07 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Самы беларускі пейзаж. Як «Блакітная капліца» стала «Зімовым сном»


Гэтая карціна стала класікай беларускага пейзажу, самай вядомай і любімай шматлікімі наведвальнікамі Нацыянальнага мастацкага музея. Ведаю людзей, якія прыходзяць спецыяльна да яе як на спатканне. Мяккая зіма. Пяшчотнае бэзавае змярканне. На небе тонкі серп месяца. Застыла на снежным узгорку ў поўнай цішыні капліца. Тым не менш у карціне адгадваюцца гукі найбліжэйшай вёскі: аддалены брэх сабак, рыпенне снегу пад нагамі вернікаў, якія сыходзяць дадому пасля набажэнства. Адчуванне спакою і прымірэння. Так апісваюць карціну нашы наведвальнікі, пазнаючы ў ёй «сваю цэркаўку», шмат разоў бачаную з дзяцінства.


Але мала хто ведае, што аўтар карціны Вітольд Бялыніцкі-Біруля напісаў не беларускую каплічку, як прынята лічыць, а царкву Раства Хрыстова на возеры Кезандра ў Цвярской губерні. Ранняе дзяцінства і юнацтва мастака прайшло ў Беларусі (ён ураджэнец Магілёўскай губерні), але амаль усе карціны напісаны ў яго маёнтку «Чайка», што на беразе возера Удомля Цвярской губерні. Дачу мастак пабудаваў у любімых мясцінах свайго куміра — Ісаака Левітана.

Гэтую ж цэркаўку мастак пісаў неаднаразова і ў канцы зімы, і ўвосень («У канцы зімы» 1907 г., «Ціхая восень» 1911 г. належаць Траццякоўскай галерэі). Але толькі ў гэтай зімовай карціне майстру ўдалося знайсці лаканічнае рашэнне, меру гармоніі і абагульнення, калі ён сышоў ад канкрэтыкі. Неба, зямля, Бог, вечнасць. Марнасць чалавечай мітусні перад вечнай прыгажосцю і гармоніяй прыроды. Зімовае здранцвенне і прадчуванне блізкага будучага абуджэння прыроды.

З дзяцінства Бялыніцкі-Біруля ўвабраў у сябе немудрагелістую прыгажосць беларускай прыроды, якая зачароўвае простасцю матыву і асаблівай мяккасцю каларыту. Яна ўвайшла ў душу, вызначыла характэрную пазнавальную мастацкую інтанацыю, своеасаблівы «беларускі ген», на які адгукаюцца сэрцы беларусаў. Бялыніцкі, герба «Бялыня», памятаў сваё паходжанне, называў сябе беларусам, удзельнічаў у беларускіх выставах, ахвотна прымаў у Маскве і на «Чайцы» мастакоў з Беларусі. Нездарма, перш чым атрымаць званне заслужанага мастака Расійскай Федэрацыі, ён быў уганараваны як заслужаны мастак БССР, а пасля, у 1944 годзе, стаў першым народным мастаком-жывапісцам БССР. Легендарны дырэктар музея Алена Васільеўна Аладава была зачаравана яго карцінамі, купляла іх для музея (іх больш за 400), марыла аб яго персанальным музеі ў Мінску, лічачы яго мастаком еўрапейскага ўзроўню, гонарам беларускага народа, запрашала вярнуцца на радзіму. І мастак пасля вайны гатовы быў да пераезду ў Мінск, але раптоўная смерць дачкі і цяжкая хвароба перашкодзілі гэтаму.

«Зімовы сон» зрабіўся своеасаблівай візіткай мастака. Зараз цяжка ўявіць, што да 1965 года гэтая карціна знаходзілася ў прыватнай калекцыі ў Маскве і любавацца ёю мог толькі яе ўладальнік мастак-марыніст і мультыплікатар Данііл Якаўлевіч Чаркес (1899—1971) і члены яго сям'і. Карціну, хутчэй за ўсё, набыў яго бацька Якаў Язэпавіч, прысяжны страпчы, кіраўнік маскоўскай тытунёвай фабрыкі «Ява», гарачы калекцыянер, сябар мастака Ільі Астравухава. Якаў Чаркес загінуў у 1938, сын ацалеў і, верагодна, захаваў частку калекцыі бацькі.

Карціна паступіла ў наш музей з калекцыі Данііла Чаркеса ў 1965 годзе пад назвай «Зіма». Яна была не ў лепшым стане — са шматлікімі заломамі, сколамі маляўнічага пласта, «заседажаная» мухамі. На карціне не было даты — толькі подпіс мастака.

Пасля рэстаўрацыі карціна апынулася ў экспазіцыі музея і была адразу прызнана безумоўным шэдэўрам. Без яе публікацыі не абыходзіўся ні адзін альбом, прысвечаны беларускаму пейзажнаму жывапісу. Але звалася яна тады інакш — «Блакітная капліца». У этыкетках і альбомах пачатку 1980-х гадоў карціну датавалі шырока — да 1920 года.

Толькі ў 1980-м «Блакітная капліца» раптам стала «Зімовым сном». Пры падрыхтоўцы каталога рускага дарэвалюцыйнага жывапісу карціна нарэшце здабыла аўтарскую назву, дадзеную ёй самім мастаком у 1911 годзе. Яе апазнала ўдава мастака Алена Аляксееўна Бялыніцкая-Біруля ў 1977 годзе. Яна, жадаючы быць бліжэй да музея мужа, які ствараўся ў Бялынічах, пераехала на сталае жыхарства ў Мінск (яна і пахавана на Маскоўскіх могілках) і часта прыходзіла ў музей. У часопісе «Мастацтва Беларусі» карціна была ўпершыню апублікавана ўжо пад аўтарскай назвай «Зімовы сон» і з пазначанай датай — 1911.

Праўда, сам Бялыніцкі гэтую назву паставіў другой, першая была — «Перад вясной». Менавіта гэтая карціна экспанавалася на VІ Міжнароднай выставе ў Барселоне ў 1911 годзе і атрымала залаты медаль, на якім выбіта імя мастака. «Зімовы сон» пабываў і на міжнароднай выставе ў Венецыі ў 1914 годзе.

Галоўнае ў карціне — нюанс, перадача складаных і ледзь улоўныя момантаў пераходнага стану ў прыродзе: надыход вечара, згасальнае зімовае змярканне. Снег яшчэ ляжыць, не растае, але яго структура змяняецца, ён набывае асаблівую адліжную мяккасць.

Асноўнае ў жывапісе Бялыніцкага-Бірулі — не адкрыты колер, а тон. Складаныя пераходы тону ён умее перадаць як ніхто іншы. Яго жывапіс мае свой непаўторны перламутрава-серабрысты каларыт, пабудаваны на найтанчэйшай нюансіроўцы. Паўтарыць яго, скапіраваць спрабавалі многія, але беспаспяхова. Палатно мае таямніцу — нейкую ўнутраную музыку. «Я люблю музыку больш за ўсё ў жыцці, і ў прыродзе я заўсёды чую ці то вецер, ці то музыку», — пісаў Бялыніцкі-Біруля Алене Васільеўне Аладавай у 1956 годзе.

«Зімовы сон» — адна з найпапулярнейшых карцін мастака. Яна натхняла і зачароўвала многіх таленавітых беларускіх мастакоў.

Цікава, што гэты ж матыў — самотнай капліцы, якая стаіць на заснежаным пагорку, у 1968 годзе з'явіўся і ў іншага класіка беларускага жывапісу ХХ стагоддзя Віталя Цвіркі («Мінулае»), які трактаваў яго, вядома, па-свойму — з суровай манументальнасцю.

Надзея УСАВА

Загаловак у газеце: У лабірынтах мастацтва

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.