Вы тут

Чаму на Кубе завяршылася гістарычная эпоха?


Сёлетні красавік дакладна ўвойдзе ў найноўшую гісторыю Вострава свабоды. Днямі стала вядома, што прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль Бермудэс быў абраны першым сакратаром Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі краіны. Такое рашэнне прынялі ўдзельнікі VІІІ з'езда КПК, паведаміла дзяржаўнае інфармагенцтва Кубы Prensa Latіna. Трыма днямі раней аб сваёй адстаўцы з партыйнай пасады абвясціў 89-гадовы Рауль Кастра. Ён адзначыў, што пакідае кіраўніцтва краінай «добра падрыхтаваным партыйным дзеячам», якія «будуць гарантаваць пераемнасць ідэй Кубінскай рэвалюцыі 1959 года», паведаміла партыйная газета Granma. Выступаючы ў апошні дзень з'езда, ён падтрымаў 60-гадовага Дыяса-Канэля і заўважыў, што не будзе прымаць прапаноў працягваць работу ў партыйным кіраўніцтве. У сваю чаргу прэзідэнт краіны і адначасова першы сакратар КПК паабяцаў, што з Раулем Кастра па-ранейшаму будуць узгадняцца стратэгічныя рашэнні. Чаму на Кубе завяршылася гістарычная эпоха, чаго чакаць надалей?


У цені Фідэля

Адразу варта адзначыць, што ні для кога на Кубе «тэктанічныя» змяненні не сталі нечаканай навіной. Аб будучых пераменах было абвешчана яшчэ некалькі гадоў таму. Але адбылася насамрэч гістарычная падзея: упершыню з 1959-га ў кіраўніцтве не будзе чалавека з прозвішчам Кастра.

Рауль доўгі час заставаўся ў цені старэйшага брата Фідэля. Ён нарадзіўся 3 чэрвеня 1931-га ў сям'і плантатара, скончыў езуіцкі каледж у Гаване, пасля атрымаў эканамічную адукацыю ў сталічным універсітэце. Там Рауль пазнаёміўся з камуністычнымі ідэямі, уступіў у марксісцкі гурток.

У 1953 годзе ён разам са старэйшым братам і групай аднадумцаў узяў удзел у няўдалым штурме казарм Манкада, быў асуджаны да 13 гадоў турмы. Праз два гады рэжым Батысты амнісціраваў яго, і Рауль адправіўся ў выгнанне ў Мексіку. Менавіта там ён пазнаёміўся з другім прафесійным рэвалюцыянерам — аргенцінцам Эрнэста Чэ Геварам.

У 1956-м Рауль разам з братам і групай рэвалюцыянераў таемна вярнуліся на Кубу на яхце «Гранма», і яны працягнулі ўзброеную барацьбу з рэжымам Батысты ў гарах С'ера Маэстра. 1959-м адчайнае супрацьстаянне завяршылася перамогай: Батыста збег з Кубы, а рэвалюцыянеры прыступілі да будаўніцтва сацыялізму на востраве.

Рауль Кастра доўгі час быў «другім чалавекам» на Кубе. На працягу амаль паўстагоддзя ён займаў пасаду міністра Рэвалюцыйных узброеных сіл, адначасова каля 30 гадоў быў першым намеснікам Фідэля. Кіраваць краінай ён, па сутнасці, пачаў у 2006-м: з-за пагаршэння здароўя старэйшы Кастра часова перадаў свае паўнамоцтвы групе на чале з Раулем. У 2008-м Фідэль канчаткова адышоў ад спраў, і яго брат стаў на чале Вострава свабоды.

Доўгачаканыя перамены

Рауль прынёс астраўной дзяржаве доўгачаканыя перамены ў эканоміцы: менавіта з яго імем звязваюць уваходжанне Кубы ў сусветную рынкавую прастору. Адной з першых рэформ малодшага Кастра стала турыстычная: былі зняты абмежаванні на доступ кубінцаў да тураб'ектаў, ім дазволілі здымаць пакоі ў любых гатэлях (у тым ліку з замежнікамі), адпачываць у курортных зонах і ездзіць у туры.

Жыхары вострава таксама атрымалі доступ да мабільнай сувязі і інтэрнэту. Акрамя таго, у краіне вярнулі прыватную ўласнасць: грамадзянам дазволілі купляць і прадаваць жыллё, хай і з абмежаваннямі. Паступова былі зняты і ўсе абмежаванні на куплю або продаж аўтамабіляў. «Была зноў адкрыта вялікая колькасць рэстаранаў і кафэ», — заўважыў gazeta.ru дацэнт эканамічнага факультэта Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў Магамед Кадзоеў. Да таго ж Кастра-малодшы рэгулярна праводзіў і амністыю палітвязняў.

У 2011 годзе Рауль быў абраны першым сакратаром ЦК Камуністычнай партыі Кубы. Тады ж была адобрана і новая праграма далейшага развіцця Вострава свабоды, якая прадугледжвала актуалізацыю эканамічнай мадэлі краіны: адмова ад размеркавання харчавання па картках і пашырэнне прыватнага прадпрымальніцтва. За 10 гадоў кіравання Рауля колькасць прыватнікаў вырасла амаль у чатыры разы — са 150 тысяч чалавек у 2007 годзе да больш чым паўмільёна ў 2017-м.

Важным пунктам праграмы рэформ стала і прыцягненне інвестыцый з-за мяжы. Для гэтага замежным кампаніям у 2014-м прапанавалі падатковыя льготы і далі гарантыі, што іх сродкі не будуць канфіскаваны мясцовымі ўладамі. Ім дазволілі ўкладвацца ва ўсе сферы эканомікі акрамя аховы здароўя і адукацыі, але забаранілі супрацоўнічаць са СМІ, узброенымі сіламі і паліцыяй. Акрамя таго, на ўзбярэжжы за 45 кіламетраў ад Гаваны адкрылася адмысловая эканамічная зона «Марыэль».

Яшчэ адно значнае змяненне — міграцыйная рэформа. Кубінцам дазволілі пакідаць востраў без абавязковага спецыяльнага дазволу (выязных віз). Неабходным стаў толькі замежны пашпарт, павялічыўся і тэрмін, на які можна было з'ехаць, — з 11 да 24 месяцаў. Зрэшты, выезд застаўся абмежаваным для прадстаўнікоў грамадска значных прафесій: урачоў, настаўнікаў, інжынераў і спартсменаў.

Пры Раулю Кастра адбылася і яшчэ адна важная для Кубы падзея — аднаўленне дыпламатычных адносін з ЗША. 44-ты амерыканскі прэзідэнт Барак Абама прызнаў, што Вашынгтону не ўдалося дабіцца поспеху на «кубінскім фронце»: рэжым у Гаване застаўся непахісным, а амерыканскія кампаніі губляюць мільярды долараў з-за абмежаванняў.

Абама і Кастра пагаварылі па тэлефоне і нават правялі асабістую сустрэчу: прэзідэнт ЗША прылятаў на Кубу. Былі паслаблены гандлёва-эканамічныя санкцыі, а амерыканцам дазволілі прыязджаць на востраў, што пацягнула прыток валюты. Вашынгтон таксама выключыў Кубу са спіса спонсараў тэрарызму. Аднак сітуацыя пазней рэзка пагоршылася з прыходам да ўлады ў ЗША рэспубліканца Дональда Трампа.

Справа для пераемніка

Фідэль Кастра памёр 25 лістапада 2016-га. Рауль прапанаваў абмежаваць тэрмін знаходжання ва ўладзе дзесяццю гадамі. Пасля ён увёў яшчэ адно змяненне: лідарам Кубы не могуць абраць чалавека старэйшага за 60 гадоў, а як кіраўніком Кампартыі — старэйшага за 70 гадоў. Ад непасрэднага кіравання краінай Рауль Кастра адышоў яшчэ тры гады таму — 19 красавіка 2018-га. Тады на чале Кубы ўстаў ягоны намеснік Мігель Дыяс-Канэль, а колішні кіраўнік дзяржавы застаўся лідарам Камуністычнай партыі.

Эксперты з заходніх краін неаднаразова характарызавалі Дыяса-Канэля як прагматыка, тэхнакрата і нават як умеранага ліберала, прыводзячы ў пацвярджэнне той факт, што ў маладосці ён насіў доўгія валасы і слухаў песні Beatles, адзначыла ng.ru. Аднак юнацкія захапленні не перашкодзілі яму зрабіць бліскучую кар'еру па партыйнай лініі і пры падтрымцы Рауля Кастра (якому, лічыць амерыканскі эксперт па Кубе Нара Гомес Торэс, імпанавала выканаўчасць і адданасць Дыяса-Канэля) хутка прасунуцца да чалавека нумар два ў кубінскім кіраўніцтве, а пасля і ўвогуле стаць на чале дзяржавы (10 кастрычніка 2019 года Нацыянальная асамблея народнай улады абрала яго прэзідэнтам краіны).

Мігель Дыяс-Канэль стаў кіраўніком Кубы ў вельмі складаны для краіны перыяд. Вашынгтон ізноў узмацніў ціск на Гавану з мэтай дамагчыся кардынальнай змены курсу, якім вось ужо 60 гадоў рушыць Востраў свабоды. Сутыкнуўшыся з шэрагам сур'ёзных выклікаў, Дыяс-Канэль энергічна ўзяўся за працяг мадэрнізацыі краіны, асабіста кантралюючы працэс на самых розных узроўнях. Як адзначае CNN, кубінскія чыноўнікі нават прыдумалі яму мянушку Dнa y Noche («І днём і ноччу»), маючы на ??ўвазе, што Дыяс-Канэль здольны наляцець з праверкай у любое ведамства і ў любы час. На думку многіх, ён пазбаўлены фанабэрыстасці тыповых партыйных бонзаў, з увагай выслухоўвае любога кубінца — ад міністра да радавога грамадзяніна — і аператыўна рэагуе на крытыку ў адрас кубінскага кіраўніцтва. Дыяс-Канэль заклікае кубінскія дзяржаўныя СМІ больш крытыкаваць тое, што адбываецца на востраве, паўтарае, што краіна не можа ізалявацца ад астатняга свету, і выступае за атрыманне кубінцам больш свабод, у тым ліку для выхаду ў інтэрнэт. Не падзяляе ён і перакананняў асобных прадстаўнікоў «старой гвардыі», што Кубе па сілах абысціся без мадэрнізацыі, неабходнай для ўдзелу ў глабальнай эканоміцы.

Нагой у стрэмені

Пандэмія каранавіруса прымусіла Гавану паскорыць перабудову эканомікі. Летась яна скарацілася на 11 працэнтаў, што стала найгоршым вынікам за амаль 30 гадоў. Да цяперашняга часу прыватная дзейнасць у асноўным абмяжоўвалася турыстычнай сферай, а менавіта яна ў большай ступені пацярпела ад пандэміі.

Міністр працы Кубы Марта Элена Фейт распавяла, што пад кантролем дзяржавы застанецца толькі 124 галіны, але не ўдакладніла, якія. «Сэнс рэформы заключаецца ў тым, каб вызваліць прадукцыйныя сілы, а працяг развіцця прыватнай працы — мэта гэтай рэформы», — заявіла міністр.

Хутчэй за ўсё, дзяржава захавае манаполію на стратэгічныя галіны, мяркуюць аналітыкі. «На Кубе пасля таго, як уступіла ў сілу новая канстытуцыя, ужо быў прадугледжаны прыватны сектар. Гэта значыць, стратэгічныя галіны — абарона, адукацыя, ахова здароўя, здабыўная прамысловасць — застаюцца ў руках дзяржавы. Дазваляецца прыватны сектар — дробны і сярэдні. То бок, гэта больш падобна на в'етнамскую мадэль. Палітычная сістэма застаецца досыць цвёрдая, а ў эканоміцы дапускаецца шырокі прыватны сектар», — адзначыў gazeta.ru кіраўнік Цэнтра палітычных даследаванняў Інстытута Лацінскай Амерыкі Збігнеў Іваноўскі.

Намеснік дырэктара Інстытута Лацінскай Амерыкі РАН Мікалай Калашнікаў заўважыў, што колькасць прадпрымальнікаў павялічыцца. «Калі дагэтуль мы гаварылі аб дробным прыватным прадпрымальніцтве, то новы закон, па ідэі, павінен дапускаць, і, напэўна, у бліжэйшай будучыні мы ўбачым не толькі дробныя, але і сярэднія прыватныя прадпрыемствы і кампаніі», — адзначае Мікалай Калашнікаў.

Рауль Кастра, пры якім былі прызнаны законнымі больш за 200 відаў самазанятасці, кажучы аб унясенні змяненняў у канстытуцыю, сцвярджаў, што рэстаўрацыі капіталізму чакаць не варта, «прыватныя прадпрыемствы будуць дзейнічаць у строга акрэсленых рамках», а дзяржкампаніі захаваюць вядучую ролю ў эканоміцы. «Куба ідзе не па шляху капіталізму, а па шляху адаптацыі сацыялізму да новых сучасных умоў глабалізацыі», — лічыць Мікалай Калашнікаў.

Сам жа Рауль, нават сыходзячы з палітыкі, усё ж захоўвае на яе ўплыў, пра што кажа адкрыта: «Пакуль я жывы, я заўсёды буду адной нагой заставацца ў стрэмені і буду гатовы абараняць бацькаўшчыну, рэвалюцыю і сацыялізм».

Захар БУРАК

Фота: pixabay.com

Загаловак у газеце: Пасля Кастра

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё. 

Грамадства

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Аляксандр Кузьмін быў штурманам звяна бамбардзіроўшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны..

Грамадства

Каб усе світанні былі мірныя

Каб усе світанні былі мірныя

Памятныя мерапрыемствы ў Брэсце ўчора праходзiлi, сапраўды, ад свiтання да змяркання.