Вы тут

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?


З авітамінозам у нас прынята змагацца па-старому — закручваючы з лета слоікі з дачным ураджаем гародніны і садавіны. Ператвараючы іх у кампоты і кансервы, пакаленні нашых мам і бабуль кармілі хатнімі закруткамі сям'ю зімой, каб папоўніць недахоп вітамінаў. І мелі рацыю! Як выявіць авітаміноз і чым ён небяспечны, як не страціць карысныя ўласцівасці прадуктаў і навошта салату лепш рэзаць буйнымі кавалкамі, а есці свежапрыгатаванай, чаму агурок і памідор канфліктуюць у адной талерцы, расказвае нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гумэн Гурбаніджад.


Фота: pixabay.com

— Вітаміны — гэта той горад, карта якога да канца нам невядомая і сёння. А раней людзі ўвогуле мала пра іх ведалі. Такія захворванні, як беры-беры, рахіт, цынга, курыная слепата, узнікалі ад недахопу вітамінаў і былі звязаны з асаблівасцямі харчавання пэўнай мясцовасці ці народа. Калі маракі ішлі ў мора, у многіх з іх ад недахопу вітаміну С пачыналася цынга. Яны паміралі ад інфекцыі зубоў і крывацёку дзясен. Толькі з часам людзі зразумелі, што калі дадаць лімон ці лімонны сок у рацыён маракоў, гэта захворванне знікне.

Вітаміны — гэта рэчывы, якія наш арганізм не можа сінтэзаваць, мы павінны іх атрымліваць з прадуктаў харчавання пастаянна. Ёсць адно невялікае выключэнне — вітамін D і часткова наш арганізм можа выпрацоўваць яго пад уздзеяннем ультрафіялетавага выпраменьвання.

Сёння вядома 13 найменняў вітамінаў. Многія новыя факты толькі адкрываюцца вучонымі. Амаль штогод з'яўляецца інфармацыя, як вітаміны ўзаемадзейнічаюць адзін з адным. Сусветная арганізацыя аховы здароўя сцвярджае, што здаровыя людзі амаль заўсёды могуць аднавіць дэфіцыт вітамінаў і мінералаў з дапамогай звычайнай ежы. Але тут трэба мець на ўвазе два моманты. Па-першае, чалавека, які штодзень падвяргаецца стрэсу, а гэта як мінімум усе жыхары вялікіх гарадоў, адназначна нельга аднесці да абсалютна здаровага. Па-другое, усе мы ведаем, наколькі моцна сённяшняя ежа адрозніваецца ад той, што ўжывалі нашы продкі: мы вырошчваем агародніну без сонца, кормім жывёл гармонамі, каб атрымаць болей мяса ці малака, і іншае.

— Асноўная крыніца натуральных вітамінаў — гародніна і фрукты?

— Вясной многія чакаюць, што летам на агародзе з'явіцца шмат садавіны і фруктаў і можна наесціся і назапасіцца вітамінамі да сярэдзіны зімы. На самай справе гэта міф. Гародніна, фрукты, зяленіва ўтрымліваюць усяго тры-чатыры віды вітамінаў. Як правіла, гэта вітамін С, А, фоліевая кіслата, невялікая колькасць вітаміну К. А нам патрэбна 13 вітамінаў. Астатнія знаходзяцца ў прадуктах жывёльнага паходжання. Таму, калі мы лічым, што ад садавіны і гародніны атрымаем 100 % патрэбы ў вітамінах, гэта памылка. Калі харчавацца толькі расліннай ежай, могуць узнікнуць праблемы са здароўем.

У той жа час недахоп вітамінаў кароткі час не такі ўжо і небяспечны, бо наш арганізм уключае розныя механізмы і кампенсуе яго. Калі ж недахоп перарастае ў хранічную форму, гэта можа выклікаць пэўныя праблемы.

— Як жа тады вегетарыянцы? Яны сцвярджаюць, што адчуваюць сябе абсалютна камфортна, не ўжываючы жывёльныя прадукты...

— Па размяшчэнні зубоў можна высветліць, чым харчуецца тая ці іншая жывёла. У драпежнікаў больш развітыя пярэднія зубы, у траваедных — заднія. Паводле гэтай прыкметы чалавек — істота ўсёедная, нам патрэбна як мяса, так і раслінная ежа. Што датычыцца вегетарыянцаў, то насамрэч у іх ёсць недахоп пэўных відаў вітамінаў, але арганізм уключае кампенсацыйныя механізмы. Аднак гэта не сведчыць, што мы робім свайму здароўю падарунак, калі выключаем з рацыёну пэўныя віды ежы.

— У якіх вітамінах мы маем найбольшую патрэбу і якія ў нас найчасцей у дэфіцыце?

— Трэба сказаць, што вітаміны дзеляцца на вода- і тлушчарастваральныя. Водарастваральных, як правіла, мы павінны ўжываць больш, бо мы і трацім іх больш, і выводзяцца яны хутчэй, у той час як тлушчарастваральныя даўжэй затрымліваюцца ў арганізме. Недахоп тлушчарастваральных (а гэта вітаміны А, D, Е, К) адчуваецца пазней, але і лішак іх можа істотна нашкодзіць.

Самае вялікая сутачная норма ўжывання — у вітаміну С. Яго мы трацім больш за ўсё. Ён адыгрывае ключавую ролю, бо ў першую чаргу змагаецца са свабоднымі радыкаламі, а значыць, з нашым заўчасным старэннем, падтрымлівае імунную сістэму, удзельнічае ў сінтэзе пэўных неабходных рэчываў, у прыватнасці калагену. Таксама ён патрэбны пры мышачных нагрузках, важны для трываласці нашых сасудаў. Вялікую колькасць вітаміну С, як вядома, утрымліваюць цытрусавыя, гародніна, зяленіва.

Вітаміны групы В важныя для работы нервовай сістэмы, яны ўдзельнічаюць ва ўтварэнні энергіі, уплываюць на імунітэт. Вітамін А, як і С, нейтралізуе акісляльнае дзеянне свабодных радыкалаў, пры яго недахопе ўзнікае так званая курыная слепата, калі ў прыцемках чалавек дрэнна бачыць. Вітамін К адыгрывае важную ролю ў гемастазе нашага арганізма: без яго немагчыма спыненне крывацёку.

— А што такое антывітаміны?

— Гэта рэчывы, якія выклікаюць зніжэнне ці поўнае спыненне дзеяння вітамінаў — часткова ці цалкам іх нейтралізуюць. Яны выкарыстоўваюцца ў навуковай сферы: калі мы вывучаем дэфіцыт вітаміну С, уводзім яго антывітамін у лабараторную мыш і можам назіраць эфект. Як і вітаміны, антывітаміны сінтэзуюцца ў гародніне і фруктах. Для чаго? Бо патрэбны баланс. Пры гэтым колькі б антывітамінаў ні знаходзілася ў прадуктах, усё роўна перавага ідзе на карысць вітамінаў. Антывітаміны адыгрываюць сваю ролю: ёсць многа навуковых работ пра тое, як з іх дапамогай падаўляюць рост пухлінных клетак і пэўных паталагічных бактэрый.

Антывітамін у вітаміну С — аскарбіназа. Яна цалкам блакіруе работу вітаміну С у нашым арганізме. Пад уздзеяннем кіслароду аскарбіназа можа выпрацоўвацца ў саміх фруктах і гародніне: на разрэзе той жа яблык хутка цямнее. Таму, чым больш дробна мы іх рэжам, тым больш садзейнічаем утварэнню аскарбіназы. Лічыцца, што пасля шасці гадзін знаходжання салаты ў халадзільніку мы губляем больш за 50 % вітаміну С, а за суткі — амаль увесь. Прычым аскарбіназа разбурае вітамін С не толькі ў салаце. Калі яна трапляе ў наш арганізм, разбурае яго і там. Трэба памятаць, што вітамін С разбураецца і ад металічных паверхняў: калі мы рэжам гародніну ці фрукты нажом, на парэзе ўтвараецца аскарбіназа. Таму салату пажадана наразаць буйнымі кавалкамі і есці свежапрыгатаванай.

Ёсць і камбінацыі, якіх трэба пазбягаць. Па колькасці аскарбіназы адны з лідараў — агуркі. Калі мы агурок камбінуем з памідорам у салаце, то разбураем вялікую колькасць вітаміну С. Канешне, лепш старацца падбіраць кампаненты правільна, але нельга сцвярджаць, што, калі мы зробім нешта не так, у наш арганізм не трапіць вітамін С. Мы можам яго кампенсаваць пасля з іншымі прадуктамі. Таму неабавязкова вывешваць на халадзільнік табліцу і пралічваць камбінацыі. Дастаткова зрабіць свой рацыён разнастайным на працягу тыдня. Калі мы штодзень мяняем рацыён, то балансуем колькасць вітамінаў.

— Але ёсць і вітаміны, якія не сябруюць паміж сабой...

— Сапраўды, і гэта носіць назву вітаміннага канфлікту. Ёсць пэўныя вітаміны, якія нейтралізуюць дзеянне іншага ці не даюць яму засвойвацца. Канфліктуюць паміж сабой вітамін А і D, В2 і В1, В2 і С, D і Е, В12 і РР, В12 і Е. Вітамін В12 самы канфліктны, ён не сумяшчаецца з вітамінамі С, Е і РР. А ёсць вітаміны, якія ўзмацняюць дзеянне адзін аднаго. Вядомая таблетка «Аевіт», калі камбінуюць два вітаміны — А і Е: яны дапамагаюць адзін аднаму засвойвацца.

Дарэчы, каб добра засвоіўся сок фрэш, у прыватнасці вітамін А, трэба невялікая колькасць тлушчу — дастаткова 1-2 кропель аліўкавага ці расліннага алею, каб забяспечыць лепшае ўсмоктванне.

Ёсць і пэўная група лекаў, якая канфліктуе з вітамінамі. Вядомы аспірын нейтралізуе вітамін С. Антыбіётыкі могуць парушаць засваенне вітаміну В12. Такі ж эфект маюць некаторыя супрацьзачаткавыя таблеткі. Таму, калі людзі доўга прымаюць гэтыя прэпараты, трэба ўзмацніць прыём вітамінаў.

— А як тады ставіцца да таблетаваных вітамінаў, дзе адна таблетка ўтрымлівае ўсе? Як жа вітамінны канфлікт?

— Сучасныя тэхналогіі дазваляюць трымаць кожны з вітамінаў у мікракапсулах, і яны распадаюцца неадначасова. Калі мы прымаем вітамінны комплекс, усё разлічана так, каб пазбегнуць вітаміннага канфлікту.

— Ёсць шмат спрэчак наконт таго, ці засвойваюцца сінтэзаваныя вітаміны...

— Пры захворваннях, якія звязаны з дэфіцытам вітамінаў, мы прызначаем сінтэзаваныя комплексы. Бо каб атрымаць сутачную дозу пры дэфіцыце вітаміну С, трэба з'есці тры кілаграмы цытрусавых; для вітаміну В — буханку хлеба. Таму мы выкарыстоўваем сінтэзаваныя вітаміны і атрымліваем эфект. Калі б вітаміны не працавалі, мы б не змаглі лячыць такіх пацыентаў. Пры гэтым абапірацца толькі на сінтэзаваныя комплексы і казаць, што натуральныя вітаміны мне не патрэбны, няправільна. Ёсць меркаванне, што комплексныя вітаміны маюць толькі эфект плацэба. Не магу з гэтым пагадзіцца, бо любая таблетка мае гэты эфект, але тэмпература ці запаленне ад яго не знікаюць.

— З якімі захворваннямі патрэбна дадатковая вітамінная тэрапія?

— Пакутуюць ад недахопу вітамінаў людзі з лішняй масай цела. Здавалася б, яны шмат ядуць, і арганізм павінен быць «нашпігаваны» вітамінамі, але яны часта хварэюць на авітамінозы. Бо чым большая вага, тым больш трэба вітамінаў. Пастаянна прымаць вітамінныя комплексы павінны і пацыенты з цукровым дыябетам, людзі, якія маюць вялікае нервовае напружанне і стрэс, фізічныя нагрузкі. У іх вітаміны хутчэй расходуюцца.

Асобныя вітаміны прызначаюцца, калі маецца іх востры дэфіцыт. Але лепш іх прымаць комплексна, бо яны працуюць разам як адна каманда.

— Кава і нават гарбата дрэнна ўплываюць на вітаміны, гэта так?

— Кафеін, які ўтрымліваецца ў каве і гарбаце, мае лёгкі мачагонны эфект. Такім чынам, водарастваральныя вітаміны хутчэй выводзяцца з арганізма — ён не паспявае іх нават засвойваць. Таму таблетаваныя вітаміны нельга запіваць гарбатай ці кавай. Калі мы прымаем комплексныя вітаміны, гарбату і каву лепш не ўжываць за 45—60 хвілін да гэтага і столькі ж пасля. Тое ж самае датычыцца і прыёму ежы. Калі адразу пасля сняданку ці абеду мы п'ём каву, вялікую колькасць вітамінаў, у тым ліку групы В, мы губляем. Асабліва гэта праблематычна для дзяцей.

Курэнне пераўтварае многія вітаміны ў антывітаміны. Напрыклад, амаль цалкам разбурае вітамін С. Прычым чым больш мы дадаём вітамінаў, тым больш атрымліваем антывітамінаў. Курэнне цалкам зводзіць на нішто амалоджвальныя працэдуры, дзеянне касметычных сродкаў, бо вітаміны знішчаны і не могуць змагацца са свабоднымі радыкаламі, якія выклікаюць заўчаснае старэнне. Трэба проста кідаць курыць, іншага выйсця няма.

Алкаголь у празмернай колькасці, асабліва калі ён ужываецца разам з ежай, перашкаджае ўсмоктванню тлушчарастваральных вітамінаў. Таму ва ўсіх хранічных алкаголікаў мы бачым прыкметы недахопу вітамінаў.

Зразумела, што чалавеку, які курыць ці злоўжывае алкаголем, пэўных вітамінаў не хапае, але тут трэба найперш развітацца са шкоднымі звычкамі.

— Ці можна назапасіць вітамінаў на нейкі час?

— Некаторыя вітаміны могуць дэпаніравацца ў нашым арганізме і потым выкарыстоўвацца нейкі час. Вітамін В12 назапашваецца ў печані і пасля расходуецца. А група вітамінаў, пераважна водарастваральных, не можа назапашвацца. Найперш гэта датычыцца вітаміну С. Таму есці адразу шмат чагосьці, каб запасціся вітамінамі, няправільна. Лішак можа быць больш шкодным, чым недахоп. Калі малады арганізм атрымае больш, чым трэба, вітаміну D, ён закрывае зоны росту, дзіця застанецца невысокім. Пры лішку вітаміну К можа парушацца сістэма згусальнасці крыві.

— Як зразумець, што арганізму не хапае пэўных вітамінаў?

— Дакладную інфармацыю дае лабараторная дыягностыка. Яна робіцца дастаткова доўга, гэта больш складанае даследаванне, чым агульны аналіз крыві. Ёсць яўныя прыкметы: калі трэскаюцца вугалкі рота, гэта сведчыць пра недахоп вітаміну В1; калі пастаянна на целе сінякі і гематомы — не хапае вітаміну С. Але каб дакладна гэта ведаць, трэба звярнуцца да ўрача ці здаць аналізы на пэўныя вітаміны.

Алена КРАВЕЦ

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.