу. Ці хвароба гэта і якія наступствы могуць чакаць дзяўчынку ў будучыні? Ці можна распазнаваць загадзя такі стан і спраўляцца з ім самастойна? Пра гэта і іншае мы распыталі ўрача-рэабілітолага, загадчыка аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Любоў Лонскую.


— Любоў Андрэеўна, ацэтон у арганізме дзіцяці — гэта хвароба?

— Ацэтанемічны сіндром, або кетатычная гіпаглікемія ў дзіцяці — гэта не хвароба, а расстройства абмену рэчываў. Пры ім узровень глюкозы ў крыві зніжаецца, узровень кетонавых целаў (да іх адносіцца ацэтон) у крыві, мачы, паветры, якое выдыхаецца, павышаецца. Ацэтанемічны сіндром можа пачынацца з 1,5—5 гадоў і праходзіць да 8—9 гадоў самастойна.

— Якія прычыны гэтага стану? Ці важная тут спадчыннасць?

— Мы атрымліваем энергію галоўным чынам з глюкозы, якая назапашваецца ў арганізме, перш за ўсё, у печані ў выглядзе адмысловага рэчыва — глікагену. І калі ў дарослых запасы глікагену велізарныя, то ў дзяцей яны невялікія. Пры незбалансаванай дыеце з вельмі нізкім утрыманнем вугляводаў, працяглымі перапынкамі паміж прыёмамі ежы, пры фізічнай нагрузцы, эмацыянальным стрэсе, вострых рэспіраторных і кішэчных інфекцыях віруснай і бактэрыяльнай прыроды, гэта значыць, пры любым стане, які патрабуе ад арганізма дзіцяці выяўленых энергазатрат, можа ўзнікнуць сітуацыя, калі запасы глікагену скончацца, а энергія па-ранейшаму вельмі патрэбна. І тады арганізм пачынае атрымліваць яе з запасаў тлушчу. І ў выніку шэрагу біяхімічных пераўтварэнняў з тлушчу атрымліваецца рэчыва пад назвай «ацэтон». Калі ў норме ён у крыві вызначаецца ў нязначнай колькасці, то пры ацэтанемічным сіндроме колькасць яго павялічваецца ў дзясяткі разоў, асабліва калі пры гэтым маецца дэфіцыт вадкасці. Адбываецца інтаксікацыя арганізма.

Узнікненне ацэтанемічнага стану ў дзіцяці вызначаецца індывідуальнымі асаблівасцямі абмену рэчываў: запасамі глікагену, інтэнсіўнасцю распаду тлушчу, здольнасцю нырак выводзіць ацэтон. Таму ёсць дзеці, у якіх ацэтон не назапашваецца ніколі, нават пры вельмі высокай тэмпературы і вельмі цяжкім стане, а ёсць такія, у якіх ацэтанемічны стан узнікае практычна пры любой хваробе.

— Чым небяспечны ацэтон для дзіцяці?

— Ён раздражняе слізістыя абалонкі страўнікава-кішачнага тракту і ванітавы цэнтр у галаўным мозгу. Пакутуе нервовая сістэма, сістэма стрававання, можа развіцца сардэчна-сасудзістая недастатковасць.

— Як сябе праяўляе такое расстройства?

— У дзіцяці цалкам знікае апетыт, яно млявае і слабае, шмат спіць. Скардзіцца на вострыя болі ў вобласці пупка, у яго з'яўляецца нястрымная рвота, якая пагаршаецца спробамі яго напаіць або накарміць. Млоснасць і ваніты суправаджаюцца расстройствам стулу, павышэннем тэмпературы цела. Часта стул бывае з характэрным пахам ацэтону, ёсць характэрны пах з рота.

— Як вызначыць наяўнасць ацэтону ў хатніх умовах? У якіх выпадках патрэбна шпіталізацыя?

— Для гэтага трэба купіць у аптэцы спецыяльныя тэст-палоскі. Апусціць яе на некалькі секунд у дзіцячую мачу і праз некалькі хвілін атрымаць вынік. Неабходна параўнаць афарбоўку палоскі з каляровай шкалой на ўпакоўцы тэста. Калі тэст паказаў наяўнасць ацэтону +/- (0,5 ммоль/л) або + (1,5 ммоль/л), то стан дзіцяці характарызуецца як лёгкі. Калі вынік тэсту ++ (4 ммоль/л) — гэта сведчыць пра стан сярэдняй цяжкасці. Пры паказчыку +++ (10 ммоль/л) гаворка ідзе аб цяжкім стане. У гэтым выпадку дзіця мае патрэбу ў тэрміновай шпіталізацыі.

— Як лечаць ацэтанемію?

— Калі ў дзіцяці ўпершыню з'явіліся яе сімптомы, неабходна выклікаць доктара. У першую чаргу варта выключыць цукровы дыябет — здаць аналіз крыві на даследаванне ўзроўню глюкозы. У норме нашча ён складае 3,3—5,5 ммоль/л, больш высокія лічбы сведчаць аб эндакрынных захворваннях. На карысць цукровага дыябету будзе з'яўленне пэўных клінічных сімптомаў — рэзкага пахудзення, смагі, частага мочаспускання.

Калі ў дзіцяці ўжо быў ацэтанемічны сіндром, то бацькі набылі неабходны вопыт і могуць справіцца ў такой сітуацыі самастойна і стабілізаваць стан. Лячэнне праводзіцца па двух асноўных напрамках: паскарэнне вываду ацэтону і забеспячэнне арганізма неабходнай колькасцю глюкозы.

Каб папоўніць дэфіцытны запас глюкозы, які страціла дзіця, яму трэба даваць салодкі чай, лепш з мёдам, кампоты, раствор глюкозы. Можна даць кока-колу — у гэтым напоі шмат цукру, і дзіця вып'е яго з вялікім задавальненнем. Карысны адвар разынак (100 г разынак на адзін літр вады). Каб не было паўторных ваніт, паіць дзіця трэба кожныя пяць хвілін, даючы па чайнай лыжцы вадкасці. Асабліва важна паіць малое ўначы. Паралельна з салодкім можна даваць солевы раствор (рэгідрон, шчолачную мінеральную ваду), які засцеражэ ад абязводжвання.

Для вывядзення ацэтону выконваецца ачышчальная клізма, прызначаюцца энтэрасарбенты («Смекта», «Паліфепам», «Энтэрасгель», «Фільтрум» і іншыя).

Калі стан не паляпшаецца, ваніты не спыняюцца, з'яўляюцца прыкметы абязводжвання — трэба выклікаць «хуткую», бо ў гэтым выпадку патрэбна інфузійная тэрапія.

— Ці вядзе такі стан да цукровага дыябету, захворвання нырак, печані, іншых органаў у будучыні? Якім павінен быць спосаб жыцця такога дзіцяці?

— Як толькі ацэтанемічны крызіс мінуў, пра яго трэба проста забыць. Не мучыць дзіця дыетамі, не забараняць салодкае. Неабходна сачыць за рэгулярнасцю харчавання. Яно павінна быць частым і не цяжкім для стрававальнай сістэмы. Прымушаць даядаць праз сілу нельга. Не варта забываць пра псіхалагічны камфорт, фізічную актыўнасць. У 100 % выпадкаў дзеці перарастаюць гэты стан.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.