Вы тут

Прырода – дом твой


На пазакласным занятку ў Пагост-Загародскай сярэдняй школе вучням тлумачаць, чаму нельга зрываць першацветы і падпальваць сухую траву…

Мэты: фарміраваць экалагічную культуру дзяцей, вучыць іх бачыць прыгожае, выхоўваць жаданне берагчы і ахоўваць прыроду.

  1. Арганізацыйны этап.

– Дзеці, вы заўважылі, якое цудоўнае надвор’е на вуліцы? Якое сёння сонейка? А ваш настрой адпавядае настрою прыроды? (Выказванні дзяцей.)

Настаўнік чытае верш “Для цябе…”:

Для цябе прачынаецца сонца.

Месяц свеціць уначы для цябе

І спявае птушачка ў небе,

Конік скача ў зялёнай траве.

Для цябе цвіце кветка на лузе.

Спее яблык у садку для цябе.

Вырастаюць грыбочкі ў лесе,

Зелянее гурок на градзе.

Для цябе восень лета змяняе,

Ну, а зіму – вясна з веку ў век.

Не забудзь, што Зямля – гэта дом твой.

Беражы гэты дом, чалавек!

– Назавіце дзеючых асоб верша. (Сонца, Месяц, птушачка, конік… чалавек.)

– Як іх можна назваць адным словам? (Прырода.)

– Да каго звяртаецца аўтар? (Да юнага чытача.)


ІІ. Знаёмства з тэмай занятку.

Работа ў парах.

Кожнай пары вучняў выдаецца канверт, у якім знаходзяцца малюнкі з напісанымі на іх часткамі слоў. Неабходна скласці словы і ўтварыць з іх сказ.

– Які сказ у вас атрымаўся?

– Як вы разумееце слова “прырода”?

– Для каго прырода – дом?

– Як вы думаеце, чаму трэба берагчы гэты дом?

– Што нам трэба ведаць, каб захаваць прыроду? (Правілы паводзін у лесе, на лузе, каля вадаёмаў.)

Настаўнік аб’яўляе тэму занятку: “Прырода – гэта дом твой. Беражы гэты дом, чалавек”!


  1. Работа з новым матэрыялам.
  1. Праслухоўванне “музыкі” лесу, галасоў птушак у запісы.
  2. Аналіз успрымання пачутага:

– Што вы ўяўляеце, слухаючы гукі лесу?

– Галасы якіх птушак вы пачулі?

– Ці можа стацца так, што перастануць спяваць птушкі? Што будзе прычынай для іх маўчання?


3. Сцэнка “Здарэнне ў лесе”.

(Дзеянне адбываецца ў зімовым лесе на палянцы.)

Сарока: Бяда, бяда! У нашага крыжадзюба Косціка здарылася бяда!

Старая Сойка: Чаго ты крычыш? Чаго лямантуеш?

Сарока: Хіба ж ты не ведаеш?! Крыжадзюб Косцік сядзіць і горка плача.

Старая Сойка: Дык што ў яго здарылася?

Сарока: Як што? Няўжо ты не чула? Сёння Косцік аблятаў свае любімыя мясціны ў лесе і заўважыў, што яго разгалістая елка-прыгажуня ссечана пад корань. Ужо некалькі зім запар Косцік са сваёй жонкай Хрысцінкай вілі на ёй гняздо і выседжвалі яйкі. Елачка была густая: яе калючыя галінкі хавалі птушанят з бацькамі ад моцных вятроў і лютых маразоў. Ды і насенне шышак мусіла вось-вось саспець, шышкі б раскрыліся – і любімы корм быў бы ў крыжадзюбаў як на далоні.

Старая Сойка: Ой, гора-гора ў крыжадзюба! Ды яшчэ якое... Мне здаецца, хтосьці рухаецца ў наш бок?

Сарока: І праўда, хтосьці скача і плача. (З’яўляецца заплаканы Зайчык.)

Старая Сойка: Зайчык, даражэнькі, чаго ты плачаш?

Зайчык: Як жа мне не плакаць?! Учора ў лес прыйшлі людзі і ссеклі елачку, пад якой я нарадзіўся.

Сарока і Старая Сойка удвох: Трэба ўсім звярам і птушкам разам сабрацца і не пускаць людзей у лес, калі яны нам шкодзяць. Хто ж нам дапаможа, як не мы самі? Будзем змагацца за свой дом – лес!

4. Абмеркаванне сцэнкі:

– Што здарылася ў лясных жыхароў?

– Хто вінаваты ў іх бядзе?

– Як ім дапамагчы?

– Чым пагражае высечка лесу?

Настаўнік: “У прыродзе ўсё ўзаемазвязана. І калі мы будзем яе знішчаць па частках, то зменшыцца колькасць птушак, звяроў. Не стане птушак, якія лечаць дрэвы, – яны будуць хварэць, сохнуць і адміраць. Парушацца натуральныя ланцугі харчавання. Людзі – частка прыроды, таму, наносячы ёй шкоду, яны і самі могуць загінуць”.


  1. Работа з ілюстрацыяй. (На фотаздымку – ссечаныя маленькія елачкі. Хлопчыкі пакінулі іх у лесе, бо знайшлі прыгажэйшыя...)

– Што з’яўляецца традыцыйным упрыгажэннем навагодняга свята?

– Як вы думаеце, ці можна абысціся без жывой елкі?

Навагодняя елка радуе нас некалькі дзён, а потым мы яе выкідваем. Нельга самавольна высякаць у лесе елачку, гэта браканьерства. Яе можна купіць напярэдадні свята ў спецыяльным гадавальніку. Пасля Новага года натуральная елка можа паслужыць кормам жывёлам заапарку, а калі вы жыхары вёскі, ведайце: гэта ласунак для коз.

Аднак лепш упрыгожыць штучную елку, а побач паставіць у вазу некалькі жывых яловых галінак, каб прыемны хваёвы пах разносіўся па ўсім пакоі.


6. Падарожжа па старонках Чырвонай кнігі.

Разглядванне Чырвонай кнігі.

– Чаму ў гэтай кнігі чырвоная вокладка, а, напрыклад, не зялёная?

Так, чырвоны колер – сігнал небяспекі. Ён нібы заклікае ўсіх людзей: расліны і жывёлы ў бядзе, дапамажыце ім! На старонкі Чырвонай кнігі трапілі рэдкія прадстаўнікі флоры і фаўны, якія могуць неўзабаве загінуць, калі іх не ахоўваць.

– Назавіце расліны, насякомых, птушак і звяроў, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. (Белы гарлачык, кураслеп лясны, сон лугавы, жук-алень, махаон, арол-маркут, арол-вужаед, чорны бусел, зубр, рысь.)

– Што трэба рабіць, каб іншыя расліны і жывёлы не рабіліся рэдкімі, каб колькасць старонак кнігі не павялічвалася?

– Наша задача – папярэдзіць гэта. У нашых сілах пасадзіць дрэўца, пакарміць птушак зімой, узяць пад ахову мурашнік.


7. Калектыўная распрацоўка правіл паводзін у прыродзе.

– Любіць прыроду – значыць разумець і беражліва ставіцца да яе, не наносіць ёй шкоды. А як жыць з ёю ў згодзе? Так, трэба прытрымлівацца пэўных правіл.

  1. Не распальвайце у лесе вогнішча. Калі ўсё ж распалілі, дык перад адыходам дадому праверце, ці добра яго патушылі.
  2. Не разбурайце гнёзды птушак, мурашнікі.
  3. Не ламайце галінкі дрэў і кустарнікаў.
  4. Збірайце лекавыя расліны толькі ў тых месцах, дзе іх шмат. Частку раслін абавязкова пакіньце у прыродзе для размнажэння.
  5. У лесе старайцеся хадзіць па сцяжынках, каб расліны не загінулі ад вытоптвання.
  6. Не парушайце лясную цішыню.
  7. Прыбірайце за сабой смецце. (Ад бітага шкла ў лесе можа пачацца пажар. Пластыкавая бутэлька, поліэтыленавы пакет будуць ляжаць у зямлі сотні гадоў. Ніводнае насенне не прарасце скрозь іх).
  8. Не рвіце кветкі для букетаў. Састаўляйце букеты толькі з тых кветак, якія вырасцілі самі.

Мы добра ведаем гэтыя правілы і стараемся іх выконваць. Але нездарма існуе такі жарт: “Правілы прыдумалі для таго, каб іх парушаць”. Так і з намі часам адбываецца: ведаем, але парушаем.


  1. Чытанне і абмеркаванне экалагічнага апавядання “Не рві першыя веснавыя кветкі”.

У першы цёплы веснавы дзень Марына з Сенем пайшлі у лес. На палянцы яны ўбачылі кветкі нябывалай прыгажосці. Сеня закрычаў: “Паглядзі сюды, Марына! Што за дзіўная карціна! Каля самага снегу паляна з кветак! Якія яны далікатныя, блакітныя… Збяру букецік: заўтра Жаночае свята. Маме падару гэтыя кветачкі, хіба я не мужчына? І бабулі нарву, іх жа тут многа. І табе, як малодшы брат, падарыць іх буду рад!”

– Ці правільна паступіў Сеня? Чаму вы так лічыце?

– Назавіце памылку хлопчыка.

Першацветы – уразлівыя кветкі, некаторыя віды занесены ў Чырвоную кнігу. Калі будзеце іх зрываць, страціце магчымасць любавацца імі ў наступным годзе. А яшчэ, як толькі прыгрэе сонейка, прасынаюцца і вылятаюць матылі, шмялі і пчолкі. Чым яны будуць харчавацца?..

– Якія першыя веснавыя кветкі вы ведаеце? (Пралеска, ветраніца, медуніца, прымула, сон лугавы, падбел.)

Пралеска.

Кураслеп.

Медуніца.

Прымула.

Сон лугавы.

Падбел.

​9. Работа ў групах – рашэнне экалагічных задач.

Першая група – “Спажыўцы”.

Другая група – “Юныя захавальнікі прыроды”.

Пытанні:

– Ці добра нарваць вялікі букет ландышаў?

“Спажыўцы” лічаць: “Нарваць вялікі букет – гэта добра. Ландышы прыгожыя, прыемна пахнуць. Іх можна падарыць маме. Калі дома стаіць букет, робіцца ўтульна”.

“Юныя захавальнікі прыроды” лічаць: “Нарваць вялікі букет – гэта дрэнна. Знішчаныя кветкі – шкода для прыроды. Калі кветак мала, лес непрыгожы і пусты, голадна насякомым”.

Дадатковая інфармацыя: каб зацвёў ландыш, патрэбна, каб прайшло да 10 гадоў з той хвіліны, калі насенне трапіць у зямлю. За гэты час вы закончыце школу!

– Ці добра прынесці з лесу галінкі з ягадамі чарніц?

(Адказы груп.)

Дадатковая інфармацыя: каб парасткі чарніц пачалі даваць ягады, трэба чакаць да сямі гадоў.


  1.  Гутарка па фотаздымках.

– Што зрабілі людзі?

– Ці дапамаглі яны гэтым прыродзе?

– Якую памылку яны дапусцілі?

(Выказванні дзяцей.)

У час веснавых палаў пачынае расці трава і распускаюцца кветкі. Адбываецца актыўны перыяд росту і ў кустоў. Агонь пашкоджвае маладыя парасткі травы, знішчае пупышкі і насенне раслін. Гінуць насякомыя, дажджавыя чарвякі, гнёзды птушак з яйкамі. Дымам забруджваецца паветра. Нярэдка ад палаў сухой травы ўзнікаюць пажары, якія знішчаюць дамы, драўляныя масты, лініі электраперадач і сувязі. А самае страшнае – у агні гінуць людзі.


IV. Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія.

Дзеці, давайце яшчэ раз звернемся да апошніх радкоў верша:

Не забудзь, што Зямля – гэта дом твой.

Беражы гэты дом, чалавек!

Да чаго заклікае паэт?

Памятайце: Кожны чалавек – гаспадар вялікага дома, імя якому – прырода. А ў добрага гаспадара ва ўсім павінен быць парадак.

Паспрабуйце карыстацца правілам: перш чым штосьці зрабіць, падумайце, ці не нашкодзіце вы прыродзе. Ці зможаце вы без гэтага абысціся?

Дрэва і кветка, птушка, крыніца

Самі не могуць абараніцца.

Калі будуць знішчаны яны,

На планеце застанемся мы адны.

Рэфлексія “Абяцанне”: Я абяцаю… (Ахоўваць прыроду, быць яе сябрам і абаронцам, паводзіць сябе ціха і сціпла ў лесе, на лузе, у полі. Не рваць і не таптаць кветкі, не засмечваць вадаёмы. Рабіць заўвагі тым, хто шкодзіць прыродзе. Я абяцаю быць сапраўдным гаспадаром).


У чалавека ёсць тры маці: першая – тая, што падарыла жыццё, другая – Радзіма, трэцяя – прырода. Мы любім і паважаем сваю маці, ганарымся Радзімай, дык чаму ж часам нядбайна і безадказна ставімся да роднай прыроды? Дрэвы, расліны, крыніцы і рэчкі – спадчына, якая дасталася нам ад бацькоў і дзядоў. А што і ў якім выглядзе атрымаюць нашы дзеці і дзеці нашых дзяцей, залежыць ад нас. Таму тэма беражлівых адносін да прыроды хвалюе мяне. Спадзяюся і веру, што кожнае экалагічнае мерапрыемства, праведзенае ў класе ці на прыродзе, не пакіне абыякавым нікога з вучняў, і многае будзе захавана, абаронена, выратавана рукамі маіх выхаванцаў.

Таццяна ПАШАЛЮК, настаўніца пачатковых класаў вышэйшай катэгорыі

ДУА “Пагост-Загародская сярэдняя школа імя славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфодзія” Пінскага раёна

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.