Вы тут

Лукашэнка: Беларусь і Расія сур'ёзна рушылі наперад у пытанні ўзгаднення саюзных праграм


Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна прайшла ў Крамлі, перадае БЕЛТА.


 

«Мы рухаемся сур’ёзна па саюзных праграмах. Памятаеце, з карт пачыналі. Вельмі сур’ёзныя праграмы. Напэўна, 26 ці 27 праграм мы ўжо ўзгаднілі на ўзроўні ўрада. Трохі засталося — 2-3 вельмі сур’ёзныя праграмы эканамічнага характару, у тым ліку і падаткаабкладанне — вядомая праграма, па якой мы ўвогуле ў Мінску прынялі рашэнне, — заявіў Прэзідэнт. — Так што я з вамі згодны. Мы паволі рухаемся. Але ёсць на злобу дня пытанні, якія трэба ўзмацняць проста, у тым ліку і бяспека, абарона нашай Саюзнай дзяржавы. Хоць увогуле-то, напэўна, пакуль спраўляемся і справімся. І лініі намалюем, за якія ніхто не павінен перайсці, і годна адкажам тым, хто не разумее, што ў гэтым шалёным свеце трэба быць больш спакойнымі і жыць дружна».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў канцы мінулага года кіраўнікі дзяржаў склалі праграму сваіх дзеянняў. Прэзідэнты Беларусі і Расіі за апошні час двойчы сустракаліся ў Сочы, абмяркоўваючы розныя пытанні не толькі бягучага характару, але і стратэгічнага плана.

«Апошні раз мы дамовіліся, што сур’ёзна ў Мінску папрацуюць нашы ўрады. Дзякуй вам, Міхаіл Уладзіміравіч [Мішусцін] прыехаў, выступіў, як акадэмік. Малайчына, атрымалася ў яго вельмі магутна. Распавёў пра эканоміку, фінансы, падаткаабкладанне, падатковае адміністраванне, аб эфектыўнасці сістэмы падаткаабкладання. Я потым скажу, мы прыйшлі да вызначанай сумеснай высновы», — распавёў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы з вамі дамаўляліся, што пасля прапрацоўкі гэтых пытанняў мы сёння з вамі сустрэнемся і абмяркуем яшчэ раз гэтыя пытанні», — дадаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што летам трэба будзе правесці Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які ў гэтым годзе будзе прымаць Маскоўская вобласць. «А затым мы прымем рашэнне аб пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета восенню, на якім мы ўжо зможам фармалізаваць усе нашы дамоўленасці, падпісаўшы пэўныя дакументы», — заявіў беларускі лідар.


Пуцін: Адносіны Расіі і Беларусі развіваюцца, і развіваюцца паспяхова

Расійскі лідар адзначыў, што ў час перагавораў трэба будзе абмеркаваць шырокі спектр пытанняў: фундаментальныя рэчы, якія тычацца двухбаковых адносін, і супрацоўніцтва ў шматбаковых фарматах. «Але спачатку, нягледзячы на ўсе вострыя пытанні, якія мы сёння, напэўна, будзем абмяркоўваць, хацеў бы адзначыць, што адносіны ў нас развіваюцца, развіваюцца паспяхова. Нягледзячы на пандэмію і пэўнае скарачэнне тавараабароту, усё ж такі аб’ём вельмі значны — амаль $30 млрд агульны аб’ём сёння. Упэўнены, што ўсе адновіцца і ў ранейшым аб’ёме», — заявіў Уладзімір Пуцін.

Прэзідэнт Расіі распавёў, што абодва бакі працягваюць працаваць над удасканаленнем нарматыўнай базы па будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. «Так, сапраўды, і там трэба будзе яшчэ шмат чаго зрабіць, але тым не менш зроблена таксама нямала. Асабліва гэта тычыцца сацыяльнай сферы. Нашы грамадзяне карыстаюцца роўнымі правамі ў сацыяльнай вобласці: гэта пенсійнае забеспячэнне, працаўладкаванне, ахова здароўя. Шмат пазітыўнага ўжо зроблена», — падкрэсліў кіраўнік расійскай дзяржавы.

Разам з тым ён дадаў, што па некаторых пытаннях яшчэ трэба будзе дамовіцца, узгадніць пазіцыі. «Праца ў цэлым ідзе нядрэнна па ўсіх напрамках, каманды нашы працуюць вельмі эфектыўна. Я маю на ўвазе і ўрадавую каманду, і каманды па лініі адміністрацый, і, як бачым цяпер, па лініі спецыяльных службаў», — адзначыў Уладзімір Пуцін.

Таксама, паводле яго слоў, Беларусь і Расія паглыбляюць узаемадзеянне ў сферах ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва і забеспячэння бяспекі «ў самым шырокім сэнсе гэтага слова».


Пуцін заявіў пра гатоўнасць сустрэцца з Зяленскім у Маскве

Раней Уладзімір Зяленскі прапанаваў свайму расійскаму калегу Уладзіміру Пуціну правесці перамовы на Данбасе, каб абмеркаваць пытанні ўрэгулявання канфлікту ў гэтым рэгіёне.

«Што тычыцца прапановы ўкраінскага кіраўніцтва і Прэзідэнта Зяленскага, хацеў бы сказаць наступнае. У апошні час дзеючае кіраўніцтва Украіны распачало вельмі шмат крокаў, якія разбураюць расійска-ўкраінскія адносіны», — сказаў Уладзімір Пуцін. Паводле яго слоў, гэта тычыцца шэрагу праблем у двухбаковых адносінах наўпрост, адносін украінскага кіраўніцтва да Рускай праваслаўнай царквы і, па сутнасці, спробы яе разбурэння, адносіны да рускай мовы і рускамоўных грамадзян Украіны, а таксама да расійскіх грамадзян, якія пражываюць у Украіне. «Вельмі шмат было крокаў, накіраваных на разбурэнне нашых адносін. Пра што мы, безумоўна, можам толькі шкадаваць, — заявіў кіраўнік расійскай дзяржавы. — Але калі Прэзідэнт Зяленскі хоча пачаць аднаўленне гэтых адносін, мы будзем гэта толькі вітаць».

«Узнікае пытанне: мы што хочам абмяркоўваць на гэтай сустрэчы? Калі гаворка ідзе пра абмеркаванне праблем Данбаса, то тады, у першую чаргу, кіраўніцтва Украіны павінна сустракацца з кіраўнікамі рэспублік — ЛНР і ДНР. А ўжо потым абмяркоўваць гэтыя праблемы з прадстаўнікамі трэціх краін, якой у дадзеным выпадку з’яўляецца Расія», — звярнуў увагу Уладзімір Пуцін.

Калі ж ёсць неабходнасць абмеркаваць развіццё двухбаковых адносінаў, то, падкрэсліў расійскі лідар, у Маскве гатовыя прыняць Прэзідэнта Украіны ў любы зручны для яго час.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся з такім падыходам расійскага калегі. «Калі яны хочуць з Данбасам размаўляць, можна і ў Данбасе — хай сустракаюцца, правільна? Гэта ж іх справа», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Мне здаецца, Уладзімір Уладзіміравіч, Зяленскаму ўжо пара навучыцца канкрэтна, дыпламатычна сябе паводзіць, акрамя ўсяго іншага. Гэта датычыцца Данбаса», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.


«Глупства несусветнае» — Лукашэнка аб прапановах ва Украіне перанесці перамоўную пляцоўку па Данбасу

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што першапачаткова з просьбай арганізаваць у Беларусі перамоўную пляцоўку да яго звярнуліся Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, Прэзідэнт Украіны ў тыя гады Пётр Парашэнка. «Звярнуліся да мяне: трэба арганізаваць. Я ўзяў пад казырок. Калі сёння не падабаецца, калі ласка, можна выбраць любую іншую краіну, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але трэба мець на ўвазе, што тут павінен быць кансэнсус тых, хто калісьці прапаноўваў».

Прэзідэнт Беларусі дадаў: калі прэзідэнты Расіі і Украіны, іншыя залучаныя ў працэс прымуць адпаведнае рашэнне, то, вядома, група будзе працаваць у іншым месцы.

«А наогул, у нас кажуць так: баба з возу — каню лягчэй. Таму калі ласка. Мы ж асоба не перажываем з нагоды гэтых заяў. Хоць яны заявілі, а потым ужо абверглі гэтыя заявы. Нібыта Прэзідэнт адмовіўся нават абмяркоўваць гэтую праблему. Глупства несусветнае. Што тут абмяркоўваць...» — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Пуцін на гэты конт сказаў: «Беларусь проста падала нам пляцоўку і наогул не ўмешваецца ў гэты працэс. Ніяк. Проста стварыла ўмовы для працы тым, хто хоча шукаць шляхі вырашэння праблемы. Калі хтосьці не хоча гэтым займацца, тады, вядома, прычыны не працаваць у гэтай, на мой погляд, вельмі важнай сферы, заўсёды можна знайсці. Падобна на тое, што гэта пошук такіх прычын ухіліцца ад абмеркавання праблемы Данбаса».

«І пахаваць Мінскія пагадненні», — дадаў у працяг тэмы Аляксандр Лукашэнка.


Лукашэнка адзначыў «вялікую чалавечую нотку» ў пасланні Пуціна Федэральнаму сходу

«Па-першае, хачу павіншаваць вас з заканчэннем чарговага прэзыдэнцкага, вельмі цяжкага, вострага, я б сказаў, перыяду. А штогадовае пасланне Прэзідэнта — гэта заўсёды вялікая праца. Гэта праца вельмі многіх людзей. Але ўсё роўна нагрузка кладзецца на Прэзідэнта. Яму вызначаць, якім павінна быць пасланне. Мы заўважылі вялікую чалавечую нотку гэтага паслання. Абсалютна згодны з тымі высновамі, якія былі зробленыя. Асабліва падтрымліваю той нахіл, які быў вамі узяты ў гэтым пасланні — менавіта чалавек», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што краіны сутыкаюцца з падобнымі праблемамі ў пытанні дэмаграфіі, таму важна прымаць меры для павышэння нараджальнасці, падтрымкі шматдзетных сем’яў. «Мы маем прыкладна тую ж падтрымку, забяспечваем падтрымку людзям, шматдзетным асабліва. Гэта прыярытэт нашай краіны. Таму ў нас гэта ўспрынята з ухвалой», — адзначыў беларускі лідэр.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».