Вы тут

Як сельская бібліятэка стала сямейнай?


Прыгажосць выратуе свет. Для Рыты і Сяргея Кундзікавых, бацькоў-выхавацеляў, гэтыя словы — не пусты гук, а інструкцыя да дзеяння. Першае, што кідаецца ў вочы, калі заходзіш у дом гэтай вялікай сям'і, — менавіта кнігі. Шырокія палічкі ад падлогі да столі, застаўленыя творамі на любы густ: і класіка, і фантастыка, і казкі, і навукова-папулярная літаратура. Яны тут не для таго, каб на кагосьці зрабіць уражанне. Дастаткова паглядзець на гэтыя перабраныя мноствам дзіцячых рук вокладкі, шмат якія кнігі зачытаныя, лічы, да дзірак. Выхаванцы дзіцячага дома Кундзікавых дакладна не пераблытаюць Пушкіна з Мележам, бо Рыта Уладзіміраўна практыкуе тэатральныя прадстаўленні, традыцыйныя літаратурныя і «касмічныя» вечарыны.


Творчыя эксперыменты

— Нам бы бібліятэку папоўніць, — уздыхае маці-выхавальніца. — Дзецям вельмі даспадобы энцыклапедыі, даведнікі, класічная літаратура. Ёсць у мяне такая звычка — пасадзіць усіх на чаяванне і чытаць. Нават тым, каму гэта не падабаецца, будзе карысна. Усё роўна нешта затрымаецца ў галаве. Таму не перастаю купляць кнігі або прымаць іх у падарунак. Некаторыя выданні захоўваюцца яшчэ з майго дзяцінства. Усё ў рабоце, кнігі ў нас не для прыгажосці.

Дарэчы, прасторная зала, дзе мы ўтульна сядзім і гутарым, калісьці і была сельскай бібліятэкай. Яе перавезлі, як толькі сям'я Кундзікавых вырашыла заняцца выхаваннем чужых дзяцей. Пераязджаць на новае месца жыхарства яны не захацелі, таму вырашана было пашыраць тыя плошчы, якія ўжо ёсць. І будынак сельскай бібліятэкі вельмі добра ўпісаўся ў агульны антураж. Сёння гэта не проста зала для чытанняў, тут адбываюцца ўсе творчыя эксперыменты, на якія толькі здольныя ініцыятыўныя бацькі-выхавацелі і іх дзеці. Яны, дарэчы, стваральнікі сямейнага тэатра. Разам з дзецьмі ставяць аўтарскія спектаклі, шыюць касцюмы і рэалізоўваюць самыя смелыя ідэі.

— Аднойчы пілі чай, і гаворка зайшла пра дамавікоў, стала цікава, якія яшчэ міфічныя істоты папулярныя ў беларусаў, — дзеліцца Рыта Уладзіміраўна. — Сталі працаваць вакол гэтай тэмы, знайшлі ў кнігах матэрыял і вырашылі зрабіць гэткую «міфічную» вечарыну. Кожны абраў сабе героя, прыдумаў і зрабіў для яго касцюм. Разам упрыгожылі месца дзеяння і арганізавалі свята міфічных істот. Прычым дзеці самі прыдумвалі для сябе правілы паводзін і ўзаемадзеяння з іншымі героямі.

Гэты стыхійны перформанс адбыўся якраз мінулым летам, калі сум навявала каварная пандэмія. Трэба ж было неяк стрэс здымаць! Тэатралізаваныя вечарыны — вельмі добры спосаб разняволіцца, а заадно «падсілкавацца» станоўчымі эмоцыямі. Потым яшчэ доўга смакуеш падрабязнасці, паглыбляешся ў тэму. Прачыталі пра старадаўніх людзей і сталі думаць, а як бы яны паводзілі сябе ў сучасных умовах. Дасталі з антрэсоляў старыя футры — і давай развіваць ход падзей. Насмяяліся, нафатаграфаваліся, потым усё гэта размясцілі ў сацсетках. Можа, камусьці таксама настрой паднялі. Без тэатра не абыходзіцца ніводны Новы год. І ўсходні каляндар тут у разлік не заўсёды бярэцца. Запомнілася, як на год Пеўня «замуцілі» сцэнкі з жыцця індзейцаў. Атрымалася ярка і весела.

— Летам любім дзею «выносіць» на вуліцу, там больш прасторы для творчасці, — удакладняюць суразмоўнікі. — Цяпер, напрыклад, усе жывём прадчуваннем «касмічнай» вечарынкі, якая адбываецца ў канцы вучэбнага года. Удзельнічаюць у пастаноўцы ўсе — і бацькі, і хросныя, і нават дарослыя дзеці, якія спецыяльна дзеля гэтага прыязджаюць.

Чужых дзяцей не бывае

Рыта Кундзікава імкнецца развіваць сваіх выхаванцаў. Калі ў сям'і паявіліся здольныя да малявання хлопчыкі, яна вазіла іх вучыцца да мастака ў Бабруйск. Хлопцы малявалі карціны, займаліся габеленамі і керамікай.

— Калі бачу, што малое да чагосьці цягнецца, нічога не шкадую, — прызнаецца яна.

На выхаванні ў яе з мужам розныя дзеці, да кожнага трэба знайсці падыход, разабрацца, калі нешта не так, дапамагчы. Есць і дзеці з асаблівасцямі, як трынаццацігадовы Аляксандр. Тут патрэбны індывідуальны падыход.

— Калі ў практыкаваннях, якія ён выконваў, згадваліся культавыя месцы, хадзілі глядзець мясцовы храм, — кажа маці-выхавальніца. — Шмат прыходзіцца тлумачыць, што азначае канкрэтнае слова. Вось, напрыклад, у Пушкіна ў «Дуброўскім» неразуменне ў яго выклікала слова «дваровыя». Саша думаў, што гэта дворнікі ў пана. Прыйшлося тлумачыць, што гэта прыгонныя сяляне, якія працавалі ў якасці хатніх слуг. Нядаўна кантрольную на шасцёрку напісаў, і я задаволена. Гэта наша агульнае дасягненне. Я не люблю, калі такіх дзяцей накіроўваюць у спецыялізаваныя ўстановы. Гэта можна рабіць толькі ў зусім безвыходнай сітуацыі. Чым больш актыўна ідзе сацыялізацыя асаблівага дзіцяці ў нармальнай сям'і, тым большы шанц, што яно не згубіцца ў жыцці. Адзін наш былы выхаванец, які ў дарослым стане да дзесяці лічыў на пальцах, працуе на будоўлі брыгадзірам і разбіраецца ў чарцяжах. Ажаніўся, выхоўвае дваіх дзяцей, набыў лецішча, пабудаваў дом. Вось табе і асаблівасці развіцця... Я яго, вядома, даўжэй трымала каля сябе, каб ён больш «падсілкаваўся» сямейным цяплом і яму было не так страшна ў дарослым жыцці.

Для Рыты Кундзікавай няма такога паняцця, як чужыя дзеці. Сёння на выхаванні ў сям'і 11 дзяцей. І ў кожнага — свой талент. Шурык, напрыклад, марыць быць педагогам, але любіць кухарыць, такія смачныя тарты робіць — пальчыкі абліжаш. Асабіста дэгуставала, смаката рэдкая — чыстая праўда. Ёсць дзяўчынка з ДЦП, якая наведвае школу мастацтваў і вучыцца маляваць. Магчыма, мастаком яна не стане, але рукі дакладна распрацуе. Каб зразумець, чым захапляюцца дзеці ў Кундзікавых, дастаткова азірнуцца па баках. На сценах іх творы, на дрэвах каля дома — шпакоўні, на стале — смачнае печыва: хто на што здольны . Яны ж і першыя памочнікі па гаспадарцы. Сям'я забяспечвае сябе бульбай і рознымі «вітамінамі», пачынаючы ад агуркоў і заканчваючы яблыкамі. Ёсць і свой птушнік з дэкаратыўнымі курамі, каралеўскім фазанам і паўлінамі. У доме шмат кветак. Дзеці ведаюць пра захапленне сваёй другой маці і дораць ёй або кветкі, або шыкоўныя падстаўкі пад іх.

Кніга жыцця

Летась дзіцячаму дому Кундзікавых споўнілася роўна 30 гадоў. Каб згадаць, як усё пачыналася, трэба пагартаць «кнігу жыцця»: ёсць тут такі непад'ёмны фаліянт з фота. Гаспадыня ўсміхаецца, кажа, што прыйшоў час ужо другі том рабіць — шмат новага матэрыялу назапасілася.

— Да таго, як стаць маці-выхавальніцай, працавала загадчыцай дзіцячага садка. Як толькі звольнілася, узяла першых дзетак. Вось наша першае агульнае фота, — дэманструе Рыта Уладзіміраўна гістарычны здымак.

Святлана Шутава, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

— Калі я ўбачыла, колькі ў гэтай сям'і кніг, была па-добраму ўсхвалявана. Для мяне гэта паказчык. І сямейная традыцыя чытаць па вечарах — гэта нешта выключнае. Сёння такія моманты асабліва цэніш. Калі размаўляеш з начытаным чалавекам, атрымліваеш сапраўднае задавальненне. Прыгожы твар — гэта добра, але трэба, каб нешта было і ў галаве. Не важна, папяровую ты кнігу чытаеш або электронную, галоўнае, што ёсць цікавасць да чытання. Цяпер я дакладна ведаю, з якімі падарункамі буду прыязджаць у гэтую сям'ю.

З фота глядзяць шчаслівыя дзіцячыя тварыкі. Сёння ўсе малыя — ужо цалкам самастойныя людзі, маюць свае сем'і, дарослых дачок і сыноў. Але па-ранейшаму «на сувязі» з мамай Рытай.

— Ала стала цырульнікам, цяпер у яе двое сваіх дзяцей, — з пяшчотай у голасе кажа жанчына. — Вось гэтая дзяўчынка цяпер працуе ў Бабруйску кухарам, а гэтая ў Круглым — у ветлячэбніцы. Нехта стаў эканамістам, нехта — педагогам, ніхто не згубіўся ў жыцці. Для мяне гэта вельмі важна. Я заўсёды пераконвала дзяцей у тым, што трэба ганарыцца сваім родам, адна сухая галінка — яшчэ не падстава ганьбіць продкаў. Калі род дажыў да гэтага часу, значыць, ён быў добры. І трэба рабіць усё, каб ім зноў можна было ганарыцца.

Лёс мамы Рыты цудоўным чынам пераплятаецца з лёсам пакрыўджаных жыццём дзяцей. Некалькі падапечных Кундзікавых, калі выраслі, узялі сабе гэтае прозвішча. Адна з выхаванак наогул стала жонкай роднага сына. Яшчэ адна пабралася шлюбам з пляменнікам. І сем'і — моцныя. Сын, напрыклад, працягнуў традыцыю бацькоў і стварыў з жонкай свой асобны дзіцячы дом сямейнага тыпу.

Тое, што для сваіх падапечных Рыта і Сяргей Кундзікавы сталі нават бліжэй, чым іх родныя, нядзіўна. Хоць, як яны прызнаюцца, ніколі не імкнуліся да гэтага. Наадварот — раілі дзецям не асуджаць родных бацькоў за тое, што яны апусціліся. Толькі на справе ў гэтым вельмі цяжка пераканаць.

— Адна маці вельмі пітушчая, але калі вяртаецца з ЛПП, заўсёды прыходзіць, — кажа Рыта Уладзіміраўна.— Я ёй раю: вазьміся за розум і займіся дзецьмі. «А што я ім дам?» — пытаецца жанчына. Некаторыя бацькі наогул прыходзяць нецвярозыя, але я і тады іх перад дзецьмі апраўдваю, шукаю штосьці светлае ў негатыве. Тлумачу: галоўнае, што іх не выкінулі на сметнік, што іх нарадзілі, а чаму ўсё пайшло не так, невядома, ад гэтага, на жаль, ніхто не застрахаваны.

І ўсё ж зразумець людзей, якія не цікавяцца сваімі дзецьмі, складана. Як і тых, хто з'яўляецца адзін раз у жыцці, выказвае нейкія прэтэнзіі і знікае назаўжды. Быў выпадак, калі патэлефанавала незнаёмая жанчына і сказала: Рыта Уладзіміраўна, я прывязу вам сваё дзіця, вы з яго чалавека вырасціце. Вы гэта зможаце, я ведаю.

— Незнаёмка трэціравала мяне цэлы тыдзень, пакуль не высветлілася, што яна з Оршы, — кажа суразмоўніца. — Я з ёй размаўляла гадзінамі. Перажывала, каб яна з сабой і са сваім дзіцем не зрабіла чагосьці дрэннага. Розныя ж людзі бываюць. Калі яна крыху паспакайнела, параіла звярнуцца ў органы апекі па месцы жыхарства. Я цяпер бяру да сябе дзяцей выключна з Клічаўскага раёна. Прычым рэгулярна. Нядаўна тэлефанавала ў «апеку» і пыталася: а дзеці ёсць? Няма з кім працаваць. Калі пяць, гэтага мала. Калі больш, іх прасцей арганізаваць. Я працую выключна з вялікай колькасцю дзяцей. Гэта, напэўна, трэба ўмець і любіць. Я ўмею.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара, г. Клічаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

7 вершаў, напісаных на франтах Вялікай Айчыннай

7 вершаў, напісаных на франтах Вялікай Айчыннай

«І на кожным кургане, быццам яблыню, песню сваю пасаджу»

У свеце

Куды разбегліся нацысты пасля Вялікай Айчыннай вайны?

Куды разбегліся нацысты пасля Вялікай Айчыннай вайны?

Вялікая Айчынная скончылася 76 гадоў таму, але дагэтуль па ўсім свеце ўсё яшчэ знаходзяць і судзяць непакараных нацыстаў. 

Спорт

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Чорны пояс па таэквандо і светлы шлях па жыцці плыўца-параалімпійца.