Вы тут

Як рыхтуюцца да юбілею Багдановіча музеі, прысвечаныя творчасці паэта


Для беларускай культуры сёлета ёсць дзве важныя даты. Першая — 130-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Паэта, які ствараў свае вершы ў духу неарамантызму, яскрава спалучаў паміж сабой і вобразы з міфалогіі, і любоўную лірыку, і мастацкую самарэфлексію. Багдановіча нездарма адносяць да шэрагу пісьменнікаў, якія найбольш паўплывалі на фарміраванне сучаснай беларускай літаратуры. Другая дата, якую таксама трэба адзначыць, — гэта 40-годдзе Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, дзейнасць якога палягае ў захаванні творчай спадчыны паэта.


Фота: bellitmuseum.by

На адмысловай прэс-канферэнцыі расказалі, як рыхтуюцца да юбілею, які будзе адзначацца ў снежні.

Загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі акрэсліў вынікі работы і падзяліўся планамі наконт юбілейнага года:

— Год мы распачалі кніжнымі здабыткамі — гэта плён работы музейных супрацоўнікаў за даволі доўгі перыяд. У першую чаргу назаву каталог аўтографаў Максіма Багдановіча, тут сабраныя ўсе вядомыя на дадзены момант аўтографы паэта. Выданне даступнае ў электронным варыянце на сайце Музея гісторыі беларускай літаратуры, чыім філіялам мы з'яўляемся. Таксама мы змаглі працягнуць серыю, што была распачата яшчэ ў дзевяностыя гады. Гэта выданне архіўных матэрыялаў, якія датычацца жыцця і творчасці Багдановіча. У новым выданні сабрана эпісталярная спадчына найбліжэйшага атачэння паэта, яго сваякоў. Праз ліставанне мы даведваемся пра жыццё яго сям'і. Спадзяёмся, што ў гэтым годзе мы падрыхтуем чацвёрты сшытак архіўных матэрыялаў, прысвечаных ушанаванню памяці Максіма Багдановіча. Таксама мы збіраем інфармацыю для выдання каталога матэрыяльнай спадчыны, якая засталася ад паэта і яго сям'і. Гэтыя рэчы раскіданыя па розных установах Беларусі. Спадзяёмся, што вынікам плённай работы будзе кніга-падсумаванне таго, што захавалася ад Максіма Багдановіча ў матэрыяльным плане.

Галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп расказаў аб выданні кніг, прысвечаных творчасці паэта:

— Сёлета ў выдавецтве запланаваны чатыры кнігі, прысвечаныя творчасці Максіма Багдановіча. Сярод іх — першая кніга серыі, якую мы толькі распачалі і якая называецца «Народная бібліятэка». Серыя незвычайная тым, што ўключаныя ў яе першы выпуск творы Багдановіча былі прапанаваныя нашымі чытачамі. Гэтая кніжка ўжо здадзена ў друк...

Але работа музея не абмяжоўваецца межамі краіны. Аб міжнароднай дзейнасці і інтэрактыўных культурніцкіх праектах распавяла Ірына Мышкавец — вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Асобна яна спынілася на сувязях з Яраслаўлем — нагадаем, што ў 1908 годзе сям'я Багдановічаў пераехала туды, дзе Максім пайшоў у шосты клас гімназіі, і сёння ў Музеі гісторыі Яраслаўля існуе як філіял дом-музей Максіма Багдановіча.

— Зносіны з Яраслаўлем у нас пастаянныя, і яны ніколі не спыняліся. Экспазіцыя дома-музея паэта, які створаны там, у асноўным складаецца з экспанатаў фонду Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Таксама мы плённа супрацоўнічаем з сістэмай дзіцячых бібліятэк і бяром удзел у штогадовых міжнародных канферэнцыях. Падтрымліваем кантакты з Яраслаўскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам, дзе захоўваецца адзін аўтограф Максіма Багдановіча. Цесныя сувязі звязваюць наш музей і з Ніжнім Ноўгарадам. Там жывуць нашчадкі родных Багдановіча, якія працуюць над сямейным архівам і найбольш каштоўныя матэрыялы дасылаюць нам у электронным выглядзе.

Гродна таксама не забываецца пра літаратурную спадчыну. Загадчык літаратурнага аддзела Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Алена Рапінчук расказала аб мерапрыемствах, прысвечаных юбілейным датам. Гэта і візуальны праект «Гарадзенцы — Багдановічу», заснаваны на відэазапісах твораў, напісаных гродзенскімі пісьменнікамі, прысвечаных паэту. І віртуальны праект «Максім Багдановіч на мовах свету», падчас якога студэнты медыцынскага ўніверсітэта прачыталі «Раманс» на сямі мовах свету.

Такім чынам, 130-годдзе з дня нараджэння паэта абяцае быць насычанае на культурніцкія і міжнародныя літаратурныя падзеі. Самае цікавае яшчэ наперадзе.

Арына КАРПОВІЧ

Загаловак у газеце: У вянок Максіму

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё. 

Грамадства

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Аляксандр Кузьмін быў штурманам звяна бамбардзіроўшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны..

Грамадства

Каб усе світанні былі мірныя

Каб усе світанні былі мірныя

Памятныя мерапрыемствы ў Брэсце ўчора праходзiлi, сапраўды, ад свiтання да змяркання.