Вы тут

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»


На Гомельшчыне актыўна рэалізоўваюцца праекты па развіцці тэрыторый, пацярпелых у выніку катастрофы на ЧАЭС. Адзін з дзейсных механізмаў — навучанне мясцовых жыхароў асновам прадпрымальніцкай дзейнасці, звязанай з сельгасвытворчасцю, вядзеннем агратурызму. Выдатныя прыклады па ўкараненні падобнай практыкі ёсць на Брагіншчыне. Так, менавіта ў гэтым раёне пачаў працаваць першы аграбізнес-інкубатар Гомельшчыны.


Ініцыятыва аказалася настолькі запатрабаваная, што значная колькасць сем'яў раёна цяпер імкнецца паспрабаваць свае сілы ў прыватнай сельгасвытворчасці. Можна казаць аб актыўным развіцці фермерскага руху на Брагіншчыне. Сярод тых, хто распачаў новую дзейнасць, і Вольга Дарахавец. Сёлета яна закладвае ўчастак па вырошчванні буякоў. Саджанцы перадалі супрацоўнікі мясцовага фонду падтрымкі прадпрымальніцтва і сельскага развіцця «Эка-Інавацыя». Гэтыя ягады жанчына ўжо вырошчвала, атрымлівалася зусім нядрэнна, цяпер плануе працягваць займацца і бахчавымі. Частку свайго прысядзібнага ўчастка Вольга адвяла пад кавуны і моркву. Дарэчы, яе плантацыя кавуноў стане адной з дэманстрацыйных сельгаспляцовак, якія змогуць матываваць жыхароў раёна брацца за культывацыю згаданай культуры.

«На дадзеным участку мы плануем апрабаваць тэхналогію вырошчвання кавуноў з расады, будзем укараняць прымяненне кропельнага паліву, спанбандзіравання, а ўжо ў працэсе вызначым і падключым новыя неабходныя тэхналогіі ў вырошчванні гэтай культуры», — тлумачыць дырэктар мясцовага фонду падтрымкі прадпрымальніцтва і сельскага развіцця «Эка-Інавацыя» Алена Малочка. Кіраўнік фонду сама прайшла шлях ад уласнай падсобнай гаспадаркі да фермерскай. Кажа, калі яе сям'я вырашыла заняцца аграбізнесам, думалі, што ўсё ведаюць. Аказалася, трэба вучыцца. Паступова не толькі самі асвоілі новыя тэхналогіі, але на базе фонду «Эка-Інавацыя» пачалі арганізоўваць вучобу, майстар-класы, трэнінгі, вэбінары з удзелам дасведчаных спецыялістаў. Цяпер сямейны аграбізнес Малочкаў — гэта доследныя ўчасткі: яблыневы сад, парэчкавая плантацыя, участкі пад капусту, зяленіва, кукурузу, цяплічныя агуркі і памідоры. Усё па найноўшых энергазберагальных тэхналогіях. Па такой жа мадэлі на Брагіншчыне працуе некалькі дзясяткаў сем'яў. Але, безумоўна, у раёне фермерам мала жадаць працаваць на зямлі, трэба яшчэ даказаць, што іх сельгаспрадукцыя «чыстая».

Сёлета на базе фонду ў Брагінскім раёне пачалі працаваць курсы для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, дзе іх вучаць вырабляць экаўпакоўку і вырошчваць экалагічную прадукцыю. У праекце «Аграбізнес-інкубатар» паўдзельнічаць можа кожны, галоўнае — жаданне працаваць на зямлі. Ход рэалізацыі кожнага праекта строга кантралюецца, таму атрымаць дапамогу і нічога не зрабіць — немагчыма.

— Зыходным пунктам новага праекта стала распрацоўка Праграмы развіцця сельскага малога бізнесу Брагінскага раёна Гомельскай вобласці на перыяд да 2025 года. Яе ключавое звяно — аграбізнес-інкубатар як сацыяльнае прадпрыемства, што аказвае звыш 35 відаў паслуг не толькі сялянскім і фермерскім, але і асабістым падсобным гаспадаркам раёна, — адзначае Алена Малочка. — Прадугледжана інфармацыйнае суправаджэнне, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі, выдзяленне ў арэнду тэхнікі (ідзе стварэнне машынна-трактарнага парку) — трактароў цягавага класа, ягадаўборачных камбайнаў для ўборкі ўраджаю парэчак і буякоў.

Алена Фёдараўна тлумачыць, што ўвогуле ў рамках праекта рэалізуюць некалькі напрамкаў. Так, у школе сельскага прадпрымальніка праходзіць навучанне ад азоў бізнесу да яго ўстойлівага вядзення. Школа — мабільная, можа працаваць у любым населеным пункце раёна. У якасці запрошаных на трэнінгі экспертаў выступаюць прадстаўнікі падатковай службы, падраздзяленняў райвыканкама, вопытныя прадпрымальнікі.

— Лідарамі могуць быць і няўпэўненыя ў сабе, закамплексаваныя, магчыма, зламаныя жыццёвымі абставінамі людзі. Навучыць можна ўсіх, але галоўнае, каб было жаданне вучыцца, каб чалавек ішоў на кантакт, не баяўся мяняцца, — дзеліцца вопытам выкладання ў рэчышчы развіцця сельскага турызму
бізнес-трэнер, прадпрымальнік Аксана Падольская.

Між тым, паспрабаваць свае сілы прадпрымальнікі могуць у розных справах. У школе сельскага турызму навучаць, як адкрыць аграсядзібу, арганізаваць агратурыстычны маршрут, развіваць цяплічнае агародніцтва, пладаводства, рамесніцтва, жаночае прадпрымальніцтва.

— Некаторыя ўспрымаюць Брагінскі раён толькі з пункту погляду постчарнобыльскай тэрыторыі, мяркуюць, што тут усё закінута. Я вось, напрыклад, не тутэйшы, прыехаў ладзіць жыццё на Брагіншчыне чатыры гады таму, але на свае вочы ўбачыў, што раён цікавы для вывучэння, ён актыўна развіваецца, — пераканана заяўляе інструктар школы развіцця сельскага турызму, дырэктар Хракавіцкай сярэдняй школы Андрэй Смалянчук.

Выбух на Чарнобыльскай АЭС паўплываў на Беларусь больш, чым на ўсе іншыя дзяржавы. Больш за трэць зямель нашай краіны было заражана радыеактыўнымі ападкамі. Брагіншчына — адзін з самых пацярпелых раёнаў. Сёння рэгіён развіваецца і з усяе сілы спрабуе пераадолець наступствы трагедыі, што адбылася ў 1986 годзе, але тут ніколі не забываюць пра землякоў-ліквідатараў аварыі на ЧАЭС. Так, назаўжды ў памяці людзей подзвіг Васіля Ігнаценкі. Ён прыйшоў у пажарную часць па ахове Чарнобыльскай АЭС у пачатку 1980-х. У свае 25 гадоў ён быў ужо камандзір аддзялення. А 26 красавіка 1986-га беларус апынуўся сярод тых, хто першыя падышлі да разбуранага атамным выбухам рэактара і фактычна цаной свайго жыцця тушылі пажар. Нягледзячы на тэрміновую эвакуацыю ў Маскву, выратаваць жыццё брагінчаніна так і не ўдалося. Узровень радыяцыі быў настолькі вялікі, што яго цяжарная жонка атрымала крытычную дозу радыяцыі толькі ад знаходжання каля мужа. Помнік у гонар Васіля Ігнаценкі ў Брагіне размешчаны сярод алеі з памятных дошак. На іх зафіксаваныя звесткі аб усіх вёсках раёна, жыхарам якіх прыйшлося пакінуць сваю малую радзіму з-за радыеактыўнага забруджвання.

Васіль Іванавіч быў пахаваны ў Маскве разам з іншымі ліквідатарамі. Помнік на яго малой радзіме, як і экспазіцыя ў Брагінскім музеі, нагадваюць землякам пра ўчынак, які выратаваў мноства жыццяў. Штогод у дзень катастрофы каля помніка герою збіраюцца гараджане і прадстаўнікі падраздзяленняў МНС Гомельскай вобласці.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота фонду «Эка-Інавацыя»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.