Вы тут

Як рэгіёны, пацярпелыя ў выніку аварыі на ЧАЭС, пераходзяць ад поставарыйных рэабілітацыйных мерапрыемстваў да развіцця сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу


Падчас круглага стала «Чарнобыль праз 35 гадоў: вынікі і праблемы» парламентарыі, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх і навуковых арганізацый абмеркавалі пытанні пераадолення наступстваў катастрофы, тэндэнцыі ў галіне сацыяльнай аховы і медыцынскай дапамогі, развіцця пацярпелых тэрыторый.


Сацыяльная абарона — у прыярытэце

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Мікалая ВАСІЛЬКОВА, на дзяржаўным узроўні быў прыняты шэраг мер, якія забяспечылі і сацыяльную абарону, і сацыяльна-эканамічнае развіццё на пацярпелых тэрыторыях. У іх аснове — Законы «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» і «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (1990 год), а таксама Закон «Аб радыяцыйнай бяспецы» (1998 год).

— З улікам практыкі правапрымянення ў гэтыя заканадаўчыя акты ўносіліся змены, яны выйшлі ў новых рэдакцыях і сёння поўнасцю адпавядаюць усім патрэбнасцям у сацыяльнай ахове грамадзян, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях, і асоб, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, — падкрэсліў Мікалай Андрэевіч. — Рацыянальнае і эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў па рэалізацыі мерапрыемстваў па мінімізацыі наступстваў аварыі абумовілі неабходнасць стварэння чарнобыльскіх праграм — як на дзяржаўным, так і на саюзным узроўнях.

Сёння ў краіне дзейнічае нарматыўна-прававая база, накіраваная на ахову правоў і інтарэсаў грамадзян, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы, якія пражываюць ці выехалі з тэрыторый радыяцыйнага забруджвання; на правядзенне прыродааднаўленчых і ахоўных мерапрыемстваў; на рацыянальнае выкарыстанне прыроднага, гаспадарчага і навуковага патэнцыялу гэтых тэрыторый.

— З 1986 года плошча тэрыторыі рэспублікі цэзіем-137 — асноўным радыенуклідам, які больш чым на 90 % вызначае дозу апрамянення насельніцтва, з-за яго радыеактыўнага распаду зменшылася ў 1,8 раза і складае сёння 25 тысяч км2, — адзначыў Сяргей ШПАРЛО, начальнік Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. — Паступова скарачаецца і спіс населеных пунктаў і аб'ектаў, якія знаходзяцца ў зоне радыеактыўнага забруджвання. На сёння гэта 2022 населеныя пункты, дзе пражывае 998 тысяч чалавек.

За гэты перыяд было рэалізавана пяць дзяржаўных праграм па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. А ў сакавіку 2021 года зацверджана шостая, разлічаная на 2021—2025 гады.

— Яе асноўныя мэты і задачы — сацыяльная абарона насельніцтва, адраснае прымяненне ахоўных мер у сельскай гаспадарцы, паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў, навуковая дзейнасць і інфармацыйная работа, — расказаў Сяргей Шпарло. — У дакуменце з'явіўся і новы раздзел «Удасканаленне арганізацыі санаторна-курортнага лячэння і аздараўленне дзяцей, якія пражываюць (вучацца) на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання». Плануецца палепшыць матэрыяльную базу дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў, такіх як «Надзея» і «Жамчужына», якія штогадова прымаюць дзяцей з пацярпелых раёнаў. Усяго на рэалізацыю мерапрыемстваў дзяржпраграмы прадугледжаны тры мільярды рублёў, больш за палову з якіх пойдзе на сацыяльную абарону насельніцтва.

Па словах спецыяліста, у аснове дзяржпалітыкі па пераадоленні чарнобыльскай катастрофы закладзены пераход ад поставарыйных рэабілітацыйных мерапрыемстваў да развіцця сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу пацярпелых рэгіёнаў.

Дапамога фінансавая і медыцынская

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый КАВАЛЬКОЎ расказаў пра некаторыя льготы, якія маюць грамадзяне, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Для асоб, якія жывуць і працуюць на тэрыторыях радыеактыўнага забруджвання, устаноўлены 35-гадзінны працоўны тыдзень, пры гэтым заработная плана адпавядае 40 гадзінам, павялічаны памеры дапамогі па часовай непрацаздольнасці. Павышана таксама працягласць працоўнага адпачынку, а адпачынак па цяжарнасці і родах даецца з 27 тыдняў цяжарнасці.

Існуе шэраг ільгот і ў галіне пенсійнага забеспячэння. У асноўным падтрымку атрымліваюць ліквідатары і асобы, што сталі інвалідамі з прычыны катастрофы. У 2020 годзе такімі льготамі скарысталіся больш за 46 тысяч чалавек.

— Па стане на 1 студзеня 2021 года ў Беларусі пражывала 1,463 млн чалавек, якія адносяцца да пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС, у тым ліку 239,4 тысячы дзяцей, — расказаў начальнік аддзела медыцынскай аховы пры надзвычайных сітуацыях Міністэрства аховы здароўя Аляксандр ПАНЦЮХОЎ. — На дыспансерным уліку ў арганізацыях аховы здароўя знаходзілася 45 897 чалавек.

Па словах спецыяліста, дзякуючы эфектыўнай сістэме дыспансерызацыі, за апошнія гады не адбылося істотнага павелічэння групы з хранічнымі захворваннямі, нягледзячы на старэнне кантынгенту (сярэдні ўзрост ліквідатара — 63 гады, эвакуіраваных грамадзян і тых, хто пастаянна пражывае на забруджаных тэрыторыях, — 47 гадоў). Пры гэтым пацярпелае насельніцтва пакутуе на тыя ж захворванні, што і астатнія жыхары краіны: гэта хваробы органаў дыхання, траўмы і атручванні, захворванні касцёва-мышачнай сістэмы. Адпаведная агульнарэспубліканскай і карціна смертнасці: лідзіруюць захворванні сістэмы кровазвароту, новаўтварэнні і знешнія прычыны.

Паступова ўдакладняецца і спіс захворванняў, звязаных непасрэдна з радыяцыйным фактарам. Па словах дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека Аляксандра РАЖКО, для гэтага спецыялісты праводзяць карпатлівую работу ў пошуках доказаў, вывучаюць архіўныя даныя, абменьваюцца інфармацыяй з расійскімі і ўкраінскімі калегамі. Пры гэтым для кожнага чалавека гэтае пытанне вырашаецца індывідуальна з улікам комплексу фактараў.

Дзякуючы намаганням з боку дзяржавы, штогод са сродкаў рэспубліканскага бюджэту павялічваецца фінансаванне на аздараўленне насельніцтва, пацярпелага ад катастрофы на ЧАЭС, асабліва дзяцей, падкрэсліў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь БАЛБАТОЎСКІ. Калі ў 2016 годзе лячэнне і аздараўленне праходзіла 82 тысячы дзяцей, якія маюць адпаведныя медыцынскія паказанні, на што было выдзелена каля 72 млн рублёў, то ў 2019 годзе — ужо 87 тысяч дзяцей і амаль 90 мільёнаў рублёў адпаведна. Сродкі на арганізацыю лячэння і аздараўлення выдзяляюцца і з бюджэту Саюзнай дзяржавы.

Працяг ёсць

Аляксандр КАНАВАЛЬЧЫК, начальнік Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя, адзначыў, што праз 35 гадоў пасля аварыі радыяцыйнае становішча на забруджаных тэрыторыях стабільнае, кантраляванае, прадказальнае. Ідзе зніжэнне ступені радыяцыйнага забруджвання за кошт натуральных працэсаў. Згодна з класіфікацыяй МАГАТЭ, сітуацыя ў Беларусі характарызуецца як сітуацыя існуючага апрамянення.

Працягваецца жыццё і на самай забруджанай частцы краіны — на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Як расказаў намеснік дырэктара па навуковай рабоце гэтай установы Максім КУДЗІН, сёння даследчыкі вывучаюць пытанні назапашвання і пераносу радыенуклідаў у розных асяроддзях, відах жывёл і раслін, выкіды радыенуклідаў у выніку стыхійных бедстваў.

Цікавая для вучоных і сама тэрыторыя запаведніка. Яна мае высокую каштоўнасць як ключавая батанічная тэрыторыя, з'яўляецца патэнцыйным Рамсарскім угоддзем. Акрамя арнітафаўны, тут актыўна вывучаюцца і папуляцыі капытных.

На перспектыву ў запаведніку плануецца ацэнка стану радыеактыўных адходаў, якія захоўваюцца на яго тэрыторыі. Плануецца пашырыць вывучэнне відавой разнастайнасці, у тым ліку іхтыяфаўны. Разглядаюцца пытанні стварэння міжнароднага асветніцкага цэнтра і цэнтра інтрадукцыі для ўзнаўлення рэдкіх відаў жывёл, а таксама абмяркоўваецца магчымасць надання Палескаму запаведніку статусу асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Жыццё пасля Чарнобыля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».