Вы тут

Астанкі 25 кавалерыстаў і тры медальёны знойдзены ў Асіповіцкім раёне падчас пошукавай экспедыцыі «Дняпроўскі рубеж-2021»


Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру» распачаў новы пошукавы сезон.


Такім рэзультатыўным аказаўся першы і палова наступнага дня пошукавай работы ў Асіповіцкім раёне каля вёскі Прудок. Упершыню ў гісторыі існавання клуба вядуцца пошукі кавалерыстаў. Гэта адна з самых таямнічых і трагічных старонак пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Кавалерыйская група Гарадавікова-Бацкалевіча была створана з 32-й, 43-й і 47-й кавалерыйскіх дывізій спецыяльна для падтрымкі войскаў, якія вялі абарону на Дняпры. Ужо 24 ліпеня 1941-га года коннікі выйшлі ў раён Бабруйска і перарэзалі тылавыя камунікацыі танкавай групы Гудэрыяна і другой палявой арміі. Нечаканы рэйд савецкіх кавалерыстаў выклікаў сур'ёзную заклапочанасць у нямецкага камандавання групы армій «Цэнтр». Ім былі пастаўлены задачы па ліквідацыі кавалерыйскай групы.

У лесе каля вёскі Прудок ляжаць непахаванымі байцы 32-й кавалерыйскай дывізіі, якая спрабавала ўзяць пад свой кантроль Асіповічы. Кавалерысты ўскочылі ў горад, але немцы ўжо чакалі іх там і адкрылі агонь. Дарога назад таксама была адрэзаная. Заставалася ісці праз лес, але шматлікай конніцы схавацца там было проста немагчыма. З бакоў па іх стралялі з гармат, зверху нямецкія самалёты палівалі свінцовым дажджом. Кажуць, што немцы потым яшчэ дабівалі раненых у лесе, а коні не падпускалі іх нават да забітых гаспадароў. За гэта іх таксама прыстрэльвалі. Колькі тут стыхійных пахаванняў, дакладна невядома.

— Толькі адна 32-я кавалерыйская дывізія налічвала прыкладна 5,5 тысяч шабель, — удакладняе кіраўнік абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба Мікалай Барысенка. — Але колькі іх было на самой справе, ніхто не скажа. Дакументаў на ўсе гэтыя тры дывізіі па чэрвеню-жніўню 1941-га года ў расійскіх архівах няма — толькі з верасня 41-га. А без апісання баявых дзеянняў цяжка аднавіць працэс. Усе спадзяванні толькі на мясцовых жыхароў і разведку на мясцовасці.

У першы ж дзень былі знойдзены астанкі 15 байцоў, медальён, які, і тут вельмі на гэта спадзяюцца, падкажа імя яго ўладальніка, ладанка, якая, на жаль, не захавала імя байца, іншыя спадарожныя рэчы. У адным з раскопаў, дзе меркавалі знайсці кавалерыстаў, ляжалі астанкі каня. Асіповіцкія пошукавікі кажуць, што пахаванняў гэтых прыгожых жывёл тут таксама шмат. Сёння вядуцца пошукі чырвонаармейцаў яшчэ на адным раскопе. На гэты час ужо знойдзены астанкі 10 байцоў і два медальёны. Гэта ўсё вынікі добрай разведкі, якой вельмі шмат свайго часу і намаганняў прысвяціў пошукавік атрада «Свіслач» Яўген Грышановіч.

Пошукавыя работы ў Асіповіцкам раёне працягнуцца да канца тыдня, каля пасёлка Ялізава пошукавікі плануюць падняць чырвонаармейцаў, якія трапілі ў Бабруйскі кацёл пры вызваленні раёна. А наперадзе яшчэ Шклоўскі, Быхаўскі, Магілёўскі, Чавускі раёны. Пошукі герояў Вялікай Айчыннай вайны вядуцца з удзелам 52-га асобнага спецбатальёна Мінабароны. «Работы праводзім згодна плану на 2021 год, зацверджанага ўпраўленнем па ўвекавечанні абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, — удакладніў камандзір першай спецыялізаванай пошукавай роты спецбатальёна старшы лейтэнант Сяргей Мырза.

У складзе клуба «Віккру» ў Асіповіцкім раёне працуе адначасова некалькі пошукавых груп — магілёўская «Дняпроўскі рубеж» пад кіраўніцтвам Паўла Кончыкава і асіповіцкая «Свіслач» пад кіраўніцтвам Юрыя Сцяпанава. Работы арганізаваныя пры дапамозе Магілёўскага абласнога Цэнтра творчасці.

Ужо стала традыцыяй запрашаць на месцы ваенных раскопак падлеткаў. У першы дзень да пошукавікоў наведаліся вучні Лапіцкай школы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.