«Можа быць — без хаўтураў засыплюць зямлёю, Нада мной толькі дрэва кіўне галавою...» — наракаў малады паэт з псеўданімам Ясакар у вершы, надрукаваным у 1915 годзе ў газеце «Наша Ніва».
Але так здарылася, што быў ён пахаваны двойчы, і абодва разы сталі жалобнай, але падзеяй...
Памёр ён 3 лістапада 1941 года, у цягніку на станцыі Уральск, па дарозе ў эвакуацыю...
Калі даведаліся, што памерлы — вядомы беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля, ён жа — Самуіл Плаўнік, многія сем'і беларускіх пісьменнікаў з таго цягніка высадзіліся і засталіся ва Уральску, хоць павінны былі ехаць у Алма-Ату. Пахаванне зладзілі з дапамогай віцебскага тэатра Якуба Коласа, які там апынуўся. Як успамінае сын Бядулі Яфім Самуілавіч, якому тады было сем гадоў, развітанне абставілі па-тэатральнаму. Труну паставілі на сцэне, на ўзвышэнні, засцеленым чырвонай тканінай, акцёры чыталі творы памерлага...
У лістападзе мінулага года, на Усходніх могілках Мінска, там, дзе магілы Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Івана Мележа, Яўгеніі Янішчыц, былі перапахаваны прывезеныя з Уральска астанкі Змітрака Бядулі. У цырымоніі бралі ўдзел дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, навукоўцы, пісьменнікі, падзея мільгала на ўсіх сайтах навін...
23 красавіка з дня нараджэння Змітрака Бядулі мінула 135 гадоў. Давайце згадаем яго праз дакументы эпохі, якія часам могуць распавесці нешта нечаканае.
1. Часопіс «Зоркі», № 1, 1925 г.
Вось перад намі вокладка першага беларускага дзіцячага часопіса «Зоркі», № 1 ад 25 лютага 1921 года. Малюнак у стылі эпохі — сціплы беларускі пейзаж, над якім ззяюць буйныя зоркі, чые промні нясуць асвету. Нумар адкрываецца вершам Янкі Купалы «У школу», казкай Змітрака Бядулі «Панская хвароба» і вершам Міхася Чарота «За зоркамі». Галоўны рэдактар — Змітрок Бядуля. Вось што ўспамінала Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, жонка Янкі Купалы:
«У 1921 годзе Бядуля выказаў думку аб выданні дзіцячага часопіса. Думку Бядулі падтрымалі, і вось ён — рэдактар «Зорак» (1921—1922).
Я працавала ў той час інспектарам дашкольных устаноў, і Бядуля часта заходзіў са мной у дзіцячыя дамы. У адным з гэтых дамоў пры садзейнасці Бядулі быў арганізаваны літаратурны гурток, з якім ён доўгі час падтрымліваў сувязь. Я дапамагала Бядулю ў збіранні матэрыялу для дзіцячага часопіса «Зоркі».
Мала хто так глыбока, як Бядуля, ведаў дзіцячую душу і ўмеў пісаць не толькі аб дзецях, але і для дзяцей. Вершы Бядулі «Мае забавы», «Грэе сонца», «У куце сядзіць мядзведзь», казкі «Качачка-цацачка», «Жаваранак», «Пірог з мёдам» захаплялі малых чытачоў, часта дэкламаваліся і інсцэніраваліся ў дзіцячых дамах».
2. Часопіс «Узвышша», № 1, 1927 г.
Калі частка сяброў літаратурнага згуртавання «Маладняк» пакінула суполку і аб'явіла аб стварэнні новага згуртавання «Узвышша», гэта была вялікая падзея і і вялікая дзёрзкасць. Першы нумар альманаха «Узвышша» адкрываўся аповесцю Змітрака Бядулі «Салавей». Гэта невыпадкова, бо подпіс Змітрака Бядулі — сярод подпісаў дзесяці «ўстаноўцаў» пад статутам новай творчай арганізацыі.
Гэта была сапраўды лучнасць аднадумцаў, таленавітых людзей з мастацкім густам. Максім Лужанін, адзін з «узвышэнцаў», успамінаў, як на кватэры крытыка Адама Бабарэкі Бядуля чытаў тую самую аповесць «Салавей», а яго няшчадна крытыкавалі. Аўтар нерваваўся і спрачаўся, але ўрэшце крытыку ўлічыў і скарыстаў.
«Узвышэнцы» сачылі за тэндэнцыямі сусветнай літаратуры, ім цесна было ў ідэалагічных межах, якія ўсё звужаліся. Напрыклад, у адным з нумароў альманаха Уладзімір Дубоўка ў сваёй паэме працытаваў радкі расстралянага расійскага паэта Мікалая Гумілёва. Натуральна, калі пачаліся рэпрэсіі, усе «ўзвышэнцы» пацярпелі... Не дапамагло, што пасля першых арыштаў у 1930-м тыя, хто застаўся на волі, прынялі рэзалюцыю «Патрабуем жорсткай кары агентам міжнароднай буржуазіі ў Савецкай Беларусі — беларускім контррэвалюцыйным нацыянал-дэмакратам», якую падпісалі Лужанін, Кляшторны, Дарожны, Чорны, Крапіва, Мрый, Глебка, Калюга і Бядуля.
Аднойчы, падчас гутаркі з сынам пісьменніка Яфімам Самуілавічам, я спытала, ці быў арыштаваны Бядуля, бо яго ж брат, пісьменнік Ізраіль Плаўнік, дакладна быў...
«Усе браты Плаўнікі сядзелі, — адказаў Яфім Самуілавіч. — І Змітрок Бядуля таксама. Гэтага проста не магло не быць. Толькі аб гэтым нельга
было гаварыць. Я ведаю пра бацьку ад літаратара Платнера. Ён прыехаў сюды з сям'ёй са Штатаў, таму што быў камуніст. А тут яго адразу пасадзілі як амерыканскага шпіёна. Затым ён выйшаў, і аднойчы яму з Польшчы даслалі ліст, у якім пыталіся, ці праўда, што Кузьма Чорны бачыў у турэмным калідоры Змітрака Бядулю. Кузьма Чорны да таго часу ўжо памёр, перапытаць не было ў каго».
3. Ліст да Адама Бабарэкі
А вось ліст ад 28 чэрвеня 1927 г., дасланы Змітраком Бядулем з Талькі, што на Пухаўшчыне, Адаму Бабарэку.
«Любы Адам!
Сяджу ў лесе ў глушы. Некалькі дзён было надта хораша. Цяпер надвор'е сапсулася. Вецер вые ў хвойніку, як гайня ваўкоў. Глядзі, братку, за друкаваннем «Узвышша». Наладзь справу з кватэрай (наркамасветы) і продажам нашых выданняў. Вельмі прашу выправіць карэктуру «Салаўя». Як ідзе працяг камедыі пад назваю «Федэрацыя»? Мабыць, Крапіву пашліце туды? Хутка скончу «Салаўя» і вазьмуся за іншыя апавяданні (некалькі дробных) і новую аповесць.
Прывітанне жонцы, Крапіве і Я. Пушчы. Мо ёсць што цікавае з Масквы?
Твой Змітрок
Мой адрас: пошта Талька, Пухавіцкі раён. Аб'ездчыку Цельскага лясніцтва А. І. Яўсейчыку для 3. Бядулі».
Адам Бабарэка — паплечнік па «Узвышшы», таленавіты літаратурны крытык, шмат пісаў пра творчасць Бядулі, хоць, як мы ведаем, падчас сяброўскіх пасяджэнняў мог пакрытыкаваць. Менавіта па ініцыятыве Бабарэкі «Узвышша» звярнулася ў 1928 г. да грамадскасці з прапановай выдаць творы Бядулі з нагоды 20-годдзя яго творчай дзейнасці. Калі пагартаць нататнікі Бабарэкі, імя Бядулі спаткаеш часта. «Бядуля. «Бяздоньне». Няма сюжэту. Самабытная надзвычайнасьць. Лірыка надзвычайная. Цяга да новых шуканняў. Як льецца музыка. Паэзія ў прозе. Філёзофія жыцьця трохі няясная».
А з ліста Бабарэкі да Дубоўкі ад 30 чэрвеня 1927 года мы даведаемся, што Бядуля рабіў у Тальцы: «Живём мы как горох при дороге. Хлопцы наши рассыпались теперь. Змитрок — использовывает свой отпуск в Тальке, Язеп — в Королищевичах, Максим — в Даровке на практических работах, остаемся я и Кондрат». Думаю, вы вылічылі, што маюцца на ўвазе Змітрок Бядуля, Язэп Пушча, Максім Лужанін і Кандрат Крапіва.
Адама Бабарэку арыштавалі 10 красавіка 1930 года, так што калі Бядуля разам з іншымі падпісваў рэзалюцыю супраць «нацыянал-дэмакратаў», то і супраць яго.
У паказаннях Бабарэкі, калі ён мусіў распавесці пра свае адносіны з іншымі «ўзвышэнцамі», запісана: «Прыязнымі былі адносіны з З. Бядуляю».
4. Рэцэнзія на рукапіс «Сярэбранай табакеркі»
«Красе пакланюся —
«Нявольнік»
Пра волю скажу я —
«Разбойнік»
Старое адкіну —
«Распуснік».
Пра шчасце спяваю —
«Пакуснік».
На песню кахання —
«Нялюбы».
На шчырую думку —
«Ты грубы».
Такі верш пад назвай «Не ўгодзіш» напісаў Змітрок Бядуля яшчэ ў 1915 годзе. А паўтараў яго, відаць, пра сябе ўсё жыццё...
Калісьці слынны архівіст Віталь Скалабан прапанаваў мне ў якасці матэрыялу для сумеснага артыкула цікавы тэкст: «Рецензия на рукопись тов. Бядули (сказка) «Серебряная табакерка». Дата — 30 кастрычніка 1940 года. Падпісана — «Н. Казюк», імя нічога нам не казала.
А вось рэцэнзія аказалася цікавай...
«Отдельный упрек рецензента вызывает пристрастие героя к табаку: «Чхи», «Апчхи», «Чых-пых» повторяются в различных вариантах очень часто на протяжении всей сказки, и этим «Апчхи» сказка и заканчивается».
«Заяц деда-дед философствует как чистейшей воды метафизик и идеалист... по теории старого зайца классовое капиталистическое общество бессмертно, его ликвидировать, ниспровергнуть невозможно, потому, что смерть находится в серебряной табакерке деда-деда, рабочие и бедняки сделать ничего не могут».
Назваў рэцэнзент «сплошнейшей чепухой» і ўрывак, які пасля быў выдалены з казкі: «Скажам так: сярод тысяч качаноў капусты на гародзе ёсць адзін качан — талент. Па выгляду ён не адрозніваецца ад іншых качаноў, аднак у гэтым качане ёсць фокус-покус: адарвеш лісток — шаўковы, другі — сярэбраны, трэці — залаты. Можаш нарваць гару лісткоў, а качан цэлы. Такі качан называецца талент. Кожны заяц думае, што яго качан з талентам. А паспрабуй зайцу праўду сказаць, што яго качан без таленту, дык ён табе выдзярэ і вочы, і вушы, і галаву адкруціць». А зайцы, што без таленту, «Некаторыя лысеюць, а некаторыя абрастаюць чубамі. Яны крычаць на ўвесь свет: «Мы з талентам!» Так яны галосяць да тых часоў, пакуль вераб'і гнёзды пачынаюць віць у іх валасах, а на лысінах рупныя гаспадыні бліны пякуць».
Мы знайшлі цікавыя звесткі пра Мікалая Казюка, аўтара рэцэнзіі, які нейкі час працаваў у ЦК КП(б) Беларусі на пасадзе загадчыка аддзела друку і выдавецтваў. А што датычыцца «Сярэбранай табакеркі», яна была ўпершыню надрукавана ў 1953-м у часопісе «Полымя», пасля смерці аўтара. Рукапіс знайшлі ў вызваленым ад нямецкіх акупантаў Мінску сярод руін Дома пісьменніка, ацалелі старонкі нейкім дзівам.
5. Ліст да Гені Чаржынскай
Сярод спадчыны Змітрака Бядулі ёсць ліст Яўгеніі Чаржынскай, напісаны 28 жніўня 1941 года ў Нова-Бурасы Саратаўскай вобласці. У ім распавядаюцца пра нягоды, якія напаткалі сям'ю з пачаткам вайны. Тады Бядуля быў у камандзіроўцы, жонка Марыя з дзецьмі — у доме творчасці ў Пухавічах. Пісьменнік пакінуў Беларусь з маці і доўга не ведаў, дзе сямейныя. Потым пісьменнік Ліфшыц паведаміў, што жонка і дзеці Бядулі — у горадзе Нова-Бурасы Саратаўскай вобласці, ён адправіўся туды... Каб праз нейкі час менавіта адтуль выехаць з сям'ёй у сваё апошняе падарожжа.
«Здравствуй, дорогая Геня! Сердечный привет Владеку и Ронечке. Вчера получил от тебя открытку, а сегодня письмо...
Хотя без вещей к зиме в данный момент очень тяжело, но как-нибудь выйдем из трудного положення. Голова дороже вещей. Я лично приехал тогда из командировки и не мог попасть в свою квартиру. Маму встретил в кооперативе. Она стояла в очереди за хлебом. Так мы пустились с нею в путь до Борисова пешком. Понимаешь, как это было легко. Неспокойно было и в поезде. Но все это пережито. Возвратимся домой, когда одержим полную победу над фашистским мерзавцем. В этом я ни капли не сомневаюсь. Мы все живы и здоровы.
Маши нет дома. Раньше она ходила жать рожь на колхозное поле. И, представь себе, она работает не хуже заправских колхозниц. Вчера и сегодня она ходит с Зоечкой на уборку картошки. И я не очень-то гуляю — принимаюсь за изучение колхозной жизни. Местная власть относится ко мне очень сочувственно. Съездил на днях в Саратов, хотел там устроиться, но очень трудно достать квартиру. Это нужно было хотя бы месяц тому назад. У меня ведь большая семья. Невозможно найти подходящую комнату. С пропиской мне лично было бы как раз не трудно. Вот и осел в Н.-Бурасах, как-нибудь приспособлюсь. Мне обещали какую-либо работу. Немного буду сотрудничать в газетах и так-сяк проскочим это трудное время».
Ліст адрасаваны сястры Змітрака Бядулі Гені.
Сваіх сясцёр, Геню і Рэню, Бядуля вельмі любіў. Яны абедзве былі дужа прыгожыя. Як расказвае Яфім Самуілавіч Плаўнік, «Цётка Геня яшчэ да рэвалюцыі заняла першае месца на конкурсе прыгажосці ў Мінску. Максім Багдановіч казаў пра яе: «каралева англійская».
Бядуля выдаў сваіх сясцёр замуж, Геню — за крытыка Уладзіслава Чаржынскага, Рэню — за вайскоўца Ласко... Як вынікае з ліста, да апошняга клапаціўся пра ўсіх сваякоў.
«І кожны мой слоўны твор, накіраваны да аднаго канкрэтнага чалавека, адразу браўся на пробны камень жывога сэрца: ну, ці зазвініць мая пісаніна? Ці выкліча яна патрэбны водгаласак?»
Такое пытанне, згодна з аўтабіяграфічнай аповесцю «У дрымучых лясах», задаваў сабе калісьці Самуіл Плаўнік, бедны навучэнец ёшыбота ў пасёлку Ілья, калі пісаў лісты для непісьменных сялян, дадаючы ў тэксты ўласнай фантазіі.
«Патрэбны водгаласак» слова Змітрака Бядулі знайшло ў жывых сэрцах.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.