Вы тут

«Пячора — гэта жывы арганізм». Навошта людзі па сваёй волі лезуць пад зямлю?


На нашай планеце, здавалася б, усё ужо вывучана. Неабсяжны свет сціснуўся да некалькіх гадзін на самалёце. Гэта так — і не так. Месцы, куды практычна не ступала нага чалавека, — у літаральным сэнсе ў нас пад нагамі... Сёлета адзінаму ў Беларусі спелеалагічнаму клубу «Геліктыт-ТМ» спаўняецца 50 гадоў. Кіраўнік спелеаклуба і найстарэйшы дзеючы спелеолаг Беларусі Андрэй Сцяпурка расказаў, што рухае людзьмі, якія выбіраюць поўны небяспек спуск у пячоры, што яны шукаюць і што знаходзяць на гэтым шляху.


Абсалютная цемра... Каб адчуць, што гэта такое, зайдзіце ў памяшканне без вокнаў, выключыце святло, ды яшчэ і заплюшчыце вочы. Пры адсутнасці фонавага святла (а на паверхні зямлі нават ноччу не бывае поўнай цемры — заўсёды ёсць зоркі, месяц, агні гарадоў), розум спачатку малюе неверагодныя вобразы. Вопытныя спелеолагі, якія праводзяць у вечнай ночы пячор значную частку жыцця, умеюць адрозніваць адценні суцэльнай цемры. Вочы прывыкаюць, і паступова ты вучышся бачыць наноў.

— У спелеолагаў ёсць «прафесійная фішка», такі, ведаеце, пункцік — гэта ліхтарыкі, — кажа суразмоўца. — У тых, хто даўно ходзіць у пячоры, ліхтарык заўсёды з сабой. І не адзін. У мяне ліхтарыкі ўсюды: на ключах, у заплечніку, дома ліхтарыкаў шмат. Гэта нагода для жартаў, але гэта так.

«Бярозавыя спелеолагі»

— Клуб «Гелектыт-ТМ» прыдумалі студэнты БПІ і РТІ ў далёкім 1971 годзе. А я прыйшоў у клуб у 1984-м. Прафесійна займаўся плаваннем, але з вялікім спортам не атрымалася...

Тыя, для каго спелеалогія — хобі, хутка сыходзяць з клуба, кажа Андрэй Сцяпурка. Для тых, хто застаецца, гэта ўжо хвароба...

— У сувязі з ковідам больш за год нікуды не выязджалі. І ў нас ужо сапраўдная ломка. Сёлета на майскія святы наша экспедыцыя едзе ў Крым — там тры плато і каля тысячы пячор.

Наогул, спелеалогія — забава экстрэмальная: пячоры — варожае чалавеку асяроддзе. Але мінскі клуб адзін з самых бяспечных: за паўстагоддзя існавання толькі адзін няшчасны выпадак са смяротным зыходам. У 1982 годзе чалавек упаў у падземны калодзеж, выратаваць яго не паспелі. Пасля гэтага секцыю забаранілі ва ўсіх ВНУ. І да 1999 года беларуская спелеалогія існавала практычна нелегальна. Склад абсталявання і экіпіроўкі быў дома ў кіраўніка, збіраўся клуб дзе прыйдзецца: пастаяннага памяшкання не было. Цяпер у клуба ёсць трэніровачная база ў Мінску і выязная база ў Раўбічах.

— Пячор там няма, але ёсць бярозы. Нас нават у жарт называюць «бярозавымі спелеологамі».

Кіраўнік клуба кажа, што бяспека дасягаецца трэніроўкамі — пачаткоўцы трапляюць у пячоры толькі пасля паўгода вучобы. На бярозах адпрацоўваецца спелеакрок, уменне спускацца ў вузкія лазы і выбірацца з іх, варыянты навескі, а таксама нестандартныя сітуацыі, што могуць узнікнуць у пячоры.

— Навошта важдацца з пачаткоўцамі? Справа ў тым, што спелеалогія — гэта камандны «від спорту». Я тлумачу ўсім, каго вучу: хочаце хадзіць у пячоры — вучыце наступных. Ад ведаў і ўменняў таго, хто побач, залежыць твая бяспека.

У пячору спускаецца мінімум «двойка», а самы аптымальны склад — тры чалавекі. І тут важная псіхалагічная сумяшчальнасць. Якія б ні паўсталі рознагалоссі, трэба шукаць кампрамісы і бясспрэчна згаджацца з рашэннем кіраўніка.

— Напэўна, таму ў нас часта ўтвараюцца «спелеапары» і «спелеасем'і». За апошнія гады — 12 пар.І я ўжо адчуваю сябе пастарам або бацюшкам, — усміхаецца Андрэй Пятровіч. — Традыцыйна 1 красавіка мы праводзім у Раўбічах міжнародныя спаборніцтвы, а пасля — «спелеавяселлі».

Што можна знайсці ў пячоры? Суразмоўца кажа, што ў першую чаргу — добрую кампанію: блізкіх па духу людзей.

— Калі ты двое сутак сядзіш з чалавекам пад зямлёй і табе няма куды выйсці, няма каму патэлефанаваць ці напісаць (пячоры — «глухая зона», мабільная сувязь адсутнічае, інтэрнэту няма), нават інтраверты пачынаюць расказваць пра сябе і слухаць суразмоўцу. Пячоры настройваюць на шчырасць — часам людзі расказваюць напарніку тое, пра што не казалі нават самым блізкім.

Спелеалогія вучыць таму, чаго не ўмее сучасны чалавек: эмпатыі, цікавасці да думак і пачуццяў іншага, уменню ладзіць з людзьмі. Адзіночкі ў спелеаклубе не прыжываюцца.

Ану, дзяўчаты!

Далёка не ўсе, хто прайшоў стандартную праграму навучання, будуць спускацца пад зямлю. Аднаму не дазваляе здароўе, іншы разумее, што не гатовы псіхалагічна. Але ўсё роўна ў пячоры працуе каманда.

— У нас кожны можа знайсці справу па душы. Камусьці падабаецца рабіць навеску, вырашаючы, як і дзе павінна прайсці вяроўка па пячоры, каб было зручна і яна не перацерлася. Камусьці па душы складаць карту. Ёсць «каманда ўтульнасці» — тыя, хто застаецца ў лагеры наверсе і забяспечвае жыццядзейнасць экспедыцыі. Калі ў падземны лагер спускаюць чарговую порцыю рыштунку, хлопцы і дзяўчаты радуюцца, калі для іх там клапатліва прыхавалі «смачнасці».

Штогод у клуб прыходзіць 30—40 чалавек пачаткоўцаў. У апошнія гады стандартны набор — каля 50 % (а то і больш) жанчын.

Бяруць у клуб усіх. Дасведчаныя спелеолагі ведаюць: калі гэта «не ваша», вы пойдзеце яшчэ на этапе трэніровак.

— Калі вы не гатовыя маральна або фізічна, але хочаце ўдзельнічаць — калі ласка, усе нашы выезды і тусоўкі — для вас. Але ўніз лезці не трэба. Наверсе таксама цікава — правесці адпачынак у гарах, пазагараць на вышыні 2000 метраў.

Абсалютныя супрацьпаказанні — толькі па здароўі: скаліёз і сардэчна-сасудзістыя захворванні. Каб займацца спелеалогіяй, не патрэбны нейкія асаблівыя даныя. Патрэбна толькі рашучасць пашырыць рамкі сваёй «зоны камфорту».

Праца спелеолага

— Калі адбываецца набор, я заўсёды кажу пачаткоўцам: вы не па экстрым сюды прыйшлі. Экстрым — гэта не да нас. Спелеалогія — гэта ў першую чаргу праца. У нас так і кажуць: працаваць пад зямлёй.

Праца спелеолага — не проста спусціцца туды, дзе да цябе ніхто (ну, ці амаль ніхто) не бываў. Гэта яшчэ і зрабіць тапаграфічныя здымкі пячоры для тых, хто пойдзе следам. Тэктанічныя разломы могуць быць забіты глінай, завалены абломкамі пароды. І тады свой шлях даводзіцца літаральна прасякаць — зубілам, долатам, перфаратарам.

— Такі вось «адпачынак» з кувалдай у руцэ. Адзін мой таварыш пасля такога адпачынку сказаў, калі мы падняліся на паверхню з глыбіні 600 метраў: «Усё, адпачыў. Хачу на працу!»

Аптымальны час, які праводзіць спелеолаг пад зямлёй, — 10—12 гадзін. Зрэшты, вопытныя спелеолагі абыходзяцца без дзённага святла значна даўжэй: напрыклад, сам Андрэй Сцяпурка неяк прабыў у пячоры амаль два тыдні.

— Вядома, экстрым у спелеалогіі ёсць. Адрэналін зашкальвае, асабліва першыя разы. Мне да гэтага часу бывае страшна. І гэта нармальна: чалавек павінен баяцца. Пячоры — не яго асяроддзе. Цёмна, холадна, стапрацэнтная вільготнасць...

Дык навошта ж людзі па сваёй волі лезуць пад зямлю? Спелеолагі кажуць, што, спускаючыся ў пячору, яны вучацца бачыць і чуць тое, што на самай справе адбываецца вакол, адрозніваць уяўныя страхі ад рэальнай небяспекі, правяраць сваю волю і магчымасці. Пасля такога падарожжа яны вяртаюцца ў рэальны свет, і многія праблемы здаюцца ўжо не такімі непад'ёмнымі, як да спуску ў пячору.

— Да здаровага ладу жыцця спелеалогія не мае дачынення. Гэта толькі адносна здаровы лад жыцця. Так, у экспедыцыях «сухі закон», хоць літр спірту для медыцынскіх мэт у мяне як у кіраўніка заўсёды з сабой. Але наогул, свайму захапленню ты аддаеш сілы, час, немалыя сродкі і здароўе. Цягаць цяжар шкодна, асабліва дзяўчатам. А спелеалогія немагчымая без цяжкіх заплечнікаў. Кожны нясе на сабе экіпіроўку, запас ежы (гэта кілаграм 25), плюс на ўсіх раскідваецца неабходнае групе абсталяванне, крукі, газавыя гарэлкі, тэлефонныя дроты — гэта яшчэ кілаграмаў 10—15. Многія дзяўчаты, якія пачыналі са мной (цяпер яны ўжо бабулі), зарабілі сабе сур'ёзныя праблемы з пазваночнікам. Праўда, зрок у пячорах аднаўляецца, гэта факт...

Зрэшты, цяжар групе даводзіцца насіць толькі «на закідзе» і вяртаючыся дадому. Як правіла, спелеолагі спускаюцца ў пячору і разбіваюць лагер, такі ж, як на паверхні: калі экспедыцыя плануецца на некалькі тыдняў, бегаць уверх-уніз няма сэнсу (стандартная хуткасць хаджэння па вертыкальнай паверхні — 1 м у хвіліну). А потым з гэтага лагера «двойкі» і «тройкі» адпраўляюцца ўглыб пячоры.

Колькі гэта каштуе?

Занятак спелеалогіяй — захапленне не з танных.

— Любы турызм у нашы дні — забаўка для багатых. Каб толькі апрануць сябе, спелеолагу неабходна больш за 1000 у. а. Напрыклад: метр спецыяльнай вяроўкі каштуе два долары, а спелеолагу патрэбна вяроўка мінімум 1200 метраў пры глыбіні пячоры ў 700 м. Плюс дарога да пячоры, транспарт, ежа.

А пячоры, як правіла, знаходзяцца ў такіх месцах, куды прамым рэйсам не дабярэшся. Беларускія спелеолагі спускаліся ў пячоры па ўсім свеце, але часцей за ўсё ездзяць на Каўказ і ва Украіну.

— У Абхазіі спелеолагі могуць працаваць толькі ў жніўні. Да гэтага снег не сышоў, пасля — ужо выпаў. Пячоры размешчаны на вышыні 2200 м над узроўнем мора. Можна было б выязджаць у лютым, але зімой дабрацца да гэтых пячор атрымліваецца толькі на верталёце (вышыня снежнага покрыва — у сярэднім тры метры), а гэта дорага і небяспечна (неяк зімой там упаў верталёт з камандай спелеолагаў). Ды і няма ў клуба такіх грошай.

Беларускія спелеолагі спускаліся ў пячоры, размешчаныя на глыбіні ад 10 да 7000 метраў. Пячоры бываюць вертыкальныя — туды можна спусціцца з дапамогай спецыяльнага рыштунку па вяроўцы — і гарызантальныя — у іх можна трапіць пешшу, паўзком або распіраючыся рукамі і нагамі ў расколіне. Прыклад гарызантальнай пячоры — Аптымістычная (Украіна), яе працягласць больш за 270 км. Вертыкальныя пячоры, напрыклад, знаходзяцца на плато Чатыр-Даг (Крым) і Арабіка (заходні Каўказ). Бываюць таксама змешаныя (дыяганальныя) пячоры — напрыклад, Варанцоўская сістэма (Краснадарскі край). Бываюць пячоры, часткова запоўненыя вадой: каб рухацца далей, трэба паднырнуць пад выступ скалы, праплысці пад вадой часам два метры, а часам і значна больш.

— Але спелеадайверы — гэта адмысловая каста, вельмі падрыхтаваныя людзі, — расказвае суразмоўца.

Некаторыя любяць гарызантальныя пячоры — ты адчуваеш апору пад нагамі. Андрэй Сцяпурка кажа, што яму па душы сімбіёз гарызанталі з вертыкаллю.

— Па вяроўцы хадзіць цікавей. Але часам хочацца і ўстаць у поўны рост. Ёсць на плато Арабіка пячоры, дзе можна сустрэць залу памерам са стадыён «Дынама». А бывае — паўзеш па вузкім нахільным тунэлі метраў 400, а потым у якасці ўзнагароды — вузкая пляцоўка, дзе два чалавекі могуць выпрастаць спіну і трохі перадыхнуць.

Украінская, беларуская або расійская пячора не абавязкова размешчана на тэрыторыі гэтых краін. Яна можа быць у любым пункце свету.

— Ёсць у спелеолагаў такое правіла: калі нейкі клуб знаходзіць пячору, яна «належыць» гэтаму клубу. І іншыя клубы, калі хочуць у яе спусціцца, павінны спытаць дазволу ў «гаспадароў». Такая вось этыка.

У Беларусі толькі адна пячора ўяўляе цікавасць для спелеолагаў.

— Дзе яна размешчана, казаць не буду: пячора па-сапраўднаму небяспечная. Гэта пясшчанік, і там пастаянна адбываюцца апоўзні і абвалы. Ёсць блогеры, якія спускаюцца туды, вядуць здымку. Адзін нават хацеў арганізоўваць маршруты: маўляў, давайце ўсе пойдзем! Добра, што гэты пост выпадкова трапіўся мне на вочы. Я напісаў яму ў досыць рэзкай форме: маўляў, загубіш сябе, людзей і пячору. На шчасце, ён прыслухаўся і пакінуў гэтую задуму.

Пячорная містыка

Спелеолагі кажуць, што пячоры — гэта жывы арганізм. Гук у пячоры распаўсюджваецца не так, як на паверхні. Ты можаш чуць шум вадаспаду, а, дабраўшыся да яго, бачыш маленькі ручаёк, і наадварот. У падзенні кропель чуюцца галасы — так і нараджаюцца легенды.

Варыяцый легенды пра Белага Спелеолага некалькі, і ўсе яны трагічныя. Спусціліся тры прыяцелі ў пячору і знайшлі там скарб. Вылезлі двое наверх, вяроўку са скарбам паднялі, а трэці ўнізе заставаўся, мяшкі са скарбам да вяроўкі прывязваў. Адвязалі два прыяцелі мяшкі ад вяроўкі, пачалі яе ўніз спускаць, ды выпусцілі. Пасядзелі яны над уваходам у пячору, падумалі і зразумелі: без старонняй дапамогі ім свайго сябра з пячоры не вызваліць. А як на дапамогу клікаць, калі багацце рукі паліць? Ды і на дваіх дзяліць — не на траіх... Іншы варыянт — некалі спусціліся ў пячору два хлопцы і дзяўчына, у якую абодва былі закаханыя. У барацьбе за яе каханне адзін хлопец скінуў іншага ў прорву. Таму спаць у падземным лагеры можна толькі галавой да ўвахода ў палатку — Белы Спелеолаг шукае здрадніка-сябра па ботах (менавіта іх ён бачыў апошнімі, падаючы ў прорву). І можа зблытаць...

— На самай справе, гэта проста спецыфіка жыцця пад зямлёй: па-першае, так лепшы прыток кіслароду, па-другое, хутчэй зможаш выскачыць з палаткі, калі нешта здарыцца.

Легенды легендамі, але ўсе, хто не раз бываў у пячорах, сцвярджаюць, што пячоры трэба паважаць. Нельга нічога выносіць з пячоры, нават каменьчык, і нельга нічога пакідаць з прынесенага з сабой, нават фанціка ад цукеркі. Зрэшты, Белы Спелеолаг не пакрыўдзіцца, калі група пакіне ў пячоры згорнуты лагер і запас кансерваў для тых, хто прыйдзе следам — няважна, праз год ці праз дзесяць.

— У нас прынята пакідаць ежу, — кажа Андрэй Сцяпурка. — У Францыі спелеолагі пакідаюць наступнай групе віно.

Калі раптам ты заблудзіўся, то Белы Спелеолаг можа забраць цябе да сябе назаўжды, таму лепш не блукаць у адзіночку, а проста сядзець і чакаць дапамогі. А калі ты шукаеш зніклага сябра, то прывід абавязкова пакажа табе дарогу да яго. Лічыцца, што ў Белага Спелеолага абедзве рукі правыя і доўгія валасы. Цікава, што ў пячорах часта бясследна губляюцца расчоскі і толькі правыя пальчаткі.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларуская Амазонка​. Ці стане Палессе аб'ектам сусветнай спадчыны?

Беларуская Амазонка​. Ці стане Палессе аб'ектам сусветнай спадчыны?

Адзін з найбуйнейшых рэгіёнаў, які захаваўся ў некранутым стане і які за разнастайнасць азёр, рэк і балот празвалі Еўрапейскай Амазонкай (ці морам Герадота), усё яшчэ застаецца невядомым шырокаму колу турыстаў

Грамадства

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Нацыянальным брэндам Беларусі па праве лічыцца сацыяльная падтрымка сем'яў дзяржавай, і таму напярэдадні Міжнароднага дня сям'і прадстаўнік

Калейдаскоп

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Пачнём, зразумела, з дзяўчынак, бо менавіта іх мамы ўжо цяпер ламаюць галаву над выпускным уборам дачок.