Вы тут

Колькасць кіберзлачынстваў сёлета павялічылася ў разы


У нашай краіне назіраецца штогадовы рост злачынстваў, звязаных з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Летась зарэгістравана больш за 25 тысяч кіберзлачынстваў. Лічбы растуць імкліва. Напрыклад, калі ў Мінскай вобласці пяць гадоў таму іх было каля 400 за год, то сёння — звыш 3300.

Сёлета такіх злачынстваў у сталічным рэгіёне становіцца больш у разы, паведаміў начальнік упраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі УУС Мінскага аблвыканкама Дзмітрый Дудкоў.


Трывожная статыстыка

Фота: pixabay.com

«За першы квартал гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага практычна ў чатыры разы павялічылася колькасць крадзяжоў з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі — гэта звыш 800 злачынстваў, а ў мінулым годзе ў сталічным рэгіёне за гэты час было ўсяго толькі 210 выпадкаў. У працэнтных суадносінах крадзеж з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі складае 96,7 % ад усяго масіву зарэгістраваных кіберзлачынстваў. З 9,5 млн жыхароў Беларусі інтэрнэтам карыстаецца каля 7,9 млн чалавек, банкаўскіх плацежных картак па стане на 1 студзеня гэтага года было звыш 15 млн. Колькасць аперацый штогод расце, што прыцягвае крымінальных асоб у кіберасяроддзе», — адзначыў спецыяліст.

Зламыснікі прыдумляюць усё новыя спосабы махлярства: яны здзяйсняюць званкі ад імя прадстаўнікоў банкаў і пераконваюць грамадзян паведаміць, напрыклад, нумар банкаўскай карткі, код пацвярджэння або ўстанавіць якое-небудзь праграмнае забеспячэнне, каб атрымаць аддалены доступ да мабільнага тэлефона. «Такім чынам зламыснікі атрымліваюць практычна ўсе ключы для здзяйснення крадзяжоў», — падкрэсліў начальнік упраўлення.

Лепш мець сутачныя ліміты па плацяжах

Асобна Дзмітрый Дудкоў адзначыў, што сёння кіберзлачыннасць носіць трансгранічны характар. У суседніх з намі краінах, іншых дзяржавах працуюць цэлыя арганізаваныя групоўкі, якія здзяйсняюць крадзяжы грашовых сродкаў у нашых грамадзян.

У першую чаргу праваахоўныя органы рэкамендуюць не перадаваць ніякай інфармацыі, калі вам паступаюць падобныя званкі. Лепш спыніць размову, а калі ёсць сумненні, то самастойна праверыць у інтэрнэт-банкінгу, мабільным дадатку, ці сапраўды маюцца якія-небудзь аперацыі.

Акрамя таго, вы можаце звярнуцца па інфармацыю, скарыстаўшы нумар тэлефона, які пазначаны на афіцыйным сайце банка. Для анлайн-плацяжоў спецыялісты рэкамендуюць мець асобную банкаўскую картку — усё таму, што фіксіраваліся такія выпадкі, калі выкарыстоўвалася зарплатная картка, а пасля ўсе грошы пэўным чынам былі пераведзены на замежны рахунак.

Дарэчы, эксперт звярнуў увагу, што нярэдка ў людзей спісваюцца з рахункаў сапраўды вялікія сумы. Але гэтага можна было пазбегнуць, калі б кліент прарабіў са сваёй карткай адну простую аперацыю.

Каб прадухіліць гэта, дастаткова паставіць нейкія сутачныя ліміты па плацяжах. А калі вы не выкарыстоўваеце картку для анлайн-плацяжоў, спецыялісты таксама рэкамендуюць прыбраць CVV-нумар з адваротнага боку карткі. Дадзенай рэкамендацыяй таксама прапануецца абараніць пажылых людзей ад патэнцыйных пагроз, якія не карыстаюцца анлайн-плацяжамі. Гэта засцеражэ іх і ў выпадку страты кашалька з карткамі.

Пенсіянеры больш даверлівыя

Ужо сёлета ахвярамі кіберзлачынстваў сталі 157 пенсіянераў — жыхароў сталічнага рэгіёна, распавёў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС Мінскага аблвыканкама Андрэй Бярозка. У сваёй паўсядзённай дзейнасці супрацоўнікі дадзенага ўпраўлення даводзяць да насельніцтва інфармацыю пра спосабы здзяйснення злачынстваў, аб тых мерах прафілактычнага характару, якія неабходна прымаць, каб не стаць ахвярай кіберзлачынцы. Пенсіянеры, пажылыя людзі — найбольш уразлівая катэгорыя. Яны заўсёды ўважліва выслухаюць па тэлефоне незнаёмага ветлівага чалавека, таму яны схільныя да больш лёгкага ўнушэння.

«У сваёй рабоце мы тлумачым людзям, што работнікі службы бяспекі банка ніколі не патэлефануюць ім, выкарыстоўваючы вайбер, не папросяць нумар карткі, не запатрабуюць перавесці грошы куды-небудзь. Аднак усё яшчэ ёсць шмат выпадкаў, калі людзі вераць і пераводзяць сродкі. Гэта сведчыць аб нізкім узроўні прававой свядомасці насельніцтва, таму наша асноўная задача — данесці, растлумачыць, што рабіць і як сябе паводзіць у такіх сітуацыях. Хачу звярнуць увагу, што ў канцы сакавіка намеснікам прэм'ер-міністра Юрыем Назаравым зацверджаны комплексны план па прафілактыцы гэтага віду злачынстваў, які мы будзем выконваць з прыцягненнем усіх суб'ектаў прафілактыкі. Гэта ўстановы адукацыі, сацыяльныя і камунальныя службы, дзе будзем працаваць з імі шляхам размяшчэння інфармацыі на квітанцыях аб аплаце камунальных паслуг, каб людзі чыталі, бачылі, ведалі», — адзначыў Андрэй Бярозка.

Таксама спецыяліст адзначыў, што вядзецца прафілактычная работа сярод маладога пакалення. Яны павінны ведаць, што за занятак вішынгам можна трапіць у турму. «Мы выступаем перад непаўналетнімі ў навучальных установах, даводзім ім інфармацыю аб узросце, з якога наступае крымінальная адказнасць. Яны павінны разумець, што пачынаючы з 14-гадовага ўзросту ў выпадку, калі яны пераступяць рысу, могуць несці ўстаноўленую законам адказнасць», — нагадаў праваахоўнік.

Акрамя таго, бестурботнасць грамадзян, якія не ўстанаўліваюць антывірусы, выкарыстоўваюць усюды аднолькавыя паролі, прыводзіць да таго, што зламыснікі праз шкоднае праграмнае забеспячэнне завалодваюць лагінам і паролем. Эксперты-крыміналісты рэкамендуюць устанаўліваць розныя паролі ў сацыяльных сетках і інтэрнэт-банкінгу, а таксама не захоўваць іх у браўзеры.

Акрамя таго, не трэба пераходзіць па спасылках, якія вам прапануюць наведаць у рассылках. Праз іх могуць устанаўлівацца шкодныя праграмы, якія перахопліваюць не толькі паролі, але і файлы.

Пераканаць можна любога?

Сёння ўсё часцей з'яўляюцца новыя схемы ашуканскіх дзеянняў з выкарыстаннем мабільных тэхналогій, інтэрнэт-банкінгу. Такія злачынцы віртуальнай сферы паспяхова выкарыстоўваюць розныя гандлёвыя пляцоўкі, дзе пры дапамозе атрыманых асабістых даных грамадзян здзяйсняюць крадзеж грашовых сродкаў.

«Калі мы апусцім тэхнічны аспект, то застаецца такая форма класічнага махлярства, як перакананне. Перакананне і ветлівасць пры тэлефонных размовах у спалучэнні з фактарамі бестурботнасці і залішняй даверлівасці дазваляюць злачынцам атрымліваць асабістыя звесткі пацярпелых, якія пасля паспяхова выкарыстоўваюцца ў ашуканскіх схемах», — адзначыў намеснік начальніка УУС Мінскага аблвыканкама — начальнік крымінальнай міліцыі Аляксандр Копішаў.

Пацярпелыя — прадстаўнікі цалкам розных узроставых груп, сацыяльнага статусу і ўзроўню адукацыі. Сёння практычна ўсе пласты нашага насельніцтва могуць быць пацярпелымі ад гэтай злачыннай дзейнасці, усе, хто карыстаецца мабільным тэлефонам і інтэрнэтам.

Спецыялісты прыгадалі некалькі тыповых выпадкаў вішынгу. Жыхару Маладзечанскага раёна патэлефанавалі нібыта са службы бяспекі вядомага банка. У ходзе размовы ён паведаміў ашуканцу асабістыя даныя, нумар карты і аформіў на сваё імя анлайн-крэдыт. Сума ў памеры 8 тысяч рублёў сышла на рахунак замежнага банка, а мужчына вымушаны цяпер пагашаць доўг. Другі выпадак — жыхарку Мінскага раёна падчас размовы злачынец угаварыў «блакіраваць картку, а потым перавесці грошы на бяспечны рахунак». Дзяўчына па ўказцы ўстанавіла шкодны дадатак на мабільны тэлефон, з дапамогай якога былі выкрадзены сродкі ў памеры 19 тысяч рублёў.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Зладзеі за камп'ютарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».