Вы тут

Іза Заслонава: Тата проста не мог перамагчы тое, што ім рухала


Гісторыю жыцця і гераічнага подзвігу Канстанціна Сяргеевіча Заслонава ведае не адно пакаленне. Ён — камандзір партызанскага атрада ў Оршы, Герой Савецкага Саюза — прыклад мужнасці і гераізму для многіх. Але гэты чалавек таксама быў сынам, мужам, бацькам. Аднак гэтыя факты біяграфіі ў пэўнай меры сыходзяць на другі план, хоць не пакідае думка: а можа, без абставін асабістага жыцця і не было б таго Героя, якому цяпер прысвячаюць фільмы, пра якога пішуць кнігі і складаюць песні. Сваё бачанне біяграфіі бацькі ёсць і ў яго дачкі Ізы Заслонавай. Яе кніга «Памяць бацькі», якую аўтар пазней перавыдала пад назвай «Героямі нараджаюцца», распавядае пра яго жыццёвы шлях і дае магчымасць убачыць чалавека, якому было наканавана шмат выпрабаванняў, але ён паспеў за кароткі час зрабіць важкі ўклад у гісторыю краіны, хоць і паплаціўся за гэта ўласным жыццём і пакінуў сям'ю без моцнага пляча...


К. С. Заслонаў у Маскве пасля вяртання з Далёкага Усходу (1934 год).

— Пра Канстанціна Заслонава — яго мы ў сям'і завём «наш дзед» — складзена шмат песень, паэм, вершаў. Памятаю, я слухала некаторыя з іх падчас святкавання 100-годдзя бацькі і плакала. Столькім людзям, і нават зусім юным, ён запаў у сэрца.

І я пішу для таго, каб людзі чыталі і разумелі, для чаго аддаў жыццё мой бацька. Ён верыў у светлую будучыню, але ўсведамляў, што толькі настойлівая праца можа нас туды прывесці. Ён настолькі ў гэта верыў... Калі ўжо рыхтавала кнігу пра бацьку да перавыдання, то азнаёмілася са шматлікай літаратурай пра прызначэнне. Аказваецца, усё ў нашым жыцці наканавана. Можа, заўважалі: калі з'яўляецца вострая неабходнасць у нечым, то абавязкова чалавек патрэбнае вынаходзіць. Тая ж гісторыя і з героямі. Я веру ў тое, што мой бацька быў «запланаваны» вышэйшымі сіламі такім героем. І кожны перыяд яго жыцця таксама з'яўляецца подзвігам. Ёсць жа яшчэ і такая рэч, як подзвіг кожнага дня, калі чалавек пераадольвае сябе, уласнае «не хачу» і «не ўмею», а потым гэтыя маленькія крокі перарастаюць у вялікія здзяйсненні. Але ніхто не ведае, што атрымаецца ў выніку. Таму я і ўнесла змяненні ў назву кнігі і ў некаторыя раздзелы. Пры напісанні кнігі я адкрывала для сябе тату наноў. Усё з нуля, паступова па палічках
раскладала, аналізавала...

— Вывучаючы біяграфію вашага бацькі, дакладна разумееш: ён з тых, для каго праца была ў прыярытэце. Як гэта адбівалася на сям'і?

— Тады будаваўся сацыялізм, новая краіна, і ўсе былі напоўнены энтузіязмам. І для бацькі было самае галоўнае, што сваёй працай ён спрыяў уздыму краіны. Яго ж куды толькі не пасылалі на працу. Супалі час і асоба... А вось маме з двума дзецьмі на руках пры адсутнасці бацькі было складана. У тым ліку і пасля яго сыходу. Аднак у рэшце рэшт усе зразумелі і прынялі, што, відаць, іначай не магло быць. Бо, па-першае, у ім была закладзена патрэба подзвігу, а па-другое, трэба было прабачаць, таму што мама, хоць і папракала бацьку, але моцна яго кахала. Тата проста не мог перамагчы тое, што ім рухала.

— Вы не думалі, як бы магло скласціся ўсё, калі б лёс Канстанціна Заслонава быў іншы?

— У дзяцінстве такое здаралася, але з узростам многае бачыцца ў іншым ракурсе, з іншых пазіцый. Цяпер мне дакладна стала ўсё зразумела, і я яго выбар цалкам падтрымліваю.

— А ваша мама ў чым для вас стала прыкладам?

— Маці — жанчына з няпростым і неадназначным лёсам. Але для мяне яна — чалавек, які змог выстаяць і даў нам, дзецям, адукацыю, падняў нас. Вядома, ёсць шмат момантаў, у якіх я з ёй не згаджалася, але тое проста жыццёвыя дробязі ў параўнанні з тым, праз што ёй давялося прайсці…

Сям'я К. С. Заслонава: жонка — Р. А. Заслонава з дочкамі Музай (зверху) і Ізай (1946 год).

— Дарэчы, пра адукацыю, вы пайшлі вучыцца ў медыцынскі інстытут, але па жыцці рэалізоўваеце сябе як мастак і пісьменніца...

— Мне тады здавалася, што я павінна авалодаць чымсьці такім, што дазволіць мне эфектыўна праявіць сябе. Хацелася ведаць, што я магу сама аказваць дапамогу людзям. Хоць я магла паступіць і на літаратурны, і на гістарычны факультэта. Думала, што менавіта медыцынская спецыяльнасць дасць мне магчымасць на нешта ўплываць самой. Потым жа пераканалася, што памылілася, бо мы можам праяўляць сябе і дапамагаць іншым не толькі з дапамогай медыцыны. Тым больш тады я ўжо выйшла замуж за дызайнера, які хутка перацягнуў мяне на бок мастацтва. Ведаеце, я, калі пісала дысертацыю ў медыцынскім, то хацела даведацца, як можа чалавек спраўляцца з павышанымі нагрузкамі. І назірала за спартсменкамі — вясляркамі і веласіпедысткамі. У мяне чалавек працаваў з пульсам 314 удараў у хвіліну. Я прыйшла тады да высновы, што магчымасці чалавечага сэрца бязмежныя. А потым адшукала ў навуковых працах пацвярджэнне таго, што ў прынцыпе чалавечыя магчымасці бязмежныя. Мы нават не падазраём, колькі ўсяго можам зрабіць.

— Чытала, што ваш тата закахаўся ў маму з першага погляду. У вас з мужам гісторыя паўтарылася?

— Так, мы пазнаёміліся 7 лістапада. Напярэдадні святочнага вечара я пашыла сабе сукенку, бо тады яшчэ не было такога выбару адзення, як цяпер. Але зарадзіў дождж, я спатыкнулася і ўпала. Потым мы з дзяўчатамі ў інтэрнаце ратавалі маю сукенку, а ўжо на самім вечары я пазнаёмілася з будучым мужам. Ён запрасіў мяне на танец, а потым вызваўся правесці дадому. Мне ён з першай сустрэчы вельмі спадабаўся. Я заўсёды звяртаю ўвагу на вочы людзей, а ў майго мужа вялікія карыя вочы, і таму падумала, што гэта вельмі светлы чалавек.

— І пасля муж паўплываў на вашу рэалізацыю сябе ў мастацтве?

— Мы размаўлялі з ім пра гэта. Плюс ён часам браў падпрацоўкі, калі аздабляў нейкія памяшканні. Я яму выклікалася дапамагаць, і ў працэсе ўсяму хутка навучылася. А потым вырашыла паспрабаваць зрабіць нешта сама. І скажу, што самае галоўнае — уменне бачыць прыгажосць ва ўсім. Недарэмна ж сказана: «Усведамленне прыгажосці ўратуе свет». Я самавучка. Ведаеце, многія часта спісваюць маё ўменне маляваць на гены, але я проста ведаю, што мы трапляем у тое асяроддзе, якое дазваляе нам лепш за ўсё развівацца і рэалізоўваць свае таленты. Таму, лічу, кожнаму ў нашай сям'і пашанцавала з умовамі, якія дазволілі раскрыць сябе.

— У вашым творчым саюзе ці ўзнікала калі творчая рэўнасць?

— Двум мастакам цікава і лёгка жыць разам. І ў мяне ніколі не ўзнікала пачуцця творчай рэўнасці, я, хутчэй, наадварот, заўсёды радавалася поспехам мужа, бо ўсведамляю, што ён прафесіянал і лепш і прыгажэй за мяне ўсё робіць. А я ніколі не вучылася жывапісу — проста імкнулася працаваць як мастакі.

— Ваш сын і ўнук таксама звязалі жыццё з мастацтвам. Скажыце, што вы думаеце пра сучасных творчых людзей?

— Любая творчасць — гэта цудоўна! І няхай як мага больш будзе тых, хто імкнецца думаць, ствараць, аналізаваць і дэманстраваць гэта праз мастацтва. Мы ўсе павінны ўдасканальвацца, і выдатна, калі ёсць магчымасць падзяліцца тым, што ведаеш. Я таксама імкнуся данесці свае веды і творчасць да людзей. Бо гэта тое, чым можна змяніць свет і саміх сябе. Тата таксама хацеў змяніць свет да лепшага.

— Скажыце, той факт, што вы дачка Героя, дапамагаў ці перашкаджаў па жыцці?

— Часцей перашкаджаў, бо патрэбна была адпавядаць. Людзям жа часта здаецца: калі ты з такой сям'і, то табе ўсё дадзена, але ніхто не ведае, як цяжка нам жылося. Разам з тым, не дай Бог табе недзе аступіцца — адразу заўважаць і асудзяць...

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».