Вы тут

У Беларусі 9,0 % плошчы краіны складаюць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі


У Беларусі 9,0 % плошчы краіны складаюць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі. Варта адзначыць, што нашы прыродныя комплексы і экасістэмы характарызуюцца высокай ступенню захаванасці, што робіць іх унікальнымі і прывабнымі з пункту гледжання развіцця экатурызму. Пра гэта напярэдадні Міжнароднага дня Маці-Зямлі расказаў Віталь КАРАНЧУК, кансультант аддзела біялагічнай разнастайнасці Мінпрыроды.


Фота: pixabay.com

На 1 студзеня гэтага года сістэма асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Беларусі ўключае 1307 аб'ектаў, у тым ліку 1 запаведнік, 4 нацыянальныя паркі, 99 заказнікаў рэспубліканскага значэння, 282 заказнікі мясцовага значэння, 326 помнікаў прыроды рэспубліканскага і 595 — мясцовага значэння. Агульная плошча ААПТ складае 1879,1 тыс. га — гэта 9,0 % тэрыторыі краіны.

Як правіла, унутры гэтых прыродных тэрыторый асобна вылучаюцца месцы жыхарства і росту чырванакніжных відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, унікальныя ландшафты. Усё гэта з'яўляецца добрым патэнцыялам для экалагічнага турызму.

Для кіравання ААПТ, перспектыўнымі для развіцця экатурызму, створана 29 дзяржаўных прыродаахоўных устаноў у запаведніку, 4 нацыянальных парках і 24 заказніках рэспубліканскага значэння.

«Хацелася б адзначыць, што для гэтых ААПТ распрацавана 45 экалагічных сцежак і 144 зялёныя маршруты, у тым ліку ў чатырох нацыянальных парках і Бярэзінскім біясферным запаведніку распрацавана 62 экалагічныя маршруты і добраўпарадкавана 20 экалагічных сцежак, — адзначыў Віталь Каранчук. — Аб'екты інфраструктуры экалагічнага турызму актыўна ўключаюцца ў праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Пры падтрымцы такіх праектаў ужо адрамантаваны і пабудаваны экалагічныя цэнтры ў рэспубліканскіх заказніках «Спораўскі», «Ельня», «Сярэдняя Прыпяць», «Прыбужскае Палессе», «Налібоцкі».

У той жа час, на думку прадстаўніка Мінпрыроды, патэнцыял ААПТ для развіцця экатурызму выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. Выключна высокімі рэсурсамі для арганізацыі экалагічнага турызму валодаюць заказнікі «Сярэдняя Прыпяць», якую называюць «беларускай Амазонкай», «Спораўскі» — найбуйнейшае ў Еўропе месцапражыванне вяртлявай чаротаўкі, «Ельня» — выключна важная для жураўлёў ды іншых пералётных птушак і яшчэ дзясяткі заказнікаў. Чаму так адбываецца? «Неабходна адзначыць, што ў заказніках існуе кадравая праблема. Адчуваецца недахоп кваліфікаваных спецыялістаў, супрацоўнікаў, якія валодаюць замежнай мовай, навыкамі фарміравання турыстычнага прадукту і яго прасоўвання. І гэтыя праблемы неабходна вырашаць, у тым ліку шляхам арганізацыі спецыяльных навучальных курсаў і семінараў», — мяркуе Віталь Каранчук.

«Адным з асноўных напрамкаў дзейнасці Мінпрыроды ў гэтай сферы з’яўляецца рэгуляванне антрапагеннай нагрузкі на асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі, – растлумачыў Віталь Карачнук. – Прырода ўразлівая, і экатурызм неабходна развіваць спосабамі і метадамі, якія не аказваюць негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе, у прыватнасці, не прыводзяць да павелічэння назапашвання аб’ёмаў адходаў, да шуму, забруджвання паветра».

Маргарыта ДРАЗДОВА

Загаловак у газеце: Без негатыўнага ўплыву на прыроду

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.