Вы тут

Што робіцца ў Магілёўскай вобласці, каб не было фармалізму ў рабоце са зваротамі грамадзян


Падчас апошняга прыёму грамадзян у Магілёве старшыня аблвыканкама Леанід Заяц вельмі жорстка выказаўся пра ўзровень работы на месцах са зваротамі грамадзян. Ён пакрытыкаваў адказных асоб за непрыняцце мер і чэрствае стаўленне да заяўнікаў. «Нам, прадстаўнікам улады, неабходна па-гаспадарску падысці да гэтых пытанняў, — аргументаваў ён. — Вельмі часта яны не патрабуюць вялікіх фінансавых выдаткаў. Працаваць трэба, улічваючы інтарэсы людзей, а не займацца адпіскамі».

Разам з упраўленнем па рабоце па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб Магілёўскага аблвыканкама «Звязда» прааналізавала якасць работы на месцах.


pixabay.com

На што скардзімся?

Летась органамі выканаўчай улады была праведзена 1201 суботняя «прамая тэлефонная лінія», паступіла 6205 зваротаў — на 7 % больш, чым у 2019 годзе. Акрамя гэтага, падчас асабістых прыёмаў на розных узроўнях было прынята больш чым 8,5 тысячы чалавек. Усяго ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы вобласці паступіла 15 474 звароты ад грамадзян і 1030 — ад юрыдычных асоб — 104 % і 98 % да ўзроўню 2019 года.

Амаль палова зваротаў датычылася жыллёва-камунальнай гаспадаркі і жыллёвага фонду, актуальнымі былі пытанні архітэктуры і будаўніцтва, землеўпарадкавання, занятасці насельніцтва, аховы працы. Тэматыка некаторых зваротаў мела асаблівасці. На характар і дынаміку паўплывалі грамадска-палітычныя падзеі ў краіне і неспрыяльныя эпідэміялагічныя ўмовы. Па пытаннях «Дзяржава», «Грамадства», «Палітыка» колькасць зваротаў павялічылася больш чым у два разы — з 52 да 113. Адбыўся скачок і медыцынскіх пытанняў. Грамадзяне звярталі ўвагу на неабходнасць прыняцця прафілактычных мер для недапушчэння распаўсюджвання каранавіруса, санітарнай апрацоўкі месцаў агульнага карыстання жылых дамоў; паведамлялі пра загружанасць медыцынскіх устаноў, наяўнасць чэргаў пры чаканні прыёму ўрача, парушэнні часу прыёму, названага ў талоне, несвоечасовае аказанне медыцынскай дапамогі і іншыя.

Звароты, якія... праігнаравалі

Пытанні бываюць розныя, у тым ліку і такія, якія сапраўды на месцах не вырашыць. Але незразумела, што перашкаджае, умоўна кажучы, лямпачку ў ліхтары памяняць або дамафон паставіць? Бо калі падобныя скаргі выходзяць на абласны або рэспубліканскі ўзроўні, мясцовым службам прыходзіцца не толькі разбірацца з праблемай, але яшчэ і несці адказнасць за валакіту. Некалькі прыкладаў таго, як гэта адбываецца.

З Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Магілёўскі аблвыканкам паступіў зварот жыхаркі Бушлякі Шклоўскага раёна, якая паскардзілася на нізкія спажывецкія якасці дадзенага ёй арэнднага жылля. На месцы, удакладніла яна, праўды не дабіцца. Была зроблена праверка, і высветлілася, што скарга абгрунтаваная. За парушэнне патрабаванняў жыллёвага заканадаўства вінаватыя службовыя асобы Каменналаўскага сельвыканкама і Шклоўскага прадпрыемства «Жылкамгас» прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Пацвердзіўся факт несвоечасовага выканання заявак праз службу «Кантакт-цэнтр 115», пра што паведаміў у сваёй электроннай скарзе мужчына з Магілёва. Праблема датычылася нездавальняльнага ацяплення кватэры. Вінаватыя службовыя асобы ЖЭУ-17 таксама адказалі за сваю нядбайнасць.

У Бабруйску непаваротлівасць камунальнікаў таксама прымусіла жыльцоў шукаць праўды ў вышэйшых інстанцыях. Яны прасілі «Бабруйскжылкамгас» аднавіць ім уваходную групу ў пад'езд. Там паабяцалі зрабіць работы да восені і забыліся. Цярпення ў людзей хапіла да студзеня. Толькі пасля таго, як іх ліст з Адміністрацыі Прэзідэнта вярнуўся на рэагаванне ў вобласць, меры былі прыняты, а вінаватыя пакараны.

Як і ў выпадку з непрыняццем своечасовых дзеянняў па аднаўленні падачы вады ў адну з кватэр дома па вуліцы Ульянаўскай у Бабруйску. Надзвычайная сітуацыя адбылася ў лютым, і халатнасць адказных асоб прывяла да таго, што прамёрз водаправод.

— Нягледзячы на аб'ектыўнасць прычын, з якімі звяртаюцца грамадзяне, своечасовыя меры па ліквідацыі недахопаў не заўсёды прымаюцца, — канстатуе начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Магілёўскага аблвыканкама Іна Філіпава. — Значная частка паўторных зваротаў абумоўлена менавіта недапрацоўкамі на месцах. Найбольш праблемнымі ў вырашэнні з'яўляюцца пытанні камунальна-бытавой гаспадаркі і добраўпарадкавання, рамонтна-будаўнічых работ, пацвярджаліся факты парушэнняў аплаты, умоў і арганізацыі працы і іншыя. Звароты грамадзян, якія паступаюць у аблвыканкам, у тым ліку падчас правядзення «прамых тэлефонных ліній», сведчаць і пра не зусім дастатковую работу з насельніцтвам сельвыканкамаў. Яны не заўсёды забяспечваюць узаемадзеянне з адпаведнымі арганізацыямі, якія аказваюць паслугі насельніцтву для вырашэння праблемных пытанняў. Саскаргамі на адсутнасць рэагавання ў сельвыканкамах у аблвыканкам звярталіся з вёсак Сялец і Нікіцінічы Магілёўскага раёна, Чавусаў. Пытанні датычыліся аказання дапамогі ва ўборцы збожжа на прысядзібным зямельным участку, аднаўлення вулічнага асвятлення, адсутнасці пад'езду да грамадзянскіх могілак, пакосу травы.

Прыклады працягваюцца

За парушэнні заканадаўства аб зваротах да дысцыплінарнай адказнасці за мінулы год прыцягнуты 442 службовыя асобы, да адміністрацыйнай — 22. А гэта ўжо зусім свежыя факты. Жыхарка Бялыніч цэлы год вырашала пытанне з устаноўкай дамафона ў новым доме. Заяўніца з гарадскога пасёлка Краснаполле не магла дабіцца, каб якасць пітной вады прывялі ў адпаведнасць з санітарнымі нормамі. На працягу тыдня так і не вырашыла праблему з рамонтам вода-
разборных калонак жыхарка вёскі Барсукі Шклоўскага раёна. У Магілёве камунальнікі выпрабоўвалі на трываласць нервы грамадзянкі, якая прасіла краніраваць бярозу пад яе акном. Галоўнае — не адмовілі, але выконваць абяцанне не спяшаліся. Яшчэ адна магіляўчанка двойчы безвынікова звярталася наконт арганізацыі вулічнага асвятлення ў вёсцы Дубінка-2. Жыхарка аграгарадка Гарбавічы Чавускага раёна тры месяцы дабівалася ад мясцовых службаў вырашыць праблему з іржавай вадой. На тры гады расцягнулася справа з асвятленнем вуліцы ў вёсцы Дабрылавічы каля дома заяўніцы з Бялыніч. Жанчына неаднаразова звярталася з гэтым пытаннем у сельвыканкам і нават Бялыніцкі райвыканкам. Усе гэтыя праблемы вырашыліся толькі пасля звароту ў Магілёўскі аблвыканкам. Прычым на карысць заяўнікаў. А вось тыя, хто іх валакіціў, сваё рэнамэ адчувальна сапсавалі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Як праблема становіцца невырашальнай

Выбар рэдакцыі

Культура

Мінск 1941. Як гэта было

Мінск 1941. Як гэта было

Неба пачарнела ад самалётаў.

Палітыка

​Дэпутаты прынялі ў першым чытанні змены ў законы аб ахове суверэнітэту і канстытуцыйнага строю

​Дэпутаты прынялі ў першым чытанні змены ў законы аб ахове суверэнітэту і канстытуцыйнага строю

У Палаце прадстаўнікоў праходзіць чарговае пасяджэнне пятай сесіі.

Грамадства

Ігар Петрышэнка: ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць сумленнай!

Ігар Петрышэнка: ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць сумленнай!

Сацыяльнае дыстанцыраванне і напаўняльнасць да 50 чалавек — такія патрабаванні да аўдыторый ЦТ.

Культура

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

Яны яшчэ не ведалі, што наперадзе — доўгія тры гады жыцця пад акупацыяй.