Вы тут

Раённы Палац культуры хутка адкрыюць у Добрушы


У Добрушы выйшаў на фінішную прамую праект, завяршэння якога з нецярпеннем чакаюць жыхары райцэнтра. Гаворка ідзе аб адкрыцці пасля капітальнага рамонту і мадэрнізацыі раённага Палаца культуры. Яго будынак быў узведзены ў канцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Калі паўстала пытанне аб тэрміновым капрамонце аб'екта, пачалася распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі.


За работай брыгадзір брыгады маляроў Марына Някрэвіч.

Капрамонт з элементамі мадэрнізацыі на аб'екце пачаўся ў верасні 2018 года.

— Гэты Палац культуры быў пабудаваны ў 1927—1929 гадах для работнікаў Добрушскай папяровай фабрыкі «Герой працы». Асноўны будынак, які ўцалеў у гады Вялікай Айчыннай вайны, быў пашыраны за кошт прыбудоў ужо ў 70-х гадах мінулага стагоддзя, — растлумачыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Добрушскага райвыканкама Алена Раздуева.

Пасля заканчэння маштабных работ палац па праве стане эпіцэнтрам культурнага жыцця раёна. Падчас капрамонту на аб'екце былі заменены паддахавыя і міжпавярховыя перакрыцці з драўняных на жалезабетонныя, канструктыў падлог у памяшканнях, сістэмы электразабеспячэння, водаправода і каналізацыі. Таксама адрамантаваны дах, уваходная група, адноўлены фасад будынка, усталяваны новы пандус для маламабільных людзей. Дарэчы, усе складнікі безбар'ернага асяроддзя ў памяшканні Палаца культуры будуць забяспечаны ў поўным аб'ёме. У тым ліку прадугледжаны адмысловы санвузел для інвалідаў-калясачнікаў, у глядзельнай зале — дзевяць месцаў з палегчаным пад'ездам на інвалідных крэслах.

— Што датычыцца мадэрнізацыі Палаца культуры, то запланавана правесці механізацыю сцэны глядзельнай залы, устанавіць заслону з электрапрывадам, сучаснае асвятляльнае абсталяванне сцэны і ўсіх памяшканняў, сістэмы вентыляцыі і кандыцыяніраванне глядзельнай залы, правесці дэкаратыўнае асвятленне фасада будынка, — звярнуў увагу намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Будаўнічы трэст № 14» Дзмітрый Мурашка.

Работы па рамонце ўваходнай групы і добраўпарадкаванні тэрыторыі.

Брыгады рабочых будаўнічага прадпрыемства на аб'екце зараз працягваюць будаўніча-мантажныя работы.

— У змену на аб'екце над аздабленнем унутраных памяшканняў і фасадаў будынка працуе сем спецыялістаў маляроў-тынкоўшчыкаў, — падзяліўся брыгадзір брыгады маляроў філіяла «Спецыялізаванае ўпраўленне № 47» ААТ «Будаўнічы трэст № 14» Марына Някрэвіч.

Паралельна працягваецца закупка тэхналагічнага, музычнага, акустычнага абсталявання, мэблі. Распачаты работы па добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі. У палацы культуры новая глядзельная зала з балконам змесціць амаль 400 гледачоў. Сцэна разлічана на выступленне 59 чалавек. Для правядзення масавых мерапрыемстваў будзе таксама выкарыстоўвацца вялікае ўтульнае фае, побач прадугледжаны грымёрныя пакоі, кабінеты акампаніятараў і кіраўнікоў творчых калектываў, пакоі для інжынераў па гуку і святле, рэжысёраў. Другі паверх адведзены для адміністрацыі ўстановы культуры, тут жа будзе размяшчацца Добрушская цэнтральная раённая бібліятэка.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота ААТ «Будаўнічы трэст № 14»

Загаловак у газеце: Палац з іголачкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?