Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Згарэла вяндлярня

І такой бяды...

Фота: pixabay.com

Добрае сала даспадобы многім — можа, нават усім.

Пра тое, як яго лепш павэндзіць, інфармацыі шмат. У інтэрнэце пішуць, што найлепш падыходзіць пілавінне ліставых дрэў (ні ў якім разе не хвойных, канцэрагенных)...

У нашай жа вёсцы вэндзілі толькі ядлоўцам. Яго, па-першае, процьма была на блізкіх схілах, а па-другое, сала ды мяса ад яго набываюць проста незвычайны, непаўторны смак!

Карацей. У вёсцы і амаль што ў суседстве жылі дзве сям'і. У адной падрастаў сынок, у другой — дачка. Яны разам хадзілі ў школу, разам пасля яе не паступілі ў інстытут. Дзяўчына пасля гэтага, не дужа засмуціўшыся, адразу ж пайшла працаваць у школьную бібліятэку, хлопец — стаў «шукаць сябе» і ўсё часцей прыкладацца да чаркі.

З гэтым трэ было нешта рабіць, і бацькі іх, бачачы, што дзеці не супраць, на «тайным савеце» надумалі іх пажаніць. Адпаведна — справіць вяселле.

Наконт гарэлкі ды памідораў-агуркоў праблемы не было — самагонка, жнівень, наконт скаромнага — яна існавала, бо да Каляд жа далёка яшчэ...

Дамовіліся, што адзін са сватоў заколе парсюка, другі — каб смачней было, навэндзіць мяса-каўбас.

Для гэтага Вацік (ён на цагельні працаваў) навазіў дадому бракаванай цэглы, збудаваў у гародзе невялічкую вяндлярню.

Будучы сват даставіў туды мясныя прадукты, удвух яны падчапілі іх на крукі — распачалі працэс...

Тут варта заўважыць, што адкрыты агонь зусім не для яго: ядловец гарыць як порах... А трэба, каб ён лёгенька тлеў, дым пускаў густы і гарачы, прычым досыць доўга — не адну-дзве гадзіны. А таму — кантроль ды кантроль!

У першы дзень ён, вядома ж, быў. У другі — сваты засумавалі: вырашылі, што адзін збегае ў краму па бутэльку і тым самым разнастаіць гадзіны чакання.

І сапраўды, пасля прынятага «працаваць» у вяндлярні стала лягчэй. Аднак ненадоўга: у будынінцы штось бабахнула, над гародам узняўся дым — чорны, густы... Успыхнуў ядловец, загарэлася сала. А гарыць яно так (да таго ж на вятры)... Не дай бог каму бачыць!

Сваты забегалі: дружна пахапалі вёдры, сталі насіць ваду, заліваць агонь...

Вяндлярню ў выніку патушылі. Вяселле справілі. А гісторыю гэту я расказаў для таго, каб паведаміць, што не бывае таго дрэннага, каб на добрае неяк не выйшла. У людзей вось сала з мясам перад вяселлем згарэла... Бяда як быццам? Аднак пажар той бачыў жаніх. І ведаў, што стала прычынай...

З таго, не з таго, але гарэлкі ён цяпер і ў рот не бярэ. З жонкай дзяцей гадуюць, дапамагаюць бацькам — па-людску жывуць.

Што цікава, на месцы былой вяндлярні грады сягоння садзяць.

Мікалай М., Аршанскі раён.

Прыгажосць прыглядзіцца...

У тыя ўжо далёкія часы нашы медыкі рэдка бывалі ў замежных камандзіроўках. «Працэс» адпраўкі іх толькі пачынаўся: некага пасылалі, каб павучыўся, пераняў чужы вопыт, некага — наадварот, каб падзяліўся сваім. У любым выпадку, некуды з'ездзіць, паглядзець, як працуюць калегі, як людзі жывуць, пахадзіць па крамах (не без таго) ды нешта прывезці і хацелася, і прэстыжна было...

Вось толькі шчасціла на гэта далёка не ўсім. Адзін доктар, напрыклад, спаў і сніў, што яго накіруюць. Але час пралятаў, за мяжу ездзілі іншыя, і тады...

Падышоў ён да маёй сяброўкі (яна ў той час працавала ў бальніцы намесніцай галоўнага ўрача па кадрах) і, што называецца, напрамілы бог папрасіў паспрыяць, закінуць слоўца.

Аляксандраўна ведала: у выпадку з замежнымі камандзіроўкамі яны, тыя словы (а тым больш яшчэ і знізу...), анічога не значаць — нават прамаўляць іх сэнсу няма, аднак цуд чамусьці здарыўся: галоўны ўрач прапанаваў таму доктару з'ездзіць за мяжу. У чалавека збылася мара! У яго нават крылы выраслі...

Перад адлётам ён забег «у кадры» падпісаць камандзіроўку, падзякаваў Аляксандраўне, а заадно спытаў, які ж ёй падарунак прывезці?

Сяброўка мая — жанчына з гумарам: смехам сказала, што вырасла ў лесе — высокай і роўненькай: бракуе, маўляў, жаночых вабнотаў — хоць сабе спераду, хоць сабе ззаду... Але ж іх, маўляў, ніхто не прывязе...

Пажартавала так і забылася, а вось доктар — не. Прыязджае ён з камандзіроўкі і — не паверыце — прывозіць ёй прыгожыя штучныя... грудзі.

Цырк, ды і годзе! Адпаведна, і насіць яго — дома альбо на рабоце — сяброўка не разлічвала, а вось у час адпачынку...

Хутка і ўдзвюх з каляжанкай яны сабраліся ў санаторый — так, на ўсякі выпадак узялі з сабой заморскі падарунак. Дзён колькі пазагаралі, каб зраўняўся колер, прымералі і ахнулі! Грудзі — амаль не адрозніць! Ну чыста жывыя, свае! Дык чаму б тады не насіць?! А тым больш на танцы?.. Сяброўка тую прыгажосць начапіла, зверху на яе накінула лёгкую блузачку з вялізным выразам — і амаль адразу ж убачыла, што гэта працуе. Ды яшчэ як! Мужчыны, што яшчэ ўчора і ў той бок не глядзелі, сёння ўжо свідравалі яе вачыма, наперабой запрашалі танцаваць, абсыпалі кампліментамі!

Добрае слова і кошцы прыемнае, а жанчыне — і пагатоў. «Вось што значаць прыгожыя грудзі!» — думала сяброўка...

Праўда, не сказаць, каб доўга: да той пары, пакуль каўказец адзін не «прыліп»: у круг не вывеў — і раз, і другі, і трэці... Пакуль, нахіліўшыся да самага вушка, не прашаптаў ёй, што жаночых грудзей за жыццё сваё бачыў шмат, прычым розных — і вялізных, і маленькіх... А вось каб адна з іх на плячы была, — ніколі не сустракаў...

Аказалася, што гэтая заморская прыгажосць і ў той час (цяпер, дзякуй богу, не ведаю) мацавалася не вельмі якасна: падвялі вытворцы жанчыну...

Таму штучныя грудзі яна больш не насіла. Але ж казала, што беражэ — як напамін пра часы і норавы, пра цікавых людзей, якім дай бог і кахаць, і мець усё натуральнае, бо недарэмна ж кажуць, што прыгажосць прыглядзіцца, — розум спатрэбіцца.

А. Чайкоўская, г. Гомель.

Якой падманлівай бывае знешнасць...

Сваю праўдзівую гісторыю я пачну з таго, што мой муж — заўзяты рыбак, прычым не з дзяцінства, як многія іншыя, а, можна сказаць, з пачатку дарослага сямейнага жыцця. Гэта значыць, што цешча яго жыла ў невялічкай вёсачцы на беразе Шчары, што ў нас на рыбалку хадзілі ўсе...

Цяпер, праўда, рэчка змялела, рыбы ў ёй усё меншае, але не так даўно мужу пашчасціла на ляшча. Ды такога... Ледзь дамоў прывалок (бо па дарозе ўсім паказваў). А ўжо колькі радасці меў! Амаль як тады.

...Тады, помню, лета было і субота. Ён на рыбалку схадзіў, — вярнуўся дамоў. Улову, бачу, ніякага, а сам — вясёлы-вясёлы. Пытаю, з чаго б гэта? Кажа, ты не паверыш: русалку толькі што сустрэў!

Далей — з яго слоў.

«Сёння зайшоў я досыць далёка і ўверх па цячэнні. Па «дарозе», на золку яшчэ, палатку заўважыў, слабы дымок над вогнішчам... А стаў вяртацца назад, на тым жа месцы — карціна алеем: нейкая маладзіца кветкі збірае. І з адзення на ёй — ну нічагуткі! Голая... Трэба разумець, адпачывае так, святкуе зліццё з прыродай...

А мне што рабіць? Стаю паводдаль і выбіраю: пайсці напрасткі — значыць спалохаць, даваць кругаля — значыць з рызыкай для здароўя пралазіць па кустах, ды і час марнаваць.

Хоць-нехаць выбраў я першае. Трохі наблізіўся — з шумам закінуў вуду. Ведаў, што марна (там жоўтае дно), але ж падумаў, што «русалка» ўбачыць мяне і схаваецца ці надзене што.

Аж, бачу, не: як гуляла яна, так і гуляе!

Ну не чакаць жа мне, пакуль ёй ногі забаляць ці зморыцца? Дадому трэба.

Кашляю, падыходжу бліжэй. «Русалка»... чакае і нават, здаецца, рада мне. «Ой, — кажа, — мы тут тры дні адпачываем і яшчэ нікога не бачылі. Вы праходзьце! Смялей, не бойцеся».

Прыгажосць, як вядома, страшная сіла, але ж я прайшоў — міма і досыць блізка. Дзеўка, як аказалася, была не голая: купальнік у яе пад колер цела».

...Факт, што ў рыбака майго, як заўжды, прыгода на прыгодзе: не раз ён з берага праводзіў журавоў, не раз палохаў чорных буслоў і палохаўся сам, наткнуўшыся на баброў ды дзікоў... Аднойчы сачыў за галодным вужом, які хацеў украсці ў яго найбольшую рыбіну...

І аднойчы ўбачыў «русалку».

Ірына Салата, г. Гродна.

Шпакоўня? Гэта проста!

Неяк па тэлефоне размаўлялі мы з мінскай сяброўкай пра наша, пра «дзявочае»: пра вясну, якая такі прыйшла, хоць многім здавалася, што не будзе, пра птушак, што ўсё ж прыляцелі... Да жытла гаворка дайшла. Сяброўка мне: «О... Мы ў парку Чалюскінцаў неяк былі... Там столькі розных шпакоўняў!.. Ну проста палацы, творы мастацтва!»

І следам адразу ж: «Трэба на фазэндзе такіх зрабіць (фоткі засталіся)... Вось зараз жа пайду да канапы і папілую»...

Паварот, згадзіцеся, нечаканы, бо, па-першае, мы, як быццам, размову яшчэ не скончылі? Па-другое, сяброўка мая — жанчына рашучая: у яе «зараз жа» — гэта «тут жа» (а не праз гадзіну ці заўтра). Па-трэцяе, можна падумаць, яна некалі пілку ў руках трымала (хіба для пазногцяў?). Па-чацвёртае, што ёй пілаваць у сталічнай кватэры і, дзе, урэшце, калі работа вось гэта пыльная, а ў яе там апартаменты — з дыванамі-вазонамі, з карцінамі, скуранымі канапамі...

Во, колькі думак у маёй галаве пасля слоў: «Пайду папілую»...

А пытанне — толькі: «А як гэта пайду?..»

«Проста, — кажа сяброўка, — мужа пайду папілую... А то на канапе ляжыць...»

Вось так бы, думаю, ды адразу!.. Гэта ж іншы зусім працэс! Прычым наш, жаночы! І не толькі ў вырабе шпакоўняў... Захацелася чаго, — падышла, папілавала. Глядзіш — і гатова ўсё. Не жыццё, а казка.

Шкада, што не ва ўсіх.

Соф'я Вароніна,

Рагачоўскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

Ад яе ж. Пішыце. Свет захаваўся таму, што смяяўся. І думаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

У 90 % выпадкаў людзі не ведаюць, як правільна мыць галаву.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У Блізнятаў ёсць шанц кардынальна змяніць жыццё.