Вы тут

Як актывізаваць працэс, каб усё менш заставалася невядомых пахаванняў


У Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца ўтрыманню ў належным стане мемарыялаў. Робіцца многае, каб усё менш заставалася невядомых пахаванняў. Як актывізаваць працэс? Гэтае і іншыя актуальныя пытанні нядаўна абмяркоўвалі ў Віцебску. Тут адбыўся рэспубліканскі вучэбна-метадычны семінар па пытаннях увекавечання загінулых пры абароне Айчыны і захавання памяці аб ахвярах войнаў.


pixabay.com

Арганізавалі семінар галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, а таксама ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Выконваючы абавязкі начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Пётр Гнуценка адзначыў, што прыехалі прадстаўнікі ўсіх абласцей — каля сямідзесяці чалавек. Гэта работнікі аблвыканкамаў і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, райвыканкамаў Віцебшчыны, міністэрстваў культуры і абароны, пошукавікі. І ў такім прадстаўнічым фармаце адпаведная тэматыка ў Віцебску абмяркоўваецца ўпершыню, падкрэсліў прадстаўнік аргкамітэта мерапрыемства.

Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін падкрэсліў важнасць дзейнасці ўсіх, хто займаецца святой тэмай увекавечання памяці герояў і ахвяр вайны. У Прыдзвінскім краі, паводле слоў віцэ-губернатара, робіцца шмат для рэканструкцыі мемарыялаў. У прыватнасці, работы правялі на комплексах: «Прарыў» — ва Ушацкім раёне, «Рыленкі» — Дубровенскім раёне, «Шапуры» — Віцебскім... І запланавана яшчэ зрабіць усё неабходнае там, дзе спатрэбіцца.

Прысутным растлумачылі методыку пошуку і ўстанаўлення звестак аб тых, хто загінуў, знік без вестак. Гаварылі і пра дзяржаўны ўлік воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў, добраўпарадкаванне брацкіх магіл. Асобная тэматыка — вядзенне аўтаматызаванага банка даных «Кніга памяці Рэспублікі Беларусь».

Што наконт пошукавай работы, сёлета запланавана правесці абследаванне на амаль 150 палявых аб'ектах. Прыкладна ў паўтара раза больш, чым летась. Пра гэта расказаў начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл палкоўнік Сяргей Варановіч.

Дзякуючы знаходкам, у 2020 годзе ўдалося ўстанавіць каля трыццаці прозвішчаў тых, хто загінуў. А ўсяго летась у інфармацыйным банку з'явіліся даныя пра амаль 13 тысяч загінулых. Каля чатырохсот грамадзян не толькі з Беларусі пажадалі даведацца пра лёс сваіх сваякоў, і ўсім пастараліся дапамагчы.

Сяргей Варановіч падзякаваў тым, хто паведамляе пра меркаваныя, значыць, раней не ўлічаныя воінскія пахаванні. Пасля таго як 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь правярае адпаведную інфармацыю, у амаль 90 % выпадках яна знаходзіць пацвярджэнне. У прыватнасці, толькі летась эксгумавалі астанкі каля 880 загінулых. Па традыцыі цырымоніі пахавання праводзяцца ва ўрачыстай атмасферы з воінскімі ўшанаваннямі.

Удзельнікі семінара не раз агучылі ўпэўненасць у тым, што да пошукавай работы трэба актыўней прыцягваць падлеткаў і моладзь. Каб ведалі, што дзеля іх жыцця і будучыні назаўжды засталася ў беларускай зямлі вялікая колькасць людзей. І многія былі равеснікамі або трохі старэйшымі.

Кіраўнік Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М. П. Шмырова Ірына Шышкова распавяла пра каласальны аб'ём работы па ўстанаўленні імён тых, каму мы абавязаны сваёй свабодай ад нямецка-фашысцкай чумы. За дзесяць гадоў у выніку карпатлівага вывучэння сайтаў з прозвішчамі загінулых, архіўных дакументаў, інфармацыі ваенных камісарыятаў стала вядома пра прыкладна 35 тысяч чалавек. Музейшчыкі працуюць над стварэннем інтэрнэт-рэсурсу «Кніга памяці Віцебскай вобласці». Там можна будзе знайсці інфармацыю пра тых, хто загінуў. У Прыдзвінскім краі, дарэчы, увекавечылі памяць прыкладна паловы з тых, хто не пашкадаваў жыцця для Перамогі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Горкае рэха вайны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».