Вы тут

Удзельніцы конкурса «Каралева студэнцтва» наведалі Палац незалежнасці


Удзельніцы праграмы падрыхтоўкі да мінскага гарадскога этапу рэспубліканскага конкурсу грацыі і таленту «Каралева студэнцтва» наведалі Палац незалежнасці. Чарговая экскурсія арганізавана для канкурсантак і каардынатараў мерапрыемства, якія прадстаўляюць разнастайныя сталічныя ВНУ. Карэспандэнт «Звязды» пазнаёмілася з грацыямі і даведалася пра сучасныя патрабаванні да каралевы прыгажосці.


Вандроўка па рэзідэнцыі Прэзідэнта Беларусі, як звычайна, пачалася з залы ўрачыстых цырымоній — адной з важнейшых пляцовак у рэспубліцы, дзе сустракаюць міжнародныя дэлегацыі, праводзяць сустрэчы з дзеячамі культуры, балы і ўручаюць ганаровыя званні. Экскурсавод Александрына паведаміла дзяўчатам, што палац мае 100 памяшканняў, пятая частка з іх выкарыстоўваецца для прыёму гасцей. Навуковы супрацоўнік нагадала пра «стаханаўскую» працу будаўнікоў і перавыкананне плану па ўзвядзенні рэзідэнцыі, пра тое, што галоўнай тэмай архітэктуры і дызайну памяшканняў сталі слуцкія паясы, расказала пра шыкоўны сад вакол палаца з вішнямі, абрыкосамі, яблынямі і слівамі. Безумоўна, юным прыгажуням урачыстыя залы прыйшліся да спадобы і кожная з іх з радасцю рабіла сэлфі за трыбунай, на фоне дзяржаўных сімвалаў і прэс-волаў.

Гэтым часам журналісты спрабавалі «адцягнуць» ад экскурсіі некаторых з канкурсантак і даведацца, чым яны будуць пакараць аўдыторыю і журы падчас фіналу. Будучы эканаміст-менеджар з Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Аляксандра Піскун на этапе адбору ў універсітэце выступала з усходнімі танцамі, а зараз мяркуе прадставіць іншы нумар. Дзяўчына сцвярджае, што «Каралева студэнцтва» — конкурс не толькі пра прыгажосць, але і пра таленты, духоўныя якасці, аратарскае майстэрства. Аляксандра не хавае, што акрамя новых знаёмстваў удзел у конкурсе адкрывае магчымасці трапіць у мадэльнае агенцтва ці на тэлеэкран.

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Ілона Жэгждрынь верагодна будзе ўражваць суддзяў сваімі вакальнымі талентамі. Яна спявае ў калектыве «Валачобнікі», працуе настаўніцай у школе, выкладае эстрадны вакал для падлеткаў і дарослых ва ўласнай студыі, якую аформіла на правах індывідуальнага прадпрымальніка. Дзяўчынка адзначае, што вельмі любіць народную беларускую культуру, бо сама родам з невялікай вёскі на Гродзеншчыне. Але адзначае, што на яе малой радзіме шмат моладзі, якая нацэлена на развіццё свайго населенага пункта — будуе дамы, добраўпарадкоўвае тэрыторыю.

Яшчэ адна ўдзельніца конкурсу, Ксенія Здрок, курсант авіяцыйнага факультэта Ваеннай Акадэміі, сцвярджае, што вышыню столяў Палаца Незалежнасці не параўнаць з вышынёй, якую набірае верталёт ці самалёт, але ўбранства будынка яе ўсё-такі вельмі ўразіла і кожная зала мае свае асаблівасці. Не толькі з-за афіцэрскага абавязку, а з уласных перакананняў дзяўчынка кажа, што наша краіна — самая лепшая. На пытанне журналістаў, чаму яна выбрала ваенную службу і ці ёсць адрозненні ў патрабаваннях да дзяўчат і хлапцоў у Акадэміі, адказвае: марыла пра гэта з дзяцінства. І дадае, што ў ВНУ ўсе ройныя — ваеннаслужачых не падзяляюць на дзяўчынак і хлапцоў.

А Анастасія Пармон — будучы машынабудаўнік, вучыцца ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. На пытанне пра выбар таксама такой не вельмі ўласцівай для дзяўчыны прафесіі адказвае, што зрабіла яго пад уплывам бацькоў — працягвае дынастыю. Яе тата і мама пазнаёміліся на гэтым жа факультэце, а дзядуля выкладаў у БНТУ. Вучобу, працу ў бацькоўскай фірме, рэдактарскую справу ў факультэцкай газеце і грамадскую дзейнасць яна паспявае сумяшчаць з мадэльнай прафесіяй.

Конкурс «Каралева студэнцтва» праходзіць як нацыянальны адбор для ўдзелу прадстаўніц Беларусі ў міжнародным конкурсе прыгажосці і таленту «Каралева студэнцтва — 2021», арганізатарамі якога з'яўляюцца БРСМ і Расійскі саюз моладзі. Фінальнае рэспубліканскае шоу запланавана на канец мая, пасля чаго дзяўчаты пройдуць кваліфікацыйны адбор, сумоўе і пасля гэтага атрымаюць права ўдзелу ў суперфінале.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.